Вы тут

Зладжаная работа міратворцаў


У мінулыя выхадныя ў Казахстане на палігоне «Бераг» у Алмацінскай вобласці завяршылася актыўная фаза камандна-штабнога вучэння з калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае братэрства-2024». На працягу тыдня, больш за 2000 ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, паліцыі, унутраных войскаў і органаў бяспекі, каля 500 адзінак узбраення і ваеннай тэхнікі, у адпаведнасці з задумай вучэння, практычна адпрацавалі пытанні падрыхтоўкі і вядзення міратворчай аперацыі Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ на тэрыторыі ўмоўнай дзяржавы ў Цэнтральнай Азіі.


У манеўрах пад Алма-Атой бралі ўдзел нацыянальныя кантынгенты міратворчых сіл Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана, аператыўныя групы Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ. Беларусь была прадстаўлена міратворчай ротай 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай ССА Узброеных Сіл, зводным падраздзяленнем АМАП і «Рысь» МУС Рэспублікі Беларусь, афіцэрамі камандавання ССА і Міністэрства абароны нашай краіны.

Праведзенае мерапрыемства паказала ўзрослы ўзровень падрыхтоўкі Аб’яднанага камандавання Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ, а таксама зладжаную работу камандзіраў і штабоў пры падрыхтоўцы міратворчай аперацыі і ў ходзе яе вядзення. У ходзе вучэння міратворчая аперацыя праводзілася ў мэтах стабілізацыі абстаноўкі ў раёнах патэнцыйных канфліктаў і забеспячэння ўмоў для іх справядлівага і мірнага ўрэгулявання.

На вучэнне «Непарушнае брацтва-2024» былі прыцягнуты інструктары, якія непасрэдна маюць вопыт і прайшлі падрыхтоўку ў міратворчых місіях ААН. Падраздзяленні Калектыўных міратворчых сіл АДКБ сумесна вырашалі міратворчыя задачы на кантрольна-прапускных пунктах, пунктах прыёму бежанцаў, ажыццяўлялі патруляванне мясцовасці і дастаўлялі і аказвалі гуманітарную дапамогу.

На ўрачыстай цырымоніі закрыцця вучэння міністр абароны Рэспублікі Казахстан генерал-палкоўнік Руслан Жаксылыкаў адзначыў, што комплекс сумесных вучэнняў з Калектыўнымі сіламі АДКБ праводзіцца больш як 20 гадоў. Штогод адпрацоўваюцца і ўдасканальваюцца мерапрыемствы па прадухіленні, вырашэнні ваенных канфліктаў і постканфліктным урэгуляванні. Ён падкрэсліў, што казахстанскі бок гатовы падзяліцца з абароннымі ведамствамі дзяржаў-членаў АДКБ назапашаным практычным вопытам, унесці прапановы ў праграмы падрыхтоўкі падраздзяленняў Міратворчых сіл АДКБ, а таксама вывучыць вопыт саюзнікаў у гэтай галіне. Падводзячы вынікі вучэння, ён выказаў упэўненасць, што кожны з удзельнікаў вучэння павысіў сваю палявую вывучку і прафесіяналізм, атрымаў вопыт вядзення аперацыі па падтрыманні міру, а таксама ўменне каардынаваць дзеянні шматнацыянальных сіл.

Намеснік Генеральнага сакратара АДКБ Таалатбек Масадыкаў адзначыў высокую зладжанасць міратворчых кантынгентаў АДКБ: «Сёння на Еўразію прыпадае каля 80% усіх міжнародных канфліктаў і гэта актуалізуе задачу выпрацоўкі новых, больш дзейсных механізмаў забеспячэння бяспекі на Еўразійскай прасторы, у тым ліку з задзейнічаннем міратворчага патэнцыялу АДКБ»

Начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў, у прыватнасці, закрануў тэму супрацоўніцтва не толькі ў сферы абароны, але і міратворчай дзейнасці: «Калектыўныя міратворчыя сілы паспяхова выканалі пастаўленыя перад імі шматпланавыя задачы. Падчас вучэнняў адпрацаваны пытанні падрыхтоўкі і правядзення міратворчай аперацыі Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ. На ўсіх этапах вучэння адпрацоўваліся пытанні супрацьпаветранага прыкрыцця, прымянення БПЛА і радыёэлектроннай барацьбы. Мы назіралі за дзеяннямі падраздзяленняў узброеных сіл, іншых сілавых структур, органаў правапарадку і надзвычайных службаў. Адзначу, што ўдзельнікі вучэння паказалі высокі ўзровень зладжанасці, дакладна ўзаемадзейнічалі пры вырашэнні вучэбна-баявых задач. Зроблены яшчэ адзін крок да ўдасканалення аператыўнай сумяшчальнасці міратворчых кантынгентаў нашых краін».

Андрэй Сердзюкоў звярнуў увагу на тое, што асаблівая ўвага ў ходзе вучэння ўдзялялася каардынацыі дзеянняў паміж абароннымі і іншымі зацікаўленымі ведамствамі, што дае магчымасць выводзіць міжведамаснае і міжнароднае ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень. «У палявых умовах мы ўбачылі, як удасканальваюцца вывучка і майстэрства камандзіраў і салдат, фарміруюцца новыя падыходы да сумеснага прымянення падраздзяленняў войскаў, — канкрэтызаваў ён. — Поспехі, дасягнутыя ў вучэнні, — гэта вынік сур’ёзнай падрыхтоўкі міратворцаў, іх умення змагацца і перамагаць у складаных умовах. Высокапрафесійныя і эфектыўныя дзеянні КМС пацвярджаюць, што міратворцы з’яўляюцца кампанентам, без якога немагчыма забяспечыць мір і стабільнасць. Вынікі сумесных вучэнняў сведчаць аб гатоўнасці кантынгентаў АДКБ разам выступіць супраць актуальных выклікаў і пагроз».

Кіраўнік беларускага міратворчага кантынгенту намеснік камандуючага ССА Узброеных Сіл палкоўнік Аляксей Ялфімаў выказаў упэўненасць, што гэта вучэнне стане чарговым штуршком да развіцця міратворчасці не толькі ў маштабах АДКБ, але і ўсяго Еўразійскага кантынента.

«Нашаму кантынгенту падобнае вучэнне заўсёды цікава, — паведаміў ён. — Так, нашы міратворцы маюць нядрэнны багаж ведаў у галіне міратворчай дзейнасці, але ўсё ж гэта толькі навучальныя напрацоўкі. Рэальнага прымянення наш кантынгент па лініі ААН яшчэ не атрымліваў, у адрозненне ад прадстаўнікоў іншых армій, у тым ліку прадстаўнікоў Казахстана, якія маюць багаты вопыт удзелу у міратворчых аперацыях. Прыемна было працаваць з усімі кантынгентамі, разумелі нашых калегаў літаральна з паўслова. Магу з упэўненасцю сказаць, што тэарэтычная і практычная падрыхтоўка міратворцаў, якія ўдзельнічаюць у вучэнні, знаходзіцца на высокім узроўні».

Алег НЯКАЛА
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.