У краіне жыве 1 мільён 574 тысячы (17 %) чалавек ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя. За апошнія дзесяць гадоў колькасць гэтай узроставай групы вырасла на 212 тысяч. Самым «сталым» з рэгіёнаў з’яўляецца Віцебская вобласць: тут жыве 19,4 % пажылых людзей, а самы малады — Мінск: грамадзян ва ўзросце 65+ тут усяго 16 %. Затое ў сталіцы самая вялікая колькасць доўгажыхароў — амаль сем тысяч чалавек перасягнулі 90-гадовы ўзрост, а 124 — стагадовы. Усяго ж у краіне больш за 40 тысяч чалавек ва ўзросце 90+ і 613 — 100 гадоў і больш. 85 % доўгажыхароў — жанчыны.
Як адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, працэс старэння з’яўляецца доўгатэрміновым трэндам, што абумоўлівае комплексныя падыходы ў сацыяльнай палітыцы па падтрымцы пажылых грамадзян. Яны замацаваны ў Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030», якая прадугледжвае меры па розных кірунках жыццядзейнасці пажылых грамадзян. Дакумент паслужыў моцным стымулам для іх развіцця.
У прыватнасці, у краіне дзейнічае 140 саветаў пажылых грамадзян, у якіх задзейнічана больш чым паўтары тысячы чалавек. Яны — своеасаблівы рупар грамадскай думкі: пажылыя людзі ўдзельнічаюць у жыцці свайго рэгіёна, у розных мерапрыемствах, уносяць прапановы. Штогод праводзяцца абласныя злёты пажылых грамадзян, і сёлета яны пройдуць на працягу кастрычніка ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Штогод павялічваецца колькасць валанцёраў сярэбранага ўзросту. Паводле даных Белстата, сёння доля пажылых грамадзян, ахопленых валанцёрскай дзейнасцю, складае 15 %. Растуць валанцёрскія атрады, якія створаны пры цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Колькасць тых, хто з’яўляецца валанцёрамі ў нашых цэнтрах, павялічылася апошнім часам на 30 % і складае 4,5 тысячы.
Акрамя таго, у цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання запатрабаваны праграмы нефармальнай адукацыі, навучання лічбавай, камп’ютарнай дасведчанасці. Сёння дзейнічае 220 гурткоў, якія аб’ядноўваюць 3,6 тысячы грамадзян старэйшага пакалення. Расце попыт з боку людзей старэйшага пакалення на фізічную актыўнасць, і сёлета ўжо трэці раз пройдзе рэспубліканскі марафон па скандынаўскай хадзе. Летась было пяць тысяч удзельнікаў. Старт спаборніцтваў будзе дадзены ў Мінску 30 верасня ў 11:00. Падрабязней пра яго можна даведацца ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання па месцы жыхарства.
Штогод у верасні—кастрычніку традыцыйна праходзіць акцыя «Павага. Клопат. Адказнасць». Яна прымеркавана да Дня пажылых людзей і накіравана ў першую чаргу на праяву клопату і ўвагі да старэйшага пакалення з боку моладзі. У рамках акцыі 1 кастрычніка 150 музеяў па ўсёй краіне адчыняць дзверы для бясплатнага наведвання па пенсіённым пасведчанні. 2 кастрычніка гэта зробіць Нацыянальны мастацкі музей. Да марафону добрых спраў сёлета далучыцца Нацыянальная бібліятэка — яе можна наведаць 1 кастрычніка з 10 да 21:00. Акрамя таго, 1, 2, і 3 кастрычніка будуць арганізаваны экскурсіі па часе, устаноўленым бібліятэкай.
У Мінску ўсіх ахвотных чакаюць на фестывалі «На крылах танца», а традыцыю правядзення танцавальных баляў у гэтым годзе працягне Гомельская вобласць — там пройдзе абласны баль «Чараўніцтва восені». 5 кастрычніка ў Мінску адбудуцца чарговыя адкрытыя рэспубліканскія спартыўна-масавыя спаборніцтвы «Актыўнае даўгалецце». Шэраг мерапрыемстваў пройдзе ў рэгіёнах. Сярод іх — конкурс прыгажосці «Бенефіс жанчыны — 24» для дам элегантнага ўзросту, запланаваны на 2 кастрычніка ў Лідзе.
