Вы тут

Як гродзенцы «сярэбранага» ўзросту ствараюць настрой сабе і іншым


У гэту паездку да насельнікаў пансіяната «Сасновы бор», што паблізу Гродна, мяне запрасіла актывістка Тэрэза Белавусава. На старонках «Звязды» неаднойчы выходзілі публікацыі аб ёй як аб ахоўніцы крыніц Гродзенскай пушчы. На тых аб’ектах, дарэчы, пабывалі і пацыенты пансіяната. І вось падчас дэкады «Залаты ўзрост», якая традыцыйна праводзіцца ў Гродзенскай вобласці на пачатку кастрычніка, актывістка сабрала такіх жа актыўных гродзенцаў, каб падбадзёрыць пацыентаў пансіяната сваімі творчымі падарункамі.


«Сасновы бор» — установа, можна сказаць, элітная. Будаваўся аб’ект у 70-я гады мінулага стагоддзя як абласны інтэрнат для ветэранаў вайны і працы. Сёння ён мае статус сацыяльнага пансіяната і даволі запатрабаваны ў рэгіёне. Па словах дырэктара Івана Краўцэвіча, установа разлічана на 80 месцаў, і ўсе яны занятыя.

Насельнікі цёпла сустрэлі гасцей. У складзе валанцёрскай групы — людзі «сярэбранага» ўзросту, якія вядуць актыўны лад жыцця і працягваюць развіваць свае творчыя здольнасці. Напрыклад, старшыня ветэранскай арганізацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Уладзімір Цюцюннік у свае 82 гады пастаянны ўдзельнік культурна-масавых і нават спартыўных мерапрыемстваў. Ён расказаў, што большасць членаў супольнасці хоць і маюць сталы ўзрост, але актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, наведваюць фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры, гурткі па інтарэсах, харавыя, вакальныя, танцавальныя студыі. Праводзяць сустрэчы з моладдзю. «Нам прыемна сустрэцца з людзьмі нашага пакалення ў год слаўных юбілеяў — 80-годдзя вызвалення Беларусі і 85-годдзя Гродзенскай вобласці. Мы ўсе працавалі на карысць сваёй краіны», — заўважае ветэран.

У складзе Савета ветэранаў гродзенкі Ірына Мурашова і Ларыса Размук. Сваю жыццёвую пазіцыю яны акрэслілі так: «Баліць не баліць, адзеўся, сабраўся — і наперад».

— Я бачу, што жыццё працягваецца, і не адчуваю сябе на свой узрост, бо мне ўсюды трэба паспець. Можна і ўнукамі займацца, і сабе занятак па душы мець. У некаторых пенсіянераў хоць і няма вялікіх клопатаў, а яны ўсё роўна не хочуць нікуды выходзіць. 

А іншы падняўся, зрабіў прычоску, і ўжо поўны сіл. Я, напрыклад, хаджу на пілатэс — дыхальную гімнастыку. Гэта бясплатна. Можна аздаравіцца без фінансавых затрат, — лічыць Ірына Мурашова, якая больш як 30 гадоў працавала на прадпрыемстве «Хімвалакно».

— Канешне, сваю ролю адыграла пандэмія, але трэба неяк падымацца, працягваць рух. Для гэтага і праводзіцца ў нас дэкада «Залаты ўзрост». Гэта вельмі насычаны мерапрыемствамі перыяд. Але нельга абмяжоўвацца толькі адной дэкадай. Для пажылых у Гродне добра наладжаны службы сацыяльнага забеспячэння, працуюць бясплатныя аздараўленчыя цэнтры, гурткі прыкладнога мастацтва, музычныя, харавыя студыі, ёсць з ільготамі, — дапоўніла сваю сяброўку Ларыса Размук. Жанчына ўпэўнена, што кожны можа знайсці занятак па душы і камфортна адчуваць свой сталы ўзрост.

Такія магчымасці, як аказалася, маюць і жыхары дзяржаўнай сацыяльнай установы «Сасновы бор».

На другім паверсе ў холе стаіць новы тэнісны стол. «Падарунак нашых спонсараў», — каментуе дырэктар. Увогуле, для актыўнага даўгалецця тут ёсць нямала лакацый. Напрыклад, трэнажорная зала, ванна з гідрамасажам. Але больш за ўсё ўразіў саляны пакой. Ён абсталяваны за кошт сродкаў мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Падобных пакояў у пансіянатах вобласці толькі два. «Нашы пацыенты любяць сюды хадзіць. Праводзім два-тры сеансы на дзень па 40 хвілін. Для рэлаксацыі гучыць спакойная музыка», — расказвае дырэктар.

Пераважная большасць жыхароў пансіяната інваліды першай і другой групы, сярэдні ўзрост складае 86 гадоў. Нямала і такіх, каму пераваліла за 90. Палова насельнікаў на ложкавым рэжыме. Гэта людзі, якія перанеслі інсульты, а таксама вельмі ўзроставыя пацыенты.

