Мы паспрабавалі пашукаць адказы на розныя пытанні, якія звязаны са станам літаратурна-мастацкай крытыкі. Безумоўна, гэта не шырокая дыскусія, а хутчэй — абмен меркаваннямі на адну тэму, агучванне пэўных думак нашых калег дзеля таго, каб чытач паразважаў адносна развіцця такога важнага складніка літаратурнага працэсу, як літаратурна-мастацкая крытыка. Удзел у размове прынялі літаратуразнаўца, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аліна Сабуць, празаік, дзіцячы пісьменнік, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, дзіцячы пісьменнік Генадзь Аўласенка, дзіцячая пісьменніца, школьная настаўніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, паэт, празаік, публіцыст Валерый Казакоў, паэт, празаік, перакладчык, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, празаік, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Алеся» Алена Брава. Кола праблем, якія абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, не вельмі шырокае, месцамі пытанні наўмысна скіраваны на выяўленне суб’ектыўных меркаванняў. Але ў гэтым і была задума нашай «лімаўскай» размовы... Мы далі магчымасць выказацца вядомым у літаратурным асяроддзі асобам.
Аліна Сабуць: Так, аглядае, але, здаецца, адносна. Штомесячны літаратурна-крытычны агляд публікацый у перыядычных выданнях (што, безумоўна, важна і неабходна не толькі для зместавага асвятлення, але і папулярызацыі) — гэта яшчэ не паўнацэнная панарамная карціна таго, што адбываецца, чым жывуць сучасная беларуская паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка, урэшце, і сама літаратурная крытыка.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая: На мой погляд, недастаткова. Сярод тых публікацый, што час ад часу з’яўляюцца на старонках перыядычных выданняў, пераважаюць агляды кніжных навінак. Часцей за ўсё ў матэрыялах падаецца інфармацыя пра кнігу, адзначаюцца адметныя рысы творчасці. І зусім мала аналізу і ацэнкі. Рэцэнзіі часцей за ўсё нейтральныя ці станоўчыя, амаль не даецца крытычных заўваг. Аўтары артыкулаў быццам не ставяць мэту перасцерагаць літаратараў ад хібаў і памылак, спрыяць творцам удасканальвацца.
Валерый Казакоў: Як ні дзіўна, я адношу сябе да той часткі чалавецтва, якая чытае, а гэта, па сучасных меркаваннях, падобна на тое, што выглядаю нейкім дзіваком, для якога ўласнае «Я» нашмат важнейшае за навакольную і ўсёпранікальную мітусню паўсядзённага жыцця, паўсядзённай рэальнасці. Я перакананы, што сусвет Кнігі вечны! Пры гэтым формы здольны змяняцца і набываць самыя нечаканыя абрысы.
Мы жывём у незвычайны час, у эпоху пералому свядомасці і, хутчэй, пагібелі старой сістэмы літаратурных каштоўнасцей і старых канонаў, знікнення традыцыйнай, звычайнай літаратуры. Час сёння забівае літаратурны працэс, ды і самога пісьменніка, яго душу, яго Божую іскру. Таму пры адсутнасці глабальных падзей і не нараджаюцца літаратурныя творы, а пры іх недахопе ў сваю чаргу пакрысе гіне літаратурна-мастацкая крытыка.
Генадзь Аўласенка: Літаратурна-мастацкая крытыка існуе, напэўна ж, столькі часу, колькі і сама мастацкая літаратура. А вось наконт таго, ці ў поўнай ступені аглядае яна сучасны літаратурны працэс…
На жаль, сёння многія літаратурна-крытычныя артыкулы, уласна кажучы, крытычнымі не з’яўляюцца і больш нагадваюць звычайныя рэцэнзіі, якія апавядаюць чытачам аб той ці іншай новай кнізе. Напэўна, гэта таксама адна з форм крытыкі, і карысць яе ў тым, што чытачы аб кнізе даведаюцца і, магчыма, усур’ёз ёй зацікавяцца. А вось для самога пісьменніка патрэбна нейкая іншая форма, няхай не заўсёды і не ва ўсім станоўчая, але, ва ўсялякім разе, канструктыўная, а не проста кароткі пераказ твора.
