Вы тут

Вольга Дуброўшчык: Да здзяйснення сваёй мары я вырашыла рухацца крок за крокам


Прызнацца, першае, што мне захацелася зрабіць пры знаёмстве з прафесарам кафедры агульнай хірургіі ГрДМУ Вольгай Дуброўшчык, — гэта ўдакладніць год яе нараджэння. Гледзячы на Вольгу Ільінічну, вельмі складана паверыць, што сёлетняй вясной яна адзначыла сваё 80-годдзе.

Адзіная ў Беларусі жанчына-прафесар агульнай хірургіі, доктар медыцынскіх навук, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» Вольга Дуброўшчык 60 гадоў лечыць людзей і без гэтага не ўяўляе свайго жыцця.


Праз церні — да мары

— Адзін з самых яркіх дзіцячых успамінаў: я пасу гусей і зачаравана назіраю, што адбываецца на іншым беразе ракі, у сельскай бальніцы. Бачу людзей у белых халатах і ўяўляю сябе сярод іх, — расказвае Вольга Дуброўшчык. — Да ўрачоў і фельчараў усе ў нашай вёсцы Вялікая Сліва ў Слуцкім раёне ставіліся з велізарнай павагай. Пры сустрэчы з імі мужчыны здымалі кепкі, жанчыны — кланяліся. Гледзячы на гэта, я таксама марыла стаць медыкам, калі вырасту.

Скончыўшы школу з залатым медалём, Вольга хацела паступаць у Мінскі медінстытут. Але бацька растлумачыў: «Не, дачушка, шэсць гадоў нам цяжка дапамагаць табе. Атрымлівай якую-небудзь спецыяльнасць, а потым пойдзеш працаваць і вучыцца на ўрача».

Каваль Ілья Паўлавіч і палявод Марыя Яфімаўна Курдзюкі працавалі, не пакладаючы рук, каб забяспечыць шматдзетную (з 7 дачок і двух сыноў) сям’ю, і грошай, каб Вольга магла вучыцца і жыць у сталіцы, у іх не было.

— Тады да здзяйснення сваёй мары я вырашыла рухацца крок за крокам, — кажа Вольга Ільінічна. — Скончыла з адзнакай Баранавіцкае медвучылішча і два гады прапрацавала медсястрой хірургічнага аддзялення 1-й гарадской клінічнай бальніцы Гродна. З другой спробы нарэшце стала студэнткай Гродзенскага медінстытута. Дзень залічэння ў ВНУ — адзін з самых шчаслівых у маім жыцці!

Вучылася Вольга Курдзюк з вялізным задавальненнем. І пры гэтым працягвала падзарабляць аперацыйнай медсястрой у выхадныя, на канікулах, дзяжурыла па начах. На 5 курсе ўжо асіставала хірургам, а на 6 — самастойна выконвала нескладаныя аперацыі. Як ленінскі стыпендыят Вольга паступіла ў клінічную ардынатуру. Працавала старшым лабарантам на кафедры агульнай хірургіі сваёй альма-матар і на паўстаўкі — хірургам у бальніцы. Да таго часу яна ўжо выйшла замуж і стала Вольгай Дуброўшчык.

Прызванне — вылечваць

Я не раз чула ў медыцынскім асяроддзі выказванне: «Або яна жанчына, альбо хірург». Прафесар Вольга Дуброўшчык з гэтым сцвярджэннем катэгарычна не згодна:

— Не, можна быць добрым хірургам і пры гэтым заставацца жанчынай. У нашай прафесіі патрэбны не столькі моцныя, колькі ўмелыя рукі, а яшчэ — глыбокія веды, гатоўнасць браць адказнасць на сябе. Клас, майстэрства хірурга, на мой погляд, вызначаецца не столькі тым, як ён выконвае планавыя аперацыі, колькі яго прафесіяналізмам падчас экстраных умяшанняў, калі трэба хутка прымаць рашэнне і дзейнічаць. Многія прадстаўніцы прыгожага полу ўсім гэтым патрабаванням поўнасцю адказваюць.

Вольга Дуброўшчык прааперыравала тысячы пацыентаў. Некаторых памятае да гэтага часу. Аднойчы яе выклікалі ў клініку на дапамогу маладыя калегі. Паступіў 28-гадовы мужчына з нажавым раненнем у сэрцы: з-за таго, што кроў вылілася ў сардэчную «сарочку» (гэта называецца гемаперыкард), яно магло ў любую хвіліну спыніцца. Калектыўна прынялі рашэнне ўшываць рану. Чатыры дні пацыент быў на кіраваным дыханні, але паступова пачаў аднаўляцца. Пасля такіх гісторый Вольга Дуброўшчык заўсёды адчувала: яна жыве не дарма.

