Ярка, весела і з усмешкамі сустрэў Маладзечна 11–12 кастрычніка «Марафон адзінства». Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». Вядома, «Звязда» таксама акунулася ў гэтую святочную атмасферу і гатова падзяліцца ёй са сваімі чытачамі.
З самай раніцы суботы на чыгуначным вакзале горада было шматлюдна. І не, гэта не таму што запусцілі новы маршрут. Уся справа ў тым, што тут праходзіла «Знакавая сустрэча» з касманаўтамі Марынай Васілеўскай і Алегам Навіцкім, а таксама з гендырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Беларусі Вадзімам Гігіным і папулярным радыёвядучым Вадзімам Шэпетам.
Размова атрымалася лёгкай і нефармальнай. Так, усе прысутныя даведаліся, што «14» — знакавая лічба для Марыны Васілеўскай.
— У космасе правяла 14 дзён. Таксама ў мяне 14-я зорка Героя Беларусі, 14 верасня — мой дзень нараджэння, і вельмі часта гэта лічба прысутнічае ў маім жыцці, — патлумачыла яна.
А любімай кнігай Алега Навіцкага аказаўся «Таямнічы востраў» Жуля Верна.
— Шыкоўная кніга, якую я ведаю амаль на памяць. Можа быць, менавіта любоў да кніг у нейкай ступені і прывяла мяне ў касманаўтыку, — адзначыў ён.
Для многіх гэтая сустрэча стала асаблівай. Так, трэцякласнік Саша Дудко з Маладзечна марыў убачыць касманаўтаў на свае вочы.
— Ён яшчэ і ў класе рэкламаваў гэтае мерапрыемства, маўляў, пойдзем усе. І сапраўды, аднакласнікі таксама прыйшлі, — падзялілася маці хлопчыка Кацярына.
З самай раніцы яны яшчэ трапілі і на адкрыццё арт-аб’екта «Будучыня Беларусі ў тваіх руках», які ўпрыгожыў жылы дом на вуліцы Вялікі Гасцінец. Дарэчы, у гэтым доме пражывае шмат маладых сем’яў, у тым
ліку самая шматдзетная сям’я ў горадзе, у якой выхоўваецца 12 дзяцей.
— Наогул, мы ганарымся тым, што наш горад сустрэў такі марафон. Маладзечна славіцца і фестывалямі, і вялікай колькасцю розных мерапрыемстваў, але вось такі фармат упершыню. Гэта выдатна і сапраўды выклікае гонар, — сказала Кацярына Дудко.
Таксама ў фае чыгуначнага вакзала адкрылася фотавыстава БелТА «Беларусь. Узлёт», на якой прадставілі фатаграфіі за перыяд 30-гадовага шляху незалежнай Беларусі. Шырокай грамадскасці гэтая экспазіцыя дэманструецца ўпершыню. Так, звычайны вакзал у адзін дзень ператварыўся і ў выставачны цэнтр, і ў канферэнц-залу.
Атмасферу, якая панавала каля Мінскай абласной комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Алімпік-2011», цяжка перадаць словамі.
Мноства пляцовак з забаўкамі для жыхароў і гасцей горада. Так, адразу ўвагу прыцягвалі дзяўчаты, якія выконвалі танец у нацыянальных касцюмах непадалёк ад лакацыі Барысаўскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.
— Мы здзіўляем гасцей свята нашым нацыянальным беларускім каларытам. Мы прывезлі з сабой работы нашых беларускіх майстрых, якія ткуць дываны, палотны, якія сваімі рукамі вышываюць карціны, у тым ліку бісерам, — адзначыла старшыня арганізацыі Вольга Гарадзецкая.
Тут можна было атрымаць таксама майстар-класы па ткацкім майстэрстве і рукадзеллі.
— Мы робім кветачкі васількі — гэта сімвал нашай арганізацыі. Ну, і пернікі, якія размалёўваем харчовымі фарбамі. Таксама нашы майстрыхі напяклі пірагоў з яблыкамі, якія сімвалізуюць восень, нашу хлебасольную гасцінную Беларусь, наш добры настрой, — дадала яна.
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікала і пляцоўка ад маладзечанскай раённай арганізацыі РГА «Белая русь».
— Мы стараліся, каб наша лакацыя прыцягвала шмат наведвальнікаў. Для гэтага зрабілі прыгожую фотазону, інтэрактыўную мазаіку і карту для ўсёй сям’і, — адзначыла старшыня арганізацыі Марына Шчыгла. — Таксама ў нас ёсць інтэрактыў, прысвечаны Году якасці, і пазнавальнае лато, дзе прадстаўлены славутасці краіны.
Нашу ўвагу прыцягнула ўзроставая пара са сцяжком свята. Яны ўсміхаліся і з радасцю пазіравалі для фота. Гэта аказаліся жыхары Маладзечна — сужэнцы Васіль і Ніна Нілавы.
— У нас найлепшыя ўражанні ад свята. Радасна, прыемна. Настрой ва ўсіх прыўзняты. Адзінае — страшна становіцца: хоць бы не скончылася такое яднанне, — падзяліліся яны.
Яркім акордам «Марафону адзінства» стаў гарадскі квэст «Гэта ўсё маё роднае», у якім прынялі ўдзел 30 каманд. Яны павінны былі прайсці дзесяць станцый, на якіх трэба было адказаць на розныя пытанні аб гісторыі Беларусі, аб яе культуры, дасягненнях і знакамітых ураджэнцах, а таксама выканаць інтэрактыўныя заданні. За кожнае выкананае заданне каманды атрымлівалі балы, сума якіх і вызначала пераможцаў.
