Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка падпісаў указ № 384, якім зацверджаны найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2025 год. Дакумент захоўвае нацэленасць эканамічнай палітыкі на забеспячэнне ўстойлівасці эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Рост валавога ўнутранага прадукту прагназуецца да 104,1% за кошт трох спалучаных праграм: вытворчай, экспартнай і інвестыцыйнай.
Указам таксама ўстанаўліваюцца мэтавыя арыенціры для іх выканання. Чакаецца, што экспарт тавараў і паслуг павялічыцца на 5,4%, ключавым фактарам яго росту стане нарошчванне фізічных аб’ёмаў. У эканоміку плануецца інвеставаць на 7,8% больш, чым у бягучым годзе. Паспяховая рэалізацыя вытворча-інвестыцыйных планаў дасць магчымасць забяспечыць рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 4%.
Захаваецца палітыка па стрымліванні цэн. Для гэтага для Нацыянальнага банка і ўрада ўстанаўліваецца мэтавая задача па абмежаванні інфляцыі на ўзроўні, які не перавышае 5%.
Указам устанаўліваецца патрабаванне па зацвярджэнні ўрадам плана сацыяльна-эканамічнага развіцця, які выступіць ключавым інструментам дасягнення найважнейшых параметраў. Для ацэнкі эфектыўнасці работы дзяржаўных арганізацый будзе вызначаны вычарпальны пералік ключавых паказчыкаў.
Прэв’ю: БелТА
Што будуюць, а што ўжо ўвялі ў эксплуатацыю?
«У ідэале, не адзін алімпійскі цыкл».
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?