Але ж дзе іх узяць, менавіта такіх літаратурных крытыкаў, бо таленавіты крытык — яшчэ больш рэдкая з’ява, чым таленавіты пісьменнік. Вось і даводзіцца самім пісьменнікам (часцей за ўсё па замове той ці іншай рэдакцыі) пісаць пра творы сваіх калег, і, хутчэй за ўсё, менавіта такія тэксты больш нагадваюць рэцэнзіі.
Віктар Шніп: Аглядае, але не ў поўнай меры, як бы гэтага хацелася. Але такога ніколі і не было, каб усё надрукаванае ахоплівала і належным чынам ацэньвала літаратурна-мастацкая крытыка.
І ніколі будзе. Не ўсе кнігі вартыя, каб пра іх пісалі нават разгромныя рэцэнзіі.
Мне пашчасціла пачаць друкавацца ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі прафесійных крытыкаў і літаратуразнаўцаў было больш, чым паэтаў, празаікаў і драматургаў. Амаль усе пісьменнікі тады не цураліся выказацца пра творы сваіх калег па пяры. І я сам пісаў рэцэнзіі для «ЛіМа» і «Полымя» і меў смеласць крытыкаваць (рабіць заўвагі) новыя кнігі Артура Вольскага і Алега Лойкі, якія былі нашмат старэйшымі за мяне. Пасля публікацый сваіх рэцэнзій баяўся сустрэчы адзін на адзін з пакрытыкаванымі. Але сустрэўся. І пачуў удзячныя словы за рэцэнзіі.
Цяпер рэцэнзіі моладзь амаль не піша. Шкада.
Алена Брава: Рэгулярна выходзяць рэцэнзіі на новыя кнігі, аглядаюцца літаратурныя часопісы. Тым не менш у беларускай літаратурнай прасторы неаднаразова справядліва гучала: намаганняў, што прыкладаюць даследчыкі, літаратары і журналісты, якія шчыруюць на ніве крытыкі, недастаткова. Хацелася б больш як грунтоўных артыкулаў, так і кароткіх водгукаў на кніжныя навінкі. Запыт на гэта ёсць, бо штогод у нас выходзіць шмат кніг, і як без дасведчанай аб’ектыўнай крытыкі сарыентавацца ў іх моры чытачу, як пісьменніку-пачаткоўцу развівацца, а сталаму аўтару захоўваць узровень якасці мастацкага тэксту? Вядома, сярод прычын — складанасць місіі крытыка, які абавязаны добра ведаць не толькі сучасны літаратурны працэс, але і творчасць папярэднікаў, і сусветныя тэндэнцыі ў прыгожым пісьменстве. Не кожны гатовы ўзваліць на сябе такі «крыж», як і не кожны хоча і можа з халодным розумам аргументаваць свае меркаванні, узнімацца над асабістым, суб’ектыўным стаўленнем да аўтара і твора.
Таццяна Дземідовіч: Апошнім часам сустракаю больш станоўчых водгукаў на кнігі. Прычым напісаных цікава, мэта іх — дапамагчы пісьменніку знайсці свайго чытача. Час змяніўся. Сёння спажывец тоне ў інфармацыйнай плыні. Як і ў любой з’явы, прадукту, тавару, так і ў кожнага аўтара ёсць канкурэнты, у кожнай кнігі — свае недахопы. У наш час правільныя рэкламныя хады — гэта асноўная частка поспеху творчых праектаў. І пакуль мы будзем шукаць недахопы ў кнігах сваіх аўтараў, хтосьці на рынак выкіне зусім слабае чытво ва ўпакоўцы салодкай цукеркі.
