Вы тут

Увосень работ восем


У Беларусі, па даных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, на 8 кастрычніка пасеяна больш як 1,289 мільёна га азімых збожжавых на зерне, што складае 85 працэнтаў да плана. Аграрыі краіны падрыхтавалі глебы пад сяўбу азімых збожжавых культур на зерне на плошчы звыш 1,362 мільёна га, або 89,8 працэнта да плана.

Паводле актуальнай інфармацыі Мінсельгасхарча, унесена 5,55 мільёна тон арганічных угнаенняў пад азімую сяўбу 2024 года, што складае 31,6 працэнта да нарыхтаванага. Акрамя таго, унесена пад азімую сяўбу 361,9 тысячы тон мінеральных угнаенняў (91,8 працэнта), у тым ліку 62,7 тысячы тон азотных (125,6 працэнта), 60 тысяч тон фосфарных (50,1 працэнта) і 239,2 тысячы тон калійных (106,5 працэнта) угнаенняў. Паднята 38,6 тысячы га зябліва (2,6 %).

Аграрыі краіны па даных на 8 кастрычніка сабралі 2,1411 мільёна тон цукровых буракоў з ураджайнасцю 456 ц/га, убралі 47 тысяч га пасяўных плошчаў, што складае 45,2 працэнта плошчаў, якія падлягаюць уборцы.

У сельскагаспадарчых арганізацыях краіны таксама сабралі 443,3 тысячы тон бульбы, сярэдняя ўраджайнасць караняплода па краіне склала 313,1 ц/га. Усяго ўбрана 14,2 тысячы га пасяўных плошчаў, або 81,5 працэнта ад плана.

Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча, у Беларусі таксама сабрана 78,4 тысячы тон агародніны з ураджайнасцю (без уліку агародніннага гарошку) 318,7 ц/га. Уборка ўраджаю агародніны завяршылася на плошчы больш як 3 тысячы га, што складае 60 працэнтаў ад плана.

Паднята, акрамя таго, 43,8 тысячы га льнотрасты (98,2 працэнта да ўборачнай плошчы). На 8 кастрычніка нарыхтавана 140,4 тысячы тон ільнотрасты, сярэдняя ўраджайнасць яе па краіне 33,8 ц/га.


Боршч са світанкаўскай гародніны

У Слаўгарадскім раёне ідзе актыўная ўборка кукурузы на зерне і сілас, а ў Кіраўскім хутка пачнуць збіраць капусту

Хлеб даўно сабраны, але работы на палях усё яшчэ працягваюцца. Ідзе ўзворванне зямлі пад азімыя кармавыя культуры, сяўба азімых, уборка кукурузы на сілас і зерне, збіраецца ў сховішчы агародніна і садавіна, нарыхтоўваюцца кармы. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, як кіпіць работа на палях і наколькі мы сёлета забяспечаны вітаміннай прадукцыяй.

Стаўка на зерневыя

Слаўгарадскі раён — гэта ў асноўным пясчаныя глебы, таму вырошчваюцца выключна зерневыя культуры: кукуруза, жыта, авёс, рапс, свірэпіца. З улікам кліматычных змяненняў тут мяняюць структуру пасяўных плошчаў. Да мінімуму зводзяць пасевы ячменю і робяць упор на жыта і авёс. У невялікіх аб’ёмах вырошчваюцца трыцікале, азімая пшаніца. Амаль увесь ураджай застаецца ў раёне, акрамя дзяржзаказу. Сёлета ён быў на піваварны ячмень, трыцікале, жыта і авёс. Астатняе пераважна пайшло на вытворчасць камбікармоў. У Слаўгарадскім раёне 84 жывёлагадоўчыя памяшканні, дзе ўтрымліваецца 16 898 галоў БРЖ, з якіх 5401-а — каровы.

Сёння ў раёне працягваецца ўборка кукурузы на сілас і зерне. Спякотнае лета ўнесла свае карэктывы. Расліны не дабралі вільгаці. Для зерня гэта добра, а вось для сіласу не вельмі. Корм атрымаўся не такі сакавіты.

