Вы тут

Што важна для здаровай псіхікі?


Тры чвэрці ўсіх псіхічных расстройстваў пачынаюцца ва ўзросце да 25 гадоў. Па інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны восьмы чалавек у свеце жыве з псіхічным расстройствам. А на працягу жыцця яго перанясе кожны чацвёрты — часцей за ўсё ў форме трывогі або дэпрэсіі. Пры гэтым псіхічныя расстройствы, звязаныя з ужываннем алкаголю або наркотыкаў, нясуць каласальны эканамічны цяжар для грамадства. Паводле даных статыстыкі, гэты цяжар вышэйшы, чым цяжар сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Спецыялісты расказалі, як супрацьстаяць стрэсу, якія складнікі важныя для здаровай псіхікі і чаму прафілактыкай псіхічных расстройстваў варта займацца з ранняга ўзросту.


Як справіцца са стрэсам?

У сучасным свеце з паскоранымі тэмпамі жыцця, павышанымі патрабаваннямі і стрэсам праблемы псіхічнага здароўя становяцца ўсё больш актуальныя. Асноўным фактарам, што можа парушыць псіхічны дабрабыт, з’яўляецца стрэс.

— Гэта з’ява, якой немагчыма пазбегнуць. Любое новае дзеянне або сітуацыя — стрэс для чалавека. Нязначны стрэс, як правіла, непазбежны ў нашым жыцці і бясшкодны для здароўя. Небяспечны толькі празмерны, які працягваецца доўгі час, — адзначае начальнік аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Аляксандр Пахомчык.

Стрэс характарызуецца як псіхалагічным, так і фізіялагічным напружаннем.

— У кожнага чалавека адна і тая ж сітуацыя можа выклікаць розныя праявы. Да прыкмет стрэсу адносіцца шырокі спектр рэакцый, як ярка і эмацыянальна афарбаваных, так і нямых, замкнёных, дэпрэсіўных. Гэта могуць быць рэакцыі гневу, радасці і раздражнення, паслабленне цікавасці да міжасобасных зносін, сыход у сябе і іншае. А можа быць і парушэнне апетыту або празмерны апетыт. Стрэс можа выклікаць мігрэні, язвы, розныя скурныя захворванні, дэрматыты, гіпертанію, боль у спіне і суставах. Усё вельмі індывідуальна і залежыць толькі ад самога чалавека, — патлумачыў спецыяліст.

Каб справіцца са стрэсам, трэба ўмець адрозніваць дапушчальную і бясшкодную для здароўя яго ступень.

— Пазбавіцца ад стрэсу, на жаль, не атрымаецца. Але навучанне адэкватнаму яго пераадоленню і кіраванню стрэсавай рэакцыяй — гэта якраз адзін з кірункаў, здольных дапамагчы. Таксама неабходна выпрацаваць спосабы барацьбы са стрэсам і канструктыўныя спосабы вырашэння канфліктнай сітуацыі. Гэта ўсё вядзе да памяншэння стрэсу, які суправаджае наша жыццё, — адзначыў Аляксандр Пахомчык.

Стрэс-фактары можна падзяліць на кіравальныя і некіравальныя. 

Кіравальныя — тыя, якія мы можам кантраляваць, і залежаць яны ад нас. 

Некіравальныя — тыя, якія нам непадуладныя, на якія мы паўплываць не зможам. Ключом да адэкватнага пераадолення стрэсу з’яўляецца здольнасць адрозніваць стрэсары, на якія мы можам паўплываць, і тыя, кантроль над якімі нам непадуладны.

Ад чаго залежыць псіхічнае здароўе?

Як адзначыла намеснік дырэктара па навуковай дзейнасці РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар Марына Скугарэўская, даследаваннямі былі вызначаны індывідуальныя характарыстыкі, якія садзейнічаюць падтрыманню псіхічнага здароўя. Гэта адэкватная самаацэнка, упэўненасць у сабе, добрыя камунікатыўныя навыкі, навыкі вырашэння праблем і саўладання са стрэсам, фізічнае здароўе і актыўная жыццёвая пазіцыя.

— Многае з гэтага нам дадзена ўжо ад нараджэння, і мы не можам на нейкія асаблівасці паўплываць. Але сёе-тое можна зрабіць, працуючы над сабой, наведваючы псіхолага, займаючыся фізічнымі практыкаваннямі, што таксама вельмі важна для здаровай псіхікі, — адзначыла Марына Скугарэўская.

