Вы тут

Для добрай справы аб’ядналіся дэпутаты, вяскоўцы і кіраўнікі арганізацый


Днямі прыемная навіна прыйшла з глыбінкі Гомельшчыны. На малой радзіме народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа — у аграгарадку Глінішча Хойніцкага раёна — завяршылася аднаўленне дома-музея славутага земляка. Так, «100 крокаў да Івана Мележа» разам прайшлі дэпутаты Хойнікшчыны, мясцовыя жыхары і кіраўнікі вытворчых арганізацый раёна.


Старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Людміла Рудчанка,  член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Сяргей Кушнер  і старшыня Алексіцкага сельвыканкама Хойніцкага раёна Анастасія Севярынец.

Сёння дом-музей імя Івана Паўлавіча Мележа — філіял Хойніцкага раённага краязнаўчага музея. Мемарыяльную ўстанову культуры ў Глінішчы заснавалі яшчэ ў 1983 годзе. Доўгі час узначальвала дом-музей, клапацілася аб яго багатай экспазіцыі, вяла экскурсіі мясцовая жыхарка, пляменніца пісьменніка Соф’я Ліпніцкая. Соф’я Піліпаўна, на жаль, ужо пайшла з жыцця. Але яе — апантаную знаўцу мясцін, з якімі звязаны лёсы мележаўскіх герояў, — будуць заўжды памятаць у Глінішчы. 

Сёлета спраўдзілася і самая гарачая мара жанчыны: праведзена вялікая работа па аднаўленні дома-музея Івана Паўлавіча Мележа.

Артысты Хойніцкага раёна падрыхтавалі тэатралізаваную пастаноўку ўрыўка  з рамана «Людзі на балоце».

Ідэйнай натхняльніцай ініцыятывы «100 крокаў да Івана Мележа» ў свой час стала былы лідар дэпутацкага корпуса Хойніцкага раёна Галіна Бондар. Галіна Віктараўна прапанавала падрыхтаваць праект грамадзянскай ініцыятывы, дзе развіццё культурна-турыстычнага аб’екта не толькі паспрыяе захаванню памяці аб пісьменніку, але і абудзіць цікавасць да вывучэння творчасці знакамітага беларускага мастака слова. Ідэю падтрымалі жыхары аграгарадка Глінішча, усяго мясцовага Алексіцкага сельсавета, кіраўнік сельвыканкама, а таксама дэпутаты Хойніцкага райсавета дэпутатаў, прадпрыемствы і арганізацыі раёна, індывідуальныя прадпрымальнікі. Сёлета распрацаваны жыхарамі аграгарадка Глінішча праект «100 крокаў да Івана Мележа» стаў адным з пераможцаў адкрытага конкурснага адбору праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

— Так, аднаўленне дома-музея імя Івана Паўлавіча Мележа, сапраўды, — знакавая падзея не толькі для жыхароў аграгарадка Глінішча, нашага сельсавета, але і ўсяго Хойніцкага раёна, Гомельскай вобласці, — пераканана старшыня Алексіцкага сельвыканкама Хойніцкага раёна Анастасія Севярынец. — Дом-музей заўжды быў вельмі папулярны сярод гасцей нашага раёна. У яго вельмі багатая экспазіцыя. Цяпер, калі музей пісьменніка з вялікай калекцыяй яго асабістых рэчаў абсталяваны і сучаснай відэа- і аўдыятэхнікай, QR-навігацыяй, ён стане яшчэ больш папулярным цэнтрам культурнага прыцягнення.

Для ажыццяўлення праекта грамадзянскай ініцыятывы «100 крокаў да Івана Мележа» спатрэбілася 19 700 рублёў, 10 працэнтаў ад неабходнай сумы сабралі мясцовыя жыхары. Акрамя таго, значную дапамогу аказалі дэпутаты Хойніцкага райсавета — кіраўнікі вытворчых прадпрыемстваў раёна. Дзякуючы агульным намаганням і выдзеленым сродкам правялі не толькі аднаўленне ўласна памяшкання дома-музея, але і садова-паркавай зоны каля аб’екта культуры.

Устанавілі новыя аконныя рамы і стылізаваныя аканіцы, замянілі ўваходныя дзверы і адрамантавалі ганак, выканалі рамонт даху, столяў у пакоях, зрабілі касметычны рамонт памяшканняў. Добраўпарадкавалі і садова-паркавую зону.

— Устаноўлены таблічкі з QR-кодамі, што дае магчымасць гасцям даведацца дадатковую інфармацыю пра Івана Паўлавіча Мележа і яго творы. QR-коды размешчаны на тэрыторыі дома-музея. Паклапаціліся аб безбар’ернай зоне на ўваходзе ў будынак, каб зрабіць наведванне музея даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Абнавілі рэкламную прадукцыю і набылі новую камп’ютарную тэхніку для правядзення віртуальных экскурсій, гукавога і відэасуправаджэння. Мы вельмі рады, што праект «100 крокаў да Івана Мележа» годна ацанілі і далі магчымасць нам яго рэалізаваць. Шчыры дзякуй і землякам, жыхарам Хойнікшчыны, якія таксама падключыліся і дапамаглі, — самыя шчырыя словы падзякі перадала жыхарка аграгарадка Глінішча, малодшы навуковы супрацоўнік дома-музея Івана Мележа Любоў Рубан.

Экскурсіі на малой радзіме народнага пісьменніка Беларусі праводзіць  жыхарка аграгарадка Глінішча,  малодшы навуковы супрацоўнік  дома-музея Івана Мележа Любоў Рубан.

Любоў Іванаўна яшчэ і вясковы актывіст. Яна ўпаўнаважаны па аграгарадку Глінішча старшыні Алексіцкага сельвыканкама, таму ў ажыццяўленні грамадзянскай ініцыятывы па аднаўленні дома-музея брала актыўны ўдзел.

Якую значную работу па аднаўленні дома-музея Івана Мележа правялі ў Глінішчы, асабіста пераканалася член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. Падчас рабочага візіту ў Хойніцкі раён сенатар разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Людмілай Рудчанка і намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Кушнерам наведалі абноўлены дом-музей. Для ганаровых гасцей правялі экскурсію і паказалі тэатралізаваную пастаноўку ўрыўка з рамана «Людзі на балоце».

— У Глінішчы праведзена вялікая работа, каб надаць такому каштоўнаму для нашай культуры музею дастойны дагледжаны выгляд. Сучасны рамонт, новае тэхнічнае абсталяванне і ўкараненне сістэмы QR-кодаў зроблены для прыцягнення нашых маладых пакаленняў. А агульная атмасфера дома і акружэння, у якой вырас сапраўдны патрыёт сваёй роднай зямлі, сапраўды, вялікі чалавек і самародак, як і раней, вабіць людзей старэйшага пакалення, — падзялілася ўражаннямі аб грамадзянскай ініцыятыве, якую ажыццявілі ў Глінішчы, Кацярына Зенкевіч.

Кацярына Анатольеўна шчыра падзякавала супрацоўнікам дома-музея за цёплы прыём і такі багаты экскурс у гісторыю побыту палешукоў.

— Шчыры дзякуй усім жыхарам нашага раёна, якія ўдзельнічалі ў гэтым праекце. Як і больш за сорак гадоў таму, так і цяпер землякі падключыліся да агульнай важнай справы — захавання спадчыны вялікага пісьменніка ў сценах музея. Гэта не толькі жыхары аграгарадка, але і калектывы лясгаса, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, прадпрыемства «СПЕЦСлавія», сельгаспрадпрыемства КСУП «Імя І. П. Мележа», — падзякавала землякам старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Людміла Рудчанка.

Дом-музей імя Івана Паўлавіча Мележа заснаваны ў Хойніцкім раёне 41 год таму.

На памяць аб сустрэчы госці высадзілі дэкаратыўныя дрэўцы на тэрыторыі абноўленай і добