Вы тут

Час рабіць запасы


Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. Усё яшчэ працягваецца ўборка ўраджаю, у разгары закладка прадукцыі ў сховішчы, але ўжо відавочна: аб’ёмы гародніны, садавіны, ягад здольныя поўнасцю закрыць патрэбы ўнутранага рынку. Хапае на тое, каб сфарміраваць стабілізацыйныя фонды, задаволіць патрэбы перапрацоўчай прамысловасці і запыт насельніцтва ў экалагічна чыстых, карысных вітамінах, з любоўю вырашчаных на беларускай зямлі — у сельскагаспадарчых арганізацыях, фермерскіх і сялянскіх гаспадарках.


Інавацыйныя сарты

Вытворчасць сельгаспрадукцыі — найважнейшая галіна эканомікі нашай краіны, якая забяспечвае харчовую бяспеку і экспартны патэнцыял. Пладаводства і агародніцтва, а таксама бульбаводства развіваюцца ў адпаведнасці з мерапрыемствамі дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнес» на 2021–2025 гады, стратэгіяй развіцця цяплічнага агародніцтва Беларусі на 2023–2027 гады, іншымі дзяржаўнымі навукова-тэхнічнымі праграмамі, мерапрыемствамі і комплексамі мер, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства, начальнік упраўлення бульбаводства, плодаагародніцтва, аграхіміі і аховы раслін Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Карбановіч. 

Яна адзначыла, што ў Беларусі створана буйнатаварная вытворчасць плодаагароднінай прадукцыі, прычым асноўныя аб’ёмы гэтай вытворчасці — больш за 60% — сканцэнтраваны менавіта ў грамадскім сектары, у спецыялізаваных арганізацыях. Спецыяліст падкрэсліла, што адзначаецца тэндэнцыя да павелічэння аб’ёмаў вытворчасці бульбы і плодаагародніннай прадукцыі ў сялянскіх і фермерскіх гаспадарках:

— Доля прадукцыі, што вырабляецца ў гэтай катэгорыі гаспадарак, у агульным аб’ёме вытворчасці грамадскага сектара краіны складае па бульбе, пладах і ягадах па 50%, а па агародніне — больш за 70%.

Са свайго боку вучоныя імкнуцца даць аграрыям больш магчымасцяў, удасканальваючы сартавы склад сельгаскультур.

— У Дзяржаўны рэестр сартоў для прамысловай апрацоўкі ўключана 184 сарты бульбы, у тым ліку 46 айчыннай селекцыі рознага мэтавага прызначэння для прыгатавання бульбы фры, чыпсаў, замарожанай, гарнірнай бульбы, — паведаміла Таццяна Карбановіч.

У Дзяржрэестр таксама ўключана больш за тры тысячы сартоў і гібрыдаў агароднінных і бахчавых культур, з іх 302 —- айчыннай селекцыі, і 460 сартоў пладовых і ягадных культур, з якіх 342 — зноў жа айчыннай селекцыі, канкрэтызавала спікер.

Адно з найважнейшых пытанняў на парадку дня — хуткае раяніраванне сартоў сельскагаспадарчых раслін айчыннай і замежнай селекцыі (раяніраванымі называюць сарты, прыдатнасць якіх да вырошчвання ў канкрэтным рэгіёне навукова праверана і пацверджана). Такім чынам, у вытворчы працэс будуць аператыўна ўключацца найбольш інавацыйныя і запатрабаваныя сарты, якія хутчэй дойдуць да спажыўца, падкрэсліла яна.

— Гэта адно з даручэнняў па выніках наведвання кіраўніком дзяржавы фермерскай гаспадаркі «Спартан-Агра». У рамках дзяржаўнага сортавыпрабавання нам трэба будзе гэтую работу выканаць, унесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў заканадаўства, — сказала Таццяна Карбановіч.

Многае зроблена ўжо сёння: пашыраны асартымент агароднінных культур, якія вырошчваюцца ў краіне, да 40 найменняў, пладова-ягадных — да 30. 

