Сёлета аматары мастацтва адзначаюць адметную дату: 170 гадоў з дня нараджэння Юдэля Пэна, які быў настаўнікам Марка Шагала. Яшчэ адзін знакаміты настаўнік славутых мастакоў працаваў у Мінску — Якаў Кругер, яму сёлета споўнілася б 155 гадоў. Выстаўку у іх гонар цяпер можна паглядзець у Віцебску, куды пераехаў са сталіцы праект, створаны паводле збораў Нацыянальнага мастацкага музея і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Вядома, знакавыя асобы, дзякуючы якім развівалася прафесійная мастацкая адукацыя на тэрыторыі Беларусі. А Віцебску наогул была адведзена асаблівая роля: быць у авангардзе мастацкіх працэсаў пачатку ХХ стагоддзя. Ды глядзі далей — і цяпер гэты горад трымае кірунак на творчыя пошукі, праз сучасных мастакоў Віцебшчыны. А між іншым 86 чалавек у рэгіёне з’яўляюцца сябрамі Беларускага саюза мастакоў.
Аб’яднаўчыя працэсы сярод мастакоў у Віцебску пачаліся яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Называюць 1920 год, калі Казімір Малевіч стварыў аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Але можна лічыць і з 2019 года, калі Марк Шагал адкрыў на радзіме мастацкае вучылішча — і пачаўся творчы «варушняк». Далей былі спробы мастакоў аб’яднацца — і да вайны, і пасля, ажно да 1970 года, калі афіцыйна ўтварылася Віцебская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў.
— Гэта надзвычай цікавы рэгіён у плане творчасці, у плане таго, як мастакі ставяцца да традыцый і якія навацыі сёння прапануюць. Калі прасачыць гісторыю ХХ стагоддзя, то, напэўна, менавіта Віцебскі рэгіён у 70–80-я гады мінулага стагоддзя быў першы, дзе ўтваралася вельмі шмат новых аб’яднанняў мастакоў, якія спрабавалі развіваць традыцыі Казіміра Малевіча, у першую чаргу менавіта яго і ўвогуле ўсёй віцебскай школы, — гаворыць першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Нават назвы аб’яднанняў вярталі нас да той гісторыі, згадайма знакаміты «Квадрат», створаны Аляксандрам Малеем. Шмат адметных выставачных праектаў зарадзіліся на стыку 80-х і 90-х гадоў ХХ стагоддзя і працягваюцца сёння, гэта актуальна для Віцебшчыны. Адзін з самых вядомых — праект «Абстракт», які робіць цудоўны віцебскі мастак Васіль Васільеў (летась ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай мастацкай прэміі ў галіне жывапісу), ён павяртае да супрэматызму, імкнецца паказаць новыя формы. А ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» Нацыянальную прэмію атрымлівала Наталля Лісоўская, якая займаецца тэкстылем і ў гэтым відзе ўкараняе сучасныя формы: міні-тэкстыль, вялікі тэкстыль у авангардным выяўленні. Вельмі актыўна працуе Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва. Ён з’явіўся некалькі гадоў таму, і, мне падаецца, сёння адзін з самых цікавых у Беларусі інтэрактыўных музеяў, прысвечаных Віцебскай мастацкай школе. Віцебскія творцы і цяпер самыя актыўныя эксперыментатары сярод 1200 сяброў Беларускага саюза мастакоў. У мінскіх праектах мы з задавальненнем прадстаўляем творы мастакоў віцебскага рэгіёна. Таму што яны асаблівыя, дух наватарства ёсць у многіх з гэтых аўтараў, ён непаўторны і характэрны для мастакоў розных пакаленняў, не толькі моладзі. Хачу згадаць выдатную мастачку Валянціну Ляховіч, чалавека, які шмат гадоў аддаў выкладанню, але пры гэтым яе абстрактныя скульптуры, асамбляжы непаўторныя на прасторы мастацтва Беларусі. Да карыфеяў я б аднесла Аляксандра Салаўёва, які нядаўна пайшоў з жыцця, — выдатны мастак, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, вельмі шмат гадоў працаваў у Віцебскім тэатры, займаўся абстрактным мастацтвам, пакінуў вялізную спадчыну. Маем шмат сведчанняў, што традыцыі пачатку ХХ стагоддзя, якія зрабілі Віцебск адным з прагрэсіўных цэнтраў мастацтва новага часу, падтрымліваліся на працягу XX стагоддзя і працягваюцца ў XXІ.
Цяпер у горадзе дзве навучальныя ўстановы рыхтуюць творчыя кадры: Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт з яго вядомым мастацка-графічным факультэтам і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, дзе ёсць кафедра дызайну. Яе выпускнікі таксама папаўняюць шэрагі прафесійнай арганізацыі, адзначае Віктар Мікалаеў, старшыня Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў:
— Наша арганізацыя другая па колькасці пасля Мінска, таму і адказнасць вялікая. Наватарскія кірункі, фармальныя падыходы, у якіх мастакі працуюць, раскрываюцца на выставачных пляцоўках, якія ёсць у горадзе (Віцебскі абласны краязнаўчы музей і мастацкі музей як яго філіял, «Арт-цэнтр Марка Шагала», Цэнтр сучаснага мастацтва і свабодная, незвычайная па планіроўцы пляцоўка «Піраміда»). Ёсць і творчыя аб’яднанні Віцебскага рэгіёна з магчымасцямі ладзіць выстаўкі. Спадчына, якая ў нас была, на сёння развіваецца. Таму што ёсць паняцце «віцебская школа». Калі нашы мастакі выстаўляюцца ў Мінску ці ў іншых абласцях і за межамі краіны, то гэта заўсёды высока ацэньваецца не толькі гледачамі, але і мастацтвазнаўцамі.