— Па ініцыятыве Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў наступным годзе ў рамках праграм Саюзнай дзяржавы мы правядзём саюзны злёт грамадзян старэйшага пакалення «Мы за актыўнае даўгалецце». Ён пройдзе ў Віцебску ў верасні, будзе прымеркаваны да Дня пажылых людзей і аб’яднае 250 чалавек з Расіі і Беларусі. Збяруцца як прадстаўнікі старэйшага пакалення, так і эксперты па пытаннях геранталогіі, сацыяльнага абслугоўвання, дадатковай адукацыі дарослых, — расказала Марына Арцёменка.
Неад’емнай часткай сістэмы дзяржаўнай падтрымкі сёння з’яўляецца пенсіённае забеспячэнне. Пенсіянерам у Беларусі з’яўляецца кожны чацвёрты жыхар краіны.
— Пенсіённая сістэма функцыянуе стабільна, забяспечваецца своечасовасць выплаты пенсіі. Выдаткі на выплату пенсій у нас штогод складаюць каля 9 % ВУП, і гэта супастаўна з развітымі краінамі. У 2024 годзе на гэтыя мэты будзе накіравана больш за 22 мільярды рублёў. Галоўная задача ў галіне пенсіённага забеспячэння — арыентацыя на рэальны рост пенсій, і яна выконваецца. У лютым на 10 % былі павялічаны памеры ўсіх працоўных пенсій, а па рашэнні кіраўніка дзяржавы з 1 кастрычніка будзе праведзены другі пераразлік працоўных пенсій. У сукупнасці памер пенсіі павялічыцца на 15 %. Паводле ацэнкі сярэдні памер працоўнай пенсіі пенсіянера, які не працуе, у кастрычніку складзе 852 рублі, — паведаміла намеснік міністра.
Пры гэтым кожны пяты пенсіянер працягвае працаваць, а гэта 445 тысяч чалавек (21,5 працэнта ад агульнай колькасці пенсіянераў). У новым праекце Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях занятасці насельніцтва» для павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы грамадзянам за пяць гадоў да дасягнення пенсіённага ўзросту ўстаноўлены дадатковыя гарантыі. Адна з іх — захаванне для беспрацоўных дадзенай катэгорыі выплаты дапамогі па беспрацоўі на працягу шасці месяцаў (для іншых катэгорый гэты перыяд скарачаецца). Акрамя таго, працаўладкаванне за кошт устаноўленай броні (раней за два гады да ўстаноўленага пенсіённага ўзросту, цяпер — за пяць). Магчымая і поўная або частковая кампенсацыя наймальнікам выдаткаў на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі. 25 верасня члены Савета Рэспублікі адобрылі гэты законапраект.
Для прыцягнення ў працоўную дзейнасць людзей пажылога ўзросту праводзяцца сярэбраныя кірмашы вакансій. Сёлета іх прайшло 90, былі ахоплены тысячы чалавек, а свайго наймальніка знайшлі больш за 300 чалавек. Усяго за першае паўгоддзе бягучага года аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 700 грамадзянам перадпенсіённага і 2,6 тысячы грамадзян пенсіённага ўзросту.
Фарміраванне камфортнага ўзроўню даходаў для пажылых рэалізоўваецца, у тым ліку, і праз дадатковыя механізмы, у прыватнасці дадатковыя назапашвальныя пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы (так званая сістэма «3+3»). Па стане на верасень, з дзяржаўным прадпрыемствам «Стравіта» заключана больш чым 36 тысяч дагавораў страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі. Таксама эфектыўным механізмам павелічэння даходаў у будучыні для працоўных пенсіянераў з’яўляецца праграма «Адкладзеная пенсія», якая дазваляе сфарміраваць дадатковую прэмію за больш позні пачатак атрымання пенсіі. На сёння такой праграмай скарысталіся пяць тысяч чалавек.
Яшчэ адзін важны напрамак — сацыяльнае абслугоўванне пажылых грамадзян. У краіне дзейнічае 146 цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і 81 сацыяльны пансіянат. Адзначаецца рост попыту на сацыяльныя паслугі па прычыне старэння насельніцтва. Па статыстыцы за апошнія пяць гадоў колькасць атрымальнікаў сацыяльных паслуг павялічылася на 20 % (на 26 тысяч чалавек), а ў бягучым годзе яна вырасла ўжо на сем тысяч чалавек. Усё больш запатрабаванымі становяцца сацыяльныя паслугі дома, асабліва для асоб з дэменцыяй, а таксама праграма нефармальнага догляду. Колькасць пажылых грамадзян, якія атрымліваюць паслугі па доглядзе дома, у краіне складае больш за 100 тысяч чалавек.
Алена КРАВЕЦ
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.