«А гэта сапраўды не гасцініца?» — здзіўляюцца каментатары пад шматлікімі публікацыямі ў сацсетках. Насамрэч, складана паверыць сваім вачам: новы інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, размешчаны па адрасе: вул. Вясёлкавая, 25, уражвае. Сучасныя блокі, новыя трэнажорныя залы, буфет і маса іншых выгод — раскажам пра ўсё па парадку.
Будынак вышынёй у пятнаццаць паверхаў планаваўся з улікам суседніх. У першую чаргу — Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. У выніку інтэрнат, больш падобны на бізнес-цэнтр, цудоўна ўпісаўся ў архітэктурны ансамбль вуліцы. Індывідуальнасці пабудове дадае яе незвычайная форма. Паводле слоў прарэктара па выхаваўчай рабоце БДУФК Уладзіміра Прылепіна, ва ўніверсітэце шырока прадстаўлены водныя віды спорту, ёсць прысвечаныя ім спецыяльнасці, таму і вырашылі: вонкавае аблічча новага інтэрната павінна нагадваць хвалю.
Размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад навучальных карпусоў і спартыўных збудаванняў, новы інтэрнат БДУФК ідэальна падыходзіць для сумяшчэння вучобы, трэніровак і простага студэнцкага жыцця. Побач — лёгкаатлетычны манеж, плавальны і іншыя вучэбна-спартыўныя комплексы. Гэта ідэальна для захавання трэніровачнага рэжыму, бо не давядзецца губляць на праезд ні час, ні грошы. Дарэчы, будаўніцтва інтэрната скончылася ў рэкордныя тэрміны:
— З пачатку работ і да здачы пад ключ прайшло паўтара года. Гэта вельмі абмежаваныя тэрміны з улікам таго, што аб’ект даволі складаны, прычым і ў плане праектавання, і ў плане пабудовы, — дадаў Уладзімір Прылепін. — Звычайна на падобныя праекты, якія адпавядаюць найвышэйшым стандартам камфорту і бяспекі, ідзе больш за тры гады.
Інтэрнат спраектаваны з улікам як сучасных тэндэнцый, так і базавых патрэб студэнтаў. Прасторныя і светлыя блокі, абсталяваныя эрганамічнай мэбляй і найноўшай тэхнікай, складаюцца з двух жылых пакояў, кухні з уласнымі плітой, выцяжкай і халадзільнікам, ваннай і санвузлом. На вокнах — брэндзіраваныя шторы з сімволікай краіны і ўніверсітэта. Праўда, нельга вешаць паліцы. Але ў гэтым і няма асаблівай неабходнасці: у блоку дастаткова месцаў для захоўвання рэчаў. Для формы ці спартыўнага інвентару дазволяць прывезці свае падлогавыя стэлажы. Усё гэта разлічана на пяць чалавек, трое з якіх размяшчаюцца ў адным пакоі і двое — у другім. У такіх сапраўды шыкоўных умовах усяго за 48 рублёў за месяц пражывае 700 чалавек.
— У інтэрнат заселены студэнты ўсіх курсаў і паралеляў. Вядома, прыярытэт — першакурснікам і льготнікам. Да такіх, у тым ліку, адносяцца актывісты, спартсмены нацыянальнай зборнай і тыя, хто працаваў у студэнцкіх атрадах. Не ў роўных прапорцыях, але ў інтэрнаце ёсць прадстаўнікі ўсіх чатырох факультэтаў, — запэўніў прарэктар. — Замежныя студэнты тут не пражываюць, а для студэнтаў з абмежаванымі магчымасцямі ёсць блокі, у якіх створана безбар’ернае асяроддзе. Да таго ж у іх прадугледжаны шырэйшыя санвузлы, дадатковыя поручні.
І гэта не ўсе «фішкі»: у новым будынку на кожныя два паверхі ёсць свая трэнажорная зала. Такой колькасцю могуць пахваліцца далёка не ўсе інтэрнаты. Тут гэта абумоўлена тым, што студэнтам, якія прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, неабходна даць магчымасць займацца спортам і падтрымліваць фізічную форму, зрабіць гэтыя ўмовы даступнымі для кожнага. Пры жаданні можна пагуляць у настольны тэніс ці аэрахакей.
Пасля трэніроўкі самы час падсілкавацца. Для гэтага на першым паверсе новага інтэрната ёсць буфет. А для паўнавартасных прыёмаў ежы — сталовая ў навучальным корпусе, размешчаным непадалёк. У буфеце ж студэнты ў любы час могуць перакусіць у кампаніі сяброў і аднагрупнікаў. На шчасце, месца хопіць усім: памяшканне вельмі прасторнае. Дадатковы камфорт забяспечаць кандыцыянер і тэлевізары.
Мабыць, адзіны мінус будынка — адсутнасць актавай залы. Толькі гэта не моцна хвалюе жыльцоў. Затое вялікую колькасць пакояў для самападрыхтоўкі (як кажуць студэнты — самподаў) ужо паспелі ацаніць усе. Адначасова ў адным з такіх могуць размясціцца 32 чалавекі. Не варта перажываць і наконт пазанавучальных актыўнасцяў. Тут плануецца стварэнне паўнавартаснага псіхалагічнага клуба.
— Яго будуць весці нашы студэнты. Акрамя таго, прыме ўдзел і педагог-псіхолаг. На дадзены момант клуб знаходзіцца на этапе распрацоўкі і арганізацыі, — распавяла загадчыца інтэрната Ала Качура. — Таксама праходзяць сходы са студэнтамі. Расказваем аб правілах бяспекі і паводзін у інтэрнаце, аб адказнасці за іх парушэнне, аб знаходжанні наведвальнікаў. Госці могуць прыходзіць з 15.00 да 22.30. Але студэнту, якога наведваюць, неабходна будзе прадставіць студэнцкі білет, а яго госцю — пашпарт.
Тыя, хто ўжо паспеў засяліцца ў інтэрнат, гавораць пра яго выключна станоўча. У першую чаргу адзначаюць зручнае размяшчэнне. Па-другое, студэнтаў уразіла шыкоўнае абсталяванне блокаў:
— Мы былі прыемна ўражаныя, — падзялілася сваімі думкамі Кацярына Шмаўгонец, старшыня студэнцкага савета БДУФК. — У старым інтэрнаце ў блоках, напрыклад, не было сваіх асабістых кухняў. А яшчэ тут пакоі большыя і мэбля новая. Здаецца, што лепш ужо і не прыдумаць.
Як прадстаўніцы студэнцкага актыву, дзяўчаты (з якімі мы змаглі паразмаўляць) і іншым раяць удзельнічаць у шматлікіх мерапрыемствах. І нагадваюць: каб прэтэндаваць на месца ў новым інтэрнаце, часам неабходна прыкласці намаганні:
— Летам мы працавалі ў будатрадзе. Так, гэта не проста, але цяпер мы жывём у цудоўных умовах. Кухня, санвузел, ванны пакой — усё ў выдатным стане, — з захапленнем распавяла актывістка студсавета Аліна Сцяцко. — Але больш за ўсё мяне радуе шмат магчымасцяў для самарэалізацыі, заняткаў спортам і самападрыхтоўкі, якія ёсць у нашым інтэрнаце. Ды і жывем усе са сваімі сябрамі, што таксама дадае ўтульнасці і камфорту.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара і прэс-службы БДУФК
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.