Вы тут

Арына Сабаленка заваявала чарговы трафей


Перамога тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка трэці раз перамагла на турніры WTA-1000 у кітайскім Ухане з прызавым фондам $3,2 млн. У вырашальным паядынку яна абыграла кітаянку Чжэн Цыньвэнь — 6:3, 5:7, 6:3. Для Арыны Сабаленкі гэта трэцяя перамога на турніры ва Ухані, папярэднія былі ў 2018 і 2019 гадах. Перамога прынесла ёй 1000 ачкоў у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Цяпер у актыве другой ракеткі свету 9716 ачкоў, што на 69 балаў менш за першую ракетку свету польскую тэнісістку Ігу Свёнтак.

Каманда тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату свету 2025 года. У заключным паядынку другога групавога этапу адборачнага турніру беларусы разграмілі каманду Даніі з вынікам 6:1. У складзе пераможцаў вызначыліся Міхаіл Аўгустоў, Яўген Новікаў, Вадзім Бокач, Ягор Гардзецкі, Алег Гапон. Да гэтага беларусы перамаглі швейцарцаў — 9:3, а потым прайгралі італьянцам — 3:9. Фінальная частка 13-га планетарнага форуму пад эгідай ФІФА пройдзе ў пачатку мая 2025 года на Сейшэльскіх Астравах.

Цытата тыдня. «Мы знаходзімся ў кантакце з Міжнародным алімпійскім камітэтам, пастаянна маем зносіны, спрабуем зрушыць сітуацыю з допускам беларускіх атлетаў да міжнародных спаборніцтваў у лепшы бок», — сказаў Дзмітрый Даўгалёнак, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ён падкрэсліў, што беларускі бок заўсёды гатовы да дыялогу. Тым больш што на летніх Алімпійскіх гульнях Беларусь выканала ўсе ўмовы наконт статусу нейтральнасці спартсменаў. Віцэ-прэзідэнт НАК выказаў меркаванне, што рашэнне па Беларусі будзе залежаць ад вынікаў выбараў прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), якія адбудуцца ў сакавіку 2025 года.«Калі надыходзіць перадвыбарная кампанія (яна ў МАКу наступіла), адзначаецца пэўнае зацішша. І ўсе будуць глядзець, куды ж будзе дзьмуць вецер. А ўжо потым, магчыма, яны вернуцца да гэтай размовы», — адзначыў Дзмітрый Даўгалёнак.

Сведчаннем таму, што НАК Беларусі вядзе дыялог з МАК, стала сустрэча генеральнага сакратара НАК Беларусі Ксеніі Санковіч з прэзідэнтам МАК Томасам Бахам у Лазане. Генеральны сакратар НАК абмеркавала з функцыянерамі пытанні ўдзелу беларускіх атлетаў у міжнародных спаборніцтвах, а таксама вынікі нядаўніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы.

Героі тыдня. У кіпрскай Ларнацы завяршыўся маладзёжны чэмпіянат свету па самба з удзелам беларускіх спартсменаў. 

У актыве нашых спартсменаў — 17 медалёў. Адзіным чэмпіёнам свету сярод моладзі з нашай краіны стаў Геральд-Леанард Красоўскі (71 кг). 

Сярэбранымі прызёрамі сталі Крысціна Еўсюк (65 кг), Ігар Міраеўскі (64 кг) і Арсеній Маліцкі (звыш 98 кг), Мар’яна Жукавец (80 кг), Павел Мішчанка (79 кг) і Аляксандр Баўфалік (88 кг). Бронзавыя медалі заваявалі Паліна Бурачкова (54 кг), Дзіяна Куц (47 кг), Руслана Шоба (50 кг), Крысціна Еўсюк (65 кг), Паліна Лук’янчук (звыш 80 кг), Карына Лукашэвіч (44 кг), Варвара Белачуб (72 кг), Іван Шадрын (58 кг) і Арцём Каўцюх (звыш 88 кг).

Лічба тыдня. Дзесяць медалёў заваявалі беларускія спартсменкі на міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы Aura Cup, які праходзіў у сталіцы Харватыі Заграбе. Перамогу ў самым прэстыжным відзе праграмы — мнагабор’і — атрымала Анастасія Салас, якая набрала за чатыры практыкаванні 136,300 бала. Дар’я Ткачова заняла другое месца з вынікам 123,600. Беларускія грацыі перамаглі ў фіналах асобных відаў: 

Анастасія была найлепшай у практыкаваннях з абручом, мячом і стужкай, 
а Дар’я стала наймацнейшай у кампазіцыі з булавамі, дзе Салас была сярэбраным прызёрам. Дар’я Ткачова таксама стала сярэбраным прызёрам у кампазіцыі з абручом, стужкай і бронзавым прызёрам у практыкаванні з мячом.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.