Шырока вырошчваюцца ў Беларусі семечкавыя і костачкавыя пладовыя культуры, а агароднінная прадукцыя апрацоўваецца як у адкрытым, так і ў абароненым грунце.

Гарачая пара

Але толькі вырасціць якасную сельскагаспадарчую прадукцыю недастаткова, важны ўвесь тэхналагічны ланцужок. І наступныя яго этапы — своечасова сабраць ураджай і без страт захаваць. У цэлым, з пачатку года (за 9 месяцаў) Белкаапсаюз закупіў сельгаспрадукцыі на больш за 390 млн рублёў, адзначыла начальнік упраўлення нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Белкаапсаюза Аксана Скіндэр. Насельніцтву нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі за здадзеную сельгаспрадукцыю сёлета парадку 240 млн рублёў.

Гэтая работа працягваецца: восень — гарачая пара для нарыхтоўшчыкаў.

— Нарыхтоўчая галіна вельмі дэталёва працуе з насельніцтвам, — адзначыла начальнік упраўлення Белкаапсаюза. — Мы прывіваем культуру догляду прысядзібных участкаў, стымулюем вырошчванне культур. 

Арганізацыі спажывецкай кааперацыі праводзяць у тым ліку палітыку прасоўвання ўнікальнай, нетрадыцыйнай беларускай прадукцыі. Такім напрамкам сталі некалі беларускія кавуны, якія сёння прысутнічаюць на прылаўках. Насельніцтва ведае іх смак. Ужо вырошчваюць грэцкія арэхі на прысядзібных участках. Тыя ж буякі, якія мы ўводзілі калісьці як «эксклюзіўныя ягады» і яны прадавалася на вагу золата, сёння прысутнічаюць на дачных участках і сталі традыцыйнымі, даступнымі. 

Немалаважную ролю ў гэтым адыграла і спажывецкая кааперацыя.

Арганізацыі спажыўкааперацыі — гэта не толькі нарыхтоўчая дзейнасць, але і перапрацоўка, гандаль, грамадскае харчаванне. Але нарыхтоўкі для Белкаапсаюза — ключавы кірунак. Валодаючы шырокай сеткай прыёманарыхтоўчых пунктаў (іх 760), Белкаапсаюз закупляе ў насельніцтва як сельгаспрадукцыю, так і дары лесу — такім чынам лясныя грыбы і ягады трапляюць і на прылаўкі, і на перапрацоўку, на ўнутраны рынак і на экспарт. У актыве арганізацыі — 107 рынкаў, якія не толькі прапаноўваюць гандлёвыя месцы, але і арганізоўваюць нарыхтоўчую і гандлёвую дзейнасць, падкрэсліла Аксана Скіндэр.

— Пытанне якасці ў сістэме спажывецкай кааперацыі на ўзмоцненым кантролі, — паведаміла яна. — У нас прысутнічае ўвесь спектр сартавога складу, мы зацікаўлены, каб самы шырокі асартымент прапанаваць у міжсезонны перыяд. Актыўна працуем і з сельгасвытворцамі. З году ў год заключаем дагаворныя адносіны з каля 200 фермерамі. Гэта спецыялізаваныя сельгасарганізацыі, якія вырошчваюць пэўныя культуры, пэўныя сарты і прапаноўваюць гэту прадукцыю ў міжсезонны перыяд.

Ёсць у Белкаапсаюза і свая база для захоўвання і стварэння стабілізацыйных фондаў. Сёлета ў фарміраванні стабфондаў будзе ўдзельнічаць 41 сховішча Белкаапсаюза.

— Плануем закласці не менш як 5 тысяч тон сельскагаспадарчай прадукцыі: гэта бульба, гародніна ў асартыменце (капуста, буракі, морква і цыбуля), яблыкі. Прадукцыя праходзіць узмоцнены адбор па якасці, таму што павінна захавацца ў таварным выглядзе да мая — чэрвеня.

Брусніцы, патысоны, халапеньё...