Сам Віктар Мікалаеў — цікавая асоба, таму што з Мінска, дзе нарадзіўся і вырас, паехаў жыць і працаваць у Віцебск. Як некалі Юдэль Пэн…
— Ніякага авангарда без базы быць не можа, — падкрэслівае Святлана Кот, загадчыца аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХІ стагоддзяў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. — Нездарма ў праекце «Ю. Пэн і Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі» мы гаварылі аб двух педагогах, якія заснавалі свае прыватныя школы на тэрыторыі Мінска і Віцебска. Віцебская школа прадстаўлена з пункту гледжання дзейнасці Юрыя Майсеевіча Пэна, які прыехаў у Віцебск, калі яму было амаль 42 гады і застаўся тут на 40 гадоў. Ён любіў горад і прызнаваўся ў гэтым у лістах да сваіх вучняў. Мы прадстаўлялі творчасць Пэна вельмі яскрава работамі з Віцебскага музея — іх 27. Прывезлі і работы яго вучняў — гэта яшчэ 23 імёны. Большая частка з іх — менавіта прадстаўнікі віцебскага рэгіёна і мастацкай школы Віцебска, а самыя яркія тут Марк Шагал, Восіп Цадкін, Оскар Мешчанінаў, Саламон Юдовін, Леў Зевін і іншыя. Гэта частка нацыянальнай культуры не надта шырока прадстаўлена ў музейных зборах Рэспублікі Беларусь. Але калі мы гаворым пра спадчыну, то яна вельмі яркая, прыгожая і сапраўды наватарская. Тут трэба адзначыць дэмакратычны спосаб выкладання самога Юрыя Пэна, які, магчыма, стаў падмуркам для таго, каб Марк Шагал заснаваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. А далей па падабенстве парыжскага «Вулля» адбылася гісторыя з запрашэннем Казіміра Малевіча і «УНОВІСам». Смеласць, жаданне — вось той агонь, які даваў Юрый Пэн у Віцебску, да гэтага часу захаваўся.
Кожны год у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбываецца некалькі праектаў, якія прадстаўляюць творчасць мастакоў Віцебшчыны. Летась запомнілася выстаўка Вячаслава Шамшура, прафесара мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Запланавана выстаўка Леаніда Мядзведскага.
У мастацкім музеі Віцебска ёсць брэндавыя праекты, скіраваныя на тое, каб прадставіць сваіх творцаў. У 2024 годзе гэта мела асаблівае значэнне, калі музейныя пляцоўкі рыхтаваліся да правядзення Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі і трэба было паказаць віцебскіх аўтараў шырока, каб выстаўка была разнастайнай, прадстаўляла розныя традыцыі і кірункі, каб былі работы як з музейных фондаў, так і сучасных аўтараў. З праектамі «Віцебскі мастак» і «Віцебская акварэль» пазнаёміліся ў рэгіёнах Расіі. Праекты прыцягальныя, таму што выяўляюць разнастайнасць мастацкага выказвання, даюць панарамны погляд і нейкі акцэнт. І, як правіла, гучаць імёны 20–30 аўтараў — знакамітых і маладых.
«Важна быць у суполцы, дзе ёсць мэтры, у якіх можна павучыцца, і маладое пакаленне цягнецца, каб больш досведу ўзяць ад вядомых мастакоў. Але калі ствараеш, то ты ўсё роўна адзін, у сваёй майстэрні, — прызнаецца Вікторыя Крупская, сябра Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, якая з 2011 года з’яўляецца куратарам і ідэйным натхняльнікам міжнародных жаночых праектаў сумесна з «Арт-цэнтрам Марка Шагала». Такім чынам мастацкая гісторыя нібыта знітавана з ідэямі, што нараджаюцца цяпер.
А калі хто хоча адчуць адметны погляд мастакоў Віцебшчыны ў гэтыя дні, то варта ехаць у Полацк, дзе працуе выстаўка «4-63. Жывапіс».
— «4-63» — гэта аб’яднанне, якое ўтварылася ў 1989 годзе дзякуючы таму, што ў 1981-м адкрылася Полацкая карцінная галерэя, а першыя лічбы яе нумара тэлефона абралі ў якасці назвы мастакі, якія тады жылі ў горадзе. Ужо існавалі «Квадрат», «Няміга-17», «Форма» — тады было модна ствараць аб’яднанні. Наша праіснавала нядоўга, але мы паказвалі сваё мастацтва па Беларусі і за межамі, прапагандуючы Віцебскую школу. Сёння кожны з удзельнікаў працягвае працаваць асобна. Васіль Васільеў стварае не толькі абстрактны жывапіс, але і інсталяцыі, арт-аб’екты, выкладае. Галіна Васільева працуе ў сферы мастацтва супрэматызму, займаецца даследчыцкай дзейнасцю, таксама выкладае. Аляксандр Канавалаў працуе ў галіне калажу. Я працягваю ствараць як мастак-абстракцыяніст, — кажа Алег Ладзісаў, галоўны захавальнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, у калекцыі якога больш за 80 работ віцебскіх мастакоў…
Ларыса ЦІМОШЫК
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.