Працаўнікоў сяла сёння віншуюць на Гомельшчыне. У абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі», які прайшоў у гарадскім пасёлку Карма, прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Тыдзень таму ў Мікашэвічах, ушаноўваючы аграрыяў Брэстчыны, кіраўнік дзяржавы паабяцаў наведаць усе рэгіёны і асабіста падзякаваць тым, хто забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Свае абяцанні Прэзідэнт выконвае. Таму ў суботу беларускага лідара сустракалі ў Карме.
Нягледзячы на святочную нагоду, размовы былі пра надзённае. Першае пытанне да губернатара — якія планы па развіцці рэгіёна. «Узімку вы мне адкажаце, што мы будзем рабіць з Гомельскай вобласцю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнту паказалі новы спартыўна-аздараўленчы комплекс «Сож». Цяпер у вобласці актыўна будуюцца зручныя шматпрофільныя комплексы. А ў Карме ён і зусім стаў цэнтрам прыцягнення. Але кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, развіваючы сацыяльную сферу, нельга забывацца на новыя вытворчасці. Паводле яго слоў, лепш за ўсё аб развіцці рэгіёна сведчаць вытворчыя паказчыкі. А для іх дасягнення патрэбны людзі. «Мала людзей не бывае. Калі мала, трэба арганізаваць людзей, зацікавіць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, работы ў Гомельскай вобласці дастаткова. «Землі трэба адрадзіць, меліярацыю трэба правесці, і культура земляробства павінна быць ідэальнай», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
На цэнтральнай плошчы Кармы кіраўніка дзяржавы, нягледзячы на надвор’е, сустракалі цёпла. Як адзначыў, Аляксандр Лукашэнка, так ужо павялося, што самая гарачая пара ў селяніна — вясна і лета, а «Дажынкі» мы заўсёды адзначаем пад промнямі не вельмі яркага восеньскага сонца. Праўда, у гэты святочны дзень сонца, якое дагэтуль паўтара месяца сагравала Гомельшчыну, схавалася. Але, як падкрэсліў Прэзідэнт, працаўнікам цэха пад адкрытым небам да перамен надвор’я не прывыкаць. Тым больш на Гомельшчыне.
«Нізкі паклон за вашу працу. За цярпенне і ўменне працаваць насуперак усім нягодам і абставінам. Гэта вельмі характэрна для нашай Гомельшчыны. Такім абставінам, ад якіх нават могуць апусціцца рукі. Але не ў вас», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прыклад такіх абставін — барацьба з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пасля якой радыеактыўнае воблака накрыла амаль усю Гомельшчыну.
«Нам давялося твар у твар сутыкнуцца з вялізнай чалавечай трагедыяй. Здавалася, гэта тупік і выйсця няма. Нас тады пераконвалі, што жыць тут нельга. Пра тэрыторыю трэба забыць. Усё кінуць і пайсці, людзей адсяліць. А што далей з землямі будзе, з гэтым краем — як Бог дасць», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, працягнуў гістарычны экскурс Прэзідэнт, такія прапановы былі катэгарычна адпрэчаны. «Хоць разумеў: забяспечыць дастойнае жыццё ў чарнобыльскіх раёнах у рэаліях развалу 90-х гадоў — задача амаль невыканальная», — зазначыў ён. Самым страшным у той час кіраўнік дзяржавы назваў неразуменне таго, што рабіць, куды дзявацца, людзі былі ашаломленыя, бо нічога падобнага ў гісторыі яшчэ не было і людзям прыйшлося ўпершыню сутыкнуцца з катастрофай такога маштабу. І не існавала ніякіх рэцэптаў, як вырашаць узніклыя праблемы. «Але рашэнне было прынятае: мы нашых людзей на волю лёсу не кінулі. Тады практычна кожны месяц я бываў у так званых чарнобыльскіх раёнах. Я практычна жыў з вамі. — нагадаў Прэзідэнт. — І тады мы зрабілі абсалютна слушны выбар. Гэта стала першым крокам. І як відаць з пазіцыі сённяшняга дня — вельмі смелым. Крокам да адраджэння нашых земляў». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, падключыўшы вучоных, на практыцы былі знойдзены спосабы атрымліваць чыстую прадукцыю. З гэтага пачаўся шлях да адраджэння сельскай гаспадаркі ў так званых забруджаных раёнах.
