Вы тут

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты


Даўно заўважана: калі ў чалавека паспяхова складваецца кар’ера, то сям’я таксама моцная. Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» Святаслаў Савіцкі ў наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця. Ён, палкоўнік медслужбы ў адстаўцы, заслужаны работнік аховы здароўя Беларусі, ганаровы член Акадэміі ваенных навук РФ, з гонарам дадае да гэтых тытулаў: муж, бацька, дзед, брат — адзін з вялікай і дружнай сям’і Савіцкіх.


З жонкай Валянцінай, сынам Дзмітрыем і дачкой Вольгай

— Раскажыце пра вашых бацькоў, Святаслаў Фёдаравіч. Адкуль вы родам?

— Мой тата быў дырэктарам шклоўскай сярэдняй школы № 3, выкладаў матэматыку і фізіку, франтавік. Мама — настаўніца рускай і беларускай моў. Я яшчэ памятаю час, калі наша сям’я — бацькі і чацвёра сыноў — жылі ў пакоі пры школе. У 1958 годзе пабудавалі свой дом.

Нас чацвёра братоў, але ў старэйшага, Валерыя, імя па бацьку Аркадзевіч. Яшчэ да вайны наша маці выйшла замуж за Аркадзя Савіцкага, у іх нарадзіўся сын. На фронт пайшлі абодва браты — Аркадзь і Фёдар. Старэйшы брат загінуў, а Фёдар, вярнуўшыся з вайны, палічыў сваім абавязкам дапамагаць удаве брата. А потым у іх склалася сям’я, нарадзілася яшчэ трое сыноў, я самы малодшы.

— Цяжка быць сынам дырэктара школы?

— Мы ўсе добра вучыліся, таму што дрэнна вучыцца было сорамна. А ў астатнім — звычайныя дзеці, маглі і пахуліганіць. Напрыклад, Лёня аднойчы паклаў пад крэсла настаўніцы «бомбачку» ўласнага вырабу. У школе ўзняўся перапалох, хутка высветлілася, што гэта справа рук... сына дырэктара школы. Мы схавалі брата ў садзе, бо мама ж паабяцала «адарваць яму галаву». Яна была вельмі строгай. А бацька заўсёды нас абараняў, казаў: «Надзя, у нас добрыя дзеці, навошта ты на іх сварышся»?

— А як складваліся адносіны з Валерыем?

— Выдатна. Мы вельмі любілі старэйшага брата. Дарэчы, медыцына — гэта выбар Валерыя, таму што яго бацька быў фельчарам. Валера вырашыў паступаць у Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію. Здаў іспыты, прайшоў па конкурсе на ваенна-марскі факультэт. І вось амаль што перад ад’ездам дадому ідзе яму насустрач палкоўнік, спыняе, цікавіцца: хто ты, адкуль. Аказалася, што афіцэр таксама беларус, і ён кажа Валерыю: «Ну і навошта табе служба на падводных лодках?»

Брат забраў дакументы з акадэміі, па дарозе дадому заехаў у Віцебск, і яго прынялі ў медінстытут на падставе іспытаў, здадзеных у Ленінградзе.

— А як вы ўсе сталі ваенурачамі? У медінстытутах у той час, наколькі я ведаю, былі толькі ваенныя кафедры.

— Часам мама адпраўляла ў Віцебск Аркадзя і Леаніда, каб яны адвезлі брату хатніх прадуктаў, яны прыглядаліся і да вучобы Валерыя. Да таго часу тата ўжо не працаваў, атрымліваў пенсію па інваліднасці — наступствы ваенных раненняў. У матэрыяльным плане сям’і жылося цяжка. Як сёння памятаю, самыя танныя туфлі для хлопца — 28 рублёў. А нас — чацвёра, толькі на абутак сыходзіў увесь мамін заробак. Таму мы студэнтамі падзараблялі, дзе маглі. А Валера ў выніку перавёўся ў Куйбышаўскі медінстытут на ваенна-медыцынскі факультэт. У Віцебску ён меў стыпендыю каля 30 рублёў, у Куйбышаве — 97 рублёў.

