Вы тут

Як трывожныя людзі з кнігі сталі ідыётамі ў спектаклі?


Звычайна ідыётам называюць чалавека, які робіць учынкі, што ідуць насуперак чалавечай логіцы і рацыянальнасці. Кіравацца рацыянальнасцю — гэта значыць быць разумным у вачах большасці і мець найлепшыя шансы на разуменне, адпаведна, паспяхова будаваць сваё жыццё. Што казаць, Дастаеўскі свайго «Ідыёта» пісаў з такім адчуваннем, і да чаго прывяла «іншасць» яго героя, вядома: адны пакуты, нічога добрага. Сучасны шведскі пісьменнік Фрэдэрык Бакман у рамане «Трывожныя людзі» паказаў герояў, кожны з якіх у вачах вельмі рацыянальных асоб можа выглядаць як ідыёт. Уся сутнасць у тым, што ў Бакмана гэта не адзін персанаж, іх шмат. Ды што казаць — усе, каго закруціла ў вір апісаных падзей. А калі ўсе пачынаюць паводзіць сябе алагічна, то фінал гісторыі можа быць зусім не прадказальны і не драматычны, а нават наадварот: з нечаканым «хэпі эндам». Не дзіва, калі ўлічыць, што падзеі адбываюцца напярэдадні новага года, калі хочацца верыць у цуды. «Лірычны дэтэктыў» — так вызначылі жанр спектакля паводле Бакмана ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. У сцэнічнай версіі тэатра ён атрымаў назву «Ідыёты».


Слоўца невыпадковае, сам пісьменнік яго выкарыстоўвае ў працяглым аповедзе — раман немаленькі, прачытанне зойме некалькі дзён. А ў тэатральным спектаклі адлюстравана ўся сутнасць — амаль дзве гадзіны (усяго!) пойдзе на тое, каб стаць сведкамі крадзяжу ў банку і следчых дзеянняў па гэтай заблытанай справе. Следства вядуць два паліцэйскія — малады і сталы, дасведчаны. Кожны з іх імкнецца нібыта «ўлезці ў скуру» злодзея. І сапраўды, мы бачым гэта на свае вочы: спачатку адзін спрабуе аднавіць паслядоўнасць падзей, а пасля і другі. Але гэтыя моманты пастаўлены так, каб падкрэсліць інтрыгу для гледача, трымаючы яго ў напрузе. Такі ход прыдумаў Анатоль Лагуценкаў, які выступіў пастаноўшчыкам спектакля. І гэта яго новая роля, таму што заўсёднікі Маладзёжнага ведаюць Лагуценкава-акцёра. Спектакль «Ідыёты» — рэжысёрскі дэбют, які дазволіў яму паглядзець на сцэнічную прастору з іншага ракурсу. 

Сама прастора для спектакля мае значэнне, таму што дзеянне шчодра населенай персанажамі гісторыі разгортваецца перад гледачамі на малой сцэне тэатра.

Таму абыгрываюцца ўсе хады і выхады, дзверы і закуткі — усё мае пэўнае, у залежнасці ад сітуацыі, асвятленне, якое то ўключае драматызм, то стварае адчуванне бяды і трагедыі, то дазваляе разняволіцца і зняць напружанне праз рознакаляровую яскравасць (гэта апошняя прэм’ера, над якой працаваў у тэатры мастак па святле Сяргей Азяран, які заўчасна пакінуў свет). Пры неабходнасці сцэнічная прастора лёгка трансфармуецца ў розныя памяшканні (мастак-пастаноўшчык Таццяна Малевіч). А гэта дае яшчэ адзін плюс у разуменні сутнасці спектакля: глядач не назірае за дзеяннем на адлегласці (як гэта было б на вялікай сцэне), ён значна бліжэй і нібыта ўключаны ў тое, што адбываецца, нават можа прымераць сітуацыю на сябе, таму што героі — з нашага часу (мастак па касцюмах Кацярына Герасіменка), яны выходзяць і ідуць праз залу, распавядаючы свае гісторыі даверлівым слухачам, нібыта блізкім людзям, якім ёсць пра што падумаць: сапраўды ж, ніхто не ведае, дзе і калі ў жыццё можа ўварвацца нечаканая сітуацыя... 

