Вы тут

Між паромам і мостам


Здараюцца падарожжы, якія толькі праз нейкі час ацэньваеш напоўніцу. Раптам да цябе прыходзяць новыя факты, і кажаш сабе: а я ж там быў і не звярнуў увагі, не ведаў пра гістарычную падбіўку! Самы б час вярнуцца, прайсці ўсё па-новай, паглядзець іншымі вачыма… Але не ведаю, ці ўдасца мне калісьці зноў трапіць у Дзісну, самы маленькі горад Беларусі. Не, нам і тады, у першае падарожжа, хапіла ўражанняў. Але пасля гутаркі з пісьменнікам Віктарам Праўдзіным і знаёмствам з яго раманам «Непераможны злом», дзеянне якога адбываецца на Дзісеншчыне, я ўсвядоміла, колькі для мяне засталося падчас нашага падарожжа нераскрытым. Так што для мяне гэта нагода паўтарыць падарожжа, няхай і ў памяці.


Капец на дзевяць вежаў

Наведаць Дзісну мы збіраліся даўно. Старажытны, летапісны горад, назва якога паходзіць ад пракаветнага «блішчэць», «ззяць» — відавочна, што перад прашчурамі калісь так ззялі воды Заходняй Дзвіны і Дзісны. Тут калісьці стаяў замак на дзевяць вежаў Капец-гарадок, на востраве, дзе зліваюцца Дзісна і Заходняя Дзвіна, ахоўваў шлях на Полацак. Тут у 1569-м святкавалі атрыманне Магдэбургскага права і герба — «у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем»... А вядомы падарожнік Сямёнаў Цян-Шанскі назваў Дзісну найлепшым горадам Віленскай губерні.

Сёння тут жыве каля дзвюх тысяч жыхароў...

А знаёмства з Дзісной для нас пачалося з парома.

Папраўдзе, мы спецыяльна паехалі такім шляхам, каб атрымаць экзатычных уражанняў. Нацягваюцца тросы, тахкае маторчык, трохі дрыжаць пад нагамі дошкі парома... Павольна плывём цераз Заходнюю Дзвіну, гожую, сапраўды зіхоткую. Неверагодна прыгожыя краявіды — чырвоныя напаўзруйнаваныя муры на супрацьлеглым беразе, на зялёным пагорку люструюцца ў вадзе... Ля прычала —мерная лесвіца, па якой можна бачыць, як уздымаўся ў розныя гады ўзровень вады. Кажуць, што ў 1931 годзе вада паднялася на 12 метраў 68 сантыметраў.

А вось мы і ля тых таямнічых муроў, што бачылі з таго берага. 

Выглядаюць яны гатычна: чырвоная цэгла, пустыя высокія прагалы ваканіц... Але гэта павятовая лякарня на сто ложкаў была збудавана адносна нядаўна, на пачатку мінулага стагоддзя, у 1903 годзе.

Будынак таксама адзначыўся ў гісторыі. У 1918-м перад ім казаў палымяныя прамовы чырвоны камандзір Гай, у дваццатыя не менш палымяна выступаў з вершамі Дзям’ян Бедны, потым — заходнебеларускі паэт Міхась Машара. Будынак пацярпеў ад артабстрэлу 1944-га года... Збіраліся яшчэ ў 1950-х аднаўляць — ды так і не аднавілі... Але жывапісныя руіны натхнілі рэжысёра Віталя Чацверыкова, які здымаў тут эпізоды свайго фільма «Чорная бяроза». Нават пасяліўся пасля ў Дзісне, закахаўшыся ў краявіды. У якіх, дарэчы, здымаліся шмат якія кінастужкі…

На пагорку за руінамі лякарні — драўляная лаўка, седзячы на якой можна бясконца любавацца тым, як каціць свае воды рака, і ўяўляць стары замак Капец і ладдзі з ветразямі... Ветразі, дарэчы, былі зусім не белымі — даўней іх фарбавалі ў самыя розныя колеры, і нагадвалі яны прыўкрасных стракатых матылёў... А з другога боку лякарні, побач з аўтавакзалам, — яшчэ адзін стары будынак, у якім было Папячыцельства пра цвярозасць. У 1911 годзе тут выступаў легендарны беларускі тэатр пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага.

Вёскі бываюць большыя... Але не, не вёска — сапраўдны горад з непаўторнай атмасферай. Нейкая ўтульнасць, ціша, нетаропкасць... І гісторыя, якая глядзіць адусюль. Вось будынак сінагогі, вось — колішні гатэль «Рыга»... А вось нас сустракае пагляд касмічнага вечнага вандроўніка Язэпа Драздовіча — мурал, намаляваны на сцяне дома па вуліцы Юбілейнай, былая Замкавая. Адзін з самых загадкавых і рамантычных мастакоў нарадзіўся непадалёк, у засценку Пунькі. Малюнак Драздовіча з выявай роднага засценка выкарыстаны ў мурале.

