Вы тут

Навагрудак — Вялікі малы горад


Цёплы летні поўдзень. Пясчаная дарога ўецца між узгоркаў і невысокіх драўляных хат. Спее збажына ў полі. Напэўна, многія беларускія гарады і мястэчкі выглядаюць на старых фотаздымках такім жа чынам. Ну, са свімі адметнасцямі, вядомыя. Многія. Ды не ўсе. Гэтыя краявіды не зблытаеш ні з чым.


Вядомыя па шматлікіх выявах касцёл на прыгорку і яшчэ вышэй — рэшткі вежаў старажытнага замка. Навагрудак, 1910 год. На фота, зробленым ураджэнцам гэтых мясцін Янам Булгакам (майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, адзін з піянераў беларускай і польскай мастацкай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст, чыя творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы), — дарога, якая ідзе ў горад з паўночнага захаду — вуліца Віленская. Фота захоўваецца сёння ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расіі (відаць, фатаграфічны план мясцовасці меў некалі стратэгічнае ваеннае значэнне). Для нас жа зараз яно — імгненне вечнасці.

Навагрудак разам з Полацкам — калыска беларускай дзяржаўнасці. Адзін са старажытных гарадоў на беларускай зямлі. Лічыцца, што першым летапісным успамінам пра горад трэба лічыць згадку ў Сафійскім Першым летапісе пра паход князя Яраслава Мудрага на Літву — «Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложил Новогород и сделал и». 

Упершыню выказаў думку, што горад узнік у 1044 годзе, расійскі гісторык В. Тацішчаў. Ён пісаў: «Сей Новгород по обстоятельству мнится литовский, который Всеслав Полоцкий хотел захватить, но князи Ярославовичи уведав, возмездно в его землю шли и перво Минск взяли, а потом на реке Немане в Литве, которая недалеко от Минска и Новгородка Литовского...». На сённяшні дзень гэта дата замацавана ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Мінск, 1999г., т. 5 і «Беларускай Энцыклапедыі» (Мінск, 2002г., т.11).

Аднак... Нават самае павярхоўнае знаёмства з гэтым запісам паказвае на тое, што 1044 год не мае ніякага дачынення да будаўніцтва Навагрудка, горада, які цікавіць нас. Па-першае, тут гаворка ідзе пра Ноўгарад («Сей Новгород»), а па-другое, калі ўжо чытаць уважліва, то той Ноўгарад быў «закладзены» не ў 1044 годзе, а на вясну, гэта значыць у 1045-м, — крытыкуе гіпотэзу, якую ўмоўна можна назваць «1044»«, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі, доктар гістарычных навук Андрэй Мяцельскі.

Цікава, што ў свой час Васіль Тацішчаў, каменціруючы словы з летапісу аб тым, як Яраслаў «ходи на Литву», адзначаў: «Сие, разумеется, о литовском Новагородке, но паче мнится — о Северском, ибо с сего времени о нем упоминание началось, и Ярослав в сие времени в Новгороде не был».

Што да летапісаў, то тут таксама далёка не ўсё так адназначна. Скажам, першы Наўгародскі летапіс (які, безумоўна, старэйшы за чацвёрты), хоць і кажа аб паходзе Яраслава на Літву ў 1044 годзе, будаўніцтва Ноўгарада (а не Навагрудка!) прыпісвае Уладзіміру Яраслававічу — не Яраславу.

А вось у Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім летапісах, якія лічацца самымі старымі старажытнарускімі дакументамі, наогул няма ні слова пра паход князя Яраслава на літоўскія землі ў 1044-м. Хоць пра яго іншыя ваенныя вылазкі існуюць вельмі маляўнічыя аповеды. Паход жа 1044 з’яўляецца толькі ў хроніках, створаных у канцы XV стагоддзя — амаль праз паўтысячы гадоў пасля апісаных падзей! А значыць, падстаў сумнявацца ў дакладнасці гэтага паведамлення больш чым дастаткова.

І, нарэшце, археалагічныя знаходкі пацвярджаюць той факт, што ў сярэдзіне XI стагоддзі пачалі ўзводзіцца ўмацаванні ў... Ноўгарадзе Вялікім.

Як ні парадаксальна, першая і да таго ж ускосная згадка пра Наваградак з’яўляецца дастаткова позна — пад 1228 годам, калі кіеўскі князь Уладзімір у саюзе з полаўцамі, з іншымі князямі і з «...Коуряны и Пиняны и Новоугородцы и Тоуровьцы обседоша Каменецъ».

У 1252 годзе на Навагрудак пайшоў вайной князь Данііл Галіцкі і ягоны сын князь Васілька. Хроніка апісвае гэтыя падзеі так: «...поидовста к Новоугородоу Данилъ же и Василько братъ его разгадавъ, со с(ы)н(о)мъ брата си посла на Волковыескъ, а с(ы)на на Оуслонимъ, а самъ иде ко Здитову и поимаша грады многы».

Гэта значыць, гораду прыйшлося супрацьстаяць цэлай кааліцыі князёў, і, хутчэй за ўсё, ён моцна пацярпеў.

