У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы — ААТ «Парахонскае» Пінскага раёна. Сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое было створана фактычна на балоце (большасць сельгасугоддзяў знаходзіцца на меліяраваных землях), сёння першае ў краіне па вытворчасці ялавічыны і трэцяе па вырабе малака. Аграпрамысловы вопыт гаспадаркі, як не раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, варты пераймання. Як гэта бывае заўсёды, падчас знаёмства з работай сельскагаспадарчага прадпрыемства і перспектывамі яго развіцця Прэзідэнт агучыў стратэгічныя напрамкі, важныя для ўсёй краіны. У гэтым выпадку размова ішла аб праграме адраджэння ўсяго Палесся.
Менавіта з пастаноўкі задач па гэтым пытанні і пачалася рабочая паездка кіраўніка дзяржавы ў Пінскі раён. «Калісьці мы падступаліся да Палесся, — нагадаў ён. — І была прынята праграма па адраджэнні Палесся. Як у нас, у чыноўнікаў, бывае: паварушыліся туды-сюды і на гэтым і скончылі. Нешта зрабілі, нешта не. Трэба вярнуцца да гэтага пытання».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым пытанні важна не распыляць сродкі. Ëн расказаў, што ўраду дадзена даручэнне сканцэнтравацца на буйных праектах і накіроўваць туды сродкі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за пяць гадоў краіну трэба прывесці ў поўны парадак, каб пакінуць яе ў належным выглядзе наступнаму пакаленню, дзецям. «А для гэтага трэба там, дзе трэба, парадак навесці», — канстатаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў і пра іншыя такія рэгіянальныя праграмы. Напрыклад, праграму па паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, адраджэнні чарнобыльскіх раёнаў, якія на працягу дзесяцігоддзяў вярталі да жыцця. «Сёння бачым, што зрабілі правільна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Даручана за зіму падумаць аб тым, што рабіць у Віцебскай вобласці, выпрацаваць адпаведныя падыходы. Кажучы аб Магілёўшчыне, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што там для эфектыўнага развіцця ўсё ёсць, акрамя дысцыпліны. «Магілёўскай вобласці патрэбна добрая пуга, — лічыць ён. — Там выдатныя землі, ёсць усё. Проста разбоўталіся».
Вяртаючыся да адраджэння Палесся, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што размова ідзе аб тэрыторыях ад Пінска ў бок Мазыра. «Мазыр мы не будзем чапаць: гэта багаты раён, яны там справяцца, —заўважыў кіраўнік дзяржавы. — А вось пачынаць трэба ад Пінска, праз Давыд-Гарадок, Петрыкаў, у бок Мазыра — трэба падумаць. Што тут думаць? Трэба рабіць так, як у яго (дырэктара ААТ „Парахонскае“ Уладзіміра Храленкі. — „Зв.“)».
Менавіта ААТ «Парахонскае» Аляксандр Лукашэнка лічыць узорным сельгаспрадпрыемствам, дзе дасягнуты высокі ўзровень гаспадарання і развіцця сацыяльнай сферы. «Чыста, прыгожа», — даў ацэнку кіраўнік дзяржавы.
Курыраваць пытанне адраджэння Палесся Аляксандр Лукашэнка даручыў упаўнаважанаму прадстаўніку кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Міхаілу Русаму. Дапамагчы ў арганізацыйным і рэкамендацыйным плане даручана кіраўніку ААТ «Парахонскае». Асобныя задачы будуць пастаўлены ўраду і кіраўніцтву вобласці.
«Зробіце за пяць гадоў — вы героі, — сказаў Прэзідэнт. — Трэба зрабіць, як у „Парахонскім“. Кідаць не трэба гэтую праграму. Калі мы Палессе прывядзём у парадак, мы толькі за кошт Палесся накормім усю краіну. Палессе кінуць нельга».
Падчас наведвання гаспадаркі кіраўніку дзяржавы далажылі аб завяршэнні ўборкі збожжавых і ходзе сельскагаспадарчых работ не толькі на Піншчыне, а ў Брэсцкай вобласці, у краіне ў цэлым. Прэзідэнта цікавіла ўсё: які ўраджай збожжа ў выніку чакаецца, якая ўраджайнасць цукровых буракоў, калі з палёў краіны збярэцца бульба, якія экспартныя цэны на нашу гародніну, наколькі забяспечаны гароднінай унутраныя рынкі? Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся праблемамі, якія існуюць у кожным канкрэтным рэгіёне Беларусі.
