П’есы савецкага драматура Міхаіла Хейфеца заўсёды былі папулярнымі сярод гледачоў любога ўзросту і прафесіі. Гэтыя гісторыі блізкія кожнаму: аб простых людзях, іх пачуццях і жыццёвым шляху. Недарэмна ў гэтым годзе п’еса аўтара пастаўлена аж на дзвюх беларускіх сцэнах — у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы («Бясконцая гісторыя») і ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры («Рок-н-рол на захадзе»). Агульны сюжэт, але розная атмасфера, героі, настрой...
Пра пастаноўку «Рок-н-рол на захадзе» ў Маладзёжным тэатры можна прачытаць у артыкуле Ларысы Цімошык «Адлюстраванне жыццялюбства» («ЛіМ», № 27, 19.07.2024). Тут жа больш падрабязна разгледзім спектакль рэжысёра-пастаноўшчыка Сяргея Кулікоўскага ў супрацоўніцтве з харэографам Дзінай Юрчанка.
На камернай сцэне Купалаўскага тэтра Ён і Яна спрабуюць пераадолець адзіноцтва, нягледзячы на сталы ўзрост і ўжо дарослых дзяцей. Знайсці сябе і адно аднаго ім дапамагае танец. Ён — непаваротлівы буркун, а Яна не можа прызнаць адсутнасць слыху і пачуцця рытму. Аднак гэтыя цяжкасці не перашкаджаюць адзінокім людзям верыць у сябе і працягваць пошукі ўласнага шчасця. Сустракаюцца яны ў танцавальнай групе. Ён хутка пакідае заняткі — вырашае займацца самастойна па кнізе. А Яна завальваецца ў яго кватэру як дамоў і патрабуе вярнуцца, бо іншага партнёра знайсці не змагла. Так і пачынаецца кранальная, крыху наіўная гісторыя кахання, дзе ў пошуках звычайнай чалавечай цеплыні сустрэліся двое.
На першы погляд — банальны рамантычны сюжэт з прадказальным развіццём падзей. Але галоўны акцэнт у спектаклі не на каханні, а на доўгім шляху да яго. Абодва героі ўжо сталыя, дастаткова паспяховыя людзі, маюць дзяцей і ўнукаў. Што ж яшчэ патрэбна для поўнага шчасця? П’еса Міхаіла Хейфеца паказвае даволі распаўсюджаную сітуацыю: калі ўсяго дасягнуў у жыцці — самота пачынае паглынаць з галавой…
Спектакль у пастаноўцы Сяргея Кулікоўскага атрымаўся вельмі ўтульны і па-асабліваму цёплы, а камерная сцэна на дзве гадзіны аб’яднала гледачоў з героямі п’есы. Лёгкая, гумарыстычная гісторыя сама па сабе прыцягвае ўвагу, але ігра акцёраў надае спектаклю пэўную долю драматызму. Галоўныя ролі выконваюць Уладзімір Рагаўцоў у пары з Тамарай Нікалаевай-Апіёк і Аляксандр Пашкевіч са Святланай Гусаравай. Розныя акцёры — розная атмасфера, а яшчэ добрая нагода паглядзець пастаноўку некалькі разоў, каб убачыць гісторыю праз прызму розных характараў і пачуццяў.
«Бясконцая гісторыя» Купалаўскага тэатра вучыць смеласці і веры ў сябе. Часам не мы няправільныя, а агульнапрынятыя звычаі не падыходзяць нашаму сэрцу. Ёсць у жыцці моманты, калі, нягледзячы на ўзрост, сацыяльны статус і здольнасці, трэба зрабіць «крок не па правілах», і тады захад сонца стане не фіналам, а прыгожым пейзажам, на фоне якога так прыемна танцаваць.
Дарэчы, танец з’яўляецца чырвонай ніткай пастаноўкі, што звязвае адну сцэну з другой. Быццам кропка (ці шматкроп’е), танцавальныя паўзы расстаўляюць акцэнты, змяняюць настрой сцэны, адлюстроўваюць тое, што немагчыма выказаць словамі. Танцуюць у пары Ілья Крук, Анатоль Нікішын, Артур Цыцура, Марыя Калесніковіч, Марыя Аўтушка, Таццяна Гулевіч. У адной са сцэн з’яўляецца скрыпач Генадзь Вешнякоў з лірычнай кампазіцыяй, якая стала пачаткам нясмелага, але светлага пачуцця. Танец саміх галоўных герояў гледачы ўбачаць толькі ў канцы, калі імкненне да мары пераможа страх памыліцца.
Сяргей Кулікоўскі з’яўляецца і мастаком спектакля. Мінімум дэкарацый, сціплае адзенне для Яго, яркае і экзатычнае — для Яе. Кожная дэталь падкрэслівае асабісты характар герояў, іграе сваю важную ролю. Музычнае суправаджэнне пастаноўкі адрозніваецца ад арыгінальнага твора. Сам рэжысёр прызнаўся, што спецыяльна замяніў яскравы рок-н-рол на прывабную лацінаамерыканскую мелодыю. Гэта змяняе агульны настрой пастаноўкі, надае дзеянням герояў мяккасці, цеплыні, а прыглушанае святло стварае інтымную атмасферу для двух адзіноцтваў.
Такія цёплыя меладраматычныя пастаноўкі сагрэюць у дажджлівыя восеньскія дзянькі. «Бясконцая гісторыя» паказвае, што ўзрост і сацыяльны статус не маюць значэння, калі ёсць сапраўдная мара. І добра, калі гэтую мару можна падзяліць з добрым чалавекам, які глядзіць з вамі ў адзін бок.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».