«Каб канчаткова вярнуць рэгіён да нармальнага жыцця, мы зрабілі наступны крок, пайшлі ад людзей. Гэта і зараз назіраецца на Гомельшчыне, пры тым, што вы ў вытворчасці можаце адставаць, а ў сацыяльнай сферы нібыта нармальна. Мы газіфікавалі населеныя пункты, стварылі новыя працоўныя месцы, прывялі ў парадак школы, бальніцы, дамы культуры», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Праробленую працу ён назваў каласальнай. І прывёў лічбы: рэалізавана 6 маштабных дзяржаўных праграм, у рамках якіх на ліквідацыю наступстваў аварыі за гэтыя гады накіравана больш за 23 мільярды долараў толькі бюджэтных сродкаў і столькі ж пазабюджэтных. Усяго каля 50 мільярдаў долараў. У сельскагаспадарчы абарот было вернута каля мільёна гектараў зямлі. І паўмільёна гектараў — у лясны фонд.
«Ведаеце, я ж вашыя настроі разумею. Многія сядзяць і думаюць «так, ты тут кажы, але мы ж ведаем, што адбываецца, мы ж ведаем, дзе жывём, мы ж ведаем, якая ў нас тут прадукцыя». А не трэба. Я не сыходжу з таго, што я недзе ў Мінску жыву, а вы тут. Я сыходжу з таго, што вашу прадукцыю сельскай гаспадаркі са свістам купляюць на міжнародных рынках. І ставяцца да яе скрупулёзным чынам і ні разу не знайшлі прычын, каб адмовіцца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, вялікім попытам на міжнародных рынках карыстаецца і лясная прадукцыя Гомельскай вобласці.
«Гэта для мяне найважнейшы фактар таго, што мы тады зрабілі правільна і людзі тут жывуць. Зыходзячы з цяперашніх сітуацый, каму мы трэба былі, вы? Дзе тысячы людзей было працаўладкаваць? Дзе было б нармальнае жыццё? Хто былі б вы, калі б вас тады адарвалі ад вашых каранёў? Была яшчэ складанасць у тым, што адрываць пачалі. Палітыкі бегалі і на Чарнобыльскай аварыі аўтарытэт сабе стварылі, ні разу не бываючы на гэтых чарнобыльскіх землях. Людзі былі напалоханыя. І самае складанае было развярнуць гэты карабель у зваротным кірунку. Але мы гэта зрабілі. Вы гэта зрабілі. Так, у вас сёння няпроста ў сельскай гаспадарцы, будзем шчыра казаць, у прамысловасці нармальна. Я ўдзячны вам за тое, што вы тады мяне пачулі і не ўцяклі, за тое, што засталіся ў сваіх дамах. І мы будзем рабіць усё, каб вы ніколі не папракнулі маё пакаленне ў тым, што мы ўдзялілі вам мала ўвагу», — заявіў Прэзідэнт. Ён назваў гэта сваёй галоўнай задачай і ўсіх членаў урада ў тым ліку.