Акрамя таго, няма асобнага інстытута крытыкі. Рэцэнзіі пішуць адзін на аднаго сябры, калегі па пяры. І ніхто не хоча нажыць сабе ворага ці потым атрымаць падобную рэцэнзію ад «пакрыўджанага». Лічу, што літаратурна-мастацкай крытыкай павінны займацца літаратуразнаўцы, а крытычныя разборы павінны трапляць у манаграфіі, друкавацца ў спецыялізаваных выданнях. Гэта важна для тых, хто грунтоўна займаецца вывучэннем літаратурнага працэсу, для саміх аўтараў і тых, хто пачынае пісаць.
А. С.: Вылучыць асобную публікацыю досыць складана. Актуальным выглядае нядаўні аглядны крытычны артыкул Ларысы Цімошык «Патаемнасць жыцця ў таямнічасці слоў» пра выхад кніг серыі «Сучасная беларуская літаратура» («ЛіМ», № 22, 14.06.2024), а таксама крытычныя артыкулы Алены Кісель «Ці можа састарэць паэзія» («ЛіМ», № 14, 07.04.2023) і «Дзе вырошчваюць крытыкаў?» («ЛіМ», № 36, 08.09.2023).
З класічнай (прафесійнай) літаратурнай крытыкі — публікацыя Зоі Мельнікавай «У каштоўную скарбонку багдановічазнаўства» («ЛіМ», № 39, 29.09.2023) пра кнігу Валерыя Максімовіча «Эстэтыка творчасці Максіма Багдановіча».
К. Х.-Л.: З цікавасцю чытаю пра дзіцячую літаратуру і стараюся не прапускаць рэцэнзіі на новыя кнігі для юных чытачоў. Вылучыць адзін артыкул няпроста, скажу, што з цікавасцю заўсёды чытаю, што пішуць Генадзь Аўласенка, Алесь Марціновіч.
В. К.: Старайся ці не, але, не падняўшы цаліны, «Паднятую цаліну» не атрымаеш, не прайшоўшы праз выпрабаванні вайны, не створыш і «Сотнікава». Менавіта гэта дае мне права засумнявацца ў наяўнасці высокай крытычнай думкі не толькі ў нашай, але і ў расійскай літаратуры. Крытычныя агляды, якія друкуюцца ў тоўстых літаратурных часопісах, у любімых мною «ЛіМе» і «Литературке» — слабае падабенства крытыкі, яны нясуць яўную афарбоўку кампліментарнасці. На жаль, наша літаратура неяк непрыкметна ператвараецца ў бесканфліктны «міжсабойчык». На гэтую тэму можна доўга разважаць... Застаецца чакаць і... нястомна пісаць, шукаючы вобразы і сімвалы, якія прыме чытач.
Г. А.: Больш за іншыя запомніўся мне крытычны артыкул Алеся Марціновіча «Тузін, які ў радасць», надрукаваны ў «ЛіМе» ў гэтым годзе. У сваім матэрыяле Алесь Марціновіч робіць грунтоўны і прафесійны разбор апошняй кнігі Уладзіміра Мазго «Пеўнік-спеўнік», што зусім нядаўна пабачыла свет у «Выдавецкім доме «Звязда».
В. Ш.: Памятаецца амаль усё, што друкуецца ў часопісе «Полымя» ў раздзелах «Навуковыя публікацыі», «Крытыка і літаратуразнаўства», «Кнігарня». Нашы аўтары — Іван Саверчанка, Мікола Мікуліч, Галіна Тычко, Іван Штэйнер, Лада Алейнік, Алесь Карлюкевіч, Ганна Кісліцына, Наталля Якавенка, Аляксандр Бярозка, Таццяна Сідарава, Валерый Максімовіч, Анатоль Трафімчык, Мікола Трус, Ігар Шаладонаў...
