Вы тут

Універсальная мова якасці


Штогод 14 кастрычніка навукова-тэхнічная грамадскасць розных краін адзначае Сусветны дзень стандартызацыі. У Беларусі таксама з 2000 года адзначаецца гэтае прафесійнае свята. Асабліва значная гэта дата, як і дзейнасць у сферы стандартызацыі, у Год якасці. Бо стандарты ў сучасным свеце — універсальная мова зносін паміж распрацоўшчыкамі, вытворцамі і спажыўцамі любых тавараў і паслуг: ад прадуктаў харчавання да тэхналогій штучнага інтэлекту.


Наяўнасць стандартаў, дзяржаўных і міждзяржаўных, дапамагае спрасціць і ўпарадкаваць пытанні, якія могуць стаць складанымі і хаатычнымі, калі не мець дакладных «кропак апоры» для ацэнкі тавараў і паслуг. Прасцей кажучы, стандарты — гэта набор найважнейшых крытэрыяў, якім павінна адпавядаць прадукцыя ў пэўнай катэгорыі. Штогод у свеце Дзень стандартызацыі праходзіць пад пэўным дэвізам. Гэты год працягвае тэму «Стандарты для дасягнення Мэт устойлівага развіцця», і ў 2024-м сярод гэтых мэт выбрана «Індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура» з акцэнтам на развіццё штучнага інтэлекту.

Ад безбар’ернага асяроддзя да зялёнай эканомікі

У Беларусі 2024 год аб’яўлены Годам якасці, а стандарты ляжаць у аснове якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, падкрэсліла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова.

— Чым больш прагрэсіўны ўзровень патрабаванняў стандартаў, тым лепшая і больш канкурэнтаздольная прадукцыя, тым вышэйшая яе якасць, — адзначыла кіраўнік Дзяржстандарта. — Стандарты аказваюць значнае станоўчае эканамічнае ўздзеянне, якое стымулюе распрацоўку новай прадукцыі і ўдасканаленне існуючай, спрыяючы развіццю рынку і ўмоў паставак.

Сёння ў Беларусі фонд дзеючых стандартаў налічвае 32 тысячы, паведаміла кіраўнік Дзяржстандарта. Толькі ў бягучым годзе ў нашай краіне было зацверджана 614 нацыянальных і міждзяржаўных стандартаў, якія датычацца лёгкай, хімічнай прамысловасці, электратэхнікі і радыёэлектронікі, машынабудавання, сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Узровень гарманізацыі з міжнароднымі патрабаваннямі складае 60–80 %, дадала вучоны. У рамках ЕўрАзЭС сёння беларуская стандартызацыя лічыцца самай прагрэсіўнай, падкрэсліла яна.

У бягучым годзе зацверджана Праграма стандартызацыі ў галіне тавараў і паслуг для дзяцей да 2028 года.

— Тавары для дзяцей уваходзяць у сферу прымянення тэхнічных рэгламентаў ЕўрАзЭС, аднак ёсць частка прадукцыі, не ахопленая гэтымі патрабаваннямі. І, адпаведна, пад яе не распрацаваны стандарты. Гэта спартыўны інвентар, спартыўнае абсталяванне, дзіцячая артапедычная прадукцыя і паслугі для дзяцей. Праграма ўключае распрацоўку 55 новых стандартаў, — сказала Алена Маргунова.

У 2023 годзе быў распрацаваны комплекс з 16 стандартаў, накіраваны на гарантаванне бяспекі і якасць паслуг у плавальных басейнах і аквапарках, паведаміла спікер. Гэтыя стандарты ўведзены ў дзеянне з 1 чэрвеня 2024 года. Іх наяўнасць спрыяе бяспецы, скарачэнню няшчасных выпадкаў на вадзе і дапамагае персаналу эфектыўна выконваць свае абавязкі.

Акрамя таго, у мінулым годзе былі рэалізаваны яшчэ дзве праграмы распрацоўкі дзяржаўных стандартаў: 8 стандартаў у сферы інавацыйнага менеджменту і 11 — у галіне лічбавай эканомікі. 

На найбліжэйшую перспектыву — да 2030 года — запланавана распрацоўка 208 стандартаў, накіраваных на садзейнічанне дасягненню Мэт устойлівага развіцця.

Да канца года завершыцца распрацоўка 80 стандартаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, якасці вады, перапрацоўкі другасных матэрыялаў. Распрацоўкі выконваюцца ў рамках Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі. Распрацавана і ўведзена ў дзеянне з 1 кастрычніка бягучага года серыя з 12 стандартаў у галіне вытворчасці і выкарыстання цвёрдага паліва з камунальных адходаў.

