Ігар Сергяенка правёў сустрэчу з пераможцамі і прызёрамі XXXIII летніх Алімпійскіх і XVII летніх Параалімпійскіх гульняў, іх трэнерамі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў падзякаваў ім за добрыя вынікі падчас найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў, уручыў спартсменам і трэнерскаму складу Падзякі. Пасля ўрачыстай часткі адбылася шчырая размова, падчас якой абмяркоўваліся пытанні развіцця спорту вышэйшых дасягненняў, заканадаўчага забеспячэння дзейнасці ў спартыўнай сферы.
На пачатку сустрэчы Ігар Сергяенка пазнаёміў гасцей Палаты прадстаўнікоў з гісторыяй Дома ўрада, дзе працуюць і дэпутаты, і члены Савета Міністраў, асабліва акцэнтаваўшы ўвагу на ўдзеле дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР у Вялікай Айчыннай вайне. Таксама спікер праінфармаваў аб заканатворчай дзейнасці дэпутацкага копуса, іх рабоце ў акругах.
Ігар Сергяенка заўважыў, што ў складзе папярэдніх скліканняў Палаты прадстаўнікоў былі і алімпійскія чэмпіёны. Маюць дачыненне да спартыўнай сферы і цяперашнія парламентарыі Анастасія Мірончык-Іванова і Вольга Сцепусь.
Звяртаючыся да спартсменаў, спікер выказаў шчырыя словы ўдзячнасці за іх яркія выступленні і перамогі на Алімпіядзе і Параалімпіядзе, якія, па яго словах, праходзілі ў складанай міжнароднай абстаноўцы. «Мы не маглі быць прадстаўлены, як гэта заўсёды было, у тым фармаце, той колькасцю — гэта па-першае, — канкрэтызаваў ён. — А па-другое, з вядомай нашай сімволікай, атрыбутыкай: не выступалі пад беларускім сцягам, калі атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды, не гучаў гімн. Тым не менш, гэта не перашкодзіла вам — і алімпійцам, і параалімпійцам — ярка выступіць, заваяваць сумарна фактычна 11 узнагарод (з іх сем залатых)». Як падкрэсліў Ігар Сергяенка, гэтыя спартыўныя дасягненні з’яўляюцца ўзорам для падрастаючых спартсменаў і ў цэлым для беларускай моладзі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў удзячнасць і тым, хто падрыхтаваў пераможцаў і прызёраў алімпіяд. Ëн адзначыў, што без такіх тытулаваных і вядомых выхавацеляў спартсменам цяжка было б заваяваць свае ўзнагароды. «Дзякуючы тым людзям, якія прысутнічаюць тут, у нас вядомая ў краіне школа батута, цяжкай атлетыкі, лёгкай атлетыкі, веславання, — канкрэтызаваў ён. — І ўсе вашы намаганні не прапалі дарэмна. Усё лягло ў скарбонку спартыўнага майстэрства нашай краіны».
Як адзначыла ў размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Анастасія МІРОНЧЫК-ІВАНОВА, вельмі важна падтрымліваць спартсменаў, якія выступалі на няпростай Алімпіядзе, дзе ўшчамляліся іх правы. «Мы гатовы падтрымаць нашых спартсменаў і будзем рабіць гэта далей, — заўважыла яна. — У нас цудоўны патэнцыял і ў моладзі, і ў дарослым спорце вялізная канкурэнцыя. Нашы грамадзяне хочуць займацца фізічнай культурай і спортам, а таксама актыўна аддаюць сваіх дзяцей ў гурткі і секцыі».
Галоўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па скачкам на батуце Вольга УЛАСАВА расказала, што нацыянальная каманда складаецца з 16 чалавек. «Таму ёсць з каго выбіраць: як сярод хлопчыкаў, так і сярод дзяўчынак, — канкрэтызавала яна. — На такога ўзроўню спаборніцтвы (Алімпіяда. — „Зв“.) ездзіць самы лепшы спартсмен. Сёлета адабраўся Іван Літвіновіч. Мы зяваявалі толькі па адной ліцэнзіі — адну мужчынскую і адну жаночую, бо нас не дапусцілі да чэмпіянату свету. Лічу, што мы добра справіліся: з дзвюх ліцэнзій — два медалі».
Трэнер адзначыла вялікую ўвагу Прэзідэнта да спартыўнай сферы. «Вялікая ўдзячнасць Аляксандру Рыгоравічу за тое, што нам пабудавалі Цэнтр па скачках на батуце ў Віцебску, — сказала Вольга Уласава. — Толькі дзякуючы гэтаму цэнтру ў нас ёсць алімпійскія медалі».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.