З прадстаўнікамі галіновых прафсаюзаў, прафактыва сталіцы і Мінскай вобласці сустрэліся аўтары выдання, у якім з апорай на дакументы і ўнікальныя фатаграфіі расказваецца гісторыя Беларусі ў той перыяд, калі частка нашай краіны знаходзілася пад уладай Польшчы. Галоўная адметнасць кнігі — магчымасць параўнаць, як жылі людзі пад польскай уладай і ў БССР, і як беларусы ўспрынялі ўз’яднанне краіны ў 1939 годзе.
— Гэта ўнікальны праект, які на аснове архіўных дакументаў, матэрыялаў, ілюстрацый паказвае тое, што адбывалася ў Заходняй Беларусі і ў савецкай Беларусі. Калі гартаеш кнігу, становіцца зразумела, чаму большасць беларускага народа з пазітывам успрынялі падзеі восені 1939 года. Гэта быў сапраўды дзень народнага яднання, — падкрэсліў навуковы кансультант выдання, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч.
— Прамысловасць, сельская гаспадарка ў Заходняй Беларусі былі ў заняпадзе. Беларусы жылі вельмі бедна. Практычна не мелі зямлі. Закрываліся беларускія школы. Беларусаў спрабавалі апалячыць. У гэты ж час у савецкай Беларусі будаваліся заводы, жыллё, бальніцы, спартыўныя аб’екты, школы, музеі, — распавёў адзін з аўтараў кнігі, гісторык, краязнаўца і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў і падкрэсліў, што гэта не меркаванне аўтараў, а рэальнасць, захаваная ў фатаграфіях, ілюстрацыях, выразках з газет тых дзён, якія і прадстаўлены ў кнізе.
У той жа час і аўтары выдання, і прадстаўнікі прафсаюзаў, якія прынялі ўдзел у прэзентацыі, асабліва адзначылі, што гэта кніга важная не толькі з пункту гледжання гісторыя і ўсведамлення важнасці даты 17 верасня 1939 года, але і разумення каштоўнасці адзінства беларускага народа на сучасным этапе.
— Кніга паказвае, чаму так важна ведаць, разумець і думаць аб захаванні цэласнасці нашай краіны. Асабліва гэта актуальна для нашай моладзі, — адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў, рэктар Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» Уладзімір Пазнякоў.
Алена КРАВЕЦ
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.