Адным з важных напрамкаў работы сферы стандартызацыі ў галіне сацыяльнай палітыкі стала распрацоўка стандартаў для асоб з інваліднасцю.

— Работа накіравана на тое, каб даць такім людзям больш магчымасцяў для асобаснага і прафесійнага развіцця, забяспечыць іх удзел у жыцці грамадства, — падкрэсліла Алена Маргунова.

Яна расказала, што ўжо распрацавана серыя стандартаў, якія ўстанаўліваюць тэхнічныя патрабаванні да працоўных месцаў для інвалідаў.

Важна не толькі распрацоўваць новыя стандарты, але і адсочваць актуальнасць дзеючых, дадала эксперт. З гэтай мэтай рэгулярна (раз на пяць гадоў) праводзіцца праверка навукова-тэхнічнага ўзроўню дзеючых стандартаў для прыняцця рашэння аб іх далейшым выкарыстанні або неабходнасці іх актуалізацыі.

— План дзяржаўнай стандартызацыі на 2024 год прадугледжвае ацэнку навукова-тэхнічнага ўзроўню 613 стандартаў, — падвяла вынік кіраўнік Дзяржстандарта. — Гэта стандарты ў галіне лёгкай прамысловасці, пажарнай бяспекі, аховы здароўя, харчовай прадукцыі, лесаматэрыялаў.

Крок даволі амбіцыйны, заўважыла яна. Для параўнання: у 2022 годзе колькасць стандартаў «на праверку» была амаль напалову меншая — 320.

Нічога, акрамя карысці

— Гарманічнае развіццё і нават само існаванне такой галіны, як харчовая, немагчыма без стандартызацыі, — адзначыла першы намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Таццяна Шадко.

Менавіта наяўнасць стандартаў дае магчымасць пакупніку зрабіць усвядомлены выбар: гарантуе якасць прадукту і адпаведнасць яго таму, што заяўлена на ўпакоўцы. Таму канцэрн цесна ўзаемадзейнічае з органамі стандартызацыі па ўстанаўленні навукова абгрунтаваных патрабаванняў і ўдасканаленні ўжо існуючых, распрацоўцы методык ацэнкі і кантролю. Гэта работа вядзецца ў адпаведнасці з Праграмай «Якасць» на 2021–2025 гады, а таксама з Праграмай павышэння якасці ў рамках Года якасці.

— Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрн, на 90 % выпускаюць прадукцыю, якая адпавядае або дзяржаўным, або міждзяржаўным стандартам, і на 10 % — па тэхнічных умовах. Але і прадукцыя па тэхнічных умовах праходзіць абавязковую экспертызу якасці, — звярнула ўвагу Таццяна Шадко. — Калі міждзяржаўныя стандарты прад’яўляюць менш жорсткія патрабаванні, вытворца аддае перавагу дзяржаўнаму стандарту — такім чынам гэта адбываецца па алкагольнай, сокавай прадукцыі, рапсавым алеі і шакаладзе.

З 2008 года распрацавана і ўдасканалена каля 400 стандартаў за кошт інвестыцыйнага фонду канцэрна «Белдзяржхарчпрам», паведаміла эксперт. Канцэрнам ініцыіраваны і распрацаваны Змяненні да «Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы харчовай прадукцыі»: уведзены больш жорсткія патрабаванні на шакалад і шакаладныя вырабы. Прадстаўнікі канцэрна бяруць удзел у 16 нацыянальных камітэтах па стандартызацыі і ўваходзяць у склад больш як 30 міжнародных камітэтаў, каб праводзіць палітыку падтрымання дастойнага ўзроўню айчыннай харчовай прадукцыі і каб высокія беларускія стандарты трансфармаваліся ў міждзяржаўныя, падкрэсліла спікер.

— У гэтым годзе працуем над шасцю дзяржаўнымі стандартамі ў галіне кандытарскіх вырабаў і шакаладу і адным міждзяржаўным — на кандытарскую, шакаладную і тлушчавую глазуру, — паведаміла яна.

Найважнейшы кірунак работы канцэрна ў галіне стандартызацыі звязаны з дзіцячым харчаваннем.

— Працуем над стандартамі на сокавую прадукцыю для дзіцячага харчавання і на кансервы фруктовыя, — распавяла прадстаўнік «Белдзяржхарчпрама».

Важна ўдзяліць больш увагі распрацоўцы стандартызаваных метадаў ацэнкі адпаведнасці і кантролю, дадала Таццяна Шадко. Сёння ў харчовай прамысловасці выкарыстоўваюцца біялагічна актыўныя рэчывы і ферменты, якія пакуль не маюць інструментальных метадаў ацэнкі.