— На 8 кастрычніка нарыхтавалі ўжо 39,5 тысячы тон сіласу, летась было нашмат меней, — адзначыў першы намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слаўгарадскага раёна Андрэй Валынцаў. — Сенажу нарыхтавалі на 17 тысяч тон болей, чым летась, — 47 тысяч. Спецыфіка сёлета ў тым, што ўся кукуруза ўвайшла ў аптымальную фазу вельмі рана, мы яе пачалі ўбіраць 25 жніўня. Па вільгаці зерне практычна ідэальнае — яе 20 % пры норме 15 %. З эканамічнага пункту гледжання гэта добра: крыху дасушыў — і гатова. Летась зерне ўтрымлівала 50 % вільгаці і яе было вельмі затратна змяншаць. Але сёлета і ў сіласу вільгаць у разы меншая. Летась яна была 60 %, на гэты раз — 30–40 %. Намалочана 2711 тон кукурузы на зерне.

Усяго ў раёне кукурузай на сілас засеяна 4435 гектараў, на аўторак было ўбрана ўжо 2634 з іх — 60 % ад агульных плошчаў. На зерне — 1370 гектараў, з якіх убраны 641 гектар. Нарыхтавана 20,5 цэнтнера кармавых адзінак (сянаж, сілас, сена) на галаву жывёлы па раёне. Лідар па кармавых адзінках — 28,4 на галаву — ААТ «Прывольны агра». Андрэй Валынцаў мяркуе: з улікам таго, што кукуруза сухая, па выніках уборкі (яе плануецца завяршыць да 20 кастрычніка) атрымаецца дасягнуць лічбы 29-30 цэнтнераў кармавых адзінак. Пасля завяршэння палявых работ гаспадаркі пяройдуць на зімовы рэжым работы — абслугоўванне ферм, вываз арганікі, рамонт тэхнікі.

— Тую планку па кармах, якую для сябе ставілі, павінны выканаць, — спадзяецца суразмоўнік. — Але не больш. Аб’ёмы ў нас ёсць, а вось вагі з-за адсутнасці вільгаці не хапае.

Рэкорды «Прывольнага агра»

ААТ «Прывольны агра» на сёння ў Слаўгарадскім раёне лідар па ўсіх кірунках. На гэтым тыдні заканчвае палявыя работы і гатова дапамагаць іншым гаспадаркам. Нарыхтавала сенажу вышэй узроўню мінулага года — 108 % да плана — 15 061 тона. Акрамя гэтага, назапасіла 1268 тон сена і больш чым 14 тысяч тон сіласу.

Гаспадарка выкарыстоўвае брыгадны метад работы і задае высокія тэмпы, каб дасягнуць добрай выпрацоўкі.

— Наша гаспадарка вялікая, ад краю да краю — 55 кіламетраў, таму больш эфектыўна працаваць менавіта брыгадным метадам, — кажа кіраўнік ААТ «Прывольны агра» Міхаіл Пліндоў. — Напрыклад, на ўборцы сіласу працуюць тры камбайны — «КВК», «Ягуар» і «КЗР», на адвозе задзейнічаны восем трактароў і на трамбоўцы сіласу — два «Амкадоры». Сіласная яма на тры тысячы тон закладваецца на працягу чатырох дзён, хоць па тэхналогіі прадугледжана да пяці. Потым гэтыя ж механізатары ўкрываюць яе, пасля дзень рыхтуюць тэхніку і зноў у поле. Летась мы таксама першыя закончылі работы ў раёне і дапамагалі іншым. Нават выязджалі ў Чавускі раён.

Сярэдні ўзрост работнікаў гаспадаркі — 40–45 гадоў, але хапае і моладзі. Сёлета шанавалі сямейны экіпаж, які намалаціў рэкордны вынік зерневых па арганізацыі. Муж — механізатар, жонка — дыспетчар. Абаім па 27 гадоў.

Наогул, працуюць у «Прывольным агра» самааддана. І ёсць дзеля чаго. Разумеюць, што як папрацуеш, так і заробіш. На тым жа сіласе некаторыя механізатары атрымліваюць па 2–5 тысяч рублёў за месяц, на ворыве — 5–7 тысяч.

— У нас гультаёў няма, — адзначае кіраўнік. — З вясны практычна працуеш без выхадных і свят. Людзі ведаюць, што іх праца ацэньваецца высока, таму зацікаўлены. Вядома, што гаспадарка таксама праяўляе пра іх клопат. У нас калектыў як адна сям’я, кожны адзін аднаму гатовы падставіць плячо. Калі сабралі зерневыя, зрабілі свае ўнутраныя «Дажынкі», былі і прэміі, і бонусы, і даплаты. У нас ёсць работнікі, якія аддаюць сябе рабоце нават болей, чым таго трэба. І мы іх асабліва шануем. Адзін наш механізатар наогул паставіў рэкорд. Усё лета працаваў без выхадных. Адпаведна і зарплата была вельмі высокая.

