Вы тут

Ядзерны фактар. Што ў ім пераважае — дабрабыт ці бяда, вырашае толькі чалавек


Апошнія гады пытанні ядзернай энергетыкі і бяспекі становяцца прыярытэтнымі для многіх дзяржаў свету. У той жа час дыскусіі аб ядзернай энергіі працягваюцца да гэтай пары, а кожны з бакоў прыводзіць уласныя аргументы. Практычна штотыдзень ядзерная тэма трапляе ў топ навін і працягвае хваляваць людзей. Напярэдадні Беларусь наведаў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Р. Гросі, Расійская Федэрацыя анансавала змены ва ўласнай ядзернай стратэгіі, а Украіна абвінаваціла нашу краіну ў жаданні захапіць Чарнобыльскую АЭС. Паспрабуем разабрацца з фактамі.


Ядзерная энергетыка практычна з’яўляецца равесніцай атамнай зброі. Так, калі першае выпрабаванне ядзернай зброі адбылося 16 ліпеня 1945 года на палігоне ў пустыні ў Аламагорда, штат Нью-Мексіка, то электраэнергія, вырабленая атамным рэактарам, запаліла лямпачку ў канцы 1940-х у горадзе Ок-Рыдж у тых жа ЗША. У сваю чаргу першая атамная электрастанцыя была пабудавана ў СССР у 1954 годзе ў Обнінску.

Варта нагадаць, што стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1945) практычна супала з пачаткам ядзернага веку, а кульмінацыяй Другой сусветнай вайны сталі ядзерныя ўдары ЗША (1945) па гарадах Хірасіма і Нагасакі. У сваёй першай рэзалюцыі Генеральная Асамблея заснавала Камісію ААН па атамнай энергетыцы для вырашэння праблем, якія ўзніклі ў сувязі з адкрыццём ядзернай энергіі.

У 1953 годзе прэзідэнт Злучаных Штатаў Дуайт Эйзенхаўэр выступіў са знакамітай прамовай «Атам для міру», якая стала адпраўным пунктам стварэння ў 1957-м МАГАТЭ.

У 2023 годзе ў 32 краінах свету дзейнічалі 413 ядзерных рэактараў, 58 знаходзіліся на этапе будаўніцтва. Па стане на канец 2022-га ў 12 краінах свету сама меней чацвёртая частка электраэнергіі выпрацоўвалася на атамных электрастанцыях. А ў Францыі і Славакіі гэтая лічба складала больш чым палову ад агульнага аб’ёму спажывання.

Ёсць уласная АЭС і ў Рэспубліцы Беларусь. З моманту ўключэння 3 лістапада 2020 года першага ўласнага энергаблока краіна атрымала каля 35 мільярдаў кВт•г электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць 9,4 мільярда кубічных метраў прыроднага газу. Наша АЭС самая дасканалая і бяспечная з тых, што існуюць у свеце. Плюсы ва ўсім: развіваецца энергаёмістая эканоміка, ажыццяўляецца «зялёны» пераход на электрамабілі, будуецца экалагічнае жыллё, паляпшаецца жыццё людзей і пры гэтым выкід парніковых газаў скараціўся на 15 мільёнаў тон.

Акрамя таго, згодна з навуковымі данымі, атамная энергетыка мае самую нізкую матэрыялаёмістасць у параўнанні з іншымі нізкавугляроднымі відамі генерацыі. Металаёмістасць для вытворчасці 1 МВт/г электраэнергіі на АЭС у 13 разоў меншая, чым у ветрагенерацыі, а плошча неабходнага ўчастка зямлі ў 40 разоў меншая з разліку атрымання агульнай магутнасці 1 ГВт. Пры гэтым АЭС забяспечваюць стабільную базавую нагрузку сетак, якая не залежыць ад умоў надвор’я, 24 гадзіны за суткі сем дзён у тыдзень на працягу мінімум 60 гадоў. На сёння гэта адзіная крыніца электраэнергіі, якая валодае сукупнасцю такіх унікальных характарыстык.

Беларусь зрабіла свой выбар. Мы прытрымліваемся агульначалавечых прынцыпаў, беражом наш агульны дом, укладваемся ва ўласную будучыню і выкарыстоўваем энергію мірнага атама для развіцця рэгіёна. Аднак ужо дзесяцігоддзе суседняя Літва робіць усё магчымае, каб дыскрэдытаваць нас і наш атамны праект.

Акрамя рэгулярных дыпламатычных нот і заяў на еўрапейскіх пляцоўках, Вільнюс яшчэ ў 2017 годзе рашэннем сейма пастанавіў, што БелАЭС пагражае нацыянальнай бяспецы і навакольнаму асяроддзю. У 2019-м быў прыняты нацыянальны план па барацьбе з імпартам электраэнергіі, згодна з якім забаронена закупка прадукцыі БелАЭС, і пачаўся дэмантаж ЛЭП, якія звязваюць Літву і Беларусь.