З унукамі Вячаславам, Глебам і Вовам (на руках)

Аркадзь і Лёня таксама вырашылі паступаць у медыцынскі і не планавалі служыць у войску (наяўнасць ваеннай кафедры такую магчымасць давала). Але іх прызвалі літаральна на апошніх курсах. У выніку браты засталіся служыць. Яны ўжо ведалі, што Валерый як афіцэр медслужбы добра забяспечаны. Я з Аркадзем неяк напісалі ліст старэйшаму брату, папрасілі грошай, каб апрануць Лёню. Пішам: «Дашлі нам сала, а каб яно не сапсавалася, абгарні рублямі» (смяецца).

Я спачатку паступіў у Віцебскі медыцынскі. На іспытах у мяне абавязкова пыталіся: «А тут у нас трое Савіцкіх вучыліся, яны табе хто?» І я таксама правучыўся ў Віцебску 4 курсы, а потым перавёўся ў Куйбышаў. Так, па прычыне стыпендыі. У нейкі момант зразумеў, што калі днём вучыцца, а ўначы разгружаць вагоны ці па вечарах працаваць на вінзаводзе, то гэта дрэнна адаб’ецца на паспяховасці ў інстытуце.

— А вам ніколі не даводзілася служыць разам з братамі?

— Было такое. Валерыя накіравалі служыць у Групу савецкіх войскаў у Германіі (ГСВГ), а менавіта ў Дрэздэн. Лёня працаваў хірургам у шпіталі ў Паўлінава, што пад Баранавічамі, і яго адкамандзіравалі ў Лейпцыг. Аркадзь з Бабруйскага шпіталя апынуўся ў Берліне. І ўсё гэта да моманту, калі ў мяне мелася быць размеркаванне. Старшыня камісіі кажа: маўляў, тры браты Савіцкіх служаць у Германіі, давайце і чацвёртага туды адправім.

І яшчэ я служыў разам з братам Леанідам і сваім сынам Дзмітрыем у Галоўным ваенным клінічным шпіталі Мінабароны Беларусі. Пасля звальнення са службы Дзмітрый, кандыдат медыцынскіх навук, працуе начальнікам аддзялення — вядучым урачом артапедам-траўматолагам у міжнародным медыцынскім цэнтры «СОГАС» у Санк-Пецярбургу.

Валерый, Леанід, Святаслаў, Аркадзь з мамай Надзеяй Кузьмінічнай

— Але давайце вернемся да камандзіроўкі ў Германію. Няўжо туды адпраўлялі служыць нежанатых афіцэраў?

— А я ўжо быў жанаты!

— Тады раскажыце, як пазнаёміліся з жонкай?

— Мы раслі ў адным горадзе, і хоць вучыліся ў розных школах, добра ведалі адно аднаго. Пасля 5 курса прыехаў дадому ў адпачынак. Усе аднакласнікі збіраліся і ішлі на танцы. А я яшчэ і ў форме быў. Звярнуў увагу на прыгожую дзяўчыну Валю Гардзееву, запрасіў на танец, а потым пайшоў яе праводзіць.

Назаўтра бяру букет, іду да Валі дадому — прасіць яе рукі ў бацькоў. Будучая цешча ў шоку: у Валі ёсць жаніх!.. Яна думала, што я з’еду ў Куйбышаў і ўсё гэта забудзецца. Праз пару дзён наша сям’я паехала ў Еўпаторыю, дзе адзначалі і юбілей Валерыя. Пабыў я там тры дні і кажу брату: «Мне трэба дадому, у Шклоў». Валерый — да мамы на перамовы. У выніку далі мне грошай на квіток, і я адправіўся дадому. Да зімовых канікулаў мы з Валяй перапісваліся. А потым мае бацькі адправіліся ў сваты. Улетку мы пажаніліся.

