З 14 да 21 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. Другі год запар у самым старажытным горадзе нашай краіны Полацку па ініцыятыве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і Беларускай праваслаўнай царквы рэалізоўваецца праект «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», які накіраваны на захаванне і папулярызацыю традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
«Размова аб важным» завяршыла трыяду мерапрыемстваў, арганізаваных Саветам Рэспублікі і Беларускай праваслаўнай царквой. Напярэдадні парламентарыі ва ўсіх рэгіёнах правялі прамыя тэлефонныя лініі па пытаннях сямейнай палітыкі. 14 кастрычніка Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі, сустрэліся з 22 шматдзетнымі сем’ямі з усіх рэгіёнаў нашай краіны. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Ілья Ікан, прадстаўнікі абласной і раённай улады.
«Пачынаецца Тыдзень бацькоўскай любові, які стартуе з Дня маці. 21 кастрычніка мы будзем адзначаць Дзень бацькі, які з’явіўся ў краіне па ініцыятыве грамадзян. Гэта выдатны тыдзень, калі мы ўдзяляем асаблівую ўвагу нашым сем’ям, ён яшчэ раз нагадвае нам аб традыцыйных сямейных каштоўнасцях, якія спакон вякоў былі на нашай зямлі. І працягваць гэта вельмі важна, таму што няма больш нічога каштоўнага за нашых людзей», — адзначала ў прывітальным слове Наталля Іванаўна.
У Беларусі сёння распрацавана каля 2300 заканадаўчых актаў, асаблівая ўвага ўдзяляецца законам, якія спрыяюць развіццю статусу сям’і. Так, нядаўна разглядаўся праект дакумента аб выкарыстанні сямейнага капіталу. Усебаковая дзяржаўная падтрымка спрыяе павелічэнню колькасці створаных сем’яў і нараджэнню грамадзян: у снежні 2014 года ў нашай краіне налічвалася 77 тысяч шматдзетных сем’яў, сёння гэта больш за 123 тысячы сем’яў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей. Са свайго боку Савет Рэспублікі прыкладае ўсе намаганні, каб гэта лічба павялічвалася.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў адкрытага дыялогу, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі, адзначыў, што захаванне сямейных каштоўнасцяў з’яўляецца адным з важных кірункаў работы для свяшчэннаслужыцеляў.
Сем’і на форуме абмеркавалі пытанні імкнення моладзі рэалізавацца ў жыцці, ролі веры ў духоўным стаўленні асобы дзіцяці, прэстыжу шматдзетнасці, агучвалі ідэю папулярызацыі вопыту прыёмных сем’яў.
Аляксандр і Таццяна Пісарук з Віцебшчыны, якія выхоўваюць траіх дзяцей, падзяліліся меркаваннем, што трэба адраджаць традыцыі нашых бабуль і дзядуль па стварэнні вялікіх сем’яў. «У нашым дзяцінстве цёткі, дзядзькі, шматлікія ўнукі заўсёды збіраліся за адным вялікім сталом — гэта было сапраўдным багаццем. Бо з самага дзяцінства закладваецца разуменне таго, што калі побач сёстры і браты, плячо, на якое можна абаперціся, — гэта скарб і самая галоўная падтрымка па жыцці», — адзначыла пара.
Дзмітрый і Наталля Ралько з Гомельшчыны выхоўваюць пяцярых дзяцей, з якіх чацвёра — прыёмныя. Падчас сустрэчы сям’я ўзняла важную тэму: у нашай краіне не вельмі расказваюць пра вопыт прыёмных сем’яў, у выніку чаго людзі не разумеюць, а некаторыя і баяцца дарыць сваю любоў тым дзецям, якія апынуліся без бацькоў. Наталля Качанава згадзілася і падкрэсліла, што трэба актывізаваць работу ў гэтым кірунку. «Трэба паказваць людзей, якія ўсынаўляюць чужых дзяцей, ім трэба дзякаваць.
Нізкі паклон усім сем’ям, якія забіраюць малых на выхаванне», — сказала Старшыня Савета Рэспублікі.
