Вы тут

Хобі — ствараць прыгажосць


На нядаўнім семінары Палаты прадстаўнікоў, які праходзіў на базе Баранавічаў, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, падобныя добрыя справы называлі грамадзянскімі ініцыятывамі. Так і ёсць, асабліва калі пачынанні былі належным чынам аформлены і зафіксаваны. Але ж многія і многія нашы людзі ажыццяўляюць уласныя задумкі, у тым ліку на агульную карысць, не клапоцячыся пра іх вызначэнне. Вось як Валянціна Белая з Белавежскага. Вясковая жанчына не называе ўладкаваны ёю маленькі аазіс грамадзянскай ініцыятывай і не лічыць свой удзел у добраўпарадкаванні вуліцы Лясной нечым асаблівым. Проста яна так жыве, каб вакол усё расло, цвіло, зелянела. Колькі сябе памятае, стварае прыгажосць.


Белавежскі — пасёлак новы, вырас адначасова з будаўніцтвам жывёлагадоўчага комплексу. Тут у асноўным усе прыезджыя. Напрыклад, Валянціна Яўгенаўна родам з Бярозаўскага раёна, яе муж Аляксандр Яўгенавіч вырас на Гродзеншчыне. Пазнаёміліся яны ў Брэсце, калі Валя вучылася на кухара, а Аляксандр ужо працаваў. Як яна згадвае, жыць на прыватнай кватэры маладой сям’і было матэрыяльна складана. Вось і сталі шукаць месца працы, дзе б забяспечвалі жыллём. Такім месцам аказалася вялікае сельгаспрадпрыемства «Белавежскі» ў Камянецкім раёне. Ім прапанавалі работу на новым мясакамбінаце і адразу далі два пакоі ў інтэрнаце, які ўсе называлі баракам за выцягнутую форму будынка. Праз два гады яны ўжо атрымалі асобную кватэру, а ў 2007 годзе пераехалі ў новы дом, які пабудавала гаспадарка.

Вось тут стала набываць рэальныя абрысы яе даўняя мара — жыць у прыгожым доме, з уладкаваным на свой густ падворкам. Гэтай справе муж і жонка прысвяцілі не адзін год. І цяпер не толькі іх падворак, але і ўвесь участак уяўляе сабой карцінку. Нават тая палова, якая занята агародам з невялікай цяпліцай, добраўпарадкавана так, што хоць на вокладку ў глянцавы часопіс. Усе градкі, межы, участкі з травой выглядаюць на здзіў гарманічна! Побач пастаўлены лавачкі, адпачыць можна тут жа, напрыклад, напрацаваўшыся ў агародзе. Тэрыторыя распланавана рацыянальна, знайшлося месца для зоны барбекю і, вядома ж, для клумбаў з кветкамі.

Цяпер Валянціна Белая працуе на камбікормавым заводзе ААТ «Белавежскі» зменным майстрам. Работа патрабуе ўвагі, засяроджанасці. Гаспадыня расказвае: «Цэлую змену знаходжуся ў памяшканні два на чатыры метры з мноствам прыбораў і да канца змены ўжо скурай адчуваю патрэбу дыхнуць свежым паветрам каля сваіх любімых зялёных насаджэнняў. Папрацаваць пасля работы дзве-тры гадзіны на зямлі для мяне — своеасаблівы рэлакс, адпачынак душы. Адразу прыходзіць спакойны, добры настрой, паляпшаецца самаадчуванне. Яны, гэтыя расліны, нібы падсілкоўваюць мяне энергіяй. 

А яшчэ люблю эксперыменты. У мяне ніколі не бывае два гады запар адной і той жа кампазіцыі на падворку. Увесь час нешта мяняецца, удасканальваецца. Часам шкадую, што за плячыма няма якіх-небудзь дызайнерскіх курсаў. Важна, што муж дапамагае ва ўсім. Калі я агучу ідэю перанесці на іншае месца сваю архітэктурную форму з камянёў, то ён бярэ і нясе. У асноўным жа ўсё робім разам», — падсумавала Валянціна Яўгенаўна.

Але, уладкаваўшы на свой густ падворак, на тым не спынілася. Цераз дарогу насупраць дома раней была фактычна вялікая пустка, дзе раслі высокая трава, хмызняк, пустазелле. Вядома ж, не ў характары Валянціны дапускаць, каб зямля такім чынам «гуляла». І яны з мужам паступова, з кожным годам сталі ператвараць нічыйны лапік у астравок прыгажосці. На гэтым участку з’явіліся дэкаратыўныя кусты, невялікія дрэўцы, кветкі. 

Нават малыя архітэктурныя формы знайшлі сабе месца і прымяненне. З вясны да восені тут красуе сад бесперапыннага цвіцення. Ужо адышлі кветкі летнія, але прыгожа квітнеюць жоўтыя хрызантэмы. Апошнія не проста растуць на градзе сярод травы, а, як выглядае, добра сябе пачуваюць на адмысловай круглай клумбе, прамульчыраваныя рэшткамі драўніннай кары. Побач прымасціліся два бярозавыя пянькі па суседстве з высокай туйкай.

— Прыехалі б вы сюды позняй вясной, — гаворыць старшыня Белавежскага сельскага Савета Ганна Чапялюк, — ад саду Валянціны Яўгенаўны вачэй не адвесці! Ды і цяпер, калі наўкола ўсё засыхае і вяне, перад іх домам усё роўна прыгожа. Іх з Аляксандрам Яўгенавічам падворак не раз быў адзначаны па выніках сельсавецкага і раённага конкурсаў. Да іх у любы час хоць дэлегацыі прыводзь: заўсёды чысціня, прыгажосць, ідэальны парадак. І галоўнае, што ўвесь участак такі. У некаторых жыхароў таксама акуратна дагледжаны і ўладкаваны пярэднія зоны падворкаў, а ззаду, на так званай гаспадарчай частцы, выгляд не вельмі... Тут па ўсім перыметры аднолькава: у поўным парадку. Таму і ставім у прыклад, і заахвочваем пры выпадку.

Старшыня Камянецкага раённага Савета Аксана Высакагроцкая сказала, што такая маленькая ініцыятыва, якую ажыццявілі сужэнцы Белыя, робіць выгляд нашых населеных пунктаў больш яркім, прыгожым, разнастайным. 

Важна, што муж і жонка не абмежаваліся добраўпарадкаваннем уласнага падворка, а зрабілі прыгожым невялікі ўчастак вуліцы насупраць дома. 

Хацелася б, каб такіх ініцыятыўных людзей было больш, каб іх актыўная жыццёвая пазіцыя станавілася прыкладам для суседзяў.

Святлана ЯСКЕВІЧ,фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.