Прэзідэнту паведамілі, што валавы збор збожжа чакаецца больш як 10 мільёнаў тон, агульны намалот кукурузы на зерне — у аб’ёме 2 мільёнаў тон. Усе планы па дзяржзаказе выкананы. Завяршаецца ўборка цукровых буракоў. Ураджайнасць — прыкладна на ўзроўні мінулага года: спякота і недахоп вільгаці ўнеслі свае карэктывы. Тым не менш, патрэбы вытворцаў цукру гарантавана забяспечаны. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, зараз цукар добра ідзе на экспарт, складваецца нядрэнная кан’юнктура цэн.
Што датычыцца другога хлеба — бульбы, уборку плануецца завяршыць у сярэдзіне кастрычніка. Ужо цяпер для ўнутранага спажыўца бульбы нарыхтавана дастаткова, ідуць пастаўкі на экспарт. На 100 % выкананы дзяржзаказ па масланасенню рапсу, піваварнаму ячменю. У цэлым, як далажылі кіраўніку дзяржавы, уборачная ідзе ў рамках намечаных планаў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што важна не толькі сабраць ураджай, а яшчэ яго правільна нарыхтаваць і захаваць. «Па якасці будзем разбірацца ў тым ліку, — папярэдзіў ён. — Нам „гнілаж“ не патрэбны, нам патрэбны нармальныя кармы».
У цэнтры ўвагі Прэзідэнта — і сяўба азімых, што, па яго словах, з’яўляецца залогам будучага ўраджаю. Аб адказнасці ў гэтым плане, найперш звязанай з несвоечасовымі работамі, кіраўнік дзяржавы жорстка папярэдзіў. Завяршыць сяўбу ўсюды плануюць да 15 кастрычніка, што не зусім адпавядае ўстаноўленым планам. Аднак сітуацыя па рэгіёнах адрозніваецца. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці гэтыя работы ўжо поўнасцю завершаны.
«А што, у Віцебску можна сеяць пазней, чым у Брэсце? — пацікавіўся беларускі лідар. — Па ідэі ў вас у канцы верасня ў Віцебску ўсё павінна быць скончана. Добра, будзем разбірацца, і прытым прынцыпова. Мне трэба, як павінна быць! Колькі мы будзем „размандыкваць“ па гэтых пытаннях? „Мы не пасеялі...“ А што перашкаджала пасеяць да 1 кастрычніка?».
Прэзідэнту далажылі аб вытворчай дзейнасці і перспектывах развіцця ААТ «Парахонскае». Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся рознымі аспектамі і вопытам работы сельгаспрадпрыемства.
Гаспадарка размешчана на былых балотах поймы рэк Прыпяць, Ясельда і Бобрык. Першыя меліяраваныя землі былі перададзены саўгасу «Парахонскае» ў красавіку 1974 года. Меліяратыўныя работы працягваліся тут дзесяць гадоў. Вынікам меліярацыі стала стварэнне саўгаса «Парахонскае» з агульным аб’ёмам меліяраваных зямель 14 тысяч гектараў.
Да 1991 года гаспадарка дынамічна развівалася. На яе балансе знаходзілася звыш 14 тысяч галоў жывёлы, у тым ліку 2,5 тысячы кароў. У гэты час былі пабудаваны чатыры жывёлагадоўчыя комплексы, з’явілася сацыяльная сфера і была палепшана інфраструктура населенага пункта. Затым — рэзкае падзенне колькасці пагалоўя, а, адпаведна, і вытворчасці. Аднак заняпад быў не доўгім: плячо дапамогі сельскай гаспадарцы падставіла дзяржава. Упершыню за многія гады пачалася закупляцца новая тэхніка, пачаліся рамонтныя работы і рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, палепшылася сацыяльная сфера. Прыйшло разуменне таго, што жыць і зарабляць на меліяраваных землях можна і трэба. І людзі, як гэта звычайна бывае, пачалі не з’язджаць у гарады, а, наадварот, пасля заканчэння сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў вяртацца ў родны аграгарадок, на працу ў ААТ «Парахонскае».
Цяпер гэта адно з найбольш паспяховых прадпрыемстваў краіны, якое спецыялізуецца на раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Створана магутнае прадпрыемства з устойлівай эканамічнай базы, вытворчасцю, якая пастаянна абнаўляецца. За мінулы год тут было выраблена 53 190 тон малака, прададзена 7050 тон ялавічыны. Атрымана прыбылі звыш 14 мільёнаў рублёў пры рэнтабельнасці 17,5 %. Штогод гаспадарка інвесціруе мільёны рублёў на рэканструкцыю і будаўніцтва новых аб’ектаў.