Аб нарыхтоўках на зіму восенню думаюць не толькі гаспадыні, але і перапрацоўшчыкі: сёлета прадпрыемствы кансервавай галіны зрабілі акцэнт на ягады, павялічыўшы нарыхтоўку малін, чарніц, буякоў і брусніц. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела аграпрамысловай інтэграцыі і нарыхтовак сельскагаспадарчай сыравіны канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алена Андрэева, штогод для перапрацоўкі нарыхтоўваецца каля 150–170 тысяч тон сыравіны, з якіх плады і ягады складаюць 100–115 тысяч тон (90–100 тысяч тон з гэтага — беларускія яблыкі). Палова пладова-ягаднай прадукцыі адпраўляецца на кансерваванне, палова — на вінаробныя прадпрыемствы. Нарыхтоўваецца і гародніна, сказала Алена Андрэева, штогод каля 50–55 тысяч тон.

Спецыяліст падкрэсліла: для кожнага віду кансервавання або апрацоўкі да сыравіны прад’яўляюцца розныя патрабаванні, яны адрозніваюцца, напрыклад, для вытворчасці дзіцячага харчавання і хутказамарожанай прадукцыі, фруктовых напаўняльнікаў або кансерваў. Менавіта таму ў перапрацоўчых прадпрыемстваў створаны сумесна з сельгасарганізацыямі, фермерскімі і сялянскімі гаспадаркамі сыравінныя зоны па пладова-ягаднай і агародніннай сыравіне.

— Практычна чвэрць арганізацый кансервавай галіны мае ўласныя сыравінныя зоны. Гэта дзевяць арганізацый краіны. У вінаробстве такіх зон менш: з 20 арганізацый сыравінныя зоны маюць тры, — распавяла спецыяліст.

Прычым вырошчваюцца ў такіх сыравінных зонах не толькі найбольш запатрабаваныя віды гародніны і садавіны — яблыкі, буракі, морква і гэтак далей. Ёсць і такія культуры, як шчаўе, цукровая кукуруза, зялёны гарошак, бружмель, буякі, чырвоная і чорная парэчка, агрэст.

— Вядзём пастаянную работу па закупцы сыравіны ў насельніцтва як праз свае стацыянарныя прыёмныя пункты, так і шляхам прыёмкі сыравіны ад нарыхтоўчай сістэмы спажывецкай кааперацыі. У 2023 годзе з уласных сыравінных зон кансервавых заводаў узялі на перапрацоўку каля 20% усяго аб’ёму нарыхтаванай кансервавай сыравіны, — адзначыла спікер.

У цэлым, сёння на прамысловую перапрацоўку накіроўваецца больш за 45 відаў беларускай сельгаспрадукцыі, у тым ліку яблыкі, грушы, слівы, алыча, вішні, вінаград, розныя віды садовых і дзікарослых ягад, шэраг агароднінных культур, спаржавая фасоля, шчаўе, шпінат, спаржа. Гэты год ураджайны на ягады, і перапрацоўчая галіна не магла не адрэагаваць:

— Нядрэнна ў гэтым годзе мы спрацавалі па маліне: да фактычных аб’ёмаў нарыхтоўкі па мінулым годзе гэта 112%. Чарніцы — 156%, буякі — 142%. Брусніц нарыхтавалі ў 4 разы больш, чым летась.

Выраслі сёлета і аб’ёмы нарыхтовак па іншых пазіцыях.

— Карыстаецца попытам перапрацаваная прадукцыя з выкарыстаннем патысонаў. Мы іх нарыхтавалі ў 2,5 раза больш, чым летась. Баклажан беларускі — 144%. Ну, і традыцыйныя кабачкі, гарбузы. З апярэджаннем да ўзроўню мінулага года ідзе сёлета нарыхтоўка ягад і яблыкаў, — праінфармавала прадстаўнік «Белдзяржхарчпрама».

Згодна са стратэгіяй развіцця кансервавай галіны, штогод перапрацоўшчыкі павінны нарыхтоўваць сыравіну ў аб’ёме 80 тысяч тон.

