Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка шмат казаў пра патэнцыял і магчымасці рэгіянальнай інтэграцыі на міжнародным контуры. А таксама разглядаў сітуацыю ў асобных беларускіх рэгіёнах. На Магілёўшчыне ў цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы была сельская і лясная гаспадаркі. А на Гомельшчыне, падчас абласнога фестываля-кірмашу «Дажынкі» казалі пра перспектывы вобласці. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця.
1.«Агульная мэта зразумелая. Нам патрэбны трывалы саюз моцных, эканамічна самадастатковых суверэнных дзяржаў. Аб роўных умовах і паважанні нацыянальных інтарэсаў мы гаворым пастаянна. Многае ўжо зроблена, але ёсць і да чаго імкнуцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнага саміту СНД у Маскве. Беларускі лідар прапанаваў калегам падумаць, як больш эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял рэгіянальнай інтэграцыі. І па сваёй звычцы адразу агучыў канкрэтныя меры, якія варта прымяніць: умацаванне міжнароднага статусу СНД, процідзеянне насаджэнню чужых экстрэмісцкіх ідэалогій, спробам уцягвання грамадзян у проціпраўную, у тым ліку тэрарыстычную дзейнасць; дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту на прасторы Садружнасці; папулярызацыя і культываванне ўласнай сістэмы каштоўнасцей.
2.«Не будзь гераізму савецкага народа — не было б тых дзяржаў і людзей, якія робяць усё, каб дыскрэдытаваць подзвіг савецкага народа і забраць нашу Вялікую Перамогу, якая нас так аб’ядноўвае. Мы ведаем чаму. Гістарычная праўда нашых народаў з’яўляецца перашкодай у рэалізацыі доўгатэрміновых геапалітычных планаў Захаду, у якіх няма месца іншым моцным дзяржавам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка пры прадстаўленні сумеснага Звароту да народаў краін Садружнасці і сусветнай супольнасці ў сувязі з 80-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
3.«Дзякую вам за гэту высокую ўзнагароду. Разглядаю яе як прызнанне заслуг усяго беларускага народа, які паслядоўна ўмацоўвае адзінства з нашай брацкай Расіяй. Для нашай краіны Расія заўсёды была і будзе большым, чым суседняя дзяржава», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў адказным слове на цырымоніі ўзнагароджання яго Ордэнам Андрэя Першазваннага. Высокую ўзнагароду беларускаму лідару ўручыў яго расійскі калега Уладзімір Пуцін. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў беларусаў і расіян адны гістарычныя карані, традыцыі і каштоўнасці, якія пераплецены бясконцай колькасцю звычайных чалавечых адносін. «І ўвогуле мы, беларусы, украінцы, расіяне, расцём ад аднаго кораня. Наша дрэва паходзіць ад аднаго кораня», — дадаў Прэзідэнт.
4.«Удумайцеся, маладая суверэнная рэспубліка, асколак вялізнай імперыі, багатай, магутнай, практычна без дапамогі звонку (хто тады мог нам дапамагчы? Тыя, хто мог, на нас крыж паставілі), мы справілася з наступствамі сусветнай тэхнагеннай катастрофы. Сваімі рукамі, сваім розумам, злучаючы навуку і практыку, жыццёвую мудрасць і веды», — на абласных «Дажынках» у Карме Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як Гомельская вобласць гераічна змагалася з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён нагадаў, як спалоханыя людзі, якія ўпершыню ў гісторыі сутыкнуліся з катастрофай такога маштабу, выстаялі і адрадзілі сваю зямлю, на якой ужо многія паставілі крыж. Многія, але не беларусы. І той факт, што сёння тут жывуць людзі, а мясцовая прадукцыя карыстаецца попытам ва ўсім свеце, Аляксандр Лукашэнка назваў галоўным паказчыкам, што прынятае ў свой час рашэнне адраджаць гэтыя землі, было правільнае.
5.«Настаў час зрабіць чарговы крок. За наступную пяцігодку неабходна адаптаваць стратэгію і тактыку выкарыстання патэнцыялу вашага нашага Гомельскага рэгіёна. Адна пяцігодка — і рэгіён павінен змяніцца і знешне, і ўнутрана. Асабліва ў вытворчасці», — такую задачу перад Гомельскай вобласцю паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, паводле яго слоў, работа над яе выкананнем павінна весціся паралельна з рэалізацыяй праграм, звязаных з адраджэннем Палесся, паўночнага ўсходу Магілёўшчыны, часткі Гомельшчыны, і ў цэлым чарнобыльскіх рэгіёнаў. Эфект павінна даць ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект». Карацей, працы хопіць усім. І гэта варта прыняць да ўвагі не толькі Гомельшчыне.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.