Вы тут

Што і пачым купляем гэтай восенню на галоўным сезонным кірмашы сталіцы?


Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — магчымасць запасціся гароднінай-садавіной, свежым мёдам, салам і іншымі прысмакамі мясцовай вытворчасці максімальна танна. Нават тыя, хто прынцыпова не робіць нарыхтовак на зіму — не марынуе памідоры, не закручвае слоікі з кабачковай ікрой і ў любы іншы час аддае перавагу не зеляніне ў пучках, а парэзанай і вымытай, у фабрычным пакаванні — знаходзяць час пабываць на такіх пляцоўках. Таму што гэта ўжо традыцыя: якая ж гарадская восень без сельгаскірмашоў? Схадзілі на кірмаш і мы, каб высветліць, што адкуль, што пачым і што ў асартыменце.


Калі зніжаюць цэны?

Пытанне кошту, калі гаворка ідзе аб сезонных кірмашах, становіцца ключавым — тут апрыёры павінна быць танна. Прынамсі, танней, чым на стацыянарных рынках гэтага канкрэтнага населенага пункта. Інакш страчваецца сэнс. Вопытныя гаспадыні ведаюць, што танней за ўсё сельгаспрадукцыя на такіх пляцоўках становіцца прыкладна да сярэдзіны — канца кастрычніка, калі ў прадаўцоў найбольшая канкурэнцыя. Гэта высветлена эмпірычным шляхам, і гэта ж пацвярджаюць спецыялісты сферы гандлю.

— Зразумела, што цэны на сезонных кірмашах і ў верасні будуць ніжэйшыя, чым на буйных рынках краіны. Але найбольш нізкімі яны бываюць звычайна да самага актыўнага часу правядзення кірмашоў — гэта пачатак—сярэдзіна кастрычніка. Да гэтага моманту і прадаўцоў, і прадукцыі больш чым дастаткова. Асабліва зніжэнне цэн датычыцца агародніны адкрытага грунту (бульба, буракі, капуста, цыбуля, морква), — растлумачылі ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

Інфармацыя, зрэшты, справядлівая не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах краіны. Ну, а што да ўзроўню цэн, то іх на такіх кірмашах, тык бы мовіць, фарміруе рынак. Нягледзячы на ўдзел буйных вытворцаў, усё ж сярод прадаўцоў на сезонных кірмашах пераважаюць фізічныя асобы — прыватнікі. А заканадаўства не прадугледжвае рэгуляванне цэн у рамках работы фізічных асоб. Таму цэны крыху вышэйшыя ў верасні і становяцца ніжэйшымі да пачатку—сярэдзіны кастрычніка — у гэты час на кірмашы даязджаюць тыя, хто не прыехаў у пачатку восені.

Ну, а мы наўмысна адправіліся на галоўную сезонную гандлёвую пляцоўку сталіцы — каля комплексу «Чыжоўка-Арэна» — у самыя «дарагія» дні. То-бок, у верасні, практычна адразу пасля адкрыцця сельгакірмашоў, каб заспець цэнавы максімум і або абурыцца («Ну і апетыты ў вас, дарагія таварышы прыватнікі!»), або парадавацца, што ўсё быццам бы па кішэні. Забягаючы наперад, з задавальненнем канстатую: хутчэй другое, чым першае. Сезонная прадукцыя сёлета сапраўды прадаецца па досыць дэмакратычных цэнах: рублёў на дваццаць можна накупіць ёмістую торбу гародніны, асабліва калі выбіраць самыя недарагія пазіцыі: моркву, бурак, грунтавыя памідоры, адвечную беларускую антонаўку... Агуркі, заўважым, да недарагіх пазіцый восенню не належаць: іх сезон амаль прайшоў, і таму яны ўжо дарагія.