Прэзідэнт пацікавіўся працэсам вырошчвання соі на тэрыторыі сельгаспадаркі, які, як заўважыў яе кіраўнік, ідзе вельмі паспяхова, нават нягледзячы на тое, што расце гэта культура на меліяраваных землях. «Калі яшчэ возьмемся за сою на Палессі — цуд будзе», — заўважыў беларускі лідар.
Асаблівага пераймання заслугоўвае вопыт нарыхтоўкі і захоўвання траў, напрацаваны ў ААТ «Парахонскае». Аб гэтым кірунку дзейнасці падрабязна праінфармавалі Прэзідэнта. Яшчэ адзін запатрабаваны кірунак — насенняводства шматгадовай травы, што мае вялікае значэнне для забеспячэння кармамі жывёлагадоўчага сектара. Аляксандр Лукашэнка пабываў ў насеннесховішчы і, запусціўшы руку ў адзін з мяшкоў з насеннем, сказаў: «Вось золата. Не так проста гэта насенне атрымаць. Гэта — золата».
Акрамя таго, Прэзідэнту прадэманстравалі меліярацыйную тэхніку, якая знаходзіцца на балансе сельгаспрадпрыемства, азнаёмілі з вытворчасцю вітамінна-травяных гранул. Завод па вытворчасці травяных гранул кожны год замяняе сваёй прадукцыяй звыш 4 тысяч тон закупаемага збожжа. Такім чынам, прадпрыемства поўнасцю забяспечана ўласнай кармавой базай. У 2021 і 2023 гадах гаспадарка закупіла дзве лініі па вытворчасці такіх гранул. Сабекошт 1 тоны гэтай прадукцыі выходзіць на 30 % танней за збожжа. Як паведаміў кіраўнік ААТ «Парахонскае», за ўвесь перыяд вытворчасці травяных гранул рэалізаваны праект акупіўся на 80 %. Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую адзнаку гэтаму падыходу, які можа быць запатрабаваны і ў іншых рэгіёнах. Напрыклад, у Віцебскай вобласці, дзе ўраджаі збожжа невысокія.
Прэзідэнту расказалі аб працы малочна-таварных комплексаў, якія знаходзяцца на балансе гаспадаркі. «Карове трэба паставіць помнік, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Дзякуючы карове партызаны выжывалі і дзеткі. Пасля вайны дзякуючы карове мы выжылі. І цяпер яна нас корміць. Карова — гэта святое. Для мяне гэта святое».
Падчас наведвання гаспадаркі Прэзідэнт узняў пытанне забеспячэння жыллём на сяле. «Мы ўзмоцнім яшчэ падтрымку сялу, — падкрэсліў ён. — Па жыллі мы ўзмоцнім. Трэба будаваць жыллё там, дзе трэба для вытворчасці, дзе ёсць работа чалавеку».
Па меркаванні беларускага лідара, для работнікаў неабходна будаваць арэнднае жыллё. Гэта, па яго словах, нароўні з годным заробкам заклікана стварыць умовы для прыцягнення спецыялістаў. «І распараджацца гэтым жыллём павінен кіраўнік гаспадаркі, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Ты запрашаеш на работу, дагавор заключаеш. Пайшоў — вызваляй жыллё. Мы павінны будаваць арэнднае жыллё».
Але такі падыход, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, не адмяняе і магчымасці будаўніцтва ўласнага жылля, калі людзі гэтага жадаюць. «Чалавек калі будзе будаваць — зямлю будзем даваць, участкі, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта трэба заахвочваць, калі чалавек будуе сваё. Але калі не хапае людзей і табе трэба людзі, то ты прыцягнуць можаш і за кошт жылля, і зарплаты. Гэта перш за ўсё».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падобныя патрабаванні павінны адносіцца не толькі да работнікаў АПК, але і іншых галін. Ëн падкрэсліў, што не трэба сцягваць усе працоўныя рэсурсы ў гарады ва ўрон сельскім тэрыторыям. «Нам трэба ўлічыць жалезабетонна, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — А так мы ў Мінск збіраем людзей, а потым думаем, а як жа іх заняць, а як школы пабудаваць, а як дзіцячыя сады... і пайшло-паехала».
У аграгарадку Парахонск кіраўнік дзяржавы і тыя, хто яго суправаджаў, усклалі кветкі да памятнага знака «Смутак і Мужнасць».
Затым у маршруце Аляксандра Лукашэнкі была Парахонская сярэдняя школа. Дырэктар навучальнай установы Мікалай Калесніковіч расказаў аб арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для арганізацый аграпрамысловага комплексу.