«Удумайцеся, маладая суверэнная рэспубліка, асколак вялізнай імперыі, багатай, магутнай, практычна без дапамогі звонку (хто тады мог нам дапамагчы? Тыя, хто маглі, на нас крыж паставілі), мы справілася з наступствамі сусветнай тэхнагеннай катастрофы. Сваімі рукамі, сваім розумам, злучаючы навуку і практыку, жыццёвую мудрасць і веды», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. На розных пляцоўках, у тым ліку і на міжнародных, Аляксандр Лукашэнка паўтарае, што Чарнобыль — гэта не мы, мы не будавалі, не эксплуатавалі, і не ўзрывалі. Бяда да нас прыйшла з боку. «Але мы яе пераадолелі. Таму што перасталі ныць, стагнаць і на некага разлічваць. — заявіў беларускі лідар. — Так і цяпер, толькі сваім розумам, сваімі сіламі мы можам нешта зрабіць. Мы нікому нідзе не патрэбны. Мы патрэбны, можа, камусьці толькі на каленях, у лапцях і пад бізуном, як гэта калісьці было. Але гэта не наш шлях».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння можна гаварыць аб дастойным выніку работы ў Гомельскай вобласці. І мясцовым жыхары бачаць яго як ніхто іншы. Насуперак усім змрочным прагнозам і шматгадовым сумненням, яны тут жывуць. І гэта галоўны вынік.
«Але мы падышлі мудра. І цяпер Гомельская вобласць — высокаразвіты — прамысловы і аграрны рэгіён з вялікім турыстычным патэнцыялам. Мы захавалі доступ да багатых і вельмі запатрабаваных рэсурсаў, таму маем магчымасць здабываць торф, вугаль, нафту, калій. Займаемся планамерным развіццём гэтых тэрыторый у рамках Чарнобыльскай праграмы і думаем аб новых гарызонтах», — сказаў Прэзідэнт. Адным з крокаў для далейшага развіцця рэгіёна кіраўнік дзяржавы назваў работу над пошукам нафты. Тым больш, што такія распрацоўкі ўжо вяліся, за савецкім часам у Гомельскай вобласці прабурылі нафтавыя свідравіны, якія з развалам СССР закінулі. Грошы, якія прынясе гэты праект, пойдуць на развіццё Гомельшчыны.
«Жыццё не дае нам магчымасці спачываць на лаўрах. Успомніце нядаўні ліпеньскі ўраган. Асноўны ўдар стыхіі прыпаў на нашу Гомельшчыну. Моцна пацярпелі ў тым ліку і лясы. Іх трэба аднавіць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў гэта зрабіць разам, у рамках акцыі «Дай лесу новае жыццё», у якой учора прыняў удзел.
«Мы ўсе павінны пайсці ў лес. І высадзіць тыя плошчы, якія пацярпелі ад урагану. Лес — гэта наша жыццё, гэта наш кісларод. Давайце правядзём акцыю і пасадзім новыя дрэвы на пашкоджаных участках. Зробім гэта разам, талакой, як заўсёды гэта было ў Беларусі», — прапанаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прырода кідае новыя выклікі. Змяняюцца клімат і структура земляробства. Сёння даводзіцца ўвесь час змагацца з засухамі і моцнымі вятрамі. Гомельская вобласць — наглядны таму прыклад. «Настаў час зрабіць чарговы крок. За наступную пяцігодку неабходна адаптаваць стратэгію і тактыку выкарыстання патэнцыялу вашага нашага Гомельскага рэгіёна. Адна пяцігодка — і рэгіён павінен змяняцца і знешне, і ўнутрана. Асабліва ў вытворчасці. Запомніце», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, паводле яго слоў, работа над яе выкананнем павінна весціся паралельна з рэалізацыяй праграм, аб’яўленых на мінулых «Дажынках» у Брэсцкай вобласці, гэта праграмы, звязаныя з адраджэннем Палесся, паўночнага ўсходу Магілёўшчыны, часткі Гомельшчыны, і ў цэлым чарнобыльскіх рэгіёнаў.
