Нарадзілася я ў вёсцы. Тады, у мае школьныя гады, практычна ніхто з бацькоў ці настаўнікаў не абмяркоўваў і не задаваў дзецям такія пытанні: куды ісці вучыцца пасля школы і якую прафесію набываць? Выпускнікі пачыналі думаць аб тым бліжэй да дзясятага класа і ў большасці сваёй — спантанна.
Мой тата быў настаўнікам, таму сям’я выпісвала «Настаўніцкую газету». У адным з нумароў былі змешчаны аб’явы пра навучальныя ўстановы, якія адкрылі набор студэнтаў.
Разважаць часу асабліва не было. А паколькі мне падабалася спяваць, танцаваць, а яшчэ з васьмі гадоў я пісала вершы, то вырашыла паступаць у Магілёўскае педвучылішча на спецыяльнасць «Дашкольнае выхаванне». Удзячна лёсу, што не памылілася, бо пазней змагла раскрыцца не толькі ў сваёй прафесіі выхавальніцы, а яшчэ і ў творчым плане. Працуючы з дзецьмі, пісала вершы, тэксты песень, прыдумвала загадкі, а з цягам часу пачала публікавацца ў розных часопісах і газетах, напісала чатыры кнігі для дзяцей…
Атрымліваецца, што бацькоўская прафесія і тая «Настаўніцкая газета» вызначылі мой далейшы лёс.
Зразумела, жыццё складваецца па-рознаму. Адны выбіраюць прафесію адразу і на ўсё жыццё, а іншыя змяняюць іх па некалькі разоў, пакуль не знойдуць тую, якая пачне падабацца. А за цікавай справай і час праходзіць непрыкметна, і калегі побач з табой добразычлівыя, і начальства задаволена. А калі ты прыходзіш з працы дамоў у добрым настроі, то і ў сям’і ўсё цудоўна.
Калі ж прафесія не прыносіць радасці, ты ходзіш на работу як на катаргу, без задавальнення і жадання, а толькі таму што неабходна зарабляць грошы на ўтрыманне сябе і сям’і.
Вось каб у будучыні такога не здарылася, бацькам трэба ўважліва назіраць за дзецьмі, з малых гадоў прыкмячаць, што ім больш падабаецца, да чаго яны схільныя — да лірыкі, фізікі, працы на свежым паветры і г. д. — і старацца дапамагаць, развіваць і накіроўваць іх у той бок.
Добра, што сёння існуе шмат гурткоў, факультатываў, конкурсаў, алімпіяд, дзе дзеці могуць раскрыць сябе, атрымаць дадатковыя веды, набыць новыя навыкі, арыентуючыся на выбар будучай прафесіі. І вось тут немалая роля як настаўнікаў, так і бацькоў, бо толькі працуючы сумесна, сям’я і школа могуць дабіцца станоўчых вынікаў.
Хачу прывесці ў якасці прыкладу адну вельмі цікавую, важную, карысную інтэлектуальную гульню «Я ведаю!», якую ўбачыла па тэлевізары. Каб стаць удзельнікам, а яшчэ лепш пераможцам, вучням трэба шмат чаго ведаць, і не толькі са школьнай праграмы, а яшчэ і папаўняць свае веды самастойна. І цудоўна, што вядучы задае старшакласнікам пытанне: якую прафесію яны хацелі б абраць у будучыні? І дзеці (хоць і прыблізна) пачынаюць адказваць…
Добра, калі маладое пакаленне працягвае дынастыю бацькоў. Значыць, ім падабаецца справа, якую тыя робяць. Малодшыя вучацца каля старэйшых, пераймаюць іх навыкі, вопыт, веды, што спатрэбяцца ў будучыні. І тады ў асваенні абранай прафесіі ім многае даецца лягчэй.
Шмат што ў нас робіцца ў плане падтрымкі таленавітай моладзі. І гэта пахвальна, бо маладыя людзі, якім дапамагае дзяржава, стаўшы ў далейшым выдатнымі спецыялістамі, будуць самі дапамагаць тым, хто робіць першыя крокі ў прафесіі.
Вядома, не ўсе дзеці могуць — па розных прычынах — вучыцца ў ВНУ. Але гэта не так важна. Можна скончыць каледж ало прафесійна-тэзнічнае вучылішча і стаць запатрабаваным спецыялістам. Цудоўна, калі ў нас будуць не толькі добрыя ўрачы, настаўнікі, інжынеры, спевакі і мастакі, а яшчэ і выдатныя пекары, шаўцы, будаўнікі, жывёлаводы, хлебаробы, цырульнікі і г. д. Усе прафесіі цудоўныя, калі яны патрэбны грамадству. Абавязкова скажыце пра гэта дзецям!
Таццяна ЧЭКЕД
г. Гомель
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.