Парахонская сярэдняя школа адчыніла свае дзверы ў 1977 годзе. Дзякуючы праграме адраджэння і развіцця вёскі ў 2010 годзе яна набыла сучасны выгляд. Ва ўстанове навучаюцца 356 дзяцей. Навучальная ўстанова ў поўным аб’ёме ўкамплектавана педагагічнымі кадрамі.
Звяртаючыся да дырэктара школы, Прэзідэнт расказаў, што на працягу некалькіх гадоў «хварэе» адной праблемай, якая датычыцца школы. «Вышэйшая і першая кваліфікацыйная катэгорыя, ёсць другая, — сказаў ён. — Гэтая катэгарыйнасць, якая ў нас у школах уведзена, адлюстроўвае рэальную карціну? Гэта значыць нам не трэба нічога перарабляць?»
Па словах дырэктара школы, перарабляць нічога не варта. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што пакуль не ведае, ці патрэбны тут нейкія пераўтварэнні, таму цікавіцца меркаваннем спецыялістаў. «Нам трэба сур’ёзна падумаць над гэтым пытаннем», — патлумачыў ён.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу і матэрыяльна-тэхнічнай базай школы, пагутарыў з педагогамі і навучэнцамі. Яму расказалі, што ў школе створана група аграрнай накіраванасці — мяркуецца, што ў перспектыве гэтыя дзеці прыйдуць працаваць у сваю гаспадарку.
«Вы — унікальныя будучыя бацькі, і ў вас будуць добрыя жонкі, — звяртаючыся да вучняў, якія працавалі за сталярнымі станкамі, сказаў Прэзідэнт. — Моладзь не ўмее гэтага ўсяго ў горадзе. Малайцы!»
У падарунак ад Прэзідэнта навучальнай установе быў перададзены спартыўны інвентар і абсталяванне для гімнастыкі, лёгкай атлетыкі, зімовых відаў спорту, спартыўных і рухомых гульняў. Таксама кіраўніцтва школы атрымала сертыфікат на набыццё варкаўт-пляцоўкі.
Пасля знаёмства з навучальным працэсам у Парахонскай сярэдняй школе кіраўнік дзяржавы пагутарыў з жыхарамі аграгарадка.
Прэзідэнт нагадаў, што 20 гадоў не быў у Парахонску. Ëн заўважыў, што за гэты час у населеным пункце зроблена многае, за што ў адрас жыхароў прагучалі асобныя словы ўдзячнасці.
«Шчыра кажучы, я прыехаў для таго, каб душой адпачыць і прыняць сур’ёзнае рашэнне па развіцці нашага Палесся, — адзначыў беларускі лідар. — Мы дамовіліся, што Міхаіл Іванавіч Русы возьме на сябе кантроль за выкананне праграмы „Адраджэнне Палесся“, а ваш кіраўнік будзе ў яго галоўным дарадцам-кансультантам — як уладкаваць Палессе. Больш не трэба, чым у „Парахонскім“. Няхай усюды будзе так на Палессі».
Прэзідэнт яшчэ раз падчас наведвання Пінскага раёна засяродзіў увагу на тым, што калі Палессе будзе развіта, як гэта гаспадарка, то яно адно зможа пракарміць усю краіну.. Усё астатняе, па яго словах, можам прадаваць. Аднак не ўсё Палессе можа пахваліцца высокімі вынікамі, як «Парахонскае», таму, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, яго трэба прыводзіць у парадак. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці праграма па адраджэнні гэтага рэгіёна была прынятая, аднак, на думку Прэзідэнта, гэтага недастаткова.
«Трэба проста вярнуцца да таго, што зроблена, трэба прыняць рашэнне, сканцэнтраваць грашовыя сродкі і паглядзець, то вы ўкладзяце, а што мы з цэнтра дапаможам, — канкрэтызаваў ён. — Але Палессе трэба адраджаць, трэба прыводзіць яго ў парадак. Не трэба распыляць сродкі грашовыя. У нас вельмі вялікае распыленне: мы ўсім хочам дапамагчы, а калі распыляеш сродкі — у выніку тры-пяць гадоў, глядзіш, калі нешта зрабілі, то для дзяржавы гэта нішто. Таму трэба канцэнтраваць грашовыя сродкі, рэсурсы і іншае на асноўных кірунках».
У гэтай сувязі Прэзідэнт прывёў у прыклад паўднёвы ўсход краіны, дзе дзейнічае праграма падтрымкі. Па словах, кіраўніка дзяржавы, яна будзе ўзмоцнена. Такім чынам, як засяродзіў ён увагу, трэба вярнуцца да адраджэння Палесся і падумаць, што рабіць у Віцебскай вобласці.
