Дзеля таго каб палепшыць якасць жыцця людзей у рэгіёнах, у нашай краіне ўкараняюцца новыя сацыяльныя праграмы, лічбавізацыя паслуг, а таксама прымаюцца інавацыйныя рашэнні, накіраваныя на падтрымку мясцовага бізнесу. Сёння органы дзяржаўнага кіравання ствараюць роўныя магчымасці і фарміруюць камфортныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу грамадзян незалежна ад іх месца пражывання. Спецыялісты расказалі, якія вынікі былі дасягнуты за мінулы перыяд, якія паслугі патрэбны насельніцтву ў рэгіёнах і што неабходна развіваць, каб паспрыяць прадпрымальніцкаму асяроддзю.
— Сёння «Белтэлекам» з’яўляецца аператарам універсальнага абслугоўвання, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях РУП «Белтэлекам» Андрэй Жаркевіч. — Фактычна, наша задача — стварыць даступную інфраструктуру, у асноўным аптычную.
Па тэхналогіі GPON абанент атрымлівае ўвесь спектр паслуг, якія мы аказваем. Гэта традыцыйная тэлефанія, лічбавае інтэрактыўнае тэлебачанне, інтэрнэт. Мы таксама шырока прадстаўлены паслугай відэакантролю. Сёння кліент можа падключыць відэакамеру і назіраць за сваім домам анлайн з захаваннем запісу архіва. Усё гэта дазваляе бізнесу паспяхова развівацца, а любому чалавеку, нават які знаходзіцца ў аддаленым рэгіёне, адчуваць сябе камфортна.
Акрамя таго, у «Белтэлекама» самая вялікая пляцоўка інтэрактыўнага тэлебачання ў Еўропе. Гэта два з паловай мільёна абанентаў.
Кампанія таксама аказвае паслугі рытэйлу. «У нас ёсць значны спектр тавараў. Усё тое, што спажыўцы просяць, мы дастаўляем», — расказаў Андрэй Жаркевіч.
Па статыстыцы, у «Белтэлекама» цяпер ёсць дзвесце тысяч кіламетраў валаконна-аптычных збудаванняў, штогод дабаўляецца яшчэ па сем тысяч кіламетраў. «Каля васьмідзесяці працэнтаў населеных пунктаў з колькасцю хатніх гаспадарак ад пяцідзесяці да ста ўжо „джыпанізаваны“. І такіх хатніх гаспадарак у краіне шаснаццаць тысяч. Думаю, што за гэтую пяцігодку, да канца наступнага года, мы ўсе населеныя пункты забяспечым оптавалаконнымі лініямі сувязі», — падзяліўся планамі прадстаўнік «Белтэлекама».
Не адстае ў плане ахопу насельніцтва паслугамі і Белпошта.
— Пошта сёння ажыццяўляе поўны пералік паслуг паштовай сувязі, а таксама шэраг няпрофільных, — адзначыла першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алена Драздовіч. — Уся інфраструктура дазваляе аказваць універсальныя паслугі, а таксама забяспечваць сацыяльныя стандарты па частаце дастаўкі адпраўленняў. У сельскай мясцовасці дастаўка ажыццяўляецца пяць разоў на тыдзень, у абласных цэнтрах — шэсць.
Парк «паштовых» аўтамабіляў налічвае каля тысячы сямісот машын, таму дастаўка своечасова ажыццяўляецца ў кожны куток краіны.
Расказала Алена Драздовіч і пра новыя паслугі, звязаныя з лічбавізацыяй і мадэрнізацыяй. У паштовай электроннай сістэме цяпер ёсць магчымасць перасылаць лісты ў электронным выглядзе. «На сёння перавага гэтай сістэмы ў тым, што няма неабходнасці хадзіць у паштовае аддзяленне, стаяць у чарзе, можна дома або ў офісе адпраўляць тое, што патрэбна, — растлумачыла яна. — Гэта хутка і зручна. І сведчыць аб тым, што мы актыўна развіваемся і ўлічваем усе патрэбы нашых кліентаў».
Што датычыцца міжнароднай дзейнасці, вядуцца перагаворы адносна таго, каб палепшыць якасць і хуткасць паштовых адпраўленняў за мяжу.
— Апошнім часам у нас вельмі добра развіваецца сэрвіс па аказанні паслуг паштовай сувязі насельніцтву з дапамогай «Мабільнага паштальёна», — дадала начальнік аддзела паштовай сувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Святлана Шыманская. — Таксама развіваем Нацыянальную паштовую сістэму. І ў прынцыпе мы ў якасці рэгулятара імкнёмся данесці да дзяржаўных органаў перавагу гэтай сістэмы. Бо алічбоўка лістоў — гэта і гарантаваная якасць, і захаванасць тайны паштовай сувязі. Тэрміны перасылкі паштовай карэспандэнцыі цяпер устанаўліваюцца з улікам развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Сумесна з «Белпоштай» укараняем новыя метады і спосабы абслугоўвання насельніцтва, каб паслугі паштовай сувязі былі даступныя ўсім.
Дырэктар дэпартамента рознічнага бізнесу ААТ «ААБ Беларусбанк» Уладзімір Грыгор’еў расказаў, што ў Беларусі чатырыста дваццаць тры банкаўскія аддзяленні Беларусбанка знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.
— Мы прысутнічаем у кожным рэгіёне нашай краіны, у кожным адміністрацыйным цэнтры, — паведаміў спікер. — Банк не ставіць перад сабой мэту згарнуць сваю сетку, разумеючы трэнды, якія адбываюцца ў фінансавым свеце. Мы застаёмся на сетцы і нічога не закрываем. Калі грамадзяне ў сваім населеным пункце не бачаць аддзяленне банка, яны могуць звяртацца ў РУП «Белпошта». Гэта наш генеральны партнёр у частцы аказання паслуг у малых гарадах і сельскіх населеных пунктах.
Начальнік Упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектра Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Корзун адзначыў:
— Мы плануем нашы бізнес-працэсы на пэўны тэрмін. Сёння ў нас выконваецца праграма лічбавага развіцця, якая прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў на 2021–2025 гады. Без гэтага складана планаваць маштабныя праекты ў краіне. Мы гэтую праграму завяршаем у наступным годзе з вельмі добрым вынікам. Цяпер ведамства накіравана на работу па стратэгічным планаванні на чарговы пяцігадовы перыяд. Мы замовілі адпаведныя навуковыя даследаванні і паглыблены ў велізарны масіў інфармацыі. Бачым, што адбываецца ў нашым еўрапейскім рэгіёне і наогул у свеце. Гэта для нас з’яўляецца зыходнымі данымі для планавання дзеянняў на будучыню. Калі мы гаворым аб развіцці інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры, яно павінна ісці апераджальнымі тэмпамі. Калі не забяспечым асяроддзе для рэалізацыі новых рашэнняў, то яны проста не адбудуцца. Усё гэта павінна будавацца на выніках у тым ліку навуковых даследаванняў, каб рацыянальна і эфектыўна выкарыстоўваць тыя сродкі, якімі мы валодаем. Паслядоўная планавая палітыка дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў. Мы не стаім на месцы і будзем ісці далей.
Яна ВАЛАСАЧ
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.