Капуста даспела

У ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага» Кіраўскага раёна працягваюцца работы па ўборцы бульбы, рыхтуюцца прыступіць да масавай уборкі капусты. Спецыялісты ацэньваюць ураджай станоўча. Але, як адзначыў першы намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксандр Жылінскі, не для ўсіх культур лета было спрыяльным. Менш урадлівым яно было для цыбулі, той жа бульбы. Ураджайнасць другога хлеба сёлета чакаецца 400–500 цэнтнераў з гектара, хоць летась была месцамі 700–800. Не вельмі сакавітым атрымаўся сілас. З-за спякоты кукурузныя пачаткі цалкам не сфарміраваліся. Затое ўраджай зерневых добры. Напрыклад, ураджайнасць азімай пшаніцы склала 55,6 цэнтнера з гектара, азімага рапсу — 43,2.

Уборка позняй капусты пачнецца ў «Світанку» са дня на дзень. Тут пад гэтую культуру адведзена 15 гектараў: адзін — пад раннюю і сярэднюю, якія ўжо сабралі, і 14 — пад познюю. З позніх сартоў вырошчваюцца «Старыдор», «Эпікур» і «Лексікон».

— Усе тры сарты ідэальныя, — кажа аграном гаспадаркі Іван Фядотаў. — «Лексікон» саджаем другі год, качаны шчыльныя, роўныя, вагой па 3,5-4 кілаграмы. Добры варыянт для захавання. Наогул, уся наша капуста захоўваецца на працягу васьмі месяцаў і вельмі прыемная на смак, у ёй няма гаркаты. «Старыдор» і «Эпікур» вырошчваецца не адзін год. «Эпікур» — новы аналаг традыцыйнага «Зенона». Кажуць, што ён больш карысны і смачны. Для закваскі самае тое.

Суразмоўнік прызнаецца, што вельмі любіць боршч з гэтых сартоў капусты. Морква, буракі і цыбуля, дарэчы, таксама свае, світанкаўскія. Вітамінную прадукцыю можна набыць у фірменным гандлі і на восеньскіх кірмашах. У аграгаспадарцы запэўніваюць, што хопіць на ўсіх. Калі нехта не паспее зрабіць запасы, не бяда. «Світанак» ужо паклапаціўся. Гаспадарка вялікая, яе сховішчы — таксама. Агульная плошча цяплічнага камбіната складае 10 гектараў, агароднінасховішча для захоўвання плодаагародніннай прадукцыі разлічана на 11 тысяч тон прадукцыі. Цалкам сабрана цыбуля, назапашаны морква і сталовыя буракі. Аграном кажа, што, калі цыбулі і моркве набраць моц перашкодзіла неспрыяльнае надвор’е — то лівень, то спякота, то град, — буракі ўрадзілі на дзіва. Напэўна, таму што раслі каля вадаёма і ім было камфортна пры любым надвор’і.

Аб’ёмы гародніны вялікія, таму гаспадарка пастаянна звяртаецца па дапамогу да мясцовых жыхароў і ўстаноў адукацыі. На той жа моркве некаторыя зараблялі па 60 рублёў за дзень. Для гэтага трэба было сабраць 720 кілаграмаў. Вельмі добра дапамагаюць з уборкай навучэнцы Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа. «На бульбу» ўжо ніхто не ездзіць. У верасні хлопцы і дзяўчаты ўдарна збіралі сталовыя буракі. Дадатковыя сілы спатрэбяцца і для ўборкі капусты — каля 100 чалавек. Яе трэба будзе збіраць выключна ўручную.

Па інфармацыі начальніка аддзела раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Ліліі Гулінскай, на раніцу 9 кастрычніка ў рэгіёне было ўбрана кукурузы на сілас 84 тысячы гектараў — 67 % ад неабходнага. Сабрана амаль 1900 тысяч тон зялёнай масы пры сярэдняй ураджайнасці 226 цэнтнераў з гектара. Кукурузы на зерне ўбрана з плошчы 15 тысяч гектараў — 56 %. Намалочана 98 тысяч тон кукурузы пры сярэдняй ураджайнасці 65 ц/га. Што датычыцца гародніны, то ўбрана 686 гектараў з 807 (85 %). Цыбуля нарыхтавана цалкам, буракі ўбраны на плошчах 26 гектараў (73 %) — сабрана болей чым тысяча тон, морква ўбрана з плошчы 19 гектараў — гэта 53 % ад вырашчанага. 