— Многія больш-менш актыўныя, стараюцца не ляжаць, а рухацца. Усіх, хто можа хадзіць, заахвочваем да гэтага. У нас вопытны і вельмі ветлівы медыцынскі персанал. Акрамя ўрача і фельчара, працуе дыетолаг, фізіятэрапеўт, малодшы персанал, усяго 30 чалавек. Ёсць пакой псіхалагічнай разгрузкі, пакой для творчасці, трэнажорная зала, фітабар. Для падвозу ў паліклінікі закуплены дзве спецыялізаваныя аўтамашыны. Пры неабходнасці возім нашых пацыентаў на абследаванне да вузкіх спецыялістаў у Гродна. Абласны цэнтр — за некалькі кіламетраў ад пансіяната, — расказвае дырэктар установы падчас экскурсіі па аб’екце. Прыезд гасцей «сярэбранага» ўзросту — свайго роду стымул для жыхароў пансіяната ў захаванні пазітыўнага настрою.

Па словах арганізатара Тэрэзы Белавусавай, усе ўдзельнікі выязной групы ўнеслі значны ўклад у развіццё горада і рэгіёна. Сярод іх — кіраўнікі ўстаноў, выкладчыкі, музейныя работнікі, народныя майстры. Напрыклад, Барыс Ерузалім прывёз свой аўтарскі фільм пра фестываль нацыянальных культур, які стаў традыцыйным у Гродне. А цяпер працуе над экспазіцыяй музея ў сярэдняй школе і ў сінагоге. Выкладчык Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта і па сумяшчальніцтве бард Аляксандр Філіпаў выканаў папулярны шлягер 80-х гадоў. Народны майстар Ларыса Дунаева прэзентавала жыхарам пансіяната свае мяккія цацкі. Яна расказала, што захапілася іх стварэннем падчас работы ў Доме дзіцяці, у многіх дзіцячых установах ёсць яе вясёлыя лялькі.

— Гэта захапленне значна ўпрыгожвае маё жыццё, бо я раблю ў асноўным твары з вясёлым настроем, каб лялькі ўсміхаліся. Хочацца несці радасць. У сваю чаргу, і лялькі падбадзёрваюць мяне сваім настроем, натхняюць фантазіраваць, нешта прыдумляць. Мне нават не хочацца іх прадаваць, таму вырашыла, што буду іх проста дарыць. Сёння я падарыла сваіх гномаў усім жанчынам пансіяната, — расказала майстрыха.

— Мы спявалі, расказвалі аб нашым крынічным краі, паказалі фільм, падарылі салодкія пачастункі. Гэтым самым імкнуліся падкрэсліць, што жыццё поўнае радасці. Думаю, што мы і надалей будзем падтрымліваць такія кантакты. Магчыма, правядзём майстар-клас па пашыве мяккіх цацак, з’ездзім яшчэ раз на крыніцы, прыедзем з выступленнем нашых музыкантаў і спевакоў. Бо, калі ёсць узаемаадносіны, тады чалавеку лягчэй, — выказала меркаванне Тэрэза Белавусава.

Менавіта ад адзіноты знайшла прытулак у пансіянаце гродзенка Дына Вячаславаўна. Калісьці яе гарадская кватэра была поўная блізкіх людзей, часта прыязджалі госці. Але з цягам часу жытло апусцела, жанчына засталася зусім адна. Сваім сённяшнім становішчам яна задаволена. «Для адзінокіх гэта вельмі добра, бо дома мне стала вельмі складана сябе абслугоўваць, праблематычна схадзіць у краму, прыгатаваць ежу. Добра, што сюды атрымалася ўладкавацца, знаёмыя дапамаглі сабраць дакументы». Прыезд творчых пенсіянераў яе вельмі парадаваў. «Добра, што ў нас такія адкрытыя і душэўныя сустрэчы. Дзякуючы ім адчуваем сябе ў гушчы падзей», — сказала жанчына на развітанне. Між тым у самім пансіянаце таксама нямала цікавых і таленавітых людзей, якія прадэманстравалі свае вакальныя і творчыя здольнасці. Для заняткаў тут створаны ўсе ўмовы. 

А сустрэчы з валанцёрамі сталі дадатковым імпульсам для актыўнага даўгалецця.

У тэму

На сёння ў Гродзенскай вобласці пражывае амаль 270 тысяч людзей сталага ўзросту, з іх 62 тысячы працягваюць сваю працоўную дзейнасць. У рэгіёне павялічылася колькасць доўгажыхароў. Цяпер тут пражывае 78 чалавек, старэйшых за 100 гадоў.

У вобласці дзейнічае 19 пансіянатаў, 20 цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут створаны ўсе ўмовы для падтрымкі актыўнага ладу жыцця, пераадольвання сацыяльнай ізаляцыі.

Каля паўтысячы чалавек Гродзеншчыны выступаюць у якасці валанцёраў «сярэбранага» ўзросту па аказанні дапамогі інвалідам, сем’ям, бяруць удзел у рэалізацыі сацыяльных праектаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Імпульс для даўгалецця

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.