Сапраўднай Радзімай і месцам, дзе можна будаваць сям’ю ўпэўнена і бяспечна, Беларусь стала для Аляксандра і Галіны Даўгаполавых, якія дзесяць гадоў таму прыехалі сюды з Украіны. «За гэтыя дзесяць гадоў мы навучыліся жыць, як вы: чыста, мірна, стабільна. Трое маіх дзяцей вучацца ў беларускіх школах, а беларуская мова стала для іх роднай.
Хачу падзякаваць дзяржаве за ўмовы, якія створаны для нас: я як шматдзетная маці атрымала тры адукацыі, мой муж — звычайны камбайнер, але для яго тут таксама многа магчымасцяў. Калі пачаліся падзеі 2020 года, мае родныя, якія засталіся ва Украіне, плакалі і маліліся, каб нам зноў не перажыць тую сітуацыю. Аднак, дзякуй богу, усё стабільна, мірна і добра», — расказала Галіна.
Падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец адзначыў, што і дзяржава, і сям’я — гэта сацыяльныя партнёры ў пытанні фарміравання і выхавання ўсебакова развітой асобы: здаровай, адукаванай, культурнай, спартыўнай. «Асобы, якая з дзяцінства засвоіла духоўныя і грамадзянскія паняцці, як патрыятызм, адказнасць, прыстойнасць і ўсё тое, што фарміруе нацыянальны культурны і духоўны код. Менавіта таму сёння былі абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні, якія нясуць значнасць для далейшага развіцця інстытута сям’і ў нашай краіне», — падкрэсліў Сяргей Сівец.
Прыемным завяршэннем мерапрыемства стала ўручэнне сем’ям падзячных лістоў ад імя Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі, за яркі прыклад дабрабыту сямейных адносін і вялікі ўклад ва ўмацаванне і развіццё сямейных каштоўнасцяў.
15 кастрычніка ў Сафійскім саборы адбылася «Размова аб важным», на якой былі закрануты найбольш актуальныя напрамкі далейшага развіцця інстытута сям’і, фарміравання і рэалізацыі сямейнай палітыкі ў Беларусі.
У выніку гістарычнага развіцця, паслядоўнага дзяржаўнага курсу перыяду незалежнасці Рэспублікі Беларусь сфарміраваўся ўстойлівы падмурак беларускага грамадства, у аснове якога — дабрабыт краіны, сям’і, душэўны камфорт, імкненне забяспечыць сваім дзецям і ўнукам больш высокія стандарты і якасць жыцця. Па даных нацыянальнага апытання, большасць жыхароў нашай краіны лічаць, што няма нічога важнейшага за мацярынства і бацькоўства, а сярэднестатыстычны беларус марыць пра сям’ю з двума-трыма дзецьмі. Апошні перапіс насельніцтва пацвярджае, што сёння ў кожнай трэцяй сям’і растуць двое дзяцей, шматдзетных сем’яў у параўнанні з 2014 годам стала амаль на 70 працэнтаў больш.
Падтрымка інстытута сям’і — найважнейшая задача дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, дэмаграфічнай бяспекі нашай краіны.
Пры гэтым нават ва ўмовах знешняга ціску ў нас у поўным аб’ёме рэалізоўваюцца ўсе зацверджаныя сацыяльныя праграмы. Як вынік — Беларусь стабільна займае высокія пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах: па крытэрыі спрыяльных умоў для мацярынства і нараджэння дзяцей мы знаходзімся на 25 месцы сярод 179 дзяржаў СНД. У Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці да пяці гадоў: у гэтым рэйтынгу наша краіна займае 40-е месца ў свеце.
«Сёння, на вырашальным этапе фарміравання новага шматпалярнага свету, сапраўдныя гуманістычныя ідэалы і традыцыйныя каштоўнасці становяцца асабліва ўразлівыя. Таму як ніколі нам, парламентарыям, выканаўчым органам, мясцовай уладзе, грамадскім аб’яднанням, рэлігійным арганізацыям, культурнай і рэкламнай індустрыі, сродкам масавай інфармацыі, трэба сканцэнтраваць сумесныя намаганні на дадзенай праблематыцы», — адзначыла Наталля Качанава. Яна звярнула ўвагу на перспектыўныя напрамкі для далейшай прапрацоўкі.
Так, парламентам восьмага склікання скарэкціраваны законы па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх; дзяржаўнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей; рэгулявання шлюбных і сямейных адносін, занятасці насельніцтва і шэраг іншых.
