Вы тут

Падарожжа ў краіну дзяцінства


Сярод навінак Выдавецкага дома «Звязда» з’явіліся дзве дзіцячыя кніжкі — «Чароўны куфэрак часу» Людмілы Кебіч і «СНежным годом!» Таццяны Дземідовіч. Па неблагім накладзе (а гэта 1500 і 2000 тысячы экзэмпляраў адпаведна) зразумела, што выдавецтва ўпэўнена ў запатрабаванасці кніжнай прадукцыі.


Так, і Людміла Антонаўна, і Таццяна Анатольеўна не навічкі на літаратурнай ніве. Кожная з пісьменніц мае ў творчым багажы пэўную колькасць кніг і не адзін дзясятак публікацый у вядучых выданнях. 

Папярэднія кнігі прозы і паэзіі Людмілы Кебіч — «Жыццёвыя путы» (2024) і «Неба ў дыяментах» (2024) не затрымаліся ў выдавецтве. Без сумнення, шматлікія прыхільнікі ўзнёслага паэтычнага слова і цікавай жыццёвай прозы Людмілы Антонаўны абавязкова звернуць увагу малодшага пакалення і на дзіцячае выданне. Творчасць Таццяны Дземідовіч вядома далёка за межамі нашай краіны. Яе дзіцячыя творы (аўтар піша на рускай мове) не абышло ўвагай аўтарытэтнае выдавецтва «Детская литература».

Нават беглага знаёмства са зместам кнігі «Чароўны куфэрак часу» дастаткова, каб зразумець, якую архіскладаную задачу паставіла перад сабой аўтар — пазнаёміць маленькага суразмоўцу, які толькі-толькі пачынае свой чытацкі шлях, з даволі сур’ёзнай тэмай — краязнаўствам. Зразумелай для дзіцяці мовай Людміла Антонаўна распавядае займальную гісторыю школьнікаў Яначкі і Сафійкі, якім пашчасціла на зімовых вакацыях апынуцца ў мінулым. Падарожнічалі хлопчык і дзяўчынка пры дапамозе старога бабулінага куфэрка.

Не буду рабіць замах на святое права чытача — быць першаадкрывальнікам. Скажу толькі, што брата і сястру чакалі незвычайныя прыгоды, сустрэча з маладой прапрабабуляй — вялікай майстрыхай-вышывальшчыцай. Яна пазнаёміла сваіх далёкіх нашчадкаў з таямніцай арнаменту, патлумачыла значэнне вышытых сімвалаў на ручніку, а таксама расказала пра асаблівае стаўленне нашых продкаў да сям’і. Самае галоўнае — запаліла ў сэрцах галоўных героеў любоў і павагу да свайго, роднага, а праз гэтыя пачуцці дапамагла лепш зразумець і спазнаць саміх сябе. Напрыканцы кнігі гучыць шчырае жаданне Яначкі вывучаць этнаграфію і фальклор. 

А на пытанне, якое не пакідае ў спакоі шматлікіх калег, дзіцячых пісьменнікаў, — як пісьменніцы ўдалося зрабіць першае знаёмства з краязнаўствам цікавым і запамінальным? — адкажу так: запаліць сэрцы іншых можна толькі тады, калі сам гарыш любоўю да роднага. 

У творчым тэндэме з Людмілай Кебіч працавала мастачка Святлана Стахоўская. Яе малюнкі зрабілі кнігу больш прывабнай, прыцягальнай для маленькага чытача. 

Не пакіне раўнадушнай і кніга Таццяны Дземідовіч «СНежным годом!». Столькі аптымізму у ёй, прыцягальнай дзіцячай наіўнасці, чысціні. Па эмацыянальным перажыванні выданне Таццяны Анатольеўны можна параўнаць хіба што з чаканнем першага снегу. Пра што, дарэчы, і вядзе гаворку галоўная гераіня Ленка Коцікава. 

І як не пагадзіцца з жыццёвымі пастулатамі гэтай фантазёркі і генератара цудоўных ідэй?! Напрыклад, радасць ніколі не надакучвае. Ці — усё пачынаецца з добрага настрою і добрых спраў.

З вялікай радасцю Ленка Коцікава зрабіла сябрамі ўсіх суседзяў у двары, аформіла незвычайны здымак для школьнага фотаконкурсу «Барсік прыляцеў», выратавала малога Чучундрыка, выправілася ў падарожжа ў самую сапраўдную краіну Сасулію. А яшчэ ў добрым настроі можна не звяртаць увагі на кпіны аднакласнікаў, калі ты малюеш ад душы і крыху лепш за іншых... 

А калі нехта яшчэ сумняваецца ў цудадзейнасці звычайнай радасці і добрага настрою — калі ласка, яркая, цікавая, змястоўная кніга чакае вас сярод навінак Выдавецкага дома «Звязда». Чытайце, выказвайцеся, спрачайцеся! 

Іна ФРАЛОВА

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.