Гісторыя з геаграфіяй

Гандлёвыя пляцоўкі, дзе прапануецца сезонная экалагічна чыстая, мясцовая сельгаспрадукцыя, сёлета ў наяўнасці практычна ў той жа колькасці, што і мінулай восенню. У Мінску, напрыклад, з 14 верасня кожныя выхадныя працуе каля 150 такіх пляцовак. Летась іх было крыху менш. Калі надвор’е дазволіць (гэта значыць, тэмпература паветра не апусціцца ніжэй за нуль — па санітарных нормах, у гэтым выпадку рэалізацыя сельгаспрадукцыі на адкрытым паветры забаронена), то прадоўжаць работу яны сёлета ў рэгіёнах — да пачатку лістапада, а ў сталіцы — аж да 1 снежня. Лакацыі таксама засталіся звыклымі. У Мінску, напрыклад, галоўная гандлёвая пляцоўка — каля комплексу «Чыжоўка-Арэна» (там вялікая паркоўка, што зручна і прадаўцам, і пакупнікам), таксама папулярны кірмаш каля Палаца спорту на Нямізе. Па раёнах: стаянка ГЦ Sіmax на выхадныя ператвараецца ў кірмаш у Заводскім раёне, пляцоўка побач з комплексам ЗАТ «Інвабуд» — у Кастрычніцкім, каля кінатэатра «Кіеў» — у Цэнтральным, каля ГРЦ «Цівалі» — у Фрунзенскім і гэтак далей. Не памянялі размяшчэння асноўныя сезонныя кірмашы і ў іншых населеных пунктах, расказалі прадстаўнікі гандлю: мясцовыя жыхары іх добра ведаюць і за многія гады праклалі туды сцяжынку.

Паркоўка каля «Чыжоўка-Арэны» і сапраўды велізарная — разлічана на амаль паўтары тысячы машынамесцаў. І ў выхадныя яна ператвараецца ў сапраўды велізарны рынак: шэрагі, здаецца, сыходзяць за гарызонт. Але пакупнікоў, гавораць прадаўцы, быццам бы на ўсіх хапае. Завяршае работу галоўны сезонны рынак гадзіны ў чатыры дня і ў суботу, і ў нядзелю. Кірмашы меншыя, у раёнах сталіцы, працуюць даўжэй, гадзін да шасці. Проста многія жыхары двухмільённага мегаполіса напачатку едуць непасрэдна сюды, на Чыжоўку, не звяртаючы ўвагі на кірмашы бліжэйшыя: цікава ж паглядзець і потым параўнаць з тымі, што каля дома.

На «Чыжоўка-Арэне» сёлета прадстаўлена прадукцыя, мусіць, усіх рэгіёнаў Беларусі. Хоць пераважае, як мне падалося, Брэстчына. Зрэшты, выразнага «геаграфічнага» падзелу тут, як аказалася, няма. Побач з Пінскам і Столінам — прадукцыя з Самахвалавіч, а прадаўцы з-пад Маладзечна — побач з «калегамі» з Глыбокага.

— У мінулыя гады ездзілі на Брэст, зараз вось у Мінск прыехалі. Тут пакупнікоў больш. Распрадаць усё можна яшчэ да абеду, — кажа Васіль з Пінска.

Ва ўпраўленні гандлю Мінгарвыканкама расказалі, што з году ў год на такіх кірмашах (у ліку іншых прадаўцоў, зразумела, нямала і тых, хто гэтай восенню прыехаў гандляваць у сталіцу ўпершыню) працуюць адны і тыя ж фермеры і прыватнікі: прыязджаюць з Брэсцкага, Гомельскага, Гродзенскага, Віцебскага рэгіёнаў адрасна, да свайго пакупніка, які чакае пэўны сорт бульбы, капусты або цыбулі. Суразмоўца пацвярджае: так і ёсць, у многіх тутэйшых прадаўцоў — доўгая гісторыя гандлю на сезонных кірмашах у сталіцы і напрацаваны пастаянныя кліенты.

Мара вегетарыянца

Што з асартыментам? У гэтым годзе, як і ў мінулым, вялікая прапанова па памідорах, грунтавых і цяплічных. Першыя — ад двух рублёў за кіло, сярэдні кошт — 2.20–2.50. На галоўным сезонным рынку сталіцы памідоры, здаецца, таннейшыя сярод кірмашоў Мінска.

— Смачныя памідоры? — цікавіцца пакупніца. Зразумела, для праформы: хто ж свой тавар лаяць будзе? Але адказ пакупніца атрымлівае нестандартны:

— Асабіста я наогул грунтавыя памідоры не ем! — заяўляе вясёлы дзядзечка са Століна.