— Адпаведнасць у гэтым выпадку мы вызначаем не інструментальнымі метадамі, а па колькасці, якая была выкарыстана для вытворчасці таго ці іншага прадукту, — распавяла эксперт. — У далейшым гэтыя падыходы будзем удасканальваць.

Калі ў харчовай прамысловасці роля стандартаў бясспрэчная, то пытанні якасці і бяспекі тавараў лёгкай прамысловасці айчынны спажывец часам недаацэньвае, сказала намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мурашка. Часам мы не задумваемся, з чым кантактуе наша цела, якое адзенне мы носім, на якой пасцельнай бялізне спім. Між тым у свеце даўно прыйшлі да высновы, што гэта таксама моцна ўплывае на здароўе чалавека.

— Чаму прадукцыя беларускай лёгкай прамысловасці пастаўляецца ў каля ста краін свету? Дзякуючы яе якасці! — падкрэсліла прадстаўнік канцэрна «Беллегпрам».

Канцэрн удзельнічае ў фарміраванні абавязковых патрабаванняў да прадукцыі лёгкай прамысловасці ў тэхнічных рэгламентах. Уся прадукцыя гэтай сферы, што вырабляецца ў Рэспубліцы Беларусь, адпавядае тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза. На базе Цэнтра навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці функцыянуе тэхнічны камітэт ТК BY 12 «Лёгкая прамысловасць», у канцэрна ёсць каля 20 выпрабавальных лабараторый, і практычна на ўсіх прадпрыемствах «Беллегпрама» сертыфікавана сістэма менеджменту якасці СТБ ІСО 9001, паведаміла эксперт.

— Мы маем сваю галіновую праграму «Якасць» 2021–2025, і яе асноўная мэта — забяспечыць стабільна высокую якасць і канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі, — падсумавала яна.

«Павадок» для штучнага інтэлекту

Калі казаць пра перспектывы развіцця стандартызацыі ў Беларусі, то сёння сфера інтарэсаў спецыялістаў гэтай галіны — тэхналогіі штучнага інтэлекту.

— У нашай краіне запланавана стварэнне Інстытута штучнага інтэлекту, а ў праекце Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года акцэнт зроблены на развіццё краіны з прымяненнем тэхналогій ШІ ў розных галінах: ахова здароўя, адукацыя, прамысловасць, энергетыка, транспарт, сельская гаспадарка, турызм, ЖКГ, гандаль, культура, сфера фінансавага рынку, — адзначыла начальнік упраўлення тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі Дзяржстандарта Аксана Грышкевіч. — Стандартызацыя неабходна пры ўкараненні штучнага інтэлекту ва ўсіх гэтых сферах. Пакуль мы ў пачатку шляху, і першым крокам стала ўвядзенне ў 2024 годзе ў нашай краіне 12 нацыянальных стандартаў на сістэмы штучнага інтэлекту на аўтамабільным транспарце для вытворчасці і выпрабавання беспілотных транспартных сродкаў.

У далейшых планах спецыялістаў — укараненне перадавых міжнародных практык і стандартаў, якія забяспечаць трывалую аснову для развіцця ШІ-тэхналогій у нашай краіне, дадала яна.

— Сёння экспертнай пляцоўкай, дзе працуюць эксперты 66 краін свету, з’яўляецца Міжнародны тэхнічны камітэт па стандартызацыі пры Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі, — адзначыла спецыяліст. — Беларусь у асобе ААТ «Гіпрасувязь» пакуль прысутнічае там у якасці назіральніка. У нас у планах — вызначыць наш Нацыянальны тэхнічны камітэт па стандартызацыі ТК BY 38 «Лічбавая трансфармацыя» ў якасці экспертнай пляцоўкі для распрацоўкі стандартаў у галіне штучнага інтэлекту ў Рэспубліцы Беларусь.

На 2025 год запланавана распрацоўка дзяржаўнага стандарту на аснове міжнароднага стандарту 42001 2023 года на сістэмы менеджменту ў сферы штучнага інтэлекту, паведаміла вучоны. Гэты стандарт забяспечыць этычнае, адказнае і бяспечнае выкарыстанне тэхналогій ШІ, дапаможа арганізацыям хутка адаптавацца да развіцця штучнага інтэлекту, мінімізаваць рызыкі і павысіць давер да гэтых сістэм.

— З Нацыянальнай акадэміяй навук і Міністэрствам сувязі сёння абмяркоўваецца пытанне па распрацоўцы дзесяці дзяржстандартаў на аснове міжнародных у сферы ШІ, — распавяла Аксана Грышкевіч. — Яны накіраваны на бяспеку сістэм штучнага інтэлекту для людзей і навакольнага асяроддзя.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.