Я раней з’ехаў у Германію, Валя прыляцела пазней — а я на вучэннях. Вось так пачыналася сямейнае жыццё. Я служыў у медыцынскім батальёне. У начальніка штаба скончыўся тэрмін камандзіроўкі, а новага не даслалі. А тут вучэнні. Вось нехта і кажа: а няхай лейтэнант выконвае абавязкі. Так трапіў на вочы начальству, што і вызначыла далейшую кар’еру. Для Валі спачатку не было працы, і яна вельмі перажывала, потым з’явілася вакансія ў сярэдняй школе № 13 ГСВГ.

— Пасля Германіі вы дзе служылі?

— У Печах, пад Барысавам.

— А сям’я з вамі была?

А як па-іншаму? Мы заўсёды разам! Валя — выдатная жонка і клапатлівая маці. Калі Дзіма пайшоў у садок, яна таксама туды ўладкавалася. Потым і ў школу, каб быць побач з сынам. І вось што дзіўна: Дзіма вырас не залюбленым мамчыным сыночкам, а самастойным хлопцам. Уявіце: я служу ва ўпраўленні кадраў Мінабароны, мне тэлефануе былы падначалены і кажа: «Быў ваш сын з сябрам, усё добра, дакументы аформілі». Тэлефаную жонцы, пытаюся, ці ведае яна, што наш сын падаў дакументы ў Сувораўскае вучылішча. Яна нічога не ведае! А да таго часу Валянціна ўжо там працавала.

Увечары гутарым з сынам, прызнаюся, адгаворваем ад Сувораўскага. У жонкі яшчэ аргумент, што могуць пайсці чуткі, быццам ён паступіў дзякуючы маці. Дзіма кажа: «Мама, дык ты звольніся, пакуль я буду паступаць, а потым вернешся на працу». А ў Сувораўскім жа 7-8 чалавек на месца! Дзіма паступіў, скончыў з адзнакай. Стаўшы дарослым, сказаў, што з-за гэтай вучобы ў яго не было дзяцінства. Але гэта яго выбар і яго адказнасць.

— Паміж вашымі сынам і дачкой розніца ва ўзросце 10 гадоў. Ці спадабаўся вопыт дарослага бацькоўства? Як складваліся адносіны паміж дзецьмі?

— Мы хацелі, каб у нас было двое дзяцей. Зусім розныя эмоцыі, калі ў цябе з’яўляецца дзіця ў 25 і ў 35 гадоў. Мы нават рады, што так здарылася. У дзяцей цудоўныя адносіны. Цяпер у нас унукі ва ўзросце ад студэнта да малодшага школьніка, і гэта вельмі цікава.

— Дачка Вольга таксама ўрач?

— Так, яна скончыла БДМУ. Цяпер працуе ўрачом-афтальмолагам у 3-й ГКБ Мінска. Вельмі рады, што яна абрала спецыялізацыю, якая не нашкодзіць яе жаночаму лёсу. Гэта праца з прагназавальнай нагрузкай, ніякіх тэрміновых кругласутачных выклікаў, як у рэаніматолага ці хірурга.

— Як ставіцеся да дынастый медыкаў?

— Да любых дынастый стаўлюся добра, калі няма злоўжыванняў. Кожнае пакаленне спрабуе знайсці нешта новае, абапіраючыся на досвед папярэдніх. Мы, калі збяромся, такія імправізаваныя кансіліумы праводзім, столькі спрачаемся! Мой унук Вячаслаў — студэнт, а ўжо напісаў 11 навуковых прац, таму што хлопец круціцца ў медыцынскім асяроддзі. У той жа час ён пытаецца: «А як вы працавалі без УГД, без МРТ?»

— Раскажыце пра зігзаг лёсу, калі вас прызначылі начальнікам Галоўнага ваеннага клінічнага шпіталя.