«Вы — малайцы, увогуле нядрэнна спрацавалі, — даў ацэнку кіраўнік дзяржавы ў цэлым Брэсцкай вобласці, кажучы аб сельскагаспадарчых поспехах. — Ваш губернатар стаў віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе, у вас новы губернатар, ён жа генеральны дырэктар нашага БелАЗА, самыя магутныя аўтамабіль ен рабіў, быў віцэ-прэм’ерам. Я яму ўдзячны, што ён (Пётр Пархомчык. — „Зв“.) рашыўся ўзначаліць Брэсцкую вобласць. Гэта вельмі цяжкая работа губернатара».
Прэзідэнт нагадаў, што ў суботу адбудуцца абласныя Дажынкі і агучыў сваё жаданне праехаць па ўсіх абласцях, каб, як калісьці, падзякаваць сялянам. «Вы — малайцы, — звярнуўся ён да палешукоў, маючы на ўвазе ўсіх людзей, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе краіны. — Я не памыліўся, калі казаў, што без селяніна, без вёскі няма краіны. І вы кожны год (нават у крутыя 2020-я гады) паказалі, што вы сапраўдныя, моцныя людзі. Вы не падвялі».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жыхары Парахонска жывуць у райскім кутку. «Вам можа пазайздросціць любы гараджанін, —лічыць ён. — Не трэба нікуды імкнуцца, не трэба сваіх дзяцей адпраўляць у нейкія гарады, ніхто нікога там не чакае. Там, дзе нарадзіўся, — там і спатрэбіўся».
Прэзідэнт бачыць, што ў жыхароў Палесся настрой у цэлым нядрэнны і яны жывуць у добрых умовах. «І калі ваш кіраўнік, які некалі прыехаў з Расіі, пасяліўся тут і стварыў тут такую жамчужыну, як „Парахонскае“, дапаможа нам ажывіць Палессе, я яму буду ўдзячны, гэта значыць герой, — канстатаваў беларскі лідар. — Вы гэта заслужылі, гэта ваш вялікі ўклад, што ў вас кіраўнік такі». Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што кіраўнікоў не ўсе любяць, звычайна іх цэняць тады, калі яны сыходзяць.
«Вы, напэўна, задаволены і рады, бо гэта найвышэйшы ўзровень, не скажу еўрапейскі — сусветны, — даў ацэнку сельгаспрадпрыемству Аляксандр Лукашэнка. — Такога ўвогуле няма ні ў свеце, ні ў Еўропе. У іх іншыя зусім сельгаспрадпрыемствы. А вы — малайцы. 20 тысяч гектараў — гэта трэцяя частка буйнога раёна Беларусі. Таму малайцы, дзякуй вам».
Карыстаючыся магчымасцю, мясцовыя жыхары задалі кіраўніку дзяржавы пытанні. Меліяратар ААТ «Парахонскае» пацікавіўся, ці будзе дзяржава аказваць падтрымку па будаўніцтве дадатковых гідразбудаванняў.
«Сапраўды, я часам дапамагаю ў дэталях, але ўвогуле патрэбна буйная праграма: Прэзідэнт павінен рэалізоўваць і вызначаць буйныя праграмы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі раней была праблема з пераўвільгатненнем, то цяпер засуха б’е па Беларусі. І мы ўжо закраналі гэту праблему. Нядаўна на нейкай нарадзе я ўжо даручыў людзям падумаць над тым, што мы будзем рабіць. Гэта ж не справа, што Палессе засушыла. У нас Прыпяць — вялізная колькасць вады, а вакол — сушняк. Гэта не справа».
У сувязі з гэтым Прэзідэнт расказаў аб эксперыменце на сваіх палетках, калі ў засуху выкарыстоўваецца палівальная ўстаноўка. «Цудоўная трава расце, — кажа ён. — Гэта значыць патрэбна вільгаць. Таму мы падумаем, як аказаць падтрымку вам і асабліва Гомельскай вобласці. Здавалася б, вады мора, такія рэкі (Днепр і Сож там), а вільгаці не хапае. Нам трэба падумаць, як быць».
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прывёў вопыт Таджыкістана, калі вада падаецца ў горы з рэк. Магчыма, і мы, па словах кіраўніка дзяржавы, падыдзем да таго, што нам давядзецца пампаваць ваду з рэк. «Дзякуй Богу, у нас ёсць, адкуль пампаваць, — заўважыў беларускі лідар. — 11 тысяч, кажуць, азёр і тысяч 20 з лішкам рэк, таму аб’ёмы вады вялізныя. Вада ў нас вельмі добрая, гэта ўжо сёння багацце. Не нафта і газ, а менавіта вада і далей каштоўнасць яе будзе яшчэ большай. Падумаем, паглядзім».