Як бы ты паводзіў сябе, калі б апынуўся сярод заложнікаў узброенага злодзея, які хацеў абрабаваць банк? Што б адчуваў? Шок, стрэс, бездапаможнасць? Ці паспрабаваў бы аказаць супраціўленне? Ці супрацоўнічаў бы з паліцыяй, каб злодзея выявілі і пакаралі? Прынамсі, гэта было б лагічна. 

Але ідыёты-заложнікі, якія прыйшлі глядзець кватэру, выстаўленую на продаж рыэлтарам, блытаюць усе карты. У экстрэмальны момант, калі злодзей, ратуючыся ад пераследу, апынуўся ў той жа кватэры і трымае іх на мушцы пісталета, а паліцыя блакіруе ўсе падыходы да будынка, яны дэманструюць цуды чалавечнасці. Адчуваюць сімпатыю да злодзея. І гэта не «стакгольмскі сіндром» — так бывае, калі жорсткасць ката падпарадкоўвае волю цалкам залежных ад яго людзей, але тут ніхто ні з кога не здзекуецца, а кат выглядае напраўду вартым спагады. Як аказваюцца вартымі разумення ўсе восем заложнікаў, якія падчас «зняволення» пачынаюць высвятляць адносіны і разбірацца з прычынамі таго, што адбываецца ў іх уласным жыцці, чаму яны апынуліся ў гэтай кватэры. 

Адна справа, калі гэта рыэлтар (Наталля Падвіцкая), у якой звычайна ўсё прадумана і адпрацавана, але штосьці падчас гэтага прагляду пайшло не так, і ёй прыйдзецца прайсці праз экстрэмальную сітуацыю разам з кліентамі, кожны з якіх мае свае мэты і дзівацтвы. Тут пара немаладых людзей (артысты Таццяна Новік і Сяргей Шаранговіч увасобілі людзей на мяжы сямейнага крызісу), якія імкнуцца заставацца разам, нягледзячы на тое, што за гады шлюбу аддаліліся адзін ад аднаго. Але яны ходзяць па праглядах: муж кожны раз лічыць, колькі трэба будзе яшчэ ўкласці ў рамонт, што ён здольны зрабіць сам, а яго жонка наймае дзівака-зайчыка, які ўмее адбіваць кліентаў ад кватэры. Тут цяжарная з яе капрызамі (цалкам рэальнае адчуванне, што вось-вось народзіць, стварае актрыса Любоў Пукіта), а яе сястра дапамагае ў пошуку кватэры для будучага дзіцяці. Тут даволі цынічная дама з вышэйшага свету, што мае дачыненне да банкаўскай сферы, усё ведае пра фінансавыя крызісы і прывыкла лічыць грошы (халаднаватую і крыху адасобленую гераіню ўвасабляе Ганна Лавухіна). І дзіўнаватая старая жанчына, адзіная ў кампаніі, хто не баіцца смерці і ўвесь час згадвае свайго мужа-нябожчыка, ствараючы адчуванне, што ён вось-вось прыйдзе. Яна пакуль не ў стане зразумець, як змянілася яе жыццё без яго, але актрыса Алена Хрысціч мякка і ненавязліва ўплывае на кожнага, хто апынуўся ў гэтай кампаніі, каб абышлося без страт. Нават на злодзея. А ён клаплоціцца пра сваіх заложнікаў — прынамсі, для ўсіх заказвае піцу ў паліцэйскіх, рызыкуючы выдаць сябе... 