Ад нечаканасці мы з пакупніцай, якая задала стандартнае спажывецкае пытанне, дружна смяемся: нічога сабе антырэклама! Але прадавец не губляецца:

— Проста я сумленны. Калі пытаюцца пра грунтавыя памідоры, ці смачныя, шчыра адказваю: мне не падабаюцца, а вось жонка такія любіць. Людзі ёсць, якія толькі грунтавыя ядуць. А я толькі цяплічныя ем, і агуркі таксама. Я проста вельмі прыдзірлівы — цяплічныя таксама не ўсякія есці буду. Але гэтыя, грунтавыя, усё роўна будуць смачнейшыя, чым у краме — гэта ж памідор сапраўдны, які саспеў на корані, на зямлі, без хіміі. Хочаце, разрэжу вам памідор пакаштаваць? Праўда, ён не мыты. Баклажаны я, дарэчы, таксама не ем. Хаця... гледзячы хто прыгатуе! — па-філасофску заключае ён.

Памідоры, дарэчы, аказаліся смачнымі. У сумленнага прадаўца я іх усё ж купіла, па 2.20 за кіло. Баклажаны на «Чыжоўка-Арэне», дарэчы, таксама танныя — у сярэднім 2–2.50 за кілаграм (на іншых кірмашах Мінска сярэдні кошт — 3 рублі за кіло).

— Па аптовым кошце аддаём, — кажа прадавец.

А вось перац (з тоўстымі сценкамі, накшталт сорту «Каліфорнія») тут чамусьці даражэйшы, чым на іншых кірмашах па Мінску: кілаграм каштуе ад 4 рублёў да 4.20 і нават 4.50. Танкасценны салодкі перац (звычайны для нашых шырот, зялёненькі або жаўтлявы) каштуе стандартныя 2 рублі за кілаграм.

— Пакуль усё танна, трэба есці, самы сезон: і перчыкі, і зеляніну, і памідоркі. Ад’ядацца трэба вітамінамі, — кажа прадавец з Самахвалавіч.
Здаецца, «капеечны» бізнес, але за кошт аб’ёмаў атрымліваецца дастаткова выгадна, разважае ён.

— Сёння памідораў кілаграм сто пяцьдзясят прадалі. На заўтра кілаграм сто засталося. А потым толькі ў наступныя выхадныя прыедзем. За тыдзень паспеюць новыя — і перцы, і памідоры. У нас яны і на грунце растуць, і цяпліцы таксама ёсць.

Цяплічныя памідоры буйныя, жоўтыя, малінавыя, шакаладнага колеру, амаль чорныя і нават у палоску каштуюць сёлета ад 3-4 да 5-6 рублёў.

— Цяпер самыя смачныя з цяплічных — малінавыя і жоўтыя, «пальчыкі» — кіславатыя, на аматара, — кажа дзяўчына-прадавец. — Калі цяплічны памідор купляеце, выбірайце буйныя: яны чым большыя па памеры, тым смачнейшыя.

Нечакана дарагія кабачкі: ідуць па кошце баклажанаў, хоць (у адрозненне ад памідораў) чым большы кабачок, тым ніжэйшая цана за кілаграм (знайшла варыянт нават па рубель 20 капеек). Яшчэ з дарагіх пазіцый — агуркі. Іх кошт даходзіць да 5 рублёў, хаця можна набыць каля «Чыжоўка-Арэны» і па 3 рублі за кілаграм. Цыбулю ў сетцы прадаюць па 1.50, россыпам даражэй, але даражэй чыста сімвалічна: па 1.60.

Морква-бурак гэтай восенню — ад 80 капеек да 1.20-1.50 за кіло. Па паўтара рубля за кілаграм прадаюць гарбуз.

— Гэты сорт добра бяруць, такія гарбузы могуць стаяць да вясны, зімой прыдумаеце, што з іх прыгатаваць, — рэкламуе свой тавар суразмоўніца.

Яблыкі сорту «Антонаўка» каштуюць гэтай восенню ў сярэднім 2.50 за кіло. Грушы даражэйшыя — ад 3 да 4.80. Квяцістая капуста і брокалі — ад 3 да 5 рублёў за кілаграм, у залежнасці ад «таварнага выгляду», белакачанная — ад 2 да 2.50 за кіло.