Тут, у Дзісне, маці купляла будучаму генію кніжкі, з якіх ён перамалёўваў малюнкі. Тут у 1922-м ён зрабіў альбом графічных лістоў, малюючы «Дзісёнку», потым склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны». Часта выконваў замовы мясцовых жыхароў — мог і шафу размаляваць, і дыван, і партрэт зрабіць... Зусім побач — вучэльня, дзе чатыры гады вучыўся Язэп Драздовіч.

Сёння двухпавярховы цагляны будынак па Тэльмана, 3 робіць уражанне нежылога. На вокнах запыленыя, век не мытыя, занавескі, дзверы расчыненыя... Зайшлі ў пад’езд — пуста, ціха, пыльна, не ведаю, што засталося ад былой вучэльні, хіба жалезныя парэнчы?

«Што Бог пашле, тое і буду трываць»

А вось ззяе золатам купалоў і беллю сцен храм... Царква Уваскрэсення Хрыстова...

Якраз быў святочны дзень, на вячэрняй службе шмат народу... І расчыненая рака, над якой — абраз святога мучаніка Канстанціна Жданава. Фасад ракі распісаны сцэнай пакутніцтва святога...

Нарадзіўся ён непадалёк, у Стара-Шаркаўшчыне, у сям’і іерэя Дзмітрыя Жданава. Іх дом стаяў на беразе Дзісны непадалёк ад царквы. Менавіта там, у сённяшняй Шаркаўшчыне, Канстанцін Жданаў замяніў на пасадзе іерэя свайго памерлага бацьку і пабудаваў новую царкву на месцы старой, якая ўжо руйнавалася. Збіраў грошы з прыхаджан, шукаў фундатараў у Маскве і Санкт-Петярбургу...

Свята-Успенская царква, збудаваная ім, стаіць і дасюль. Кажуць, падлогу ў новай царкве бацюшка ўкладваў сам...

Матушка Ганна нарадзіла айцу Канстанціну Жданаву сына Георгія, але праз два гады памерла. А ў маладога бацюшкі яшчэ на руках непаўналетні брат Ювеналій і сёстры Любоў і Марыя. Але айцец Канстанцін клапаціўся не толькі пра сваіх асірацелых дзетак — ладзіў прытулкі для дзяцей-сірот. Нядзіўна, што шчырага бацюшку вельмі любілі...

А падзеі наспявалі страшныя. Першая сусветная вайна... Калі Вільню ў 1915-м занялі немцы, епархіяльны цэнтр быў перанесены ў Дзісну, сюды прыбыў Высокапраасвяшчэннейшы архіепіскап Віленскі і Літоўскі Ціхан. 

Няма сумневу, што айцец Канстанцін Жданаў нярэдка сустракаўся са сваім архіпастырам. А 29 жніўня 1916 года ўладыка Ціхан наведаў Стара-Шаркаўшчынскі прыход, пасля чаго айцец Канстанцін быў прызначаны загадчыкам эвакуіраванай у Стара-Шаркаўшчыну Беразвецкай жаночай другакласнай школы.

А потым — новыя выпрабаванні. Рэвалюцыя 1917 года, усталяванне савецкай улады... Віктар Праўдзін у сваім рамане «Нязломны злом» даследаваў падзеі таго часу: у павеце ўладу захапілі людзі несумленныя, якія толькі называлі сябе бальшавікамі. На іх чале стаяў хцівы прайдзісвет па прозвішчы Маляўка. І ён узненавідзеў маладога бацюшку, да якога людзі беглі па параду і паратунак. Пад выдуманай падставай айца Канстанціна арыштавалі, калі ён вяртаўся дадому пасля службы.

Дарэмна прыхаджане збіралі подпісы пад прашэннямі, патрабуючы вызваліць святара, прапаноўвалі выкуп. Каб здзейсніць прысуд падалей ад прыхаджан, бацюшку з Шаркаўшчыны адправілі ў Дзісну. Тут у вязніцы ён правёў пакутлівы апошні месяц свайго жыцця. Не зламаўся. Асудзілі на смерць. Разам з айцом Канстанцінам утрымліваўся настаяцель Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы святар Алексій Сакалоў. Вось ён і распавёў пра апошнія дні айца Канстанціна: як мужна той трымаўся, не здраджваючы сваёй веры. Калі вязняў вялі на расстрэл, была магчымасць збегчы, якой Алексій Сакалоў і скарыстаўся: расстрэльная каманда была ўся п’яная. Жанчын, якія знаходзіліся ў групе асуджаных, канваіры расстралялі непадалёк ад Дзісны, а святароў павялі далей, у гушчар. Айцец Канстанцін адмовіўся ад уцёкаў словамі «Я нікому нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог пашле, тое і буду трываць».