— Мы ўжо прынялі на перапрацоўку 64 тысячы тон сыравіны, — сказала Алена Андрэева. — Працягваем масавую нарыхтоўку яблыкаў, якую будзем весці практычна да канца года. Вядзём нарыхтоўку гарбузоў. Наперадзе нарыхтоўка холадаўстойлівых агароднінных культур.

Зразумела, у першую чаргу важна перапрацаваць тое, што вырасла на нашых палях і агародах, але выкарыстоўвае галіна і сыравіну, якая ў Беларусі не вырабляецца (апельсіны, лімоны, ківі, ананасы, манга, аліўкі і г. д.). Дарэчы, сёлета ў спісе сыравіны, якая перапрацоўваецца кансервавымі прадпрыемствамі, з’явіліся новыя пункты — гэта каперсы, перац халапеньё і перац «Мексіканец».

Здзівіць спажыўца

Усяго ў Беларусі перапрацоўкай плодаагародніннай прадукцыі займаецца 29 прадпрыемстваў, якія маюць спецыялізаваныя магутнасці, расказала начальнік упраўлення па вытворчасці прадуктаў харчавання канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Юлія Аляхно. Чатыры з іх — у складзе «Белдзяржхарчпрама», прычым два займаюцца вытворчасцю дзіцячага харчавання.

— Сёння ёсць патрэба ў шматкампанентных соках, дзіцячым харчаванні, — адзначыла начальнік упраўлення. — Імкнёмся здзівіць нашых спажыўцоў — і маленькіх, і дарослых. Распрацоўваем новыя рэцэптуры, новыя віды прадукцыі. Шырокую лінейку сокаў вырабляем на аснове бярозавага.

Спікер падкрэсліла: прадпрыемствы канцэрна пастаянна мадэрнізуюцца, у іх цэхах устаноўлена найноўшае абсталяванне. І ў цэлым, кансервавая галіна нашай краіны прапаноўвае спажыўцу найшырэйшы асартымент высакаякаснай прадукцыі.

— Вырабляем вельмі шырокі асартымент і ўжо дайшлі да перапрацоўкі халапеньё, каперсаў і гэтак далей. Прадпрыемствы імкнуцца вырабіць і марынаваныя слівы, і спаржу марынаваную, здзівіць хоць нечым нашага патрабавальнага спажыўца, — адзначыла яна. — Удзяляем увагу і дзіцячаму харчаванню. Пашыраем лінейку сокавай прадукцыі з паніжаным утрыманнем цукру, солі для дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту. 

Вырабляем таматныя соусы, каб разнастаіць асартымент школьных сталовых. Кактэйлі фруктова-малочныя, у тым ліку на аснове расліннай сыравіны. Цяпер папулярнае расліннае малако, мы асвоілі вытворчасць і актыўна прасоўваем, прапаноўваем сеткам для рэалізацыі. Пашырылі лінейку дзіцячых плодаагародніных пюрэ для дашкольнага харчавання — «перакус на раз» у пакаванні тэтрапак. Дзіця ўзяло з сабой у партфель, перакусіла карысным. З навінак прадпрыемства —сокі прамога адціскання — мандарынавыя, гранатавыя, таматныя, грэйпфрутавыя.

Усё гэта, з аднаго боку, — імпартазамяшчэнне, з другога — экспартна-арыентаваная прадукцыя, падсумавала спецыяліст.

— Каля 41% у аб’ёмах нашай рэалізацыі на сёння — гэта экспарт. 

Асноўны рынак — Расійская Федэрацыя, але нашы прадпрыемствы рэалізоўваюць прадукцыю ў Ізраіль, Казахстан, Узбекістан, Арменію, Грузію.

Наладжаны пастаўкі ў КНР, дзе беларускі бярозавы сок карыстаецца вялікім попытам, дадала эксперт. Дзіцячае харчаванне беларускай вытворчасці таксама паступова заваёўвае давер кітайскіх спажыўцоў.

Аляксандра Анцэлевіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.