Цалкам завяршыў уборку морквы ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага». Усяго па вобласці сабрана 578 тон гэтай культуры. Завяршаецца ўборка бульбы — 91 %. Ураджайнасць за кошт шклоўскай прыватнай гаспадаркі «Дзіяна» і кіраўскага ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага» самая высокая па краіне — 420 цэнтнераў з гектара. Ідзе сяўба азімых збожжавых, хутка пачнецца ўборка позняй капусты. Яе ў вобласці 60 гектараў. Цалкам палявыя работы трэба завяршыць да 7 лістапада.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА


Гарачыя тэмпы асенняй пары

Нягледзячы на тое, што многія раёны Віцебшчыны ўжо справілі «Дажынкі», клопату ў аграрыяў паўночнага рэгіёна менш не стала. Пасля хлеба працаўнікі сельскай гаспадаркі актыўна ўбіраюць гародніну, сеюць азімыя культуры — залог будучага ўраджаю.

Сёлета сельскагаспадарчыя арганізацыі вобласці пачалі ўборку азімага ячменю рэкордна рана — 28 чэрвеня, масавы абмалот збожжавых і зернебабовых стартаваў 23 ліпеня. У перыяд актыўнай фазы жніва працавала каля адной тысячы камбайнаў, нагрузка на адну адзінку складала каля 280 гектараў. У раёнах з недастатковай забяспечанасцю тэхнікай былі створаны і працавалі міжгаспадарчыя атрады. Сельгаспрадпрыемствы, якія завяршылі жніво, аказвалі дапамогу іншым.

Як расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, сярод рэгіёнаў лідарамі па намалоце сталі Аршанскі (валавы збор збожжа склаў амаль 103 тысячы тон пры ўраджайнасці 38,2 ц/га) і Віцебскі (80,1 тысячы тон з сярэдняй ураджайнасцю 31,7 ц/га) раёны. На гэтыя два рэгіёны прыпадае 28,6 працэнта ўсяго валавога збору вобласці. Сярод гаспадарак найлепшы вынік паказалі ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» (апярэдзіла па зборы 17 раёнаў вобласці), ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна, РУП «Талачынскі кансервавы завод».

Увага — на кукурузу

Але адпачываць аграрыям пакуль рана. Так, на 9 кастрычніка ў Аршанскім раёне пад азімыя збожжавыя культуры ўзарана амаль 23 тысячы гектараў, у поле штодзень выходзяць 12 энерганасычаных трактароў. На тэрыторыі ў 20 117 гектараў ужо пасеяны азімыя ячмень, пшаніца, трыцікале, жыта. Адначасова з гэтым працаўнікі праводзяць праполку і апрацоўку рапсу і збожжавых культур, завозяць элітнае насенне азімых збожжавых, а таксама засяваюць азімыя культуры на зялёны корм, з палёў звозіцца салома. Адна з асноўных задач — якасна ўбраць «царыцу палёў», у першую чаргу — на зерне. Гаспадаркі раёна ўжо намалацілі амаль 15 тысяч тон кукурузы з сярэдняй ураджайнасцю 98 цэнтнераў з гектара. Адначасова вядзецца нарыхтоўка культуры на сілас і зялёны корм для буйной рагатай жывёлы.

Спецыялісты Арэхаўскага льнозавода і Інстытута лёну нарыхтавалі 6495 тон лёну сярэднім нумарам 1,11. Гарачая пара цяпер і ў філіяле «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга»: на доўгае захоўванне ўжо закладзена больш за тысячу тон гародніны. Для насельніцтва нарыхтавана на зіму цыбуля, актыўна ўбіраюць моркву, на чарзе — буракі і капуста. 

Вялікую дапамогу гэтымі днямі прадпрыемству аказваюць навучэнцы Аршанскага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Штодня на поле выходзіць «працоўны дэсант» у складзе 60 чалавек, многія прадстаўнікі моладзі ўжо маюць вопыт удзелу ў працоўных семестрах мінулых гадоў, таму дапамагаюць добрасумленна. На 9 кастрычніка ў «Цяплічным» убрана амаль 19 гектараў з морквай, збор склаў больш за 700 тон.

Бульбяныя віртуозы

На Талачынскім кансервавым заводзе ўжо ўбраны апошнія гектары «другога хлеба». У выніку валавы збор з плошчы ў 934 гектары склаў каля 27,5 тысячы тон сярэдняй ураджайнасцю 294 цэнтнеры з гектара.