— На той момант мне было 48 гадоў, званне палкоўніка і праз два гады пенсія. Прызначэнне адбылося за тры хвіліны. Прадставілі калектыву, і першы чалавек, які зайшоў да мяне ў кабінет, — брат Аркадзь: «Куды ты палез? Ты і года не пратрымаешся!» Затрымаўся я там на 15 гадоў. Праўда, праз два гады, калі па рэгламенце мне час быў выйсці на пенсію, у Адміністрацыю Прэзідэнта прыйшла ананімка... Мне патэлефанаваў светлай памяці Уладзімір Макей (у той час — памочнік Прэзідэнта. — Аўт.) і папярэдзіў. Вялікая міжведамасная камісія працавала ў шпіталі амаль месяц. Мне прапанавалі азнаёміцца з вынікамі праверкі. Па-першае, ніводны факт з ананімкі не пацвердзіўся. Па-другое, члены камісіі звярнулі ўвагу на маю перапіску з рознымі інстанцыямі аб закупцы абсталявання і рамонце шпіталя. Прэзідэнт распарадзіўся прафінансаваць яго мадэрнізацыю!

— Са шпіталя вы звольніліся ў 63 гады. Што цяпер для вас праца?

— Характар такі, не магу без справы. Ёсць сілы, досвед, таму працую. Перакананы, што даўгалецце магчыма толькі пры актыўным ладзе жыцця, пазітыўным мысленні, зносінах з роднымі і сябрамі. Канешне, трэба прадумваць сістэму, каб пенсіянеры маглі працаваць у меру сіл. Змену ў 12 гадзін цяжкавата адпрацаваць 70-гадовай медсястры, а вось падзяліць яе на дваіх, а то і на траіх было б рацыянальна.

— А што для вас сям’я?

— Гэта тое, без чаго я не змог бы пражыць і адбыцца ў жыцці. Шчаслівы, што нас шмат, што мы сябруем. У нас трое ўнукаў — вось гэта шчасце, гэта багацце!

— Як у сям’і размеркаваны хатнія абавязкі?

— Больш за ўсё ўвагі дзецям, побыту, вядома ж, аддае жонка. Але і я не адлыньваў, стараўся дапамагаць. Дзеці часта прасілі: «Тата, прыгатуй амлет ці аліўе». Ведаеце, чаму мужчыны лепш кулінараць? Таму што мы на кухні робім нешта адно, а вы, дзяўчаты, адначасова варыце суп, крышыце салату і яшчэ ўрокі ў дзяцей правяраеце.

Не разумею мужчын, якія лічаць, што іх роля ў сям’і зводзіцца да «я прынёс грошы». Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты.

— Як праводзіце адпачынак?

— Як пачалі ў маладосці, так і да гэтага часу любім падарожнічаць. Памятаю, едзем у маіх «Жыгулях»: я, Валя, Дзімка, жончына сястра Іна і двое яе дзяцей. Як убачу супрацоўніка ДАІ, гавару дзецям: «Хавайцеся!» Так мы ездзілі на мора ў савецкі час. Пасля ўжо пабывалі ў многіх краінах. Але дзеці чамусьці асабліва любяць успамінаць паездкі «дзікунамі».

— А на малой радзіме ў доме бацькоў часта бываеце?

— Зразумела, бываем, але... І мая мама, і цешча перапісалі дамы на мяне. Кожная лічыла, што «Слава паступіць па справядлівасці». Мы пагаварылі і прыйшлі да высновы, што раней да мам ехалі пры першай магчымасці, а цяпер гэтыя дамы — толькі сцены, няхай і родныя. Мы зразумелі, што прыязджаць зможам рэдка, а нежылы дом хутка памірае. Я прадаў нерухомасць, а грошы, натуральна, падзялілі пароўну.

Калі едзеш у родныя мясціны, дык можна спыніцца ў родных, у гатэлі, гэта не праблема. Любоў да малой радзімы не залежыць ад наяўнасці там свайго дома. Але кожны прыезд на радзіму — гэта і наймацнейшае энергетычнае падсілкоўванне, і сум ад таго, што самыя блізкія цябе ўжо не сустрэнуць.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з архіва сям’і САВІЦКІХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.