Пасля праходжання ўсіх выпрабаванняў нам удалося пагаварыць з камандай Бярэзінскага аграрна-тэхнічнага каледжа.
— Квэст вельмі цікавы. Аднак да выканання заданняў трэба было прыстасавацца, не ўсё было так проста, — падзяліўся ўражаннямі выкладчык Аляксандр Цярэшка.
Гэтай камандзе найбольш спадабаліся станцыі «Бульба дэнс» з танцавальна-гульнявымі заданнямі, «Мой горад» з пытаннямі пра гісторыю Маладзечна і «Родныя словы», дзе трэба было перакладаць на мову.
— Складана было на станцыі «Смачна есці». Там былі пытанні пра беларускую кухню. Не ўсе кампаненты страў ведалі, асабліва старажытных. Тут трэба быць кухарам, а мы ўсё ж агратэхнікі, — заўважыў Аляксандр Цярэшка.
Тым не менш пасля праходжання квэсту ўсе каманды былі вельмі зараджаныя і вясёлыя. Па выніках пераможцамі гарадскога квэсту сталі выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Філін», у камандзе якіх былі таксама журналісты агенцтва «Мінск-навіны».
Самай доўгачаканай падзеяй дня стаў канцэрт «ЧАС ВЫБРАЎ НАС». На адной сцэне сабраліся як прафесіяналы, так і аматары. У ім прынялі ўдзел калектывы і артысты з розных рэгіёнаў, а таксама самыя вядомыя і заслужаныя артысты Беларусі, сярод якіх Аляксандр Саладуха, гурт «Аўра», арт-група «Беларусы», Вікторыя Алешка і іншыя.
Самай актыўнай і добрасумленнай моладзі горада дасталіся месцы ў партэры. Нам удалося паразмаўляць з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Хрысцінай Гурскай. Яна прызналася, што з нецярпеннем чакала гэтага мерапрыемства.
— У маёй сям’і заўсёды патрыятычнае выхаванне займала значнае месца: дзядуля і муж — ваенныя. Мы заўсёды былі за Беларусь, таму для нас гэтае свята вельмі знакавае. Уся мая сям’я сёння на гэтым канцэрце, у тым ліку і трохгадовы сын.
І вось грымнула музыка. На адкрыцці канцэрта прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант нагадала, што акцыя «Марафон адзінства» і святочны канцэрт — гэта падарунак ад Прэзідэнта Беларусі і ўсёй творчай сферы нашай краіны.
— Акцыя «Марафон адзінства» пачалася з абласных канцэртаў у Палацы Рэспублікі. Потым з гэтых канцэртаў былі абраны самыя лепшыя для вельмі маштабнага і кульмінацыйнага канцэрта ў «Мінск-Арэне». А потым, калі расказваць проста і коратка, Прэзідэнт ва ўсіх нас спытаў: ну а як мы не пакажам усё найлепшае людзям, як не правязём гэты канцэрт па ўсіх нашых рэгіёнах, па ўсёй краіне? Нашы людзі павінны бачыць беларускія таленты, павінны бачыць адзін аднаго, бачыць, ведаць і ганарыцца. Вось так зарадзілася гэтая ідэя, вось так мы аказаліся сёння тут, у вас, у гасцях. Канцэрт ператварыўся ў маштабную акцыю, насычаную самымі рознымі цікавымі мерапрыемствамі, — адзначыла яна.
Музычная праграма была напоўнена кампазіцыямі рознай скіраванасці.
Цікавы калейдаскоп складаўся з патрыятычных песень пра Радзіму, пра ваенныя гады, а таксама з яркіх нумароў народнікаў і запальных эстрадных кампазіцый.
Важнай дэталлю канцэрта стала тое, што на сцэну перыядычна выходзілі выдатныя ўраджэнцы Мінскай вобласці. Сярод іх быў біятланіст Антон Смольскі.
— Кожны з нас піша гісторыю свайго жыцця. Мой шлях ад спартыўнай школы да алімпійскага медаля быў няпростым, але я не ўяўляю сваё жыццё без біятлона, таксама не ўяўляю без людзей, якія паверылі ў мяне. Гэта мая сям’я, мае трэнеры, мой Прэзідэнт. Спорт найвышэйшых дасягненняў — гэта не толькі каласальная праца, але і вялікая адказнасць перад балельшчыкамі і сваёй краінай. І такі гонар вяртацца дадому з узнагародамі і ведаць, што мая краіна зрабіла для мяне ўсё, каб я стаў спартсменам высокага ўзроўню, — адзначыў ён. — Зірніце на стадыёны, на лядовыя палацы, ды і проста на цудоўныя каткі, залітыя ў школьных дварах. Спорт стаў неад’емнай часткай жыцця беларусаў, мы, спартсмены, ведаем, чаго чакаюць ад нас нашы балельшчыкі і Радзіма, і я магу сказаць ад імя ўсёй вялікай спартыўнай беларускай сям’і: мы не падвядзём.
На працягу ўсяго мерапрыемства ад гледачоў адчувалася неверагодная аддача. Маладзечна дастойна прыняў эстафету «Марафону адзінства» і гатовы перадаць яе іншым гарадам краіны. Так, на чарзе — Гомельская вобласць.
Ужо 19 кастрычніка акцыю сустрэне Гомель, а яшчэ праз тыдзень «Марафон адзінства» адправіцца ў Жлобін.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.