Як адзначылі ў Белгідрамеце, халодная восень вырашыла да нас не вельмі спяшацца і прапусціць наперад бабіна лета — у сярэдзіне тыдня на захадзе краіны чакаецца пацяпленне да 22 градусаў. Дарэчы, ужо з аўторка сінаптычная сітуацыя пачне мяняцца. Паказанні барометраў стануць расці, улада над надвор’ем пяройдзе да вобласці павышанага атмасфернага ціску, якая стане перашкодай для франтальных раздзелаў, а значыць, ападкі ў большасці раёнаў спыняцца, лічаць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. На жаль, дыскамфорту будзе дадаваць моцны парывісты вецер.
У аўторак умовы надвор’я ў Беларусі будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі ноччу па ўсходняй палове краіны адаб’ецца ўплыў франтальнага раздзелу. Чакаецца воблачнае, днём з праясненнямі надвор’е. Ноччу і раніцай у асноўным па ўсходняй палове краіны пройдуць дажджы, днём пераважна без ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі будзе згушчацца туман. Вецер уначы паўночна-заходні, удзень няўстойлівы ад слабага да ўмеранага, на ўсходзе месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы 3–9 цяпла, максімальная днём ад 9 да 15 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах Беларусі складзе 16–18 градусаў. Атмасферны ціск будзе слаба расці.
Ужо ў сераду ўмовы надвор’я будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, у дзённыя гадзіны ў заходніх раёнах краіны адаб’ецца ўплыў цёплых паветраных мас, якія распаўсюджваюцца да нас з поўдня Еўропы. Воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, удзень парывісты, у асобных раёнах на паўночным захадзе моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы 1–8 цяпла, па захадзе краіны да плюс 12 градусаў, па ўсходзе краіны пры праясненнях чакаюцца замаразкі да мінус 2 градусаў. Аднак днём прыгрэе: ад 11 цяпла па паўночным усходзе да плюс 22 градусаў па захадзе краіны.
У чацвер пацяплее і ноччу. У гэтыя суткі надвор’е ў асноўным працягне вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі ноччу па паўночна-заходняй палове краіны адаб’ецца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту. Воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі па паўночна-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ўжо 6–12 цяпла, а максімальная днём будзе ад 13 градусаў па паўночным усходзе да 22 цяпла па захадзе краіны.
Згодна з папярэднім прагнозам айчынных сіноптыкаў, да канца тыдня вобласць высокага ціску стане губляць свой уплыў на надвор’е, ціск пачне падаць, павялічыцца колькасць аблокаў, а франтальныя раздзелы прынясуць новыя порцыі дажджоў.
Ужо ў пятніцу 11 кастрычніка ноччу месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Удзень у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе дастаткова цёплай — 8–15 градусаў, а максімальная днём — 12–19 цяпла, а па паўднёвым усходзе краіны — да 22 градусаў.
У выхадныя да нас пачне вяртацца звычайная восень. У суботу ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ўначы — 4–9 градусаў, па ўсходзе да 12, а максімальная днём — 9–15 цяпла.
У нядзелю 13 кастрычніка будзе пераважна без ападкаў, толькі ноччу месцамі па ўсходзе, а днём і па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы — 1–6 цяпла, месцамі да 9 градусаў, максімальная днём — 8–13 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.