Пачатак восені быў проста цудоўны: сонца і цеплыня. Але каляндарны год ідзе сваёй чаргой, і на змену цяплу прыйшло халоднае, дажджлівае надвор’е. І раптам мы заўважаем, што з’яўляюцца стомленасць, праблемы са сном, дрэнны апетыт і думкі пра тленнасць быцця. Нападае невыносная туга, якая парушае звыклы ход рэчаў і разбурае жыццё. Такі стан прынята называць восеньскай хандрой, і ён знаёмы многім з нас. З чым ён звязаны і як з ім справіцца? Некалькі практычных парад дала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 31-й гарадской паліклінікі Мінска Ала Маскалёва.
— Што такое восеньская хандра? Гэта пагаршэнне настрою, якое ўзнікае на фоне сезоннай дынамікі, звязанай з рэзкім скарачэннем светлавога дня і памяншэннем колькасці сонечнага святла. Яно прыводзіць да змяншэння выпрацоўкі гармонаў шчасця — сератаніну, норадрэналіну і дафаміну. Хандра можа быць справакавана частымі прастудамі і зніжэннем імунітэту. Яе прычын некалькі: змена пор года, асабліва перыяд скарачэння светлавога дня. Таксама могуць уплываць змена гарманальнага балансу на фоне ўзроставых змяненняў ці закаханасці, ператамленне, калі знясілены ўнутраныя рэсурсы арганізма, — расказвае Ала Уладзіміраўна.
Па сімптаматыцы хандра вельмі падобная да дэпрэсіі, але гэтыя станы адрозніваюцца. Дэпрэсія — псіхічнае расстройства, а хандра ўяўляе сабой сезонную з’яву, якая зніжае якасць жыцця і перашкаджае самарэалізацыі.
— Тыя, хто пакутуе на хандру, прагне яркіх эмоцый. Чалавек у стане дэпрэсіі да ўсяго абыякавы. Здаровая асоба паспяхова перажывае змену сезонаў, а псіхічна няўстойлівая ў гэты перыяд адчувае абвастрэнне захворвання. Ад хандры можна пазбавіцца намаганнем волі, ад дэпрэсіі — нельга. Пры дэпрэсіі апатычны стан доўжыцца тыднямі, а хандра праходзіць з першымі праменямі сонца. Чалавек падчас хандры раздражняецца, злуецца. Пры дэпрэсіі ён абыякавы да ўсяго. У адрозненне ад дэпрэсіі, хандра ахоплівае не ўсе сферы жыцця. Пры ёй людзі здольныя смяяцца і жартаваць. Сезонная хандра толькі прымушае паглынаць вугляводы, а дэпрэсія падрывае здароўе. Хандра псуе жыццё, але не фатальна, у той час як дэпрэсія можа прывесці да суіцыду, — тлумачыць розніцу ўрач.
Як жа зрабіць свой арганізм больш «абыякавым» да сезонных стрэсаў? Вось некалькі парад, якія дапамогуць нармалізаваць нервовую сістэму і ставіцца да любой праблемы спакойна і з усмешкай.
Адчувайце сябе ў любой сітуацыі пераможцам. Прыміце дрэнны настрой і пачніце з ім эфектыўна змагацца. Зірніце на свет з радасцю, і адзін гэты погляд выганіць вашы хваробы. Хадзіце, выпрастаўшы спіну і з высока паднятай галавой.
Нават асабісты ўрач Напалеона Банапарта заўсёды заўважаў, што салдаты, параненыя ў баі пры перамозе, папраўляліся лёгка і хутка. А тыя, што пры адступленні, — доўга і з цяжкасцю. Адсюль і выснова: раны ў пераможцаў гояцца хутчэй.
Смейцеся. Хвіліна смеху падаўжае жыццё на паўгадзіны. Чытайце анекдоты, глядзіце камедыі, сустракаючыся з сябрамі, гаварыце толькі пра добрае, успамінайце вясёлыя выпадкі з жыцця. Смех — найлепшыя лекі ад галаўнога болю і стомленасці. Дзякуючы смеху прыйдзе ў норму страваванне і сон, палепшацца абменныя працэсы, нармалізуецца сэрцабіцце.