Літоўскі дэмарш працягваецца да гэтага часу, нягледзячы на тое, што ўсе этапы ўзвядзення і функцыянавання БелАЭС рэалізоўваюцца пад кантролем міжнародных экспертаў. Не адзін раз наша станцыя атрымлівала іх найвышэйшую ацэнку: «Беларусь выконвае ўсе патрабаванні МАГАТЭ, запрашае ўсе праверкі і з’яўляецца ўзорна-паказальнай краінай», — адзначалася ў публікацыях арганізацыі. Аналагічную пазіцыю агучыў Р. Гросі па выніках наведвання АЭС у верасні 2024 года.

На гэтым фоне не больш як тэатрам абсурду выглядаюць спробы Літвы ініцыіраваць атамную тэму. Правалы ўласнай эканомікі, прамысловы рэгрэс і пагаршэнне жыцця літоўскага народа ўлады спрабуюць звязаць з будаўніцтвам Астравецкай АЭС. На фоне поўнага знішчэння ўласных кампетэнцый у сферы атамнай энергетыкі палітыкі фарміруюць з Беларусі вобраз ворага, які разбіваецца рэальнасцю. А вось чарговая ідэя Літвы аб стварэнні паблізу беларускай граніцы ядзернага могільніка — рэальная пагроза для рэгіёна і чарговы крок на шляху эскалацыі.

Беларусь, якая больш за ўсе іншыя дзяржавы пацярпела ад аварыі ў 1986 годзе на Чарнобыльскай атамнай станцыі і да гэтага часу ліквідуе наступствы, як ніхто іншы зацікаўлена ў бяспецы. Гэта рэальны запыт нашага народа, які рэалізоўваецца кіраўніцтвам краіны і акумулюецца ў тэзісе беларускага лідара А. Р. Лукашэнкі: «Мы зробім усё для таго, каб гарантаваць рэгіянальную ядзерную бяспеку».

Аднак мы дакладна ўсведамляем, што за ядзернай энергетыкай будучыня. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца сотні рэактараў у розных кутках свету і пашырэнне пераліку дзяржаў, якія ўступаюць у клуб мірнага атама. Рэферэндум на гэтую тэму напярэдадні прайшоў у саюзным Казахстане, дзе больш за 70 працэнтаў удзельнікаў падтрымалі будаўніцтва ядзернага рэактара. Беларусь жа вызначылася са сваімі прыярытэтамі дзесяцігоддзе назад.

На фоне падобнага гістарычнага развіцця абстаноўкі жудасна выглядае фэйк аб імкненні Беларусі захапіць Чарнобыльскую АЭС. Украіна працягвае выліваць патокі хлусні, спрабуючы абяліць сябе, інфармацыйна разагнаўшы ядзерную тэматыку. Нават выступаючы з трыбуны ААН, У. Зяленскі хлусіў, абвінавачваючы Расію ў намерах знішчыць АЭС на ўкраінскай тэрыторыі. Аднак у Кіева ўжо не застаецца аргументаў, каб падтрымліваць да сябе цікавасць.

На фоне крывавых падзей на Блізкім Усходзе і заяў аб магчымасці эскалацыі ўзброенага канфлікту паміж ядзернымі дзяржавамі Ізраілем і Іранам абаронцы «заходніх» каштоўнасцяў паціху забываюцца.

Украіна — «адыграная карта», якая ўжо неаднаразова выкарыстоўвалася для павышэння ставак, наносячы ўдары па Запарожскай АЭС, ідучы ў контрнаступленне і захопліваючы Курскую АЭС, пагражаючы «бруднай» бомбай. Цікавасць да Незалежнай не здолелі падтрымаць неаднаразовыя парушэнні міжнароднага права і рэальныя крывавыя правакацыі. Бо з-за той небяспекі, якую ўяўляюць сабой атамныя электрастанцыі, дзяржавы ў 1970-х гадах змаглі дамовіцца аб асаблівай абароне АЭС ад атак пры ваенных канфліктах, што было замацавана ў Дадатковых пратаколах да Жэнеўскіх канвенцый. І ніводная краіна, акрамя Украіны, за мінулыя гады не парушыла ўзятыя на сябе абавязацельствы. А наконт заяў украінскіх палітыкаў можна толькі ўспомніць народную мудрасць: «На злодзеі шапка гарыць».

Перавесці стрэлкі на Беларусь, закляйміўшы яе як «захопніка», уцягнуць у ваенны канфлікт, пашырыўшы яго межы, і не дапусціць рэалізацыі якіх-небудзь мірных ініцыятыў нашай краіны, — вось сапраўдная мэта інфармацыйных укідаў. Геапалітычная сітуацыя істотна змянілася, рыторыка еўрапейскіх палітыкаў губляе ваяўнічасць, і з’яўляюцца парасткі здаровага сэнсу. Аднак вопыт украінскіх падзей і блізкаўсходняй трагедыі прымушае прымаць рашэнні, адэкватныя абстаноўцы.