Радуе, што моладзь прыносіць свае літаратуразнаўчыя артыкулы ў «Полымя». Так, у восьмым нумары быў надрукаваны матэрыял студэнткі філалагічнага факультэта БДУ Вікторыі Сон «Развіццё сучаснай урбаністычнай паэзіі».
Добра памятаюцца надрукаваныя ў «ЛіМе» агляды часопісаў. Я вельмі ўдзячны Наталлі Бахановіч за яе артыкулы пра матэрыялы, што друкуюцца ў «Полымі». Пішучы, спадарыня Наталля заўсёды знаходзіць у творах тыя залацінкі, дзякуючы якім яны і трапілі ў часопіс. Спадзяюся, што пісьменнікі, якія чытаюць яе агляды, звяртаюць увагу на тыя станоўчыя прыклады і самі стараюцца пісаць на такім узроўні, як працытаванае. Раскрытыкаваць можна ўсё, а вось знайсці стрыжань, на якім трымаецца ўвесь твор, не кожны здатны.
Наталля Бахановіч здатная.
А. Б.: З цікавасцю чытаю артыкулы, рэцэнзіі Аліны Сабуць, Івана Штэйнера, Таццяны Сідаравай, Наталлі Бахановіч і іншых нашых даследчыкаў літаратуры, літаратуразнаўцаў, крытыкаў. З нядаўняга запомнілася рэцэнзія Таццяны Сідаравай на першую кнігу Наталлі Канстанцінавай «Змена пароляў» («„Дзіўныя сусветы“ Наталлі Канстанцінавай» — «Полымя», № 3 за 2024 год,) — пасля такога інтрыгоўнага прадстаўлення кнігі чытачам, мяркую, захочацца прачытаць яе і бліжэй пазнаёміцца з тымі «дзіўнымі сусветамі» пісьменніцы.
Т. Д.: «Той, хто нічога не даў, той нічога й не мае». Партрэт лірычнай гераіні Настассі Нарэйкі. Аўтар артыкула — кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры беларускай і рускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Ніна Борсук.
У артыкуле вельмі глыбока, грунтоўна, змястоўна асэнсоўваюцца вобразная палітра, жанравая разнастайнасць зборніка Н. Нарэйкі «Магдэбургскае права маёй душы». Матэрыял надрукаваны ў калектыўнай манаграфіі «Этносы и судьбы в современном социуме» (пад рэдакцыяй доктара навук М. П. Жыгалавай).
А. С.: Недастаткова «раскручана» дзённікавая проза паэта Віктара Шніпа «Заўтра была адліга — 3»: творы нон-фікшн заслугоўваюць быць ацэненымі як летапіс уласных суб’ектыўных рэфлексій праз прызму сучаснага літпрацэсу. Цікавай падаецца новая аўтарская рубрыка «Чытацкі дзённік Навума Гальпяровіча» ў газеце «Літаратура і мастацтва» як своеасаблівая аўтарская інтэрпрэтацыя вядомых і малавядомых кніг.
К. Х.—Л.: Калі амаль няма крытычных матэрыялаў і рэцэнзій, то шмат што праходзіць незаўважаным чытачамі...
Г. А.: На мой погляд, любая кніга любога пісьменніка (калі толькі ён сапраўдны пісьменнік) заслугоўвае таго, каб літаратурная крытыка хоць нейкім чынам на яе адрэагавала. Але сам разумею, што гэта нерэальна. І літаратурная крытыка абмінае вельмі шмат кніг.
В. Ш.: Канкрэтна сказаць не магу. Адно ведаю, што кожны аўтар новай кнігі, нават калі на яго твор надрукавана рэцэнзія і не адна, лічыць, што пра яго пішуць мала, што яго не хочуць заўважаць. І яшчэ, на жаль, многія літаратары акрамя сваіх твораў нічога не чытаюць і лічаць, што гэта нармальна. Часопісы і «ЛіМ» не выпісваюць, кнігі не набываюць — жывуць і твораць па-за сучасным літаратурным працэсам.