Каты прымусілі айца Канстанціна выкапаць сабе магілу. Ён прасіў іх адумацца і не здзяйсняць грэх забойства. Азвярэлыя канваіры пачалі біць бацюшку лапатай. Перабілі галёнкі, адсеклі левую ступню... Потым дазволілі выканаць яго апошняе жаданне памаліцца... Стукнулі па галаве, кінулі жывога ў яму і закапалі.

Жанчына, якая дапамагала сям’і айца Канстанціна па гаспадарцы, Марыя Шаблоўская, даведалася аб лёсе святара, калі прыехала з чарговым прашэннем аб яго вызваленні ў Дзісну. Разам з яшчэ двума прыхаджанамі адправілася на месца пакарання. Калі раскапалі магілу, выявілася, што бацюшка спрабаваў выбрацца з-пад зямлі, зусім няшмат не хапіла, задыхнуўся.

Айца Канстанціна вернікі таемна пахавалі па хрысціянскім чыне пад алтаром Дзісенскай могілкавай Свята-Адзігітрыеўскай царквы. Падрабязней пра лёс святога пакутніка чытайце ў рамане «Нязломны злом», які выйшаў у гэтым годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Царква на могілках

Мы наведалі ў тую нашу паездку і старыя Дзісенскія могілкі. Прайшлі праз рэшткі цаглянай брамы, аздобленай мазаікай з чорных каменьчыкаў. Прыгожая старая званіца на два ярусы, праёмы закрытыя фарбаванымі карычневай фарбай дошкамі. А вось і царква... Невялічкая і дзіўная: большая частка таксама з чырвонай цэглы, а частка, там, дзе ўваход, — з белай сілікатнай. Тая, што з чырвонай, пабудавана ў 1904 годзе, а дабудоўвалі белай ужо ў канцы ХХ стагоддзя... Металічная шыльдачка сведчыць: «Адзігітрыеўская царква. Помнік архітэктуры пачатку ХХ ст.». Па абодва бакі ад увахода на белай цэгле — два зялёныя бляшаныя крыжы, адзін з надпісам «Чаю воскресения мертвых».

Час быў позні, царква зачыненая. Ды каб і зайшлі — мы ж тады не ведалі, што там дзевяноста гадоў пад алтаром спачывалі нятленныя мошчы святога пакутніка Канстанціна Жданава!

Прыхаджане ніколі не забывалі свайго бацюшку, верылі ў яго заступніцтва. На сцяне Свята-Успенскай царквы ў Шаркаўшчыне змясцілі партрэт айца Канстанціна, выкананы па яго фотаздымку.

20 жніўня 2008 года нятленныя мошчы свяшчэннапакутніка Канстанціна па благаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія дасталі з-пад падлогі Адзігітрыеўскай царквы, пераклалі ў новую труну і размясцілі ва Уваскрасенскім храме горада Дзісны. А ў 2009 годзе на Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Рускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне аб царкоўным услаўленні іерэя Канстанціна Жданава.

Пэўны час мошчы свяшчэннапакутніка спачывалі ва Уваскрасенскай царкве з правага боку ад алтара ў разьбяной драўлянай рацы. 27 красавіка 2020 года мошчы ўрачыста перанеслі ў Полацк, у кафедральны сабор. Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій тады сказаў у сваёй пропаведзі: «Усюды, дзе пабываў святы Канстанцін, ён нябачна прысутнічае».

Так што суправаджаў нас святы пакутнік Канстанцін Жданаў і ў вандроўцы па Дзісне...

Вяртаючыся, мы праехалі мост праз Дзісну — мост гэты стаў таксама візітнай карткай горада, як Эйфелева вежа для Парыжа... Адзіны ў Беларусі стагадовы жалезны мост з драўляным пакрыццём даўжынёй у 150 метраў. Ён збудаваны яшчэ ў 1908 годзе, сведка шматлікіх падзей. У 1944-м немцы хацелі ўзарваць яго, каб спыніць наступленне савецкіх войскаў, адзін пралёт ад выбуху ўпаў у раку. Але вызваліцеляў гэта, зразумела, не спыніла, Дзісна стала свабоднай... А вось пралёт з ракі падымаць не сталі — праз нейкі час прывезлі з Германіі трафейны чыгуначны прагон, усталявалі. Кажуць, ён і цяпер стаіць...

Не ведаю, калі яшчэ мы апынемся ў незвычайным горадзе на зліцці Заходняй Дзвіны і Дзісны. Але будзеце магчымасць — з’ездзім, што і вам усім раю... У тым ліку каб пакланіцца памяці святога пакутніка Канстанціна Жданава.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.