У сувязі з ускладненнем ваенна-палітычнай сітуацыі апошнім часам у грамадскім дыскурсе актуалізавалася пытанне аб пагрозе ядзернай вайны. Гэта знайшло адлюстраванне ў п. 22 Ваеннай дактрыны РФ: «Расійская Федэрацыя пакідае за сабой права прымяніць ядзерную зброю ў адказ на прымяненне супраць яе і (або) яе саюзнікаў ядзернай і іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расійскай Федэрацыі з ужываннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўлена само існаванне дзяржавы. Рашэнне аб прымяненні ядзернай зброі прымаецца Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі».

У 2020 годзе выйшаў Указ Прэзідэнта РФ «Аб Асновах дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў галіне ядзернага стрымлівання», дзе ў п. 19 вызначаны ўмовы прымянення расійскай дзяржавай ядзернай зброі: «а) паступленне дакладнай інфармацыі аб старце балістычных ракет, якія атакуюць тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і (або) яе саюзнікаў; б) прымяненне праціўнікам ядзернай зброі або іншых відаў зброі масавага паражэння па тэрыторыях Расійскай Федэрацыі і (або) яе саюзнікаў; в) уздзеянне саперніка на крытычна важныя дзяржаўныя або ваенныя аб’екты Расійскай Федэрацыі, вывад са строю якіх прывядзе да зрыву дзеянняў у адказ ядзерных сіл; г) агрэсія супраць Расійскай Федэрацыі з ужываннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўлена само існаванне дзяржавы». Гэты ўказ фіксуе: Расія як ядзерная дзяржава абвяшчае выключна абарончы характар прымянення ядзернай зброі.

Аднак спробы знайсці пралазы для нанясення паражэння Расіі і ўдараў па яе тэрыторыі заходняй зброяй рукамі Украіны прымусілі У. У. Пуціна ініцыіраваць унясенне змяненняў у ядзерную дактрыну дзяржавы. Гэта выклікала паніку сярод заходніх палітыкаў. Аб чым жа ідзе гаворка?

Сярод асноўных дапаўненняў: Масква будзе разглядаць як сумеснае нападзенне агрэсію з боку няядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай. І гэта прамая адсылка да Украіны, ЗША і НАТА.

Акрамя таго, у абноўленай рэдакцыі дакумента плануецца ўдакладніць умовы магчымага пераходу Расіі да прымянення ядзернай зброі. Да такіх аднесены: атрыманне дакладнай інфармацыі аб масіраваным запуску самалётаў стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатых ракет, беспілотнікаў, гіпергукавых і іншых лятальных апаратаў і перасячэнне імі дзяржграніцы. Таксама Расія пакідае за сабой права прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі як удзельніцы Саюзнай дзяржавы.

У сувязі з гэтым хочацца яшчэ раз нагадаць словы А. Р. Лукашэнкі на патрыятычным форуме 17 верасня 2024 года: «Нападзенне на Беларусь — гэта трэцяя сусветная вайна... Чырвоная лінія — дзяржаўная граніца. Наступілі на яе — адказ будзе імгненны». І гэта не пагроза, гэта канстатацыя рашучасці абараняць сваё права на жыццё і незалежнае развіццё.

Сярод іншых анансаваных змен — павелічэнне колькасці дзяржаў і ваенных саюзаў, у дачыненні да якіх Расія праводзіць ядзернае стрымліванне, і дапаўненне пераліку ваенных пагроз, для нейтралізацыі якіх Расія выконвае мерапрыемствы ядзернага стрымлівання, сказаў Пуцін, не ўдакладніўшы, пра якія канкрэтна краіны і пагрозы ідзе размова.

Так, ядзерная энергія можа быць як бядой, так і дабром, аднак тое, чым яна стане, вырашае чалавек. Беларусь выбрала другі, мірны складнік, і робіць усё магчымае, каб сіла расшчаплення ядра служыла людзям, а не прыносіла бяду. Нават тактычная ядзерная зброя на нашай тэрыторыі — гэта элемент стрымлівання, папярэджання і гарантыя падтрымання міру ў рэгіёне. А камусьці трэба задумацца, ці варта рызыкаваць сваёй будучыняй, каб дагадзіць эгаістычнаму імкненню жыць за кошт іншых, не лічачыся з чужымі інтарэсамі.

Не лішнім будзе нагадаць папярэджанне Эйнштэйна: «Не ведаю, якой зброяй будзе весціся трэцяя сусветная вайна, але чацвёртая — выключна камянямі і палкамі». Вось калі ў поўнай меры разумееш моц ядзернай энергіі! Спадзяюся, што розум возьме верх, а атам і надалей будзе выкарыстоўвацца толькі на карысць людзей, як гэта робіцца ў Беларусі.

Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, прафесар 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.