«Мы сканцэнтруем сродкі на гэтых кірунках і зробім усё, каб вы ніколі не пашкадавалі, што заняліся гэтай справай», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Таксама ён звярнуў увагу, што павінен даць вынік «Адзін раён — адзін праект». «У кожным раёне павінен быць дастатковы і эфектыўны праект. Каб людзі былі занятыя, каб яны атрымлівалі нармальную зарабатную плату», падкрэсліў Прэзідэнт. Ён параіў не забывацца на меліярацыю. Паводле яго слоў, для Гомельскай вобласці яна не менш значная, чым для Брэсцкай. «І ўжо праз два-тры гады трэба добра дабавіць па ўсіх напрамках», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, дзяржава будзе падтрымліваць і дапамагаць Гомельскай вобласць. «Але перш за ўсё, вы павінны свой край адрадзіць», — канстатаваў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба адаптавацца да ўсіх перамен: «Клімат стаў мякчэйшым? Значыць, давайце будзем займацца вінаградам, персікамі, кавунамі. У гэтым і павінна быць ваша асаблівасць: трэба вырабляць тое, што іншыя ў сілу прыродных умоў не могуць, і на што ёсць попыт». Ён зрабіў акцэнт на тым, што трэба вырабляць тое, што можна прадаць, трэба вырошчваць новыя культуры, якія мы завозім здалёку, і тое, што людзям трэба і тое, што можна прадаць на знешніх рынках. Аляксандр Лукашэнка даручыў за зіму ўнесці адпаведную прапанову. Паводле яго слоў, гэта будзе адзін з этапаў адраджэння рэгіёна.
«Гомельшчына сёння паспяхова займаецца вырошчваннем садавіны, агародніны, ягад. Вырабляе ў маштабах усёй краіны да 45 працэнтаў агародніннага гарошку, чвэрць аб’ёму цыбулі і амаль 100 працэнтаў спаржавай фасолі. — прывёў лічбы кіраўнік дзяржавы. — Праца, вядома, вядзецца, але разгортваемся мы вельмі павольна. Трэба паскарацца. Нельга адстаць. Не дай бог адстанем, спынімся, не дай бог затопчуць тыя, хто следам ідзе».
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што вобласці неабходна ўстойлівасць у выніках, у эфектыўнасці работы. «Вы не павінны вагацца знізу ўверх. Трэба навучыцца ў любы сезон і пры любых умовах атрымліваць надоі, прыбаўленні ў вазе, ураджайнасць на ўзроўні вышэйшым за сярэднія па краіне. Без спадаў і правалаў. Гэта задача ў тым лiку i нашай навукi. Падключайце яе зімой, калі будзе больш часу і вырашайце праблемы. Падтрымка будзе забяспечана», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў надзею, што ў рэалізацыі абноўленай праграмы развіцця Палесся і не толькі ў ёй прыкметнае месца зоймуць маладыя вучоныя са сваім свежым поглядам, новымі распрацоўкамі, інавацыйнымі ідэямі і вынаходкамі.
«Дарагія сябры! Калі ёсць мэта, зразумела, куды ісці. Наша мэта ніколі не мянялася — зрабіць нашу Беларусь мацнейшай, прыгажэйшай і багацейшай і ўсё больш незалежнай. Зрабіць так, каб не толькі мы, нашы дзеці і ўнукі жылі на сваім, сваім розумам, каб ніхто ніколі не адважваўся імі панукаць», — заявіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў гэты дзень у Карме сабраліся найлепшыя з найлепшых. Людзі, якія сваёй працай прымнажаюць дасягненні нашай краіны. «І як дамагацца пастаўленых мэт, вы ведаеце не горш за мяне. Бачу, як вы любіце свой край. З часу майго апошняга наведвання ён стаў прыгажэйшым. І ў гэтым пераўтварэнні — часцінка працы кожнага з вас, вашы клопат аб малой радзіме, адданасць караням і мары аб будучыні. Вы — сапраўдныя патрыёты. Вялікі дзякуй, вялікі вам дзякуй, за трапяткое стаўленне да роднай зямлі. Дзякуй вялікі за працу. За падтрымку таго курсу, якім ідзе наша краіна», — шчыра звярнуўся да жыхароў Гомельскай вобласці кіраўнік дзяржавы. На будучыню ён пажадаў жыхарам вобласці міру, дабрабыту, далейшых працоўных здзяйсненняў на карысць Беларусі, здароўя.
