14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Штодзень рэгістр насельніцтва прадастаўляе персанальныя даныя больш як на 50 тысяч фізічных асоб


Рэгістр насельніцтва — дзяржаўная цэнтралізаваная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, аснову якой складае база персанальных даных грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны. Асноўнымі задачамі рэгістра насельніцтва з’яўляюцца, па-першае, забеспячэнне ўліку фізічных асоб, па-другое, аператыўнае забеспячэнне дакладнымі і актуальнымі персанальнымі данымі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, натарыусаў і фізічных асоб.


Як расказаў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС — начальнік упраўлення па рэгістры насельніцтва і лічбавізацыі Юрый БРАЗІНСКІ, у цяперашні час актыўнымі карыстальнікамі персанальных даных, якія змяшчаюцца ў рэгістры насельніцтва, з’яўляюцца дзяржаўныя органы. «Напрыклад, пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, а таксама натарыусы пры здзяйсненні натарыяльных дзеянняў, — удакладніў ён. — Акрамя таго, персанальныя даныя з рэгістра насельніцтва прадастаўляюцца фізічным асобам: каля 1,5 тыс. даведак (выпісак) штомесяц». 

Парадак і тэрміны прадастаўлення персанальных даных з рэгістра насельніцтва фізічным асобам устаноўлены артыкуламі 26 і 27 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 г. № 418-З «Аб рэгістры насельніцтва». Персанальныя даныя з рэгістра насельніцтва прадастаўляюцца фізічным асобам у форме даведак (выпісак). 

Фізічная асоба мае права запытваць і атрымліваць даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва адносна:

— сваіх персанальных даных і персанальных даных фізічных асоб, законным прадстаўніком якіх яна з’яўляецца;

— персанальных даных іншых фізічных асоб, законным прадстаўніком якіх яна не з’яўляецца, — з пісьмовай згоды асоб (іх законных прадстаўнікоў), персанальныя даныя якіх запытваюцца.

Пісьмовая згода фiзiчнай асобы (яе законнага прадстаўніка) можа выражацца шляхам:

— афармлення натарыяльна засведчанай даверанасці на атрыманне персанальных даных з рэгістра насельніцтва;

— натарыяльнага сведчання сапраўднасці подпісу на заяве фізічнай асобы (яе законнага прадстаўніка) аб згодзе на атрыманне персанальных даных аб ёй з рэгістра насельніцтва;

— пасведчанні ўпаўнаважаным супрацоўнікам рэгіструючай службы заявы фізічнай асобы (яе законнага прадстаўніка) аб згодзе на атрыманне персанальных даных аб ёй з рэгістра насельніцтва.

«Пісьмовая згода не патрабуецца ў выпадку, калі запытваюцца персанальныя даныя памерлых або аб’яўленых памерлымі бацькоў, дзяцей, усынавіцеляў (удачарыцеляў), усыноўленых (удучачаных), родных братоў і сясцёр, дзеда, бабкі, унукаў, а таксама мужа (жонкі), — звярнуў увагу Юрый Бразінскі. — У тым выпадку пры атрыманні даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва фізічная асоба павінна прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць факт смерці або аб’яўлення памерлымі, у выпадку адсутнасці даных аб смерці або аб’яўленні памерлымі ў рэгістры насельніцтва».

Фізічныя асобы, якія не маюць грамадзянскай дзеяздольнасці ў поўным аб’ёме, удзельнічаюць ва ўказаных адносінах праз законных прадстаўнікоў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва прадастаўляюцца па пісьмовай заяве фізічнай асобы аб прадастаўленні даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва, форма якой устаноўлена пастановай Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны ад 22 лістапада 2012 г. № 410. Даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва прадастаўляюцца пры асабістым звароце фізічнай асобы ў рэгіструючую службу з прад’яўленнем дакумента, які сведчыць асобу. Фізічная асоба пры падачы заявы аб прадастаўленні даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва не павінна абгрунтоўваць сваю цікавасць да запытаных персанальных даных.

Па словах намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі — начальніка ўпраўлення па рэгістры насельніцтва і лічбавізацыі МУС, даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва, якія запытваюцца фізічнай асобай адзін раз у межах каляндарнага года, прадастаўляюцца бясплатна. «Прадастаўленне такіх даведак (выпісак) больш за адзін раз у межах каляндарнага года ажыццяўляецца на платнай аснове, — дапоўніў ён. — За прадастаўленне такіх даведак (выпісак) спаганяецца дзяржаўная пошліна ў памеры 1 базавай велічыні за кожную даведку (выпіску)».

Перыядычнасць запытаў фізічнай асобай даведак (выпісак) адносна сваіх персанальных даных вызначаецца асобна ад перыядычнасці запытаў ёй даведак (выпісак) адносна персанальных даных фізічных асоб, законным прадстаўніком якіх яна з’яўляецца, а таксама іншых фізічных асоб.

Прадастаўленне даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва ажыццяўляецца не пазней за пяць каляндарных дзён з дня падачы ў рэгіструючую службу заявы фізічнай асобы аб прадастаўленні даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва. Тэрмін можа быць прадоўжаны да пятнаццаці каляндарных дзён кіраўніком (намеснікам кіраўніка) рэгіструючай службы ў выпадку, калі заява фізічнай асобы аб прадастаўленні даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва датычыцца вялікага аб’ёму персанальных даных, якія патрабуюць адбору. Фізічная асоба, якая запытвае даведку (выпіску) з рэгістра насельніцтва, павінна быць апавешчана ў пісьмовай форме аб прадаўжэнні тэрміну прадастаўлення даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва і аб прычынах яго прадаўжэння не пазней чым за тры каляндарныя дні да заканчэння тэрміну прадастаўлення даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва.

Па прадастаўленне даведкі (выпіскі) з рэгістра насельніцтва фізічная асоба можа звярнуцца ў любое падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.