На Гомельшчыне на тэрыторыі раёнаў навучэнцы і супрацоўнікі райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях падтрымалі рэспубліканскую акцыю «Моладзь за бяспеку!».
На тэрыторыі Петрыкаўшчыны работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях разам з актывістамі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных аказалі шэфскую дапамогу адзінокім састарэлым і пенсіянерам, якія пражываюць самастойна.
Наведваючы адрасатаў юныя ратавальнікі прапанавалі адзінокім пенсіянерам дапамагчы навесці парадак на прыдамавой тэрыторыі. Вядома, у двары заўсёды шмат працы, і пажылому, адзінокаму чалавеку цяжка справіцца з ёй самастойна. Так, моладзь наводзіла парадак у дварах, прыбірала смецце і сухую расліннасць на прысядзібных участках. Па адным з адрасах навучэнцы падрамантавалі агароджу ў двары пенсіянеркі, прыбралі апалую лістоту ў агародзе, дагледзелі пладовы сад. Не менш важную перад ацяпляльным сезонам інфармацыйную работу правялі супрацоўнікі Петрыкаўскага РАНС. Яны праінфармавалі адрасатаў падшэфнай дапамогі аб бяспечнай эксплуатацыі печы і электрапрыбораў, неабходнасці ўстаноўкі ў домаўладаннях аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Акцыю «Моладзь за бяспеку» па аказанні шэфскай дапамогі актыўна падтрымалі і юныя ратавальнікі Жыткавічаў. Яны таксама разам з прадстаўнікамі службы выратавання выйшлі па месцы жыхарства ў райцэнтры адзінокіх састарэлых, адзінока пражываючых і інвалідаў. Актывісты зладжвалі дровы, прыбіралі ў дамах і на падворках, чысцілі ўчасткі ад апалай лістоты. Юныя памочнікі пад кантролем спецыялістаў у тым ліку самастойна ўстанаўлівалі пажарныя апавяшчальнікі. Супрацоўнікі МНС, у сваю чаргу, старанна абследавалі домаўладанні на прадмет пажарнай бяспекі, праверылі спраўнасць пячнога ацяплення, а падрабязна расказалі адрасатам дапамогі, як правільна рыхтавацца да ацяпляльнага сезону, на што звяртаць увагу.
На тэрыторыі Калінкавіцкага раёна юныя ратавальнікі і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях аказалі дапамогу пенсіянерам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Так актыўна падтрымалі акцыю «Моладзь за бяспеку!» — дапамагалі пажылым вяскоўцам ва ўборцы па хаце, навялі парадак на прысядзібных участках і дапамаглі з нарыхтоўкай дроў — актывісты беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных Шыіцкая сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна. Школьнікі падзяліліся, што вельмі кранае, як састарэлыя прымаюць актывістаў: расказваюць пра сваё жыццё, вельмі рады проста пагаварыць па душах. Увогуле, як падкрэслілі супрацоўнікі службы выратавання ў раёнах, адрасаты акцыі адзінокія састарэлыя вельмі ўдзячныя такой увазе.
Вядома, што на другім этапе акцыі «Моладзь за бяспеку!» ва ўстановах адукацыі ў рэгіёнах для юных ратавальнікаў арганізуюць конкурсы, віктарыны, прагляды відэафільмаў аб дзейнасці Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Пройдзе таксама ўручэнне членскіх білетаў і прысвячэнне юных ратавальнікаў у рады арганізацыі.
Акцыя «Моладзь за бяспеку!» заклікана выявіць і раскрыць творчы патэнцыял моладзі, акумуляваць энергію маладых людзей на здзяйсненне карысных спраў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.