Выгадна прыходзіць на сезонныя рынкі па зяленіва: усё — ад шпінату да рукалы і кінзы — тут можна знайсці па паўтара рубля за сапраўды вялікі пучок, а цэлы пакет (нават пакецішча!) лісця салеры ў канцы гандлёвага дня мне прадалі ўсяго за тры рублі. Мара вегетарыянца!

«Мэта візіту» для многіх наведвальнікаў сезонных кірмашоў — набыццё бульбы. Калі ёсць дзе яе захоўваць, то купляюць наш галоўны караняплод запаслівыя грамадзяне на ўсю зіму. У мінулым годзе бульбу прадавалі ў сярэднім па 70 капеек за кілаграм — ураджай яе восенню-2023 быў рэкордным па ўсёй краіне. Сёлета сярэдняя цана на бульбу — ад 80 капеек да 1.20. Найбольш хадавыя сарты — як і ў мінулым годзе — упадабаныя айчынным вытворцам нямецкай селекцыі «Каралева Ганна» і «Гала», а таксама родны беларускі «Вектар». Прадаўцы прадугледжваюць дастаўку. У мінулым годзе ад дзвюх сетак (па 30–32 кг) дастаўка была бясплатнай. Сёлета, распавёў фермер з Лунінца, за дастаўку па Мінску да пад’езда давядзецца заплаціць каля 5 рублёў. Хаця ў некаторых яна па-ранейшаму бясплатная, дадае ён.

Пра хрэн і сала

Асартымент мясных прадуктаў каля «Чыжоўка-Арэны» ўключае традыцыйныя вясковыя прысмакі. Ад розных варыянтаў пальцам пханай каўбасы (ад 17 да 22 рублёў за кілаграм) да сальтысону (у сярэднім 17 рублёў за кіло) і крывянкі (па 20). Сала ў сярэднім каштуе гэтай восенню 22 рублі за кілаграм, і яно ў дастаткова шырокім асартыменце.

— Хопіць глядзець, пачынайце каштаваць! — падбадзёрвае прадаўшчыца. — У нас у Альшанах самае смачнае сала, — пераконвае яна.
З цікавых таварных пазіцый — спецыі. Побач з каўбасамі і салам — палатка з сумесямі духмяных траў.

— Без кансервантаў, чыстая вага, — хваліцца суразмоўніца. — Усе траўкі выраслі ў Белавежскай пушчы, у нас там фермерская гаспадарка.

Ёсць у асартыменце сезоннага кірмашу і такія для многіх гараджан незвычайнасці, як цяпер модны ў сыраедаў дайкон (3 рублі за кіло), корань салеры (у той жа кошт) і хрэн (праўда, за беспрэцэдэнтныя для сярэдняга парадку цэн на гародніну на сезонным рынку 15 рублёў за кілаграм):

— Дык ад хрэну ж любы вірус бяжыць! — пераконвае бойкая жанчына гадоў 65 за прылаўкам. — Асабліва калі пракруціць яго праз мясарубку і змяшаць з мёдам — гэта наогул панацэя ад любых ВРВІ і прастуд.

Мёду, дарэчы, сёлета на галоўным кірмашы сталіцы шмат — цэлы шэраг гандлёвых палатак. Варыянтаў — маса, у тым ліку ліпавы, верасовы, кіпрэйны, з пропалісам, пяргой, ляснымі ягадамі. Кошт — ад 12 да 25 рублёў за кілаграм. У шырокім асартыменце самыя розныя прадукты пчалярства. Напрыклад, можна набыць такі цяпер практычна забыты прадукт, як забрус, скарбніцу біялагічна актыўных рэчываў (5 рублёў за слоік).

У асартыменце — розныя сарты кавуноў: ад паласатых да плямістых (такіх я, напрыклад, раней не бачыла). Але беларускіх кавуноў не заўважана, у асноўным краснадарскія. Грэцкія арэхі, таксама з-за мяжы, прадаюць па 9.90 за кіло. Журавіны, зразумела, нашы, беларускія. У сярэднім іх кошт — 9 рублёў за кілаграм.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.