Вы тут

Як змагацца з выгараннем?


Адсутнасць сіл і энергіі, якія нярэдка абвастраюцца восенню, вядомы як эмацыянальнае выгаранне. Пра яго сімптомы, прычыны і простыя рашэнні, якія дапамогуць круглы год адчуваць сябе на ўздыме, размаўляем з урачом-гігіеністам аддзялення інфармацыянальна-метадычнай работы Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай МЯДЗВЕДЗЬ.


— Аліна Ігараўна, давайце спачатку вызначым, што такое эмацыянальнае выгаранне?

— Гэта стан фізічнага і эмацыянальнага знясілення, якое ўзнікае ў выніку хранічнага стрэсу і празмернай нагрузкі. Гэта не проста стомленасць, якая праходзіць пасля добрага адпачынку. Эмацыянальнае выгаранне закранае ўсе аспекты жыцця чалавека: работу, асабістыя адносіны, здароўе. Важна разумець, што выгаранне развіваецца паступова і можа мець сур’ёзныя наступствы, калі яго ігнараваць.

— Якія прыкметы эмацыянальнага выгарання?

— Сімптомы часта развіваюцца паступова, на ранніх стадыях многія людзі не ўсведамляюць, што знаходзяцца ў гэтым стане, пакуль пэўныя прыкметы не стануць невыноснымі. Найперш гэта хранічная стомленасць: пачуццё знясілення не толькі фізічнага, але і эмацыянальнага. Нават пасля адпачынку чалавек не адчувае сябе свежым і поўным сіл, няма папаўнення рэсурсу для далейшай дзейнасці. З’яўляецца агульная негатыўная ўстаноўка на жыццёвыя і прафесійныя перспектывы — па тыпе «як ні старайся, усё роўна нічога не атрымаецца».

Таксама характэрная раздражняльнасць, у тым ліку на малаважныя, дробныя падзеі. Нярэдка далучаюцца праблемы са сном: цяжкасці з засынаннем, частыя абуджэнні ўначы ці, наадварот, празмерная санлівасць.

Дадаюцца і фізічныя сімптомы: галаўныя болі, расстройствы страўнікава-кішачнага тракта, мышачнае напружанне таксама могуць быць прыкметамі эмацыянальнага выгарання.

— Як пазбегнуць эмацыянальнага выгарання?

— Вельмі важна стварыць камфортную працоўную абстаноўку — планаваць справы па тэрміновасці і важнасці, рабіць кароткія перапынкі на адпачынак ці змену дзейнасці. Тут неабходна дакладна прытрымлівацца балансу «праца — вольны час». Гэта значыць, пакідаць работу на рабоце і старацца не вырашаць рабочыя пытанні па-за офісам. «Выгаранне» ўзмацняецца кожны раз, калі межы паміж работай і домам пачынаюць сцірацца і работа займае большую частку жыцця. Неабходна мець вольныя вечары і выхадныя.

Дапаможа і здаровы лад жыцця, у прыватнасці рэгулярныя фізічныя практыкаванні. Пачніце, напрыклад, з 15-хвіліннай прагулкі кожны дзень. Важнае і збалансаванае харчаванне: уключыце ў рацыён больш гародніны і садавіны, абмяжуйце спажыванне кафеіну і цукру. Ні ў якім разе нельга ігнараваць здаровы сон: наладзьце яго рэгулярны рэжым, мінімум 7-8 гадзін у суткі, пазбягайце гаджэтаў за дзве гадзіны да сну.

Часта выратоўвае наяўнасць хобі — займальнае і радаснае правядзенне часу таксама з’яўляецца адпачынкам ад рабочых задач і руціны.

Абавязкова трэба адзначыць, што эмацыянальнае выгаранне можна прадухіліць і пераадолець, калі ставіцца свядома і з клопатам да самога сябе і ўласнага здароўя.

Алена КРАВЕЦ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.