— Уласна, з 1252 года і да канца XIII стагоддзя Навагрудак не сыходзіць са старонак Іпацьеўскага летапісу, — лічыць Андрэй Мяцельскі, — але асаблівую цікавасць для нас уяўляе запіс пад 1274 годам, які апісвае паход на Навагрудак паўднёварускіх князёў і татараў: «... Лев же лесть учини межи братьею своею, утаився Мьстислава и Володимера, взя окольнии град и с татары, а детинец остался...». Выходзіць, што ўсё спалілі, акрамя дзядзінца. А значыць, да гэтага часу ўжо быў вакольны горад і яго ўмацаванае ядро — крэпасць. Сёння ад той крэпасці мала што засталося, аднак і тыя рэшткі вежаў, што яшчэ стаяць і добра бачны сёння здалёк на ўзгорку, яскрава сведчаць пра магутнасць і веліч замка.

Пра гісторыю і паходжанне горада гісторыкі будуць спрачацца яшчэ доўга. Спадзяёмся новыя адкрыцці прадаставяць ім магчымасць калі-небудзь паставіць кропку ў гэтым пытанні. 

Сёння ж мы разглядаем старую фатаграфію, якой больш як 110 гадоў.

Што ўяўляў сабой тады гэты павятовы горад? Размешчаная на маляўнічых узгорках у цэнтры Навагрудскага ўзвышша, старая частка места выглядае патрыярхальна. Да пачатку ХХ ст. большасць беларускіх гарадоў ужо паступова змянілі сваё аблічча. Брукаваныя вуліцы, вадаправод, электраасвятленне, тэлефонная сувязь усё гэта станавілася неад’емнай умовай іх жыцця. Адсутнасць жа чыгуначнага транспарту ў Навагрудку не спрыяла актыўнаму далучэнню горада да гэтых цывілізацыйных дасягненняў. Хутчэй, наадварот.

Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, што пралегла ў 1871 годзе праз Мінскую губерню, ледзь не змяніла статус Навагрудка як павятовага горада. Спачатку ніякіх змен у жыцці горада практычна не назіралася. Мала што змянілася і ў лёсе недалёкай адсюль вёскі Баранавічы Навагрудскага павета, якая аказалася побач з чыгуначнай магістраллю. Але паступова рух ажывіўся. Чыгуначны пасёлак Новыя Баранавічы рос і практычна зліўся з мястэчкам Разводава-Старыя Баранавічы. А гэта стала пагражаць павятоваму статусу горада Навагрудка. І вось, у пачатку ХХ стагоддзя з-за хутка пашырэння і росту Баранавічаў у мясцовых жыхароў узнікла жаданне атрымаць для горада больш высокі статус. І ў 1902 годзе яны звярнуліся да Мінскага губернатара з просьбай аб заснаванні горада (з уключэннем у яго межы мястэчка і станцыі) і пераносе ў іх населены пункт павятовага цэнтра з... Навагрудка. Губернатар утварыў адмысловую камісію для вывучэння мэтазгоднасці адміністрацыйных змен. І хоць было відавочна, што Баранавічы набываюць рысы, характэрныя для вялікага горада, пытанне аб канчатковым рашэнні адкладалася. Уведзеныя ў склад камісіі прадстаўнікі павятовага ўпраўлення, моцна звязаныя з Навагрудкам, рабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць не толькі перавод Баранавічаў у павятовы цэнтр, але і ператварэнне іх у горад. Праціўнікамі перамен былі і землеўладальнікі паўночнай часткі Навагрудскага павета, землі якіх знаходзіліся ў сферы ўплыву павятовага горада. У выніку пытанне так і не было вырашана на карысць Баранавічаў.

Вось такая сітуацыя магла б змяніць гісторыю горада Навагрудка, але гэтага не адбылося і горад захаваў свой статус павятовага.

У гэты час Навагрудак — невялікае мястэчка, у якім штогод праходзіла па 6 кірмашоў. У 1905 годзе з’явіліся першыя вулічныя газавыя ліхтары. На 1910 год у горадзе было 76 мураваных і 1074 драўляных будынкаў, пражывала тут каля 10000 жыхароў. У 1914 годзе ў горадзе працавала 6 навучальных устаноў.

Пазней у Навагрудку пачала дзейнічала беларуская гімназія, якая ўтрымлівалася на сродкі бацькоўскага камітэта. У свой час яе скончылі будучыя беларускія паэты Анатоль Іверс і Ніна Тарас, вучоныя Барыс Кіт і Леанід Барысаглебскі. Настаўнікам малявання некалькі гадоў працаваў вядомы мастак Язэп Драздовіч. У горадзе дзейнічалі сямігадовыя школы, ліцэй, польская гімназія, бібліятэка, клуб. Быў адчынены прыватны кінатэатр на 70 месцаў. Для гасцей горада даваліся нумары ў гасцініцах «Еўропа», «Парыж», «Бразілія».

З Навагрудчынай звязаны імёны многіх выдатных людзей: канцлера ВКЛ Іахіма Літавора Храптовіча, вялікага паэта Адама Міцкевіча, паэтаў Яна Чачота, Вінцэнта Каратынскага, першага беларускага мемуарыста Фёдара Еўлашэўскага, першай у гісторыі Рэчы Паспалітай жанчыны-ўрача, асветніцы, аўтара прыгодніцкага мемуарага рамана «Авантуры майго жыцця» Саламеі Рэгіны Русецкай, першага беларускага фалькларыста Саламона Рысінскага, многіх мастакоў, навуковых і культурных дзеячаў.

Вось вам і павятовы гарадок…

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?