Указаў Прэзідэнт і на праблему паплаўных земляў. У гэтай сувязі ён узгадаў адну са сваіх першых камандзіровак у статусе кіраўніка дзяржавы, калі разам з жыхарамі давялося касіць траву ў пойме Прыпяці. «Ужо рэдка хто косіць, а гэта вялізныя-вялізныя плошчы, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ляціш над краінай і сэрца крывёю абліваецца, калі бачыш гэтыя землі, якія зараслі і пустуюць. Еўропе добра, яны рады, бо балоты — гэта кісларод. Ім добра. Нам таксама нядрэнна, але хацелася б гэта ўцягнуць у абарот, каб дабро было не толькі еўрапейцам, якія паскудзяць нам часцей, чым дапамагаюць, але і каб мы атрымалі большую аддачу».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што меліяратар падняў вельмі важнае пытанне, над якім дзяржава будзе думаць. «Можа быць, дзесьці з рэк на нейкія палі давядзецца падводзіць ваду, каб іх арашаць: ураджай гэта ўсё акупіць, — канстатаваў Прэзідэнт. — Таму будзем паціху дапамагаць, але галоўнае для нас цяпер — аднавіць усе меліярацыйныя сістэмы і палі, дзе вы ўжо самі не адновіце ў Беларусі. Вы — малайцы: у вас атрад меліяратыўны ёсць, у вас тэхніка ёсць, вы глядзіце за гэтымі каналамі, не ўсюды так было. Мы гэта ўсё аднаўляем і наводзім парадак для таго, каб вярнуць да жыцця тыя меліярацыйныя плошчы і сістэмы, якія былі калісьці ў нас, у тым ліку і тут, на Палессі».
Наступнае пытанне ад жыхароў прыгранічча — пытанне бяспекі: людзей непакоіць засяроджанне войскаў з боку суседзяў і ўзмацненне граніцы з нашага боку.
У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы прапанаваў звярнуцца да гісторыі. Ëн звярнуў увагу на тое, што калі б у 1941 годзе «не прашлёпалі ў Крамлі», вайны такой бы не было. «Яны не рыхтаваліся да вайны, таму за паўгода фашысты былі пад Масквой, — канстатаваў беларускі лідар. — Таму не трэба паўтараць памылкі, трэба быць гатовымі. Яны (украінцы. — „Зв“.) там напружваюцца (войскамі і іншае) — мы ў адказ. Мы робім усё ў адказ. Мы ніколі не ініцыявалі нейкае супрацьстаянне. Ні ў якім разе. Нам гэта не патрэбна. Ну каму з нас трэба вайна? Што такое вайна? Гэта катастрофа. Я не хачу, каб была вайна, і таму мы робім усё для таго, каб мірна скончылася гэта».
Па словах кіраўніка дзяржавы, па пэўных каналах кантакты з украінцамі падтрымліваюцца. Абмяркоўваюцца і гуманітарныя пытанні. Напрыклад, у Беларусі рэгулярна ажыццяўляецца аздараўленне дзяцей з Украіны. Пры гэтым нашага Прэзідэнта абвінавачваюць у тым, што ён «крадзе дзяцей». Аднак, па словах кіраўніка дзяржавы, палітыка для Украіны больш важная, чым дапамога іх жа жыхарам, якую гатовы аказаць у Беларусі.
«Мы ні ў якім разе не эскаліруем сітуацыю, нам гэтая эскалацыя не патрэбна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Аднак беларускі бок, па словах кіраўніка дзяржавы, добра ведае, калі і дзе на сумежным боку ідзе засяроджванне ўзброеных сіл. «Хто ведае, для чаго яны ў кучу збіраюць вайскоўцаў і тэхніку зганяюць? — заўважыў Прэзідэнт. — Але як толькі нейкае нейкае напружанне з таго боку, я выстаўляю заслон сваімі вайскоўцамі. Мы не проста сабралі іх тут, перакрылі граніцу — гэта само сабой. Гэта і трэніроўка добрая. Яны павінны быць гатовымі да вайны. Не дай Бог, каб гэта вайна была, але яны павінны быць гатовы. Калі праціўнік бачыць, што мы гатовыя, дакладна нападаць не будзе».
