Зоя Касмадзям’янская — адна з самых вядомых гераінь Вялікай Айчыннай вайны. Пра яе подзвіг напісаны кнігі, зняты фільмы. Мноства вуліц у розных гарадах носяць імя гераічнай разведчыцы.
«Высокая, стройная, плячыстая, з жывымі цёмнымі вачыма і чорнымі, коратка пастрыжанымі валасамі...» — так апісваў яе знешнасць у нарысе «Таня» ў 1942 годзе ваенны карэспандэнт Пётр Лідаў.
Гераічнай партызанцы прысвечана шмат твораў літаратуры і кінематографа, у тым ліку фільм «Зоя» (1944), «Повесть о Зое и Шуре» — успаміны Любові Касмадзям’янскай, паэма «Зоя» Маргарыты Алігер і іншыя. Вуліцы, названыя ў гонар Зоі Касмадзям’янскай, ёсць у Мінску, Гомелі, Баранавічах, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Екацерынбургу, Казані і многіх іншых гарадах на прасторах былога СССР.
Зоя Анатольеўна Касмадзям’янская нарадзілася ў верасні 1923 года ў вёсцы Асіна-Гай Тамбоўскай вобласці. Яе бацькі, Любоў Цімафееўна і Анатоль Пятровіч, працавалі школьнымі настаўнікамі.
У 1929 годзе сям’я пераехала ў Сібір, а пасля ў 1930 годзе перабралася ў Маскву, дзе жыла каля станцыі Падмаскоўная. Пасля смерці бацькі ў 1933 годзе Зоя і яе малодшы брат Саша засталіся з маці Любоўю Цімафееўнай.
Зоя вучылася ў 201-й школе Масквы. Яна была камсамолкай, выдатніцай, асабліва любіла гісторыю і літаратуру і нават марыла паступіць у Літаратурны інстытут. Спраўдзіцца планам і жаданням дзяўчыны перашкодзіла вайна.
У кастрычніку 1941 года 18-гадовая камсамолка добраахвотна прыйшла на прызыўны пункт, дзе набіралі курсантаў для дыверсійнай школы. Зоя была залічана ў вайсковую часць асобага прызначэння разведаддзела штаба Заходняга фронту. На кароткім курсе падрыхтоўкі разам з іншымі байцамі вучылася мініраваць і падрываць, здзяйсняць падпалы, пераразаць правадную сувязь, незаўважна перасоўвацца і маскіравацца на мясцовасці.
У складзе разведвальна-дыверсійнай групы Зоя Касмадзям’янская з рызыкай для жыцця выконвала небяспечныя заданні ў тыле ворага. Адной з такіх задач, пастаўленай перад дыверсійнымі групамі, стала спальванне населеных пунктаў у тыле нямецкіх войск, каб перашкодзіць фашыстам выкарыстоўваць дамы і збудаванні ў сваіх мэтах. У канцы лістапада 1941 года Зоя з іншымі байцамі была накіравана ў некалькі вёсак, дзе было даручана падпаліць дамы, у якіх размясціліся немцы. У вёсцы Пятрышчава Касмадзям’янская паспяхова выканала заданне, але была схоплена. Зою жорстка катвалі, але яна не выдала таварышаў і не раскрыла ворагу ніякай сакрэтнай інфармацыі. На допыце назвалася імем Таня. 29 лістапада 1941 года мужная дзяўчына была павешана фашыстамі.
Нягледзячы на свой юны ўзрост, Зоя праявіла рашучасць, неверагодную мужнасць і самаадданасць, якія сустракаюцца не часта. Гэтыя якасці зрабілі яе шырока вядомым сімвалам супраціўлення ворагу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У лютым 1942 года Зоі Касмадзям’янскай было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Зоя стала першай жанчынай, удастоенай гэтага высокага звання ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Аляксандр Касмадзям’янскі, малодшы брат Зоі, пасля пакарання смерцю сястры імкнуўся адпомсціць ворагу і ў 1942 годзе пайшоў на фронт. Служыў у танкавых войсках і ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Беларускім франтах, прымаў удзел у баях ва Усходнчй Прусіі. Ён гераічна загінуў у красавіку 1945 года ў баі каля населенага пункта Фірбрудэркруг ва Усходняй Прусіі. За подзвігі ў час Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Касмадзям’янскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).
Вуліца Зоі Касмадзям’янскай у Мінску прыгожая і спакойная, тут не адчуваецца мітусні вялікага горада. У палісадніках і ля ўтульных, даглежданых дамоў шмат кветак.
У Беларусі шануюць памяць Зоі Касмадзям’янскай — гераічнай дачкі савецкага народа, якая не пашкадавала свайго маладога жыцця дзеля Перамогі.
Юлія РАМАНЬКОВА
Фота аўтара
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.