Нядаўна чытала пра акадэміка Келдыша, геніяльнага вучонага і вялікага рускага інтэлігента. Яго асоба, несумненна, вартая таго, каб пра яго помніць і асэнсоўваць ім зробленае, але зараз я пра іншае. У душу запаў яшчэ вось такі факт. У 1972 годзе акадэміку спатрэбілася аперацыя на сэрцы. Такіх яшчэ не рабілі ў Савецкім Саюзе. Аперыраваць Мсціслава Усеваладавіча прыляцеў хірург са Злучаных Штатаў Майкл Дэбейкі.
Прафесар медыцыны прывёз з сабой асістэнта і аперацыйную сястру. Яму дапамагаў яшчэ адзін савецкі прафесар. Аперацыя працягвалася шэсць гадзін і прайшла паспяхова. А калі доктару спрабавалі заплаціць ганарар, ён адмовіўся ў даволі рэзкай форме.
Паводле ўспамінаў акадэміка Чазава, сказаў нешта накшталт: «Я прыехаў не па грошы, я прыехаў аперыраваць акадэміка Келдыша, які належыць не толькі савецкаму народу, але даўно належыць сусветнай навуцы». Дарэчы, праз 24 гады Майкл Дэбейкі правядзе падобную аперацыю на сэрцы прэзідэнта Расіі Ельцына. Думаю, што на той раз ён ужо не адмовіўся ад законнага ўзнагароджання. Бо такая работа вартая падзякі ва ўсіх яе формах. Ды апошняе так, дарэчы.
Цяпер, на шчасце, аперацыі па каранарным шунціраванні сэрца робяць і ў нашых шыротах. Нават у Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы такія ўмяшанні праводзяць даволі паспяхова. А вось учора ў названай бальніцы правялі ўнікальную для гэтай установы аперацыю на сэрцы. Яе зрабіў хірург з Пензы. Для медыцынскай брыгады гэта была звычайная работа, а для пацыента — надзея на іншую якасць жыцця ды і само жыццё.
І калі пра падзею ў абласной бальніцы стала вядома шырокай грамадскасці, за работай сачылі прадстаўнікі СМІ, камеры былі ўстаноўлены ў аперацыйнай, то ў іншых аперацыйных нашага горада ды іншых гарадоў таксама ідзе падобная работа, ідзе пастаянна, вынікам яе становіцца паляпшэнне здароўя, а то і захаванне жыцця многіх і многіх людзей.
Амаль год таму давялося ўсё гэта назіраць у аддзяленні траўматалогіі адной з бальніц Брэста. Аперацыі па замене суставаў там літаральна пастаўлены на паток. Іх адносна нядаўна, некалькі дзесяцігоддзяў таму, пачалі рабіць у нас. Такія аперацыі нярэдка вяртаюць чалавеку рухомасць, ставяць яго на ногі ў прамым сэнсе. Думаю, няцяжка ўявіць, якая радасць, калі твой блізкі чалавек з ляжачага стану паступова вяртаецца да звычайнага ладу жыцця. А гэта даволі складаная, траўматычная аперацыя. Мне даводзілася бачыць, якімі стомленымі, часам амаль знясіленымі вяртаюцца хірургі з аперацыйнай пасля шматгадзіннай работы.
Бо ніколі ж не прадугледзіш усе нюансы, загадзя не ўгадаеш магчымыя ўскладненні, калі рашэнне прымаць давядзецца ўжо па ходзе аперацыі. Ды і любая аперацыя ў любым аддзяленні — гэта ў пэўным сэнсе рызыка, а яшчэ адказнасць, якую бярэ на сябе доктар, які аперыруе. Бываюць і няўдачы, і ўскладненні, якія праяўляюцца ў пэўных працэнтах статыстыкі. Вядома, ніхто не хоча ўвайсці ў гэтыя працэнты... Маёй суседцы па былой кватэры рабілі аперацыю на сэрцы ў сталічнай клініцы. Яе папярэджвалі пра адзін працэнт ускладненняў, і яна трапіла ў гэты самы працэнт. Прайшло больш за 15 гадоў, а перасечаны нерв да гэтай пары дае пра сябе знаць. «Такі ўжо мой лёс», — гаворыць Святлана Канстанцінаўна. І добра, што ў яе хапае душэўнай мудрасці гэта прыняць, а не шукаць вінаватых і ўвесь час шкадаваць сябе. Хаця, на жаль, бываюць і памылкі, і выпадкі, якія кваліфікуюць як службовую халатнасць. Але зараз гаворка не пра гэта, а пра большасць нашых кваліфікаваных, сумленных хірургаў, якія кожны дзень заступаюць на вахту высакароднай, цяжкай, у тым ліку фізічна, працы.
Недзе ў самым пачатку 90-х, у першыя гады журналісцкай работы, мне давялося прысутнічаць на аперацыі ў якасці гледача. Трапіла выпадкова, прыйшла пісаць нарыс пра хірурга, а ён сам прапанаваў. Прызначыў час, прыйшла, мяне адпаведным чынам апранулі і паказалі месца, дзе можна стаяць падчас аперацыі. І аўтар гэтых радкоў уважліва сачыла за рукамі дактароў, бачыла ўсё, што адбывалася з целам чалавека на аперацыйным стале. Не скажу, што далося лёгка. Потым казалі, што я збялела і выглядаю не вельмі, але пахвалілі, што не ўпала, прыйшла ў аперацыйную і выйшла адтуль сваімі нагамі. І не думала, вядома, што той вопыт мне вельмі дапаможа ў жыцці. Калі давялося самой класціся на аперацыйны стол, я не баялася, як іншыя таварышкі па палаце, успрымала будучую аперацыю вельмі спакойна. І за гэта ўдзячная герою таго нарыса, які ўсё ж потым напісала. Відаць, з той пары я з асаблівай пашанай стаўлюся да хірургаў, людзей, якія ратуюць жыццё. Думаю, што яны вартыя таго, каб згадваць іх з павагай пры любой нагодзе.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.