— Асабіста я заўсёды малілася пра сябе перад пачаткам аперацыі за спрыяльны зыход, — прызнаецца мая суразмоўніца. — Нажаль, часам не атрымліваецца выратаваць пацыентаў. Да смерці на аперацыйным стале немагчыма абвыкнуць. Але нават у такія моманты жадання пайсці з медыцыны ў мяне не ўзнікала. Ведала, што я на сваім месцы. І калі заставаўся хаця б адзін працэнт са ста, што чалавеку можна дапамагчы, я заўсёды яго выкарыстоўвала.

Сёння прафесар Вольга Дуброўшчык курыруе 2-е гнойнае хірургічнае аддзяленне 4-й гарадской клінічнай бальніцы Гродна, вядзе прыём у прафесарскім кансультатыўным цэнтры. Працяглыя складаныя хірургічныя ўмяшанні не выконвае тры гады — цяжка ўжо фізічна. Але заўсёды рада дапамагчы маладым калегам.

— Моладзі ёсць чаму павучыцца ў Вольгі Ільінічны, — перакананая загадчыца кабінетам функцыянальнай дыягностыкі Гродзенскай гарадской клінічнай бальніцы № 4 Святлана Канецкая. — Яна унікальны спецыяліст з неацэнным вопытам. Вельмі абачліва, я б сказала, па-мацярынску ставіцца да пацыентаў. Чалавек рэдкай прыстойнасці, аптымізму, дабрыні.

— Дзівішся актыўнасці, энергічнасці, нязменна добраму настрою Вольгі Ільінічны, — дадае медсястра кабінета функцыянальнай дыягностыкі Вольга Семяненка. — За 40 хвілін да пачатку працоўнага дня яна ўжо на месцы. Памятае пацыентаў па імёнах, імені па бацьку. Добразычлівая, ветлівая з усімі — яе пазітыўнасць адчуваеш фізічна.

Эталонам медыка для Вольгі Дуброўшчык заўсёды заставаўся прафесар Іван Якаўлевіч Макшанаў, пад кіраўніцтвам якога яна абараняла і кандыдацкую, і доктарскую дысертацыі. А сёння яна для многіх калег — узор сапраўднага ўрача. Самае галоўнае, чаму акрамя спецыяльных ведаў і навыкаў імкнецца навучыць студэнтаў прафесар Дуброўшчык, — рабіць сумленна сваю справу і любіць людзей.

— Вельмі важна мець зносіны з пацыентам, — перакананая Вольга Ільінічна. — Па сваім вопыце ведаю: лечаць не толькі скальпель і прэпараты, слова таксама вылечвае. Калі пасля размовы з урачом чалавеку не стала лягчэй — значыць, грош цана такому спецыялісту.

«Крэпасць» прафесара

Адзін пералік заахвочванняў і ўзнагарод займае ў яе працоўнай кніжцы шэсць старонак. Доктар медыцынскіх навук Вольга Дуброўшчык — аўтар манаграфій, падручнікаў, рацыяналізатарскіх прапаноў, вынаходстваў, патэнта. Але больш за ўсё ганарыцца яна не гэтым.

— Я не з тых жанчын, якія могуць жыць толькі прафесіяй, нават любімай. Заўсёды вельмі шанавала сям’ю, — прызнаецца мая гераіня. — Вядома, пакуль дачка і сын былі маленькімі, даводзілася цяжка: і аперыраваць, і дысертацыі пісаць, і гатаваць, прыбіраць... Але я — сялянскіх кровей, таму спраўлялася. Мне пашчасціла з мужам, Лявонціям Канстанцінавічам. Мы ўжо 52 гады разам і заўсёды знаходзім паразуменне.

Вольга Дуброўшчык задаволена, што дачка пайшла па яе слядах. Алена Саваневіч — дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі ГрДМУ, кандыдат медыцынскіх навук. Мама і дачка абмяркоўваюць прафесійныя справы і раяцца адна з адной. Хацела мая гераіня, каб урачом стаў і сын Павел, але ён абраў IT-сферу. Ёсць у Вольгі Ільінічны і двое ўнукаў — Канстанцін і Марыя, яе гонар і радасць.

— Найважнейшыя ўрокі яшчэ ў дзяцінстве мне падалі бацькі, — кажа Вольга Дуброўшчык. — Яны ў тым, каб сумленна працаваць, быць прыстойным чалавекам, ніколі не жадаць і не здзяйсняць зла. Я вельмі старалася, каб гэтыя простыя правілы засвоілі дзеці і ўнукі.

Здаецца, атрымалася.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіву А. І. Дуброўшчык і прадастаўлена Гродзенскім медуніверсітэтам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.