Прэзідэнт параіў мясцовым жыхарам не хвалявацца. «Мы не збіраемся ваяваць з украінцамі, і яны не хочуць з намі ваяваць, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Куды ім яшчэ гэтая „абуза“? А нам навошта? Там жа нашы людзі жывуць. Мы будзем рабіць усё для таго, каб суіснаваць з Украінай мірна, калі яны гэтага хочуць. Народ гэтага хоча, але пакуль верхушкай Украіны, кажуць, кіруюць амерыканцы. Вы самі ведаеце, што кіруюць. І калі нешта трэба, Валодзя Зяленскі ляціць у Вашынгтон. Ëн не едзе ў Мінск ці Маскву, каб дамовіцца і ў рэшце рэшт скончыць гэтую вайну. Яны думаюць, што амерыканцы адновяць Украіну пасля вайны і яны будуць заможнымі, моцнымі і мудрымі. Ніхто іх аднаўляць не будзе. Улада памяняецца і скажуць: „Валодзя, хто ты такі?“ Вунь ужо што Трамп кажа. Таму кіраўніцтву Украіны трэба ўзяць галаву ў рукі і разумець, што ім перш за ўсё трэба будзе аднаўляць краіну. З дапамогай блізкіх ім людзей, перш за ўсё Беларусі».
Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на тое, як адносяцца да ўкраінцаў палякі. «Успомнілі ім валынскую разню, — канкрэтызаваў ён. — Слухайце, у гады вайны чаго не было, украінцы ў нас Хатынь спальвалі. Тое, што яны рабілі, кіруемыя фашыстамі на Прыпяці, — гэта кашмар. Дык што, мы будзем тым часам жыць усё жыццё, да смерці?»
Прэзідэнт патлумачыў, што ў аснове ўсяго гэтага ляжыць жаданне палякаў прыхапіць Заходнюю Украіну, па аналогіі з Заходняй Беларуссю. «Для нас гэта непрымальна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Маю заяву на гэты конт вы павінны ведаць. Калі толькі палякі ўлезуць ва Украіну і паспрабуюць Захад адцяпаць, мы будзем украінцаў падтрымліваць, бо мы разумеем, што наступнымі будзем мы».
Па словах кіраўніка дзяржавы, цяпер галоўнае для Беларусі — эканоміка. «І калі ўсе гаспадаркі будуць паказваць такія добрыя вынікі, як „Парахонскае“, вайны не будзе», — перакананы беларускі лідар.
Падчас размовы з людзьмі адзін з журналістаў задаў кіраўніку дзяржавы пытанне, звязанае з тым, што напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пінскі раён у СМІ з’явілася інфармацыя, што адначасова з верталётам кіраўніка дзяржавы ў паветранай прасторы Беларусі былі заўважаны два беспілотнікі. «Ці магло гэта паведамленне быць наўмыснай спробай стварыць напружанне, настроіць беларусаў супраць расіян або ўкраінцаў, і што сам Прэзідэнт думае наконт гэтай сітуацыі?» — канкрэтызаваў палітычны аглядальнік тэлеканала АНТ Ігар Тур.
«Каб адмесці ўсялякія інсінуацыі наконт майго верталёта, дронаў і іншага: гэта не мае праблемы, гэта праблемы Службы бяспекі, —адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Няхай яны глядзяць, дзе дроны лётаюць і куды верталёту Прэзідэнта ляцець. Я сапраўды да гэтага так стаўлюся».
Па словах кіраўніка дзяржавы, калі раніцай перад вылетам у Пінскі раён яму сталі дакладваць аб сітуацыі і надвор’і, ён запатрабаваў абмяркоўваць гэтыя пытанні непасрэдна з пілотамі і разам з імі прымаць рашэнне. У выніку было вырашана адкласці вылет на гадзіну ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я.
«Гляджу, ляцелі яны вельмі нізка, незвычайна нізка, — заўважыў беларускі лідар. — Напэўна, каб электроннымі сродкамі з Украіны не было відаць. Вядома, яны верталёт бачаць: ён жа вялікі, гэта ж не беспілотнік. Нармальна прыляцелі. Таму я тут асабліва не паруся, як у народзе гавораць, з гэтай нагоды. І потым, ведаеце: збіць верталёт Прэзідэнта — гэта вайна, якая ўкраінцам не патрэбная».
Кажучы аб беспілотніках, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта ўзбраенне — ужо не навінка. Аднак так масава ў якасці асноўных сродкаў паражэння дроны яшчэ не прымяняліся. «І Украіна, і Расія зараз закупляюць вялікую колькасць БПЛА, аднак не менш важнае пытанне — навучыцца кіраваць імі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Таму даволі часта ў неспрактыкаваных руках і пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір».
Такім чынам, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, яны і заляталі ў Беларусь. «Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Шмат мы збіваем. Мы не глядзім, расійскія гэта або ўкраінскія».
У Беларусі сталі вырашаць гэтыя пытанні на ўзроўні спецыялістаў, не выносячы ў публічнае поле. Такія дамоўленасці былі дасягнуты і з абодвума бакамі.