А так нельга. І таму маем тое, што маем. Праўда, нікога не прымусіш быць у курсе ўсяго літаратурнага, што адбываецца ў нашай краіне.
А. Б.: Не магу сказаць, што літаратурная крытыка абмінула значную з’яву ў сённяшнім прыгожым пісьменстве — серыю зборнікаў «Сучасная беларуская літаратура», якія з мінулага года выходзяць у «Аверсэв» і з’яўляюцца сумесным праектам выдавецтва і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Рэцэнзіі на кнігі серыі з’яўляюцца па выхадзе чарговага зборніка, на некаторыя — нават і не адна. Сёлета выйшла грунтоўная рэцэнзія Ларысы Цімошык, у якой аўтар разгледзела здабыткі серыі за год, паразважала пра яе значнасць для сучаснікаў, асабліва для выхавання ў моладзі любові да роднага слова. Але хацелася б яшчэ большай увагі з боку даследчыкаў, літаратуразнаўцаў, бо сам гэты праект з’яўляецца адметнай з’явай, зрэзам сённяшняга стану беларускай прозы.
Т. Д.: Замкнутае кола: кнігі, што выходзяць у членаў СПБ, якія жывуць у Брэсце, Брэсцкай вобласці, заўсёды стараемся прарэкламаваць, калі яны вартыя таго. Калегі па творчым цэху з задавальненнем пішуць на іх рэцэнзіі. Пра тое, што выдаецца ў Мінску, па ўсёй рэспубліцы, мы звычайна і даведваемся з рэцэнзій.
— Ці чытаеце вы літаратурна-крытычныя і літаратуразнаўчыя выданні? Каго б адзначылі з беларускіх і расійскіх крытыкаў?
А. С.: Так, у большасці прафесійную літаратурную крытыку. Хоць, калі быць шчырай, мне імпануе і так званая кніжная літаратурная крытыка — для масавага непрафесійнага чытача, універсальная па сваёй прыродзе, якая рэкамендуе чытачу адборную літаратуру.
Літаратуразнаўцаў (якія правільна інтэрпрэтуюць паэтыку тэксту) дастаткова, крытыкаў (прафесійных літаратурных) у нас, прызнаем, недастаткова. Хто сёння ўскладзе на сябе місію піяр-менеджара дастойных, але (па розных прычынах) малавядомых аўтараў?.. Зрэшты, менавіта прафесійны літаратурны крытык стварае партрэт сучаснай літаратуры, ды і гадуе, выхоўвае дасведчанага чытача.
Эталоны крытычнага пісьма досыць высокія. Сваёй крытычнай дыскусійнасцю, абсалютным густам, адчуваннем «плоці слова» (Б. Тамашэўскі), уменнем ацаніць аўтарскую навізну і арыгінальнасць, канцэптуальнасцю мыслення (хай сабе нехта і са «сцёбам») імпануюць з беларускіх крытыкаў Міхась Мушынскі і Алесь Марціновіч, з сучасных расійскіх — Галіна Юзафовіч і Леў Аборын (асабліва «Книга отзывов и предисловий» з серыі «Крытыка і эсэістыка»).
К. Х.-Л.: Згадвала Генадзя Аўласенку, Алеся Марціновіча. Усё ж матэрыялы літаратурнай крытыкі знаходжу ў перыёдыцы, а не ў асобных кнігах. Выданняў такіх, дарэчы, таксама зусім мала. Шмат водгукаў, рэцэнзій, падрабязных разбораў літаратурных твораў сустракаецца ў інтэрнэце. Можна знайсці цікавыя грунтоўныя допісы. А можна начытацца такіх меркаванняў, што часам падаецца, быццам упікнуць, пакрыўдзіць аўтара і было мэтай таго тэксту. І такіх «крытыкаў» у сеціве вельмі шмат...