Пра тое, што адбываецца, нельга меркаваць адназначна. Бо за кароткі час героі не проста знаёмяцца, яны — пражываючы разам пэўны прамежак часу ў абмежаванай прасторы — яднаюцца, як дарагія госці за агульным сталом, становяцца не чужымі адзін аднаму людзьмі. Кожны з іх (дзякуючы іншым) мае магчымасць пераглядзець нейкія свае ўчынкі і зразумець, што можа нешта выправіць у жыцці. І пачаць варта літаральна зараз. Таму што ёсць той, каму горш за ўсіх, у каго катастрафічна бязвыхадная сітуацыя — сам злодзей. 

Ён не хацеў. Так атрымалася. Ён не жыве за кошт рабаўніцтва. Яно было крокам адчаю, каб дзяцей не разлучылі з мамай з-за таго, што яна не можа ім забяспечыць належнае жыццё. Харошы чалавек, хоць і з пісталетам — вырашаюць заложнікі, калі маска скінута і перад імі няшчасная жанчына (актрыса Аляксандра Змітровіч пераканаўча пераўвасабляецца ў іншы вобраз). Добрая мама, — не сумняваюцца яны, трэба дапамагчы. І нараджаецца план, як усе разам заложнікі могуць выйсці з «захопленай» кватэры праз кардоны паліцыі. Усе дзевяць заложнікаў... 

Не, ну штосьці не тое... Калі ў кватэры нікога не засталося, а ўсе выхады блакіраваны, то лагічна, што злодзей быў сярод заложнікаў. Паліцэйскія — дасведчаны і малады — будуць весці допыты на вачах у гледачоў, якім падкідваюць яшчэ адну інтрыгу: да чаго прыйдзе следства? Хто з заложнікаў хлусіць? Хто са следчых — «слабае звяно», якое цягне каманду да правалу справы? А хто яшчэ не зразумеў, што галоўнае правіла сумленнага жыцця — заставацца чалавекам у любой сітуацыі. Можна дакапацца да праўды любой цаной, а можна зрабіць добрую справу без асаблівых высілкаў — дэманструе артыст Аляксей Шутаў. Ён увасобіў разважлівага следчага, які дае сыну ўрок найвышэйшай справядлівасці. 

Зразумела, чым прыцягнуў пастаноўшчыка раман Бакмана: закручаны сюжэт з нечаканымі паваротамі і непрадказальнай развязкай. Усё гэта імкнуліся перанесці ў сцэнічную прастору, каб глядач да апошняга гадаў: чым жа ўсё скончыцца, каго выкрыюць і затрымаюць у выніку? А найбольшая інтрыга па факце ў тым, што ў гэтай гісторыі няма дрэнных людзей. Ніводнага. Усе цягам дзеі раскрываюцца з найлепшага боку. І выключнага зла, з якім трэба, без сумненняў, змагацца, таксама няма, ёсць няпростыя сітуацыі, якія толькі дапамагаюць знайсці сябе і скіраваць свой шлях да дабра. Са змроку выйсце можа быць толькі ў святло. 

Спектакль, хоць і з замежнымі імёнамі герояў, у нейкіх момантах адаптаваны пад наш менталітэт, а яго мараль зразумелая дзе заўгодна. Таму што пра чалавечнасць, праз якую можна вырашыць любыя праблемы. Пра людзей, якія здаюцца чужымі, але, калі трэба, дапамогуць знайсці выйсце і рашэнне праблем, пра ўтульны дом і добрую сям’ю. 

Нейкая наіўная казка... Але чаму ў чалавечым свеце яна не магла б стаць быллю? Таму што мы насамрэч не адны, вакол нас людзі. Так, у кожнага свае праблемы, свая порцыя жыццёвага неспакою і трывогі. Разумеючы гэта, часта не наважваешся прасіць аб дапамозе. Так бывае, што яна прыходзіць менавіта адтуль і тады, калі зусім не чакаеш. 

А гэта ўжо жыццёвая праўда. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з сайта Маладзёжнага тэатра

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.