Па словах галоўнага агранома прадпрыемства Таццяны Капранавай, сёлета ўборку бульбы завяршылі раней, чым у мінулым годзе, бо праз зніжэнне попыту на харчовыя сарты амаль на 150 гектараў былі скарочаны пасадкі пад гэтую культуру. «Займаліся вырошчваннем шасці сартоў як беларускай, так і замежнай селекцыі: „Інаватар“, „Чэленджэр“, „Гала“, „Юлія“, „Мастак“, „Скарб“. Асноўную частку плошчаў — а гэта звыш 700 гектараў — занялі тэхнічныя сарты, прызначаныя для вытворчасці замарожанага паўфабрыкату бульбы фры. Толькі невялікія плошчы былі адведзены пад харчовыя сарты і насенне. Аднак у наступным годзе плошчы пад бульбу плануецца пашырыць, бо чакаецца здача трэцяга спецыялізаванага інавацыйнага сховішча на 20 тысяч тон, прызначанага для захоўвання клубняў, з якіх будзе вырабляцца замарожаны паўфабрыкат», — падкрэсліла аграном.

З прычыны засухі ўборачная была складанай як для тэхнікі, так і для людзей. Хоць выкананы ўсе тэхналагічныя патрабаванні па вырошчванні бульбы, праведзены ахоўныя мерапрыемствы ад пустазельнай расліннасці і хвароб, з-за анамальна гарачых умоў надвор’я і дэфіцыту вільгаці ўраджайнасць аказалася ніжэйшай — клубні ў перыяд спякоты пераставалі расці. Найлепшую ўраджайнасць далі толькі прызначаныя для вытворчасці бульбы фры сарты «Чэленджэр» і «Гала». Цяпер у бульбасховішчы вядзецца перадпрадажная дапрацоўка, каліброўка, сартаванне, адгрузка спажыўцам і закладка на захоўванне новага ўраджаю. Адпраўляецца бульба і на перапрацоўку ў цэх для вытворчасці замарожанага паўфабрыкату.

На гэтым сельскагаспадарчыя работы на заводзе не заканчваюцца: вядзецца падрыхтоўка глебы, сяўба азімай пшаніцы, унясенне ўгнаенняў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА


Не «скарбам» адзіным

На Брэстчыне цалкам завершана сяўба азімых культур, блізіцца да фінішу ўборка кукурузы, земляробы актыўна ўбіраюць бульбу і цукровыя буракі.

У мінулую суботу Брэстчына справіла «Дажынкі». На святкаванні яшчэ раз падкрэслівалася, што рэгіён першым у краіне намалаціў мільён тон збожжа і першым завяршыў уборку гэтых культур. Сярэдняя ўраджайнасць склала 38 цэнтнераў з гектара, азімай пшаніцы ўзялі на круг 48 цэнтнераў, рэкордным атрымаўся і ўраджай азімага рапсу. А перадумовай поспеху сталі сістэмная і планамерная работа многіх людзей. Будучы ўраджай, як вядома, закладваецца на ўсіх этапах вытворчасці. І першым этапам становіцца паспяховая сяўба азімых, праведзеная ў аптымальныя тэрміны.

Як паведаміў журналістам першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, апошнім часам у групе збожжавых культур перавага аддаецца азімым, якія здольны ў максімальнай ступені выкарыстоўваць вясновыя запасы глебавай вільгаці і менш, чым яравыя, цярпець ад летняй засухі. Удзельная вага азімых збожжавых за апошнія два гады павялічана ў рэгіёне на 10 працэнтаў. Пашыраны пасевы высокаўраджайных культур — пшаніцы і ячменю, а таксама гібрыднага азімага жыта. Праведзена значная работа па абнаўленні насення збожжавых культур. Удзельная вага насення катэгорыі «эліта» вырасла да 22 працэнтаў. Павялічаны аб’ёмы арганічных і мінеральных угнаенняў, якія ўносяцца ў глебу.

Яшчэ адзін складнік поспеху — пастаяннае абнаўленне машынна-трактарнага парка. Гэта дазваляе дасягнуць высокай якасці сяўбы, правядзення ахоўных мерапрыемстваў, а таксама скарачэння часу правядзення палявых работ.

Менавіта пералічаныя фактары паўплывалі на правядзенне сёлетняй сяўбы азімых культур.

