Вы тут

Што стаіць за юбілейнай лічбай?


«Беларускі гістарычны часопіс» выпусціў юбілейны, 300-ы, нумар. Як адзначыў галоўны рэдактар часопіса Аляксандр Корзюк, за такой лічбай стаіць 30 гадоў працы. А гэта тысячы артыкулаў, больш за дзве сотні аўтараў, многіх з якіх адкрывалі менавіта супрацоўнікі часопіса. Сёння «БГЧ» — гэта не проста крыніца ведаў — на яго старонках уздымаюцца новыя тэмы, падаюцца малавядомыя факты, ён адлюстроўвае развіццё гістарычнай навукі. Таксама часопіс стаў  выдатным дапаможнікам для выкладчыкаў, тым больш што побач з матэрыяламі, у якіх паказваюцца таямнічыя старонкі мінулага, падаюцца распрацоўкі ўрокаў, сцэнарыі інтэлектуальных і пазакласных мерапрыемстваў.


Невыпадкова прэзентацыя юбілейнага нумара прайшла ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, супрацоўнікі якога плённа ўзаемадзейнічаюць з рэдакцыяй, выступаюць на старонках «БГЧ» з артыкуламі. Не трэба забывацца, што Інстытут гісторыі з’яўляецца адным з заснавальнікаў часопіса.

— Сёння перад намі стаяць задачы не толькі навуковых даследаванняў, атрымання вынікаў па тых ці іншых кірунках, але і іх папулярызацыя, — заўважыў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Павел Трубчык. — Вельмі важна данесці да грамадскасці, асабліва да маладога пакалення, вучнёўскай моладзі, студэнтаў апошнія дасягненні беларускай гістарычнай навукі, паколькі яны ўяўляюць сабой асноўны фактар фарміравання такіх якасцяў, як патрыятызм, адданасць сваёй краіне.

Юбілейны нумар прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нумар стаў сапраўдным падарункам для навукоўцаў, настаўнікаў і аматараў гісторыі. Сярод яго аўтараў — вядучыя спецыялісты ў галіне ваеннай гісторыі, генеалогіі. Тэматычны выпуск адкрываецца праграмным артыкулам загадчыка аддзела навейшай гісторыі Інстытута гісторыі, кандыдата гістарычных навук Сяргея Траццяка «Аперацыя „Баграціён“: трыумф савецкага ваеннага мастацтва». Артыкул надрукаваны на рускай мове — спецыяльна для расійскіх калег, у якіх даследаванні беларускіх гісторыкаў вельмі запатрабаваны. Як прызнаўся аўтар, гэту тэму ўпершыню ён узняў яшчэ ў 2014 годзе, калі атрымаў замову на публікацыю пра аперацыю «Баграціён» для часопіса Узброеных Сіл «Армия». Пазней даследчык выступаў з серыямі артыкулаў пра найбольш знакавыя аперацыі на савецка-германскім фронце. Дзякуючы такой працы, нарадзілася кніга «Цяжкі шлях да Перамогі». Толькі спасылкі на розную літаратуру, якую пералапаціў даследчык, маглі б заняць каля сотні старонак. Спецыяльна для «БГЧ» Сяргей Траццяк пастараўся выкласці найбольш важныя факты, звязаныя з аперацыяй «Баграціён», каб паказаць яе задуму, ход, вынікі, прычым падаць інфармацыю як папулярны расповед пра самую бліскучую, калі так можна гаварыць пра ваеннае майстэрства, аперацыю Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ адзін навуковы супрацоўнік Інтстытута гісторыі Віталь Гарматны ўзняў тэму палітычна-масавай работы, якая праводзілася партызанамі. Ён даследаваў дакументальныя крыніцы, звязаныя з партызанскай брыгадай «Савецкая Беларусь», якая дзейнічала ў Бярозаўскім і Драгічынскім раёнах.

— Выбар тэмы быў абумоўлены тым, што я пэўны час займаўся выхаваўчай работай ва ўстановах сістэмы адукацыі. Я таксама паходжу з рэгіёна, пра які пішу. Цікава было вывучаць гісторыю тых мясцін, дзе, як кажуць, хадзіў басанож, — падзяліўся аўтар.

Падчас работы ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь Віталь Гарматны сустракаў знаёмыя прозвішчы, пасля раіўся са сваякамі, якія згадвалі імёны, мянушкі, параўноўвалі факты, вядомыя вяскоўцам. 

Падобныя даследаванні дазваляюць не проста ўбачыць ваенную гісторыю ў дэталях, але і разбурыць стэрэатыпы, якія складваюцца ў грамадстве пад уплывам мастацкіх фільмаў. Так, у стужках часта ствараюць вобразы палітрукоў, якія хаваліся за спінамі салдат, работа ж з дакументамі паказвае, што ва ўмовах акупацыі людзі, якія займаліся палітычна-масавай работай, ішлі на неверагодную рызыку. Іх словы не толькі давалі веру ў перамогу — сяляне станавіліся памочнікамі партызан, напрыклад, перадавалі зброю, пашкоджвалі лініі сувязі ворага.

З юбілейнага нумара чытачы могуць даведацца пра радавод падпольшчыцы 
Алены Мазанік, над якім працаваў загадчык аддзела даследавання старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Урублеўскі, альбо пра аднаўленне і развіццё сярэдняй адукацыі ў БССР у 1944–1955 гадах. Гэтую тэму ў сваім артыкуле ўзняла кандыдат гістарычных навук Алена Мох. Яна, дарэчы, з’яўляецца суаўтарам вучэбнага дапаможніка «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны».

У рубрыках, прысвечаных метадычным распрацоўкам, падаюцца новыя факты. 

Так, настаўнікі гісторыі мінскай СШ № 97 імя В. У. Гергеля Антон Рысевец, Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Юлія Аўрамава і намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава Аляксандра Буракова падзяліліся вопытам фарміравання і захавання гістарычнай памяці аб вайне ў вучэбнай і пазакласнай дзейнасці. Так, падчас заняткаў у музеі магілёўскія школьнікі звярнулі ўвагу на незвычайны экспанат — перадсмяротныя лісты падпольшчыцы Марыі Хаўранковай, якія яна зашыла ў жакетку, калі знаходзілася ў нацысцкай турме. Лісты былі знойдзены праз гады. Але кранальныя радкі, дзе маладая жанчына дзеліцца перажываннямі, хвалюецца за лёс маленькага сына, вяртаюць у той час, калі яны былі напісаны. Сёння яшчэ пра адну трагічную гісторыю часоў Вялікай Айчыннай вайны ўжо ведаюць не толькі наведвальнікі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, але і чытачы часопіса...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».