Вы тут

Днямі ў Валгаградзе прайшоў адзін з этапаў XXІ Спартакіяды Саюзнай дзяржавы


Днямі ў Расійскай Федэрацыі, горадзе-героі Валгаградзе, прайшоў адзін з этапаў XXІ Спартакіяды Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі для дзяцей і юнацтва — спаборніцтвы «Абаронца Айчыны». Старты аб’ядналі больш за 200 спартсменаў дзвюх краін. У рамках прэс-тура для беларускіх СМІ, прысвечанага маштабнаму спартыўнаму праекту Саюзнай дзяржавы, з удзельнікамі спаборніцтваў пазнаёмілася карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены».


Урачыстая цырымонія адкрыцця спаборніцтваў і парад спартсменаў з Беларусі і Расіі прайшлі на Мамаевым кургане ў мемарыяльным комплексе «Героям Сталінградскай бітвы». Удзельнікаў вітала прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Беларусі Вольга Благавешчанская. Яна нагадала, што маштабны спартыўны праект Саюзнай дзяржавы развіваецца ўжо на працягу дваццаці гадоў і не толькі не страчвае сваёй актуальнасці, але і актыўна пашыраецца:

— Для нас важна, што частка спаборніцтваў праходзіць на тэрыторыі Беларусі, а частку прымае Расійская Федэрацыя. Этап спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва — «Абаронца Айчыны» — праходзіць другі год. Першаадкрывальнікам спаборніцтваў летась стала Беларусь, тады старты прайшлі ў Наваполацку. Для нас, беларусаў, вялікі гонар, што сёлета «Абаронца Айчыны» праходзіць менавіта ў Валгаградзе.

Валгаградскі рэгіён пяты раз прымае ўдзельнікаў спартакіяды. Старты гэтага года арганізаваны ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— З кожным мерапрыемствам спартакіяда Саюзнай дзяржавы аб’ядноўвае ўсё большую колькасць актыўных маладых людзей. Адзначаем шырокую геаграфію спаборніцтваў, — падкрэсліла намеснік старшыні камітэта фізічнай культуры і спорту Валгаградскай вобласці Аліна Дзёміна. — У юных спартсменаў ёсць не толькі выдатная магчымасць паказаць свае найлепшыя спартыўныя вынікі, але і знайсці новых сяброў, пабываць у памятных, святых месцах Валгаградскай вобласці. Гэта выхоўвае ў маладых людзей пачуццё патрыятызму, дае магчымасць аддаць даніну памяці воінам, якія загінулі за нашу радзіму.

Арганізатары стартаў падрыхтавалі для ўдзельнікаў і насычаную культурную праграму. Для юнакоў правялі аглядную экскурсію па Валгаградзе з наведваннем Мамаева кургана, музея-панарамы «Сталінградская бітва», мемарыяльнага комплексу «Героям Сталінградскай бітвы». Юныя спартсмены на свае вочы змаглі пабачыць цырымонію змены ганаровай варты ў Зале Воінскай Славы.

На працягу чатырох дзён ішлі спаборніцтвы спартакіяды Саюзнай дзяржавы. У праграму ўвайшлі валейбол, міні-футбол і мнагабор’е (бег на 3000 метраў, падцягванне, кіданне гранаты, плаванне, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі). У першым этапе спаборніцтваў «Абаронца Айчыны» прынялі ўдзел 200 юнакоў ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў. Беларусь і Расію на стартах прадставілі каманды з Мінска, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, а таксама Валгаградскага, Ліпецкага, Чалябінскага рэгіёнаў, Масквы, Краснаярскага краю і Рэспублікі Крым.

Па выніках стартаў «Абаронцы Айчыны» пераможцам стала каманда Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Гэта юнакі з Гомеля. Так, ліцэісты МНС занялі першае месца па мнагабор’і, валейболе і агульным камандным заліку. У мнагабор’і прадстаўнікі каманды — Арсеній Саковіч і Мікалай Каўганаў — занялі першае і другое месцы. У валейбольным турніры каманда Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС узяла верх над сапернікамі з Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.

— У гэтым годзе практычна ўсе хлопцы-ўдзельнікі каманды па валейболе ўпершыню прымалі ўдзел у стартах «Абаронцы Айчыны». 

Летась гульня іншым складам прынесла нам таксама першае месца, — падзялілася падчас стартаў трэнер па валейболе, настаўніца фізічнай культуры Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Алена Яфімычава.

Другі этап Спартакіяды Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі для дзяцей і юнацтва — «Алімпійскія надзеі» — таксама арганізуюць на Валгаградскай зямлі. Трэці і чацвёрты этапы прыме ўжо Беларусь — Гомель і Брэст. Спаборнічаць будуць у тым ліку навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнцкая моладзь.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

г. Валгаград

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?