— У СВК «Фядорскі» Столінскага раёна ўсе работы па сяўбе і ўборцы ўраджаю скончаны на мінулым тыдні, — сказаў карэспандэнту газеты намеснік кіраўніка гаспадаркі Алег Германовіч. — Наша сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца на жывёлагадоўлі. Асновай гаспадаркі з’яўляецца комплекс па вырошчванні маладняку і чатыры малочнатаварныя фермы. Утрымліваем сваё вялікае пагалоўе на ўласных кармах: і травяныя, і канцэнтраты свае. Для нас своечасова і тэхналагічна праведзеная сяўба азначае добры ўраджай на выхадзе і, адпаведна, дакладнае функцыянаванне жывёлагадоўчага цэха. Таму да захавання тэрмінаў і тэхналогій у раслінаводстве павышаная ўвага. Асеннюю сяўбу правялі ў сціслыя тэрміны, завяршылі яе ў першых чыслах кастрычніка. А некалькі дзён таму скончылі ўборку царыцы палёў — кукурузы. Адна з асноўных кармавых культур была пасеяна на плошчы 3500 гектараў. Цяпер усе палі ўбраны, узворваюцца і ўносіцца арганіка пад будучую вясеннюю пасяўную.

— На мінулым тыдні пасеялі апошнія гектары азімых збожжавых, падвялі рысу пад справай нарыхтоўкі кармоў і ў ААТ «Хмелева» Жабінкаўскага раёна, — паведаміў намеснік дырэктара гаспадаркі Анатоль Шалтанюк. — Кукурузу ўбралі і на сілас, і на зерне. Ураджай атрымалі добры. А ўсяго на зімовы сезон нарыхтавана 33,74 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта значыць, што зімоўка грамадскага статка будзе сытнай.

Цяпер займаемся ўборкай бульбы. Яе плантацыя складае ў «Хмелеве» 80 гектараў. Нядрэнны ўраджай даюць сарты «Скарб», «Адрэта», «Брыз», «Міа» і іншыя. Гэтымі днямі на ўборцы заняты 18 чалавек. Камбайнам клубні выкопвае трактарыст Аляксандр Бобрык. Астатнія працаўнікі заняты пераборкай і фасоўкай бульбы.

— На час уборкі мы возім людзей з райцэнтра, — працягвае расповед Анатоль Шалтанюк. — На кірмашы вакансій, які праводзіў раённы аддзел па працы і сацыяльнай абароне, мы запрасілі энергічных пенсіянераў і іншых гараджан, якія маюць жаданне падзарабіць грошай, да нас на бульбу. Такія людзі знайшліся. Кожную раніцу іх забірае наш транспарт, а пасля работы адвозіць у горад. Кормім іх гарачым абедам разам з нашымі працаўнікамі бясплатна.

Працуюць нашы памочнікі, большасць з якіх пенсіянеры, добра. Адны заняты на камбайне, дзе з транспарцёра трэба прыбіраць выпадковыя прадметы — каменні, рэшткі бацвіння, — другія шчыруюць у бульбасховішчы. Там бульба перабіраецца, сартуецца, фасуецца ў мяхі для продажу. Магчымасцю падпрацоўкі людзі задаволены. У канцы месяца яны атрымаюць грашовае ўзнагароджанне за работу.

Цяпер выходзіць у поле другі бульбаўборачны камбайн. Калі патрымаецца спрыяльнае надвор’е, гаспадарка разлічвае за тыдзень справіцца з уборкай другога хлеба. На полі застаецца крыху менш як 30 гектараў — падсумаваў Анатоль Вітальевіч.

Як праінфармавала карэспандэнта газеты начальнік аддзела вытворчасці раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Аксана Лашкевіч, сяўба азімых збожжавых культур у вобласці цалкам завершана, у асобных гаспадарках сеюць збожжавую групу толькі на зялёны корм. Блізіцца да поўнага завяршэння ўборка кукурузы на зерне, на палях застаецца менш за 20 працэнтаў гэтай культуры. Убрана ўжо звыш 71 працэнта бульбы, і толькі збор ураджаю цукровых буракоў у самым разгары. Па стане на пачатак тыдня было ўбрана 37 працэнтаў салодкіх караняплодаў. А ўсяго абласная плантацыя гэтай культуры складае 21,9 тысячы гектараў. Працягваецца таксама ўборка агародніны і закладка яе ў стабілізацыйныя фонды.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і ААТ «Хмелева»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.