Старайцеся больш хадзіць пешшу. 20–40 хвілін штодзённых прагулак толькі станоўча паўплываюць на ваш арганізм. Хада актыўна супрацьстаіць дэпрэсіўным станам, праганяе стомленасць і здымае зрокавую нагрузку.
Старайцеся часцей бываць на сонцы. Завядзіце сабаку для штодзённых працяглых прагулак на прыродзе ці ката для прыемных тактыльных адчуванняў. У вячэрні і начны час крыніцай святла і выратаваннем ад маркоты стануць яркія лямпы асвятлення, якія забяспечаць эфект фотатэрапіі.
Больш спіце. Каб не стаць ахвярай заўчаснага старэння, падаўжайце свой сон да васьмі гадзін у суткі. Як толькі пачняце высыпацца, усе адмоўныя наступствы недасыпу пройдуць. Палепшыцца памяць, знізіцца верагоднасць захворвання на дыябет, сардэчна-сасудзістай сістэмы і неўралагічных расстройстваў. Не трэба думаць аб праблемах на ноч. Гэта вельмі моцна ўплывае на сон. Успомніце народную мудрасць: «Пераначуем, болей пачуем». Прачнуўшыся раніцай, не трэба перш за ўсё ісці на кухню, каб выпіць гарачай кавы. Лепш зрабіце простую ранішнюю зарадку. Гэтая мышачная размінка дапаможа не толькі прачнуцца, але і пазбавіцца ад нервовага напружання. Калі вам дазваляе час, можна нават зрабіць невялікую прабежку на свежым паветры.
Старайцеся раней прачынацца. Адпаведна, раней і кладзіцеся. Сустракайце світанак і пражывайце ўвесь светлавы дзень ад пачатку да канца. Пад уздзеяннем сонечных прамянёў арганізм выпрацоўвае гармон мелатанін. Апошні павялічвае эмацыянальны тонус чалавека і амалоджвае.
Правільна харчуйцеся. Ваш «псіхічны імунітэт» павысяць усе прадукты, якія ўтрымліваюць ёд. Як ні дзіўна, але марожанае цудоўна здымае стрэс. Шакалад дапаможа падняць настрой, павялічыць ціск крыві і частату пульсу. Любы чалавек, які не дабірае сваю норму салодкага, заўсёды будзе знаходзіцца ў раздражнёным і прыгнечаным настроі.
Уключайце ў рацыён вітаміны. Восеньская хандра негатыўна ўплывае на імунітэт, так што прыём вітамінных комплексаў і больш збалансаваны, насычаны рацыён дапамогуць прывесці ў парадак нервы, цела і душу. Па прызначэнні ўрача можна дадаць у рацыён вітамін D, вітаміны групы В, вітамін С, цынк і магній.
Папрацуйце над самаацэнкай. Вас пачнуць любіць толькі ў тым выпадку, калі вы самі сябе любіце і паважаеце. Таму для атрымання поспеху і дабрабыту пачніце працаваць над сабой і павысьце самаацэнку. Спачатку навучыцеся прымаць сябе такім, які вы ёсць. Не настройвайцеся на сумныя ноткі, думайце пазітыўна. Кантактуйце з прыемнымі і цікавымі людзьмі, рабіце для іх нешта добрае.
Важна ўстанавіць для сябе новую жыццёвую пазіцыю: «У мяне ёсць што шанаваць і чым ганарыцца». Але акрамя ацэнкі сваіх добрых якасцяў не забудзься адэкватна ўсведамляць і недахопы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай асобы. Варта таксама зразумець: дабрабыт і дастатак — не асноўныя характарыстыкі чалавека. Грошы і становішча могуць у імгненне знікнуць, а ўнутранае напаўненне і душа застануцца заўсёды. Не забывайце працаваць над сабой і развіваць чалавечыя якасці.
Алена КРАВЕЦ
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.