Геранёны — першы прыпынак турыстычнага маршруту па паўночным кальцы Гродзенскай вобласці. У аграгарадку па выхадных спыняюцца па 3-4 аўтобусы са сталічнымі гасцямі. Турыстычныя фірмы рыхтуюць сваю праграму з сярэднявечным ухілам. Геранёны ў гэтым кантэксце маюць вельмі кранальную і таямнічую гісторыю.
Як сведчыць паданне, у паселішчы стаяў велічны замак, які ў XV — XVІ стагоддзях лічыўся адным з самых прыгожых у Вялікім Княстве Літоўскім. Менавіта тут і разгарнулася драматычная гісторыя кахання караля Сігізмунда Аўгуста ІІ і Барбары Радзівіл, якая на момант іх сустрэчы жыла ў Геранёнах пасля смерці яе мужа — уладальніка замка. Некалькі гадоў кароль прыязджаў сюды для сустрэч з прыгожай шляхцянкай. Потым яе назавуць Чорнай Паннай, якая не мае прытулку і з’яўляецца праз стагоддзі як маўклівы прывід. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Замка таго велічнага за пяць стагоддзяў у Геранёнах не захавалася, засталіся толькі рэшткі. Доўгі час іх складана было заўважыць сярод хмызоў. Мясцовыя ўлады месца расчысцілі, цяпер замчышча закансервавана.
— Гэта месца заўсёды прыцягвала турыстаў. Аднак апошнім часам іх колькасць значна павялічваецца. Таму было прынята рашэнне добраўпарадкаваць тэрыторыю, зрабіць поручні, каб было зручна любавацца рэшткамі замка і ўспамінаць прыгожую гісторыю кахання з сівой даўніны, — расказвае Віктар Вершаловіч. — Побач устанавілі інфармацыйныя шчыты, дзе можна даведацца аб нейкіх гістарычных падзеях. Плануем гэта месца развіваць і надалей. Хочацца, каб турысты пасля яго наведвання змаглі завітаць у мясцовую ўстанову культуры, палюбавацца выставамі народных майстроў, пагуляць па аграгарадку.
Дарэчы, у культурным плане месцічам таксама ёсць што прапанаваць турыстам. У Геранёнах працуе знакаміты майстар па саломапляценні Юзэфа Старасціна, якая загадвае сектарам рамёстваў і традыцыйнай культуры ў аграгарадку. Работай з саломкай займаецца больш чым 30 гадоў. Яна як народны майстар мае шмат узнагарод, з’яўляецца лаўрэатам прэміі «Чалавек года Гродзеншчыны», удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх фестывалях і кірмашах. Таксама культурнай візітоўкай з’яўляецца ансамбль народнай песні «Вечарына» аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Геранёны Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
— Мы можам сустракаць групы каля замчышча, даваць прадстаўленні, потым запрасіць у музей, дзе правесці майстар-клас па саломапляценні, даць урок старадаўніх танцаў. Цяпер вядзём падрыхтоўчую работу ў гэтым кірунку, — зазначыў старшыня сельсавета.
Таксама ў планах мясцовай улады яшчэ некалькі праектаў. Самым маштабным тут лічаць добраўпарадкаванне старога парку на тэрыторыі былога замка. Дарэчы, тут засталіся і рэшткі старажытных абарончых валоў ХІХ стагоддзя вышынёй да дзесяці метраў. У сельвыканкаме вырашылі пракласці ўздоўж іх экалагічную сцежку на некалькі кіламетраў. Тэма цікавая і вартая конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць і мясцовыя жыхары. Дарэчы, яны кожны год збіраюцца на ачыстку тэрыторыі, прыводзяць у парадак былую паркавую зону. Але сродкаў на больш грунтоўныя работы пакуль недастаткова.
— Мы за гэты час многае прыбралі, цяпер тут акуратна, але хочацца зрабіць гэта месца прывабным для адпачынку. Тут прыйшліся б дарэчы і мосцікі, і дарожкі, і альтанкі, і лаўкі, але пакуль няма сродкаў. Між тым мы не стаім на месцы і хочам сумясціць замак з цэнтральнай плошчай у Геранёнах, спалучыць гісторыю і сучаснасць, — паведаміў Віктар Вершаловіч.
Яшчэ вясной па ініцыятыве дэпутата Геранёнскага сельскага Савета, загадчыка мясцовай установы культуры Галіны Дзіц у аграгарадку правялі вялікую акцыю «Упрыгожым свой дом самі», якую актыўна падхапілі ўсе жыхары населенага пункта. Першым яе этапам стала правядзенне суботніка на замчышчы, а другім — пасадка сквера Дружбы ў цэнтры Геранёнаў. На гэтыя мэты было закуплена 80 туй, якія высаджвалі цэлымі сем’ямі.
Відавочна, што турыстычная галіна — адна з даходных частак бюджэту пры арганізацыі адпаведных інтэрактыўных мерапрыемстваў. У Геранёнскім сельскім Савеце на гэты аспект звяртаецца пільная ўвага. Тым больш што з гэтым месцам звязана такая захапляльная легенда, тут на свае вочы можна ўбачыць рэшткі замка, дзе жылі прадстаўнікі каралеўскага роду. Больш за тое, непадалёку захавалася і былая капліца замка, а цяпер касцёл Святога Мікалая, які пабудаваны яшчэ ў 1529 годзе. Гэта самы старажытны храм на тэрыторыі Іўеўскага раёна. За сваю гісторыю ён неаднаразова рамантаваўся і перабудоўваўся, у тым ліку пасля вялікага пажару ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя. Цяпер храм у добрым стане, адкрыты для вернікаў і турыстаў. Побач знаходзіцца званіца ХІХ стагоддзя, цэнтральны ўваход упрыгожвае старажытная брама.
Маргарыта Ушкевіч
Фота з адкрытых крыніц
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.