Па самай прыемнай традыцыі «Дажынак» Прэзідэнт узнагародзіў найлепшых аграрыяў Гомельскай вобласці, ад кіраўнікоў прадпрыемстваў да трактарыстаў. Сярод герояў дня вадзіцелі, заатэхнікі, аграномы. Усе яны прысвяцілі сельскай гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў, а некаторыя працягваюць працоўныя дынастыі. Падзяку Прэзідэнта і сертыфікат на трактар атрымаў калектыў ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна.
Ад імя жыхароў Кармянскага раёна, ды і ўсяго рэгіёна ў цэлым старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падзякаваў Прэзідэнту за падтрымку і клопат. «Дзякуючы вашым мудрым рашэнням, нашы тэрыторыі, якія пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання, сёння ўстойліва развіваюцца. Гэта бачна сёння на прыкладзе Кармы і Кармянскага раёна», — сказаў губернатар. Ён запэўніў, што так будзе і надалей. «У гомельскіх аграрыяў ёсць усе падставы сустракаць «Дажынкі-2024» у добрым настроі. Вынік работы аграпрамысловага комплексу — гэта выручка, якая вырасла да аналагічнага перыяду мінулага года на больш як 12 працэнтаў. Тэмп росту сярэднямесячнай выручкі на аднаго працуючага склаў 119 працэнтаў», — агучыў вынікі старшыня аблвыканкама.
На памяць аб наведванні абласных «Дажынак» Прэзідэнту падарылі пояс-абярэг, вытканы неглюбскімі ткачыхамі. Аграгарадок Неглюбка Веткаўскага раёна вядомы як цэнтр унікальнага ткацтва. Тут гэтае рамяство развіваецца з XVIII стагоддзі. А ручнікі, вытканыя майстрыцамі, — адна са славутасцяў Беларусі. Яны лічацца вельмі моцнымі абярэгамі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў жыхарам Гомельшчыны за палітычную падтрымку, за адданасць і вернасць сваёй зямлі. «Мы жывём у няпросты час. — адзначыў ён. — Дык вось вы ведайце, што мы тады, калі была галеча і калі не было чаго есці, мы вас не кінулі. Мы вас не кінем і зараз. Вы нашы людзі. І мы будзем ведаць, што вы маеце патрэбу ў міры і абароне. Памятайце, мы будзем жыць у мірнай і нармальнай краіне».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой звярнуў увагу, што ўдзел беларускага лідара ў свяце паказвае найвышэйшы ўзровень увагі да сельскай гаспадаркі, да аграрнага сектара і да Гомельшчыны, да Кармянскага раёна. «Вы памятаеце, 20 гадоў таму першая праграма развіцця Беларусі складалася з трох простых слоў — экспарт, жыллё, прадукты харчавання. Праз 20 гадоў можна сказаць, што гэтыя тры напрамкі сталі асновай нашай эканомікі. І аграрыі ўжо даўно забяспечылі харчовую бяспеку рэспублікі і, як часта паўтарае наш Прэзідэнт, маглі б пракарміць яшчэ адну такую краіну, як наша», — сказаў ён. Дзмітрый Крутой звярнуў увагу, што прамысловы сектар паўднёва-ўсходняга рэгіёна ўстойліва ўваходзіць у тройку найлепшых у рэспубліцы. У ідэале такое ж месца павінен займаць і аграпрамысловы комплекс, тым больш, што для гэтага ўсё ёсць.
Асаблівую падзяку кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта выказаў жыхарам Кармянскага раёна. «Мне здавалася, што Карма заўсёды была на вышыні. У вас было ўтульнае, дагледжанае мястэчка. Але тое, што вы з ім зрабілі за апошні год як руплівыя гаспадары, вядома, рыхтуючыся прыняць такі прадстаўнічы форум, сапраўды ўражвае. Фактычна горад перабудаваны нанова. Дарогі, жыллё, цудоўны спартыўны комплекс, шмат сацыяльных аб’ектаў», — сказаў ён.
Валерыя СЦЯЦКО
Карма
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.