«Я нават здзівіўся, калі атрымаў інфармацыю, — падзяліўся Прэзідэнт. — Гэта нашы збеглыя з-за мяжы пачалі падкідваць: насустрач прэзідэнцкаму борце вылецелі беспілотнікі. Думаю, што гэта дробная брыдота, правакацыя. Трэба разумець, што мы знаходзімся на фронце: зусім побач, вось за плотам, ідзе вайна. Таму мая галоўная задача — не дапусціць уцягвання ў гэту бойку, у гэту вайну Беларусі».
Настаўнік Парахонскай сярэдняй школы звярнуў увагу на тое, што дзяржава прыкладае вялікія намаганні па недапушчэнні гераізацыі нацызму, па захаванні гістарычнай памяці. Аднак на Захадзе спрабуюць нам навязаць свае каштоўнасці, якія, мягка кажучы, спрабуюць нам навязаць.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што як гісторык ён даўно заўважыў: гісторыя цыклічная і ўсе падзеі ў свеце паўтараюцца, прычым развіваюцца яны па спіралі. «Вось і зараз Захад зноў спрабуе забяспечыць сваю будучыню за чужы кошт, а самай вялікай кладоўкай рэсурсаў зараз з’яўляецца Расія, — заўважыў ён. — Лёс у нас такі. А мы — на шляху. Усё паўтараецца. Яны хочуць гэтага».
Па словах кіраўніка дзяржавы, перш за ўсё нам хочуць залезці ў галаву, перафарматаваць, усё зламаць. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што беларусам, якія ўжо пажылі пэўны час, у галаву ўжо не залезеш, чаго не скажаш пра моладзь. Невыпадкова Прэзідэнт, іншыя высокія службовыя асобы сустракаюцца з моладдзю, каб патлумачыць ім, што вакол адбываецца.
«Яны (на Захадзе. — „Зв“.) хочуць, каб мы забыліся гісторыю, — канстатаваў беларускі лідар. — А ў нас гераічная гісторыя. Мы павінны яе не проста памятаць, мы ганарыцца гэтай гісторыяй павінны, што мы і робім».
Усё, па словах Прэзідэнта, пачынаецца з простага — спачатку неабходна сфарміраваць у чалавека спажывецкія паводзіны, а затым перапісаць гісторыю. «Гэта значыць нас хочуць перакадзіраваць, перафарматаваць, нас хочуць зрабіць іншымі — Іванамі, якія не памятаюць радства свайго, — падкрэсліў ён. — Гэта крокі да галоўнай мэты: нас зноў хочуць скарыць, паставіць на калені. Нас зноў хочуць прымусіць рабіць тое, што ім трэба, каб жыць за наш кошт. Вось у чым праблема. Таму нам трэба жыць сваім розумам, як палешукі».
Кажучы аб палешуках, мудрых і памяркоўных людзях, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на гэтай зямлі жывуць сапраўдныя беларусы. «Працаздольныя, прыгожыя, разумныя, умеюць рыбу лавіць, скаціну гадаваць — усё ўмеюць рабіць, — канстатаваў беларускі лідар і нагадаў, як у пачатку 1990-х гадоў тут хацелі стварыць „беларускую палескую рэспубліку“. — Я тады прыехаў і ўбачыў, што гэта цудоўныя людзі. Адзін мужык кажа: „Дайце яму касу“. Знайшлі чым мяне палохаць: я з вёскі сам. Касіць з імі — касіў. Потым жанчыны — граблі дадзім. Давайце граблі. Нешта абедаць пачалі. І я, да шчасця, з сабой узяў перакусіць, усе ссабойку расклалі і я таксама там з імі сяджу. І чую адзін мужык — другому: „Гэта наш“. І пасля гэтага я больш не чуў ніякіх размоў аб нейкай „палескай рэспубліцы“. Гэтыя палешукі, якіх ужо сёння няма і якія ёсць, яны заўсёды мяне падтрымлівалі. Таму мая ўдзячнасць — яна з тых 1990-х гадоў».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сур’ёзна возьмуцца за Палессе. «Вам будзе нялёгка, нам будзе нялёгка, але для дзяцей і ўнукаў вашых, мы павінны Палессе прывесці ў парадак», — рэзюмаваў беларускі лідар.
У завяршэнні сустрэчы ад супрацоўнікаў гаспадаркі і жыхароў аграгарадка Прэзідэнту падарылі карціну, якую напісалі пінскія майстры. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў і пажадаў мясцовым жыхарам здароўя. «Усё астатняе мы купім», — сказаў ён.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Пінскі раён
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.