Вы тут

Ангеліна Самалётава: Творчасць жыве ў сэрцы кожнага чалавека


Наша гераіня вучыцца на трэцім курсе ў БДУКМ, марыць пра вялікую сцэну і на сваім прыкладзе паказвае, як важна ісці за голасам сэрца, каб здзейсніць задуманае. Ангеліна Самалётава — таленавітая дзяўчына, якая рознабакова рэалізоўваецца і развіваецца. Іграе на фартэпіяна, спявае, малюе і добра валодае англійскай мовай. Пазнаёміліся мы з ёй на фестывалі «Моладзь за Саюзную дзяржаву» ў Смаленску, дзе дзяўчына ў вакальным выпрабаванні атрымала званне лаўрэата і дыплом 1-й ступені. Гэта не першая яе перамога, таму пры сустрэчы пацікавіліся, як дасягаць жаданага, не баяцца рызыкаваць і заяўляць пра сябе.


— Ангеліна, раскажы, як даўно займаешся вакалам і з чаго ўсё пачалося?

— Насамрэч, музыка з ранняга дзяцінства прысутнічае ў маім жыцці. Мне заўсёды падабалася выступаць на розных мерапрыемствах як у дзіцячым садку, так і ў школе. Толькі гучала пытанне: «Хто будзе спяваць?» — я імгненна адгукалася.

Маё захапленне музыкай складана было не заўважыць, аднак у музычную школу мяне спачатку не ўзялі з-за ўзросту. І ў 9 гадоў маці з бабуляй прывялі ў вакальную студыю ў маім родным горадзе Светлагорску. Я наведвала яе да 11 класа, але паралельна ўсё ж паступіла ў музычную школу і скончыла яе па класе фартэпіяна.

— Чаму вырашыла і пасля школы паступаць на спецыяльнасць, звязаную з музыкай? Ці падабаецца табе вучоба ў творчай навучальнай установе?

— Першапачаткова план быў зусім іншы. Збіралася ісці ў МДЛУ і вывучаць замежныя мовы. Я вельмі добра здала ЦТ і іспыты, але ў апошні момант зразумела, што нешта не тое. Быццам гэта будзе не мой шлях і не маё жыццё. Літаральна ў апошні дзень забрала дакументы і перакінула іх у БДУКМ на спецыяльнасць «Эстрадна-джазавы вакал». Вырашыла пайсці за голасам сэрца, і, здаецца, усё атрымалася.

Ужо вучуся на трэцім курсе і магу сказаць дакладна: я вельмі рада, што паступіла менавіта ў гэты ўніверсітэт. Вучоба даецца лёгка. Вакол цудоўная атмасфера: усе вельмі добразычлівыя і творчыя. А яшчэ ў мяне склаўся сапраўдны «канэкт» з адным з педагогаў. Вельмі люблю свайго выкладчыка па вакале Таццяну Мікалаеўну Дробышаву, якая мяне ва ўсім падтрымлівае.

— Як часта ўдзельнічаеш у конкурсах і чаму гэта важна для вакаліста?

— У конкурсах і фестывалях як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню я сапраўды ўдзельнічаю часта. Гэта і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, і фестываль-конкурс «Залатая пчолка», і «Агонь маладзёжных талентаў», і шмат іншых. Лічу, што такія спаборніцтвы — важны досвед вакалісту, бо ты развіваешся, гледзячы на іншых людзей. Гэта не пра канкурэнцыю, а пра тое, каб для сябе адзначыць, што адметнага робяць таленавітыя людзі. Ды і наогул кожны конкурс — проста скарбніца новых цікавых знаёмстваў. А яшчэ мяне яны зараджаюць энергіяй і матывацыяй.

— Што можаш сказаць аб фестывалі ў Смаленску? Ці чакала, што прывязеш у Беларусь перамогу?

— На фестывалі мне ўсё спадабалася. Ужо месяц амаль мінуў, а я яшчэ пад моцным уражаннем. Там была вельмі дружная атмасфера. Помню, спявала на сцэне, а ад гледачоў адчувала проста неверагодную энергетыку і падтрымку. І журы на конкурсе было вельмі прафесійнае і тактоўнае. Наогул, я туды ехала з дзвюма асноўнымі мэтамі: паглядзець горад і абзавесціся новымі сябрамі. Лічу, усё паспяхова выканала.

Што датычыцца выступлення, то, вядома, перад выхадам на сцэну хваляванне прысутнічала. Мне здаецца, яно ёсць заўсёды нават у самых дасведчаных артыстаў. Менавіта гэтае пачуццё настройвае на патрэбны лад і дапамагае сканцэнтравацца. Наконт першага месца — гэта не было маёй самамэтай, але ў глыбіні душы вельмі хацелася, каб маё выступленне атрымала годную адзнаку. І ў выніку маем вельмі прыемны вынік, за які я ўдзячная ўсім, хто да гэтага мае дачыненне.

— А на каго з артыстаў арыентуешся ў музыцы?

— Папраўдзе, вылучыць аднаго самага-самага вельмі цяжка. Калі казаць пра беларускую эстраду, то мне падабаецца творчасць Ганны Благавай і голас Яўгена Курчыча, якія, дарэчы, былі ў журы Смаленскага фестывалю. Таксама мне вельмі блізкая творчасць Сяргея Лазарава і Паліны Гагарынай. А з замежных выканаўцаў люблю Адэль, Крысціну Агілеру і Evanescence.

— Падзяліся сваімі прафесійнымі марамі: на якіх пляцоўках хацела б выступіць і ў якіх праектах паўдзельнічаць?

— Прызнаюся, я мару прабіцца на вялікую сцэну і выступаць побач з сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Кагосьці палохае публічнасць і слава, а я, наадварот, хачу, каб мае песні слухалі і каб мяне пазнавалі на вуліцы. Аднак мары могуць так і застацца марамі, калі не прыкладаць адпаведных намаганняў. Таму стараюся крок за крокам набліжацца да іх. Раней я выконвала песні іншых артыстаў, цяпер жа працую над выпускам сваіх уласных кампазіцый. Натхняюся людзьмі і музыкай. У перспектыве хацелася б прадставіць Беларусь на «Славянскім базары» і паўдзельнічаць у тэлепраектах «Голас» і «Ну-ка, все вместе!».

— Ты — прыклад таго, як важна чуць свой унутраны голас. Якую параду дала б маладым людзям, хто сумняваецца, ці варта звязваць сваё жыццё з творчасцю? Якімі рысамі характару ім трэба валодаць, каб адчуваць сябе на сваім месцы?

— Я раю ніколі не сумнявацца ў сваіх сілах. Найперш верыць у сябе, і ўсё атрымаецца. Бо, калі вельмі чагосьці хочаш, заўсёды дасягнеш. Творчасць жыве ў сэрцы кожнага чалавека, але хтосьці для сябе гэта адкрыў, а хтосьці — не.

Каб адчуваць сябе на сваім месцы, не трэба мець нейкія пэўныя рысы характару. Але сапраўдны прафесіянал, чалавек з амбіцыямі павінен быць моцным і не баяцца няўдач. Трэба помніць, што будуць узлёты і падзенні, але варта, нягледзячы на ўсе ваганні, працягваць ісці да сваіх мар і мэт.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара і з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.