Цяпер Саветам Рэспублікі ініцыіравана пытанне аб удасканаленні заканадаўства ў дачыненні да ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў да абароту і выкарыстання электронных сістэм курэння і вадкасцяў да іх, а таксама актуалізуюцца нормы кодэксаў аб адукацыі, адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.
Кожнага чалавека хвалюе папулярнасць новых захапленняў сярод дзяцей і падлеткаў, якія дэструктыўна ўплываюць на іх, прыводзяць да здзяйснення амаральных учынкаў і правапарушэнняў. Наталля Іванаўна адзначыла, што нам трэба дзейнічаць на апярэджанне, развіваць здаровыя альтэрнатывы, прапаноўваючы цікавыя і запатрабаваныя падрастаючым пакаленнем віды занятасці. У якасці выдатных прыкладаў занятасці моладзі былі прыведзены новыя формы патрыятычнага выхавання — ваенныя патрыятычныя клубы і праекты, якія аб’ядноўваюць моладзь: «Цягнік Памяці», канікулярная прафарыентацыйная школа «За бяспеку!», «Дзеці Садружнасці» і іншыя.
Яшчэ адзін кірунак для далейшай прапрацоўкі: удасканаленне дзяржаўнай сямейнай палітыкі павінна наўпрост увязвацца з тэмай рэгіянальнага развіцця, што цалкам адпавядае сфармуляванаму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь лозунгу «Мы «Сем „Я“ — шэсць абласцей і сталіца», а значыць, беларусы павінны мець аднолькава камфортныя ўмовы для жыцця. Разам з эфектыўнай жыллёвай палітыкай, якаснай медыцынай і моцнай эканомікай трэба папулярызаваць і ўкараняць айчынныя інавацыйныя распрацоўкі, праз якія невялікія населеныя пункты змогуць атрымаць новае дыханне. І такія паспяховыя прыклады «вёсак будучыні» ёсць: Мазалава, Александрыя, Ляскавічы і інш.
У цяперашніх геапалітычных рэаліях важна настойліва дэманстраваць міжнароднай супольнасці асаблівую гістарычную місію Беларусі. Наша краіна з’яўляецца носьбітам і захавальнікам базавых сямейных і традыцыйных каштоўнасцяў, беражліва абараняе і культывуе іх, з’яўляецца пунктам глабальнага прыцягнення людзей, якія, імкнучыся абараніць сваіх дзяцей ад псеўдадэмакратыі, знаходзяць на беларускай зямлі сваю духоўную радзіму. «Падчас удзелу ў чацвёртым Еўразійскім жаночым форуме, дзясятым парламенцкім форуме БРІКС, шматлікіх візітаў і сустрэч з прадстаўнікамі парламенцкага і дыпламатычнага карпусоў замежных краін мы пераканаліся: у сваім цывілізацыйным выбары Беларусь не адзінокая. У нас шмат сяброў, прыхільнікаў і аднадумцаў. І мы абавязаны быць разам, дзейнічаць разам у імя будучыні чалавецтва», — заключыла Наталля Качанава.
Працягваючы тэму, мітрапаліт Веніямін адзначыў, што тэндэнцыя не ўступаць у шлюб сярод моладзі размывае паняцце сям’і. «Калі людзі не рэгіструюць свой шлюб ні па лініі дзяржавы, ні па лініі царквы — гэта не ёсць сапраўдны шлюб. Усеагульнасць шлюбу і формула „адзін раз і на ўсё жыццё“ павінны стаць адзінай прымальнай сацыяльнай нормай», — сказаў мітрапаліт Веніямін.
Тэматычная «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» сабрала на Полаччыне больш за 280 удзельнікаў, у ліку якіх — члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі духавенства, міністэрстваў, грамадскіх арганізацый, маладыя і шматдзетныя сем’і з усёй Беларусі. Полацк — калыску беларускай дзяржаўнасці — было вырашана зрабіць сталіцай Тыдня бацькоўскай любові, дзе ў наступныя гады будзе таксама рэалізоўвацца гэты праект. Яркім акордам святочных мерапрыемстваў стаў канцэрт у полацкай Сафіі.
Аляксандра Гвоздзева
Фота БелТА
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.