Г. А.: На жаль, літаратурна-крытычныя і літаратуразнаўчыя выданні апошнім часам чытаю рэдка, больш перачытваю тое, з чым пазнаёміўся раней. А з крытыкаў (і беларускіх, і расійскіх) больш за іншых мне падабаецца Карней Чукоўскі, хоць многія ведаюць яго, у першую чаргу, як выдатнага дзіцячага пісьменніка. А ў яго ж маюцца цудоўныя літаратурна-крытычныя артыкулы аб творчасці Мікалая Някрасава, Фёдара Дастаеўскага, Льва Талстога і іншых вядомых пісьменнікаў другой паловы ХІХ ст.
А як тонка і дасціпна раскрытыкаваў Чукоўскі кнігі Лідзіі Чарскай. Цяпер гэтае імя мала што скажа сучасным чытачам, а калісьці, на пачатку ХХ ст., папулярнасць Лідзіі Чарскай была неверагоднай, яе творамі літаральна зачытвалася тагачасная моладзь. На мой погляд, менавіта літаратурна-крытычныя артыкулы Карнея Чукоўскага з’яўляюцца эталонам гэтага жанру: грунтоўныя, навукова пераканаўчыя і, да ўсяго, захапляльна цікавыя для чытачоў.
Хацелася б яшчэ адзначыць Сяргея Палуяна, які па праве лічыцца першым беларускім літаратуразнаўцам. Артыкулы «Беларуская літаратура ў 1909 г.» і «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» былі напісаны Сяргеем Палуянам у 1910 годзе, калі аўтару было ўсяго 20 гадоў. Удумайцеся: усяго 20 гадоў — і такія глыбокія і патрэбныя маладой беларускай літаратуры артыкулы!
На жаль, менавіта ў гэтым жа годзе і абарвалася жыццё таленавітага публіцыста і літаратуразнаўца.
В. Ш.: Чытаю, а дакладней перачытваю літаратурна-крытычныя і літаратуразнаўчыя выданні, якія выйшлі ў мінулым стагоддзі. Тыя кнігі — як падручнікі па літаратуры. З прыхільнасцю стаўлюся да ўсіх крытыкаў, якіх мы друкуем у «Полымі».
А. Б.: Чытаю артыкулы крытыкаў, даследчыкаў у беларускай літаратурнай перыёдыцы, часам і ў расійскай. З прачытанага апошнім часам адзначу кнігу кандыдата філалагічных навук Аліны Сабуць «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры XX–XXI стагоддзяў». Гэта насамрэч універсальнае фундаментальнае даследаванне, у якім рознабакова, ахопліваючы даволі вялікі прамежак часу, разглядаецца нацыянальны літаратурны працэс.
Т. Д.: Канешне, чытаю ўсе літаратурныя рэцэнзіі ў часопісах «Полымя», «Маладосць» і штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Заўсёды на стале кніга В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко «Літаратурная Берасцейшчына», пастаянна перачытваю крытычныя артыкулы У. Калесніка ў старых выданнях.
А. С.: Задаволена ўвагай найперш вядомых мне чытачоў — сваіх выхаванцаў студэнтаў-філолагаў, студэнтаў-журналістаў, а таксама пісьменнікаў-калег: паэтаў, празаікаў, публіцыстаў.
На жаль, сёння надзвычай рэдкая з’ява, калі наша прафесійная літаратурная крытыка адгукаецца на крытыку. Дарэмна, канешне ж, бо яшчэ В. Бялінскі справядліва называў крытыку «рухомай эстэтыкай», пры гэтым адзначаў не меншую важкасць сказанага крытыкай пра твор, чым сам твор... Бо ці не літаратурная крытыка як сувязная паміж літаратуразнаўствам і мастацкай літаратурай праз ацэнку твораў (як і літаратурнага працэсу) фарміруе грамадскую думку, узважвае эстэтычныя ідэалы?..
К. Х.—Л.: Быў даволі працяглы перыяд, калі кожную маю новую кнігу ці публікацыю ў перыядычных выданнях падрабязна разбіралі. Заўвагі атрымлівала, вядома. Радавалася, калі адзначалі і станоўчыя моманты. Канструктыўная крытыка, якая дапамагае пісьменніку ўдасканальвацца, заўсёды карысная.
Я прыслухоўваюся да заўваг, гэта спрыяе ў творчасці, бо сам аўтар не заўсёды можа вызначыць у тэксце хібы ці на выяўленне недахопаў спатрэбіцца час, за які могуць быць напісаны новыя творы з тымі ж агрэхамі. Ну і пра плюсы твора, адзначаныя крытыкай, даведацца прыемна і важна.
Дарэчы, зусім нядаўна вырашыла перагледзець і прывесці да ладу некалькі твораў, напісаных гадоў пятнаццаць таму. Як толькі села за тэкст, адразу ў памяці ўсплылі ўсе заўвагі крытыка. Быццам учора, а не паўтара дзясятка гадоў таму, прачытала тую рэцэнзію! А вось тое, за што хвалілі ў артыкуле, памятаецца заўважна горш. Рэдагуючы, выпраўляла пазначаныя крытыкам моманты і разумела, што засвоіла ўрок і даўно пазбавілася тых агрэхаў, іх няма ў наступных тэкстах. Слушныя і добразычлівыя заўвагі ад прафесіянала заслугоўваюць шчырай удзячнасці.
Г. А.: Напэўна ж, ніводны з пісьменнікаў ніколі не бывае поўнасцю задаволены крытычнымі артыкуламі аб сваёй творчасці. Але куды часцей яны бываюць незадаволенымі, калі іх творы крытыкі проста не заўважаюць.
І я не выключэнне. Час ад часу крытычныя артыкулы альбо рэцэнзіі на мае творы з’яўляюцца на старонках беларускай перыёдыкі, але, вядома ж, хацелася б, каб такія артыкулы з’яўляліся часцей і былі больш грунтоўнымі.
В. Ш.: Скардзіцца не магу. Я ўдзячны ўсім, хто пісаў пра мае творы, і буду ўдзячны тым, хто яшчэ напіша.
А. Б.: Не магу паскардзіцца на адсутнасць гэтай увагі. Заўсёды ўдзячная крытыкам з аб’ектыўнай, непрадузятай пазіцыяй. На маю думку, такая крытыка ўзбагачае аўтара, а калі рэцэнзент, даследчык літаратуры яшчэ і дасведчаны ў галіне псіхалогіі, сацыяльных працэсаў, ён можа адкрыць пісьменніку вочы на нейкія патаемныя грані аўтарскага «я», бо той часта творыць інтуітыўна, кіруючыся падсвядомасцю. У цэлым лічу, што маім кнігам пашанцавала на прачытанне іх крытыкамі ўважлівымі і дасведчанымі.
Т. Д.: Так, задаволена. Вельмі ўдзячна Іне Фраловай за рэцэнзію на кнігу «МармеЛаднае лета» і Расціславу Бензеруку за рэцэнзію на гумарыстычны зборнік «Абое рабое». Гэтыя рэцэнзіі былі надрукаваны ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і абласной газеце «Заря» ў мінулым годзе. Дзякуючы прафесіяналізму маіх крытыкаў у чытачоў была вялікая цікавасць да згаданых кніг.
P. S. ...Несумненна, у чытачоў круглага стала, прысвечанага пошуку адказаў на пытанні пра стан сучаснай літаратурнай крытыкі, з’явяцца свае меркаванні. Магчыма, зусім адрозныя ад таго, што сказалі ўдзельнікі сённяшняй размовы на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». Таму з нецярпеннем чакаем водгукаў!
Падрыхтаваў Ігнат ПАЎЛАЎ
Прэв’ю: pixabay.com
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.