На стан псіхічнага здароўя ўплываюць і сацыяльныя абставіны. Важная падтрымка сям’і і сяброў, сумесны клопат пра дзяцей, сацыяльнае ўзаемадзеянне, фізічная і эканамічная абароненасць і бяспека. Для дзяцей значэнне маюць школьныя дасягненні. Неабходна, каб дзіця мела пазітыўны вопыт, каб у яго нешта атрымлівалася. Для больш старэйшых людзей важна задаволенасць работай і прафесійная паспяховасць.

Марына Скугарэўская падкрэсліла, што ўмовы, якія садзейнічаюць падтрыманню псіхічнага здароўя, забяспечваюцца на ўзроўні дзяржавы. 

Так, у Беларусі гарантаваны роўны доступ да базавага сэрвісу. Гэта медыцына, адукацыя, псіхалагічная дапамога. Акрамя таго, важныя сацыяльная справядлівасць, талерантнасць, інтэграцыя ў грамадства, у тым ліку людзей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. 

Важныя сацыяльная роўнасць і фізічная бяспека ў краіне.

Калі чалавек адчувае праблемы з псіхічным здароўем або ўжываннем псіхаактыўных рэчываў, то варта звярнуцца па прафесійную дапамогу. У краіне даступны розныя віды дапамогі: дзяржаўная, прыватная, ананімная. Ёсць службы экстраннай псіхалагічнай дапамогі, так званыя тэлефоны даверу, іх нумары можна знайсці ў інтэрнэце.

Колькі беларусаў пакутуе ад дэпрэсіі?

Як расказаў дацэнт кафедры псіхіятрыі, наркалогіі, псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей Давідоўскі, такія парушэнні, як трывога, дэпрэсія, расстройства адаптацыі, паводле сучасных даследаванняў, мае каля 25% насельніцтва. Ад дэпрэсіі пакутуюць 5% насельніцтва, у дапамозе маюць патрэбу больш за 450 тысяч чалавек.

Ён адзначыў, што ўплыў псіхічных парушэнняў з’яўляецца адным з фактараў рызыкі развіцця розных саматычных парушэнняў. І дадаў, што ў Беларусі робіцца ўсё для таго, каб прадухіліць гэтыя парушэнні. Так, ва ўсіх абласцях краіны дзейнічаюць цэнтры пагранічных станаў, куды чалавек можа звярнуцца па прафесійную дапамогу ўрача-псіхатэрапеўта або псіхолага. 

У сталіцы гэтыя кабінеты размешчаны пры паліклініках. Акрамя таго, існуюць тэлефоны экстраннай псіхалагічнай дапамогі, якія працуюць кругласутачна. Чалавек можа патэлефанаваць і атрымаць адпаведную дапамогу і падтрымку. Гэта важна, таму што часам у стане напружання і стрэсу зваротная сувязь дапамагае чалавеку крытычна перагледзець сваю сітуацыю і пазбавіцца ад думак і ідэй, якія могуць прывесці да шкоды або незваротных наступстваў.

Прафілактыка — з ранняга ўзросту

Аляксандр Пахомчык адзначыў, што для зніжэння ўзроўню псіхічных расстройстваў неабходна комплекснае ўздзеянне з боку ўсіх зацікаўленых структур.

— Ва ўстановах адукацыі праводзіцца дыягностыка або ранняе выяўленне фактараў рызыкі, якія могуць павысіць верагоднасць развіцця псіхічных расстройстваў. 

У прыватнасці, запланаваная дыягностыка на адаптацыю да навучальнага працэсу праходзіць у рамках 1, 5 і 9 класаў, калі ў дзяцей мяняюцца ўмовы навучання, — расказаў ён. Падчас такіх дыягностык улічваюцца і генетычная схільнасць, цяжкія жыццёвыя падзеі, з якімі сутыкаецца сям’я, стрэсавыя сітуацыі і неспрыяльныя сацыяльныя ўмовы.

Падчас прафілактыкі таксама ўдзяляюць увагу псіхалагічнай кампетэнтнасці як навучэнцаў, так і педагогаў.

— Вучым клопату аб сабе, аб сваім псіхалагічным дабрабыце і эмацыянальным фоне. Таксама ўдзяляем увагу навучанню людзей навыкам самарэгуляцыі, кіравання стрэсам, вырашэнню канфліктаў і міжасобасных зносін. Гэта дапамагае ўмацаваць псіхічнае здароўе і зрабіць людзей больш устойлівымі да псіхалагічных нагрузак, — адзначыў эксперт.

Куды звяртацца падлеткам?

Дапамагчы ў няпростых сітуацыях могуць і спецыялісты цэнтраў, дружалюбных падлеткам. Як расказала кіраўнік цэнтра «Давер» (Мінск), дружалюбнага падлеткам, псіхолаг Валянціна ШУКАН, цэнтры аказваюць дапамогу як падлеткам, так і іх бацькам. Аднак першыя ўсё ж часцей звяртаюцца самастойна. Так, самая вялікая група ў цэнтрах — хлопцы і дзяўчаты ад 14 да 18 гадоў. Таксама ў зваротах прысутнічае сезоннасць.

— У нас кожны год павялічваецца колькасць зваротаў, звязаных з адаптацыяй да новых навучальных умоў. Больш за ўсё звяртаюцца маладыя людзі, якія паступаюць на першыя курсы ўніверсітэта ці каледжа. У гэтых установах адукацыі іншая накіраванасць і іншыя ўмовы, і шмат каму вельмі складана з гэтым справіцца. Дадатковым фактарам з’яўляецца і тое, што маладыя людзі з’язджаюць з дому, і ім даводзіцца прыстасоўвацца да жыццёвых умоў, што таксама выклікае цяжкасці. Таму мы іх кансультуем, дапамагаем. Дзякуючы таму, што ў нас ёсць электронная платформа, могуць звярнуцца хлопцы і дзяўчаты, якія з’ехалі вучыцца ў суседнія краіны, — падзялілася кіраўнік цэнтра «Давер».

Цэнтры, дружалюбныя падлеткам, працуюць у Беларусі з 2003 года, і на сёння ў краіне іх 58.

— У цэнтры можа звярнуцца чалавек з любога рэгіёна Беларусі, калі яму зручна туды прыехаць. Мы не прывязаны да тэрытарыяльнага прынцыпу, і гэта дае магчымасць падлетку звярнуцца да таго спецыяліста, які больш падыходзіць па яго асобасных якасцях, — звярнула ўвагу Валянціна Шукан. — Мы працуем на прынцыпах добраахвотнасці, дружалюбнасці, даступнасці, канфідэнцыяльнасці і, па жаданні нашых кліентаў, ананімнасці. Але мы заўсёды папярэджваем, што існуюць некаторыя станы псіхалагічнага і псіхічнага здароўя, якія патрабуюць раскрыцця персанальных звестак.

Асаблівым кірункам дзейнасці цэнтраў з’яўляецца анлайн-кансультаванне.

— Існуе платформа, якая дазваляе зарэгістравацца, выйсці на псіхалагічную сесію з любога месца і атрымаць якасную псіхалагічную дапамогу і падтрымку па любых пытаннях. На гэтай платформе працуюць як спецыялісты цэнтраў, дружалюбных падлеткам, так і спецыялісты сістэмы адукацыі. Многія хлопцы і дзяўчаты, якія атрымліваюць падтрымку на гэтай платформе, потым маюць магчымасць звяртацца ў цэнтры, дзе яны знаёмяцца са спецыялістамі, якія іх падтрымліваюць, — расказала псіхолаг.

У рабоце цэнтраў актыўна ўдзельнічае і моладзь. У іх арганізаваны валанцёрскі рух, удзельнікамі якога становяцца навучэнцы старэйшых класаў, студэнты розных ВНУ. Гэта юнакі, якія самі хочуць рабіць праекты, арганізоўваць карысныя ўзаемадзеянні і трэнінгі для сябе саміх і сваіх аднагодкаў.

На думку Валянціны Шукан, моладзь і падлеткі патрабуюць асаблівай увагі, у тым ліку ў пытаннях захавання псіхічнага здароўя.

— Гэта асаблівы ўзрост, і не сакрэт, што калі праходзіць нейраэндакрынная перабудова, адбываецца сталенне, і для падлетка гэта стрэс. Арганізм не можа раптоўна справіцца з усімі зменамі, і гэта адбіваецца і на псіхалагічным, і на фізічным узроўнях. Адмысловую ролю ў гэтым узросце займае пабудова новай дарослай ідэнтычнасці. Калі дзіцячыя сцэнарыі вырашэння нейкіх праблем і сітуацый больш не працуюць, а дарослыя яшчэ не выбудаваны. І ў падлеткаў, і ў людзей маладога ўзросту другое дзесяцігоддзе жыцця лічыцца крызісным, бо яно вырашае многія пытанні і задачы. Напрыклад, сепарацыя ад бацькоў ці самавызначэнне. Гэтыя моманты мы і ўлічваем у рабоце нашых цэнтраў, — рэзюмавала Валянціна Шукан.

Алена Кравец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.