Вы тут

Запечаная рыбка і класічныя мочаныя яблыкі


Запечаная рыбка

Рэцэпт для ўтульнай сямейнай вячэры, усе будуць задаволеныя і сытыя.

Спатрэбіцца: бульба — 5-6 шт., рыба — 500 г, памідоры — 2 шт., вялікая цыбуліна — 1 шт., сыр цвёрды — 100 г, зяленіва — некалькі галінак, вяршкі — 20 мл, соль — на смак, спецыі для рыбы (па жаданню).

Бульбу рэжам кружочкамі тонка, цыбулю — кольцамі ці паўкольцамі, памідоры — кружкамі, рыбу — невялікімі кавалачкамі. Сыр не надзіраем на тарцы, як звычайна, а наразаем тонкімі пласціначкамі — як на бутэрброд. Зяленіва дробна сячом. У вяршкі дадаём соль, перчык, можна яшчэ якія-небудзь спецыі для рыбкі. У форму спачатку выкладваем пласт бульбы, затым — цыбулю, затым — рыбу. Злёгку прысольваем, пасыпаем зяленівам і паліваем вяршкамі. Затым памідоры. Апошні пласт — сыр. Выкладваем пласціначкі сыра так, каб яны пакрылі практычна ўсю паверхню. Рэшткі вяршкоў акуратна выліваем па краях.

Запякаем хвілін 25–30 пры тэмпературы 200–220 °С.

Класічныя мочаныя яблыкі

Спатрэбіцца: яблыкі —1-1,5 кг, вада —1,5 л, соль — 1 ст. л., цукар — 3 ст. л., мёд —1 ст. л.

Нам спатрэбіцца чысты трохлітровы слоік (стэрылізаваць не трэба). Адпраўляем туды яблыкі сярэдняга памеру, папярэдне памытыя. Найбольш смачнай атрымліваецца антонаўка.

Пасля, каб вызначыць, колькі спатрэбіцца вады для падрыхтоўкі марынаду, напаўняем халоднай вадой слоік з яблыкамі, а затым зліваем яе ў ёмістасць, у якой будзем гатаваць марынад. Дадаём да гэтага аб’ёму яшчэ 100–200 мл. У працэсе закісання ў яблыкі давядзецца даліваць яшчэ марынад. Дадаём у ваду соль, цукар. Ужо на гэтым этапе марынад можна змяшаць, каб цукар злёгку растварыўся.

Далей у марынад дадаём мёд. Старанна ўсё змешваем, бо цукар, соль і мёд павінны цалкам растварыцца ў вадзе. Прыгатаваны марынад уліваем у слоік з яблыкамі. Вадкасць павінна цалкам пакрыць яблыкі.

Далей слоік накрываем марляй, складзенай у некалькі пластоў. Пакідаем яблыкі на тыдзень пры пакаёвай тэмпературы, а затым ставім у халоднае месца на месяц, пры неабходнасці даліваем марынад, каб яблыкі былі цалкам пакрытыя вадкасцю. Праз паказаны час мочаныя яблыкі гатовы да ўжывання.

Гарбузы ў інтэр’еры

Дзякуючы разнастайнасці відаў і працягламу захоўванню гарбузы лёгка ператварыць у арыгінальны аксесуар для ўпрыгожвання інтэр’ера. І неабавязкова ў рамках Хэлаўіна.

Атрыбут восеньскай сервіроўкі

Нароўні з кляновым лісцем, сухімі галінкамі і садовымі кветкамі плады гарбуза можна смела ўключыць у спіс упрыгожванняў восеньскага стала. Яны гарманічна глядзяцца як паасобку, так і з іншымі відамі дэкору. Калі сервіроўка прадугледжвае пэўную гаму, гарбузы лёгка пафарбаваць у патрэбныя колеры.

Дэкор кухні

Гародніна і садавіна вельмі арганічныя ў прасторы кухні. Дастаткова паставіць пару гарбузоў на паліцы і стальніцы, каб зрабіць некалькі сакавітых рысак і перадаць атмасферу восені. Арыгінальная ідэя — чаргаваць бахчавыя з посудам або сувенірамі ў выглядзе гарбуза.

Калі аранжавае ці жоўтае адценне не зусім адпавядае стылю вашага інтэр’ера, перафарбуйце гарбуз ва ўніверсальны белы колер.

Ваза з кветкамі

Гэта адзін з папулярных вырабаў з гарбуза для інтэр’ера і дзіцячых восеньскіх конкурсаў. Вызваліўшы бахчавую культуру ад мякаці, у яе цэнтр устаўляюць суразмерную ёмістасць для букета. Для яго падыдуць самыя розныя кветкі і травы, а таксама сезонныя ягады, садавіна і гародніна.

Ёмістасць для захоўвання

За кошт круглявай формы гарбуз зручна выкарыстоўваць у якасці кухоннага посуду або ёмістасці для захоўвання. 

З яе выразаюць каларытныя кошыкі для садавіны і гародніны, міскі для прысмакаў, трымальнікі для бутэлек.

Разьбяныя падсвечнікі

Ёсць як мінімум два падыходы, каб змайстраваць з гарбузоў выразныя падсвечнікі: замацаваць свечкі ў цэнтры гарбуза і змясціць іх унутр. У першым выпадку дастаткова зрабіць невялікае паглыбленне ў верхавіне гародніны і ўсталяваць свечку.

У другім варыянце прыйдзецца выняць большую частку мякаці, выраўняць сценкі гарбуза знутры і выразаць прыгожыя ўзоры. Скрозь іх у пакой будзе паступаць мяккае, рамантычнае святло ад невялікай свечкі ўсярэдзіне гарбуза.

Кашпо для пакаёвых раслін

Няхай нядоўга, але гарбузы могуць пабыць у ролі маляўнічага кашпо для хатніх раслін, асабліва для нізкарослых сукулентаў.

Не варта запаўняць гарбуз глебай. Лепш узяць пластыкавае кашпо ці круглы кантэйнер і ўставіць у падрыхтаваную загадзя гародніну. Калі гарбуз прыйдзе ў непрыдатнасць, будзе прасцей разабраць кампазіцыю, не пашкодзіўшы пакаёвыя расліны.

Каб разрэзаны гарбуз даўжэй захаваўся, унутраную яго частку можна апырскаць растворам са сталовай лыжкі адбельвальніку і 3-4 літраў вады. Затым высушыць на сонцы на працягу гадзіны.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.