Персанальная выстава бялыніцкай мастачкі Ларысы Журавовіч «На роднай зямлі» пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў разгарнулася ў галоўным адміністрацыйным будынку нашай краіны — у Палацы Незалежнасці. Экспазіцыя прымеркавана да штогадовага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», у ёй прадстаўлена 27 работ, напісаных пастэллю на кардоне і ў змяшанай тэхніцы.
Карціны прадстаўлены ў Зале ўрачыстых цырымоній. У многіх менавіта гэта памяшканне выклікае велізарнае ўражанне сваім маштабам: вышынёй столі (18 метраў), манументальным афармленнем, багаццем святла і бляскам пышных люстраў. Па словах Ларысы Віктараўны, для мастакоў велізарны гонар прадэманстраваць свае работы на такой значнай для нашай краіны пляцоўцы:
«Гэта вялікая адказнасць, таму што гэта ўсё ж такі адна з самых прадстаўнічых пляцовак. Мне вельмі хацелася б данесці сутнасць маіх работ да розных людзей. Гэта добрая магчымасць расказаць пра свет, які я люблю, — пра свет беларускай вёскі. Я вельмі спадзяюся, што сярод наведвальнікаў гэтыя работы знойдуць водгук. Калі б мае бацькі былі жывыя, яны б вельмі ганарыліся тым, што выстава адбылася тут, у Палацы Незалежнасці. Бо для кожнага мастака гэта рэдкая і цікавая магчымасць на такім узроўні паказаць сваю творчасць».
«Мяне натхняе малая радзіма, для мяне галоўнае — родны дом, мая сям’я, родная зямля. Я вельмі прывязаная да малой радзімы. Люблю вёску па-сапраўднаму, у тым ліку таму, што мае бацькі самі вясковыя. Для мяне гэта вельмі прыгожы і гарманічны свет, я ўсіх заклікаю пераехаць назад — у вёску. Я не ведаю лепшага ладу жыцця, чым працаваць на сваёй зямлі і жыць сярод прыроды».
Аўтар экспазіцыі «На роднай зямлі» вельмі занепакоеная тэндэнцыяй прасоўвання штучнага інтэлекту. На думку Ларысы Віктараўны, тэхнічны прарыў засланяе ўсе свае станоўчыя бакі галоўным негатыўным фактарам — заменай рэальнасці.
«Цывілізацыя і тэхнічны прагрэс патроху забіваюць і мяняюць рэальнасць, і мы губляем вельмі важнае — агульнасць з зямлёй, прыродай, адзін з адным. Мы становімся больш прагматычнымі. Мы сталі лічыць, што тэхнічны прагрэс — нешта карыснае, але гэта вельмі вялікая памылка. Калі я малюю, я пра гэта часта задумваюся. Мяне палохае ўваходжанне людзей у віртуальны свет. Я лічу, гэта ізаляванне чалавека самога ў сабе».
Яўгеній КСЯНДЗОЎ
Фота аўтара
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.