Вы тут

Квадробіка — гульня ці паталогія?


Апошнім часам сярод дзяцей і падлеткаў набірае папулярнасць такі кірунак, як квадробіка. Яна аб’ядноўвае ў сабе спорт і касплей (касцюміраваную гульню), дзеці прыкідваюцца катамі, лісамі, пантэрамі або ваўкамі і выконваюць розныя трукі і фізічныя практыкаванні. Высвятляем з псіхолагам, як з’явілася квадробіка і ці варта баяцца, калі ваша дзіця ёю захапілася.


Яны гуляюць у звяроў ці ў іх ператвараюцца?

На заметку: Квадробіка — від спорту, дзе практыкаванні імітуюць рухі жывёл. Часцей за ўсё квадроберы — падлеткі ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў.

Што робяць квадроберы?

Тэрмін паходзіць ад лацінскага слова quattuor (чатыры) і «аэробіка». Квадроберы бегаюць на карачках, імітуюць рух катоў, ліс, сабак і іншых жывёл. Яны ўдасканальваюць трукі накшталт скачкоў або лажання па дрэвах. Падлеткі гэтай субкультуры выдаюць звярыныя гукі — мяўкаюць, гаўкаюць або выюць.

У квадробераў усё, як у сапраўдным спорце: размінка з расцяжкай і прабежкай, дзеці развучваюць рухі, як у жывёл, скачуць праз перашкоды, распрацоўваюць тэхніку, каб не атрымаць траўмы, — існуюць нават спаборніцтвы з прызамі і пераможцамі. У квадробіцы можна вылучыць некалькі спартыўных элементаў: скачкі, бег і хаду на карачках.

Удзельнікі квадробікі займаюцца ў парках, лясах, на грамадскіх тэрыторыях. Галоўныя атрыбуты квадробікі — маскі жывёл, хвасты і спецыяльныя пальчаткі ў выглядзе лапак. Часцей за ўсё дзеці робяць маскі жывёл сямейства каціных. Таксама «ў пашане» маскі лісы, ваўка і сабакі. Маскі могуць быць даволі рэалістычнымі, але часцей нагадваюць карнавальныя — з рознымі ўпрыгожваннямі, бліскаўкамі, кістачкамі.

Каб проста павесяліцца з сябрамі, дастаткова навучыцца імітаваць хаду і звычкі жывёл. А вось практыкаванні для прасунутых квадробераў патрабуюць фізічнай падрыхтоўкі, і яны досыць траўманебяспечныя.

Вось як распавядаюць дзеці аб сваім захапленні квадроберствам:

«Я — сабака, адна мая сяброўка — кошка, другая — воўк. Каб займацца квадроберствам, нам патрэбны хвост і маска. Маску бацькі не захацелі мне купляць, толькі аснову для яе, таму зрабіла яе самастойна. Размалявала, па баках прыляпіла мех ад старога пухавіка і вусы, разрэзаўшы мультыфору (або файлік). „Хвост“ узяла таксама ад старой мамінай курткі, — распавяла школьніца Вераніка. — Мы з дзяўчынкамі ўжо навучыліся скакаць, як каты, галоўнае — правільна падціскаць пальцы, каб акуратна і бясшумна рухацца. Здаецца, што гэта проста, але ўвогуле давялося шмат трэніравацца».

Хто яе стварыў?

Квадробіку прыдумаў японскі спартсмен Кеніці Іта, які распрацаваў уласную методыку перамяшчэння на карачках. Ён практыкаваўся ў Токіа — наўпрост ў горадзе, але паліцыі гэта не спадабалася. Іта вымушаны быў сысці ў горы. Там ён стварыў уласны лагер для квадробікі. Кеніці Іта ўстанавіў сусветны рэкорд у бегу на чатырох канечнасцях, пераймаючы звычкі малпы.

У Расіі трэнд на квадробіку з’явіўся не так даўно, сёлета. Некаторыя паслядоўнікі так моцна ўжыліся ў ролі лісіц і ваўкоў, што... сталі есці корм і кусаць мінакоў. У Савеце Федэрацыі Расіі прапаноўвалі нават забараніць квадробіку, бо папулярная субкультура можа траўміраваць псіхіку.

Чым небяспечная квадробіка?

  • Квадробіка не спрыяе развіццю інтэлекту, нават можа тармазіць разумовыя працэсы.
  • Пабегаць у парку дзіцяці да дзевяці-дзесяці гадоў — цалкам нармальна, але праводзіць у масках жывёл вольны час дзецям старэйшага ўзросту, аб’ядноўваючыся ў групу, — ужо адхіленне. Добра, калі дзіця пагуляе месяц-два і пераключыцца на больш карысныя заняткі, якія развіваюць (гурткі, секцыі). А калі не?
  • Калі не, бацькам варта звярнуць увагу, ці ёсць у дзіцяці магчымасць выказаць сябе ў творчасці, палепшыць поспехі ў вучобе.
  • Абмяркуйце з псіхолагам стан дзіцяці. Тут верагодныя неўрозы, псіхатраўматычныя сітуацыі, трывожна-дэпрэсіўныя расстройствы і расстройствы адаптацыі.

Псіхалагічны партрэт падлетка, які цікавіцца квадробікай як субкультурай, выглядае наступным чынам:

  • дзеці і падлеткі, у якіх ёсць цяжкасці з прыхільнасцю;
  • цяжкасці з фарміраваннем сваёй ідэнтычнасці;
  • цяжкасці з прыняццем блізкага асяроддзя (сяброў, аднагодкаў);
  • праблемы з камунікацыяй у грамадстве;
  • адсутнасць у дзіцяці паняцця: «Хто я ёсць?», «Якія ў мяне інтарэсы?», «Якое месца я займаю ў жыцці?
  • паніжаная самаацэнка.

Гульня ці паталогія?

Многія дарослыя насцярожана паставіліся да папулярнага захаплення і запатрабавалі забараніць гэтую забаўку. Але тут таксама важная грань паміж гульнёй і паталогіяй: адна справа — весяліцца з сябрамі ў парку, іншая — не здымаць маску цэлымі днямі. Вядомы выпадкі, калі людзі нават рабілі пластычныя аперацыі, каб быць падобнымі на абраных жывёл, брахалі і кусаліся.

Як правіла, квадробікай схільныя захапляцца школьнікі пачатковых класаў і малодшыя падлеткі. Калі квадробікай захапляюцца больш дарослыя юнакі і дзяўчаты, гэта можа казаць аб тым, што ім складана атрымаць адчуванне прыналежнасці і значнасці іншым спосабам.

На думку ўрачоў-артапедаў, цела чалавека сфарміравана ў працэсе эвалюцыі для прамахаджэння. Калі пачаць перасоўвацца на карачках, мышцы, звязкі і суставы пачынаюць атрымліваць нехарактэрную для іх нагрузку. Напрыклад, прызямленне на рукі і прыём усёй масы цела (як гэта бывае пры звычайным падзенні) прыводзіць да траўмаў, пераломаў прамянёвай косці, вывіху пляча.

Любы від фізічных практыкаванняў мае на ўвазе падрыхтоўку і расцяжку, і квадробіка не выключэнне. Небяспека новага віду захапленняў заключаецца ў рызыцы траўмаў з прычыны адсутнасці падрыхтоўкі і няправільнай групоўкі цела дзіцяці пры прызямленні.

Супрацьпаказанні, якія могуць прывесці да цяжкіх наступстваў.

  • захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы;
  • захворванні апорна-рухальнага апарату;
  • аўтаімунныя захворванні;
  • эпілепсія;
  • цукровы дыябет;
  • наяўнасць лішняй вагі.

Квадроберы могуць атрымаць наступныя траўмы:

  • Падзенне. З-за скачкоў у манеры, ненатуральнай для чалавека, лёгка страціць раўнавагу, няправільна згрупавацца і ўпасці. Менавіта таму высокія рызыкі пералому ключыцы, прамянёвазапясцевага сустава або траўміравання іншых суставаў. Акрамя таго, існуе вялікая верагоднасць няправільнага развіцця апорна-рухальнага апарату з-за частых ударных нагрузак.
  • Ударная нагрузка на ступні. Пры прызямленні на паверхню ўсёй ступнёй пятка бярэ на сябе максімальную нагрузку, што можа прывесці да траўмаў і хваравітых адчуванняў.
  • Няўстойлівасць. Нага можа быць няўстойлівай пры прызямленні з-за слізкай паверхні, што можа прывесці да разрываў сухажылляў і расцяжэння мышцаў паверхні сцягна.
  • Праблемы з пазваночнікам. Пазваночны аддзел чалавека канчаткова фарміруецца да сёмага года жыцця дзіцяці, а паяснічны — да 13-14 гадоў. Да гэтага ўзросту пры няправільным становішчы цела магчымыя скрыўленні і парушэнні, асабліва падчас хады на карачках і частых скачках у спалучэнні з ударнай нагрузкай.

Падчас заняткаў квадробікай кожны крок і скачок дзіцяці павінен быць упэўненым і ўстойлівым, каб пазбегнуць траўмаў пазваночніка і расцяжэнняў. Менавіта таму рэкамендуецца выкарыстоўваць спецыяльныя артапедычныя вусцілкі, якія будуць браць на сябе ўдарную нагрузку, а таксама добры абутак.

Важны момант — заняткі квадробікой павінны праводзіцца толькі з прафесійным трэнерам. Праўда, наўрад ці вы знойдзеце рэальнага «вялікага прафесіянала» ў гэтым, бо квадробіка — досыць новы від фізічнай актыўнасці. Але лепш, каб гэта быў чалавек з профільнай адукацыяй (з дыпломам «спартыўнага трэнера») і досведам у іншых відах спорту. Гэта дазволіць мінімізаваць рызыкі атрымання траўм.

Адназначна перабор

На прасторах інтэрнэту можна ўбачыць інфармацыю пра тое, што квадроберы настолькі ўжываюцца ў ролю свайго персанажа, што могуць нават кусаць іншых дзяцей: «Сёння вось гэта дзяўчынка ўкусіла маё дзіця, а калі я папрасіла нумар бацькоў, хутка знікла з дзіцячай пляцоўкі. Вось яна, квадробіка — хвост, пальчаткі, маска і ўкус, як у жывёлы. Бацькі, калі пазналі сваю дзяўчынку-ката, напішыце, калі ласка!»

Самі ж квадроберы выказваюцца, што «брахаць на мінакоў, есці корм і хадзіць да ветэрынара — гэта адназначна перабор. Відаць, нейкая частка квадробераў сапраўды можа пераходзіць рысу, але так робяць далёка не ўсе».

У той жа час некаторыя заўсёднікі інтэрнэту вельмі не задаволены новым рухам. Яны сумняваюцца ў адэкватнасці дзяцей, хвалююцца за іх псіхіку і заклікаюць бацькоў звярнуцца да спецыялістаў. Хутчэй за ўсё, такія асцярогі не датычацца большасці падлеткаў. Але…

Патэнцыяльная небяспека квадробікі, як і амаль любога хобі, можа мець месца, калі дзіця ўваходзіць у ролю свайго персанажа і перастае адрозніваць фантазію і рэальнасць. Гэта значыць, напрыклад, калі дзіця па-сур’ёзнаму верыць у тое, што можа ператварацца ў жывёлу і набыло звышздольнасці.

Бацькам у нататнік

Калі дзіця ізалюецца, перамяшчае ўсю ўвагу на квадробіку і інвестуе свой час і намаганні толькі туды — гэта нагода падумаць аб тым, чаму так адбываецца, пагаварыць і растлумачыць сітуацыю.

Важна адсачыць момант, калі захапленне становіцца праблемай, а менавіта:

  • знізілася паспяховасць у школе;
  • дзіця цікавіцца толькі квадробікай;
  • замыкаецца і перастае мець зносіны з бацькамі;
  • дзіця ідэалізуе квадробіку, ставіцца з фанатызмам, а ўсё астатняе ўспрымае як суцэльнае незадавальненне. Часам гэта выглядае як залежнасць.

Калі вы заўважылі нешта падобнае, паспрабуйце звярнуцца да псіхолага, які працуе з дзецьмі і падлеткамі. Спецыяліст дапаможа разабрацца, ці ёсць прычыны для перажывання.

Заўсёды ёсць альтэрнатыва!

Квадробіку можна замяніць больш бяспечным і карысным заняткам. У сучасным свеце мноства магчымасцяў для дадатковай адукацыі і развіцця дзяцей, пачынаючы ад спартыўных секцый і заканчваючы творчымі студыямі. У ідэале дзіця трэба развіваць у трох кірунках: спорт, творчасць, інтэлект. Засталося толькі абраць кірунак, вызначыць, дзе вашаму малому будзе цікава і карысна. Каб падабраць прыдатныя секцыі, прыгледзьцеся да захапленняў дзіцяці. Калі складана вызначыцца з кірункамі, запішыцеся на выпрабавальныя ўрокі ў розныя секцыі. Няхай наведае некалькі заняткаў, а потым выбера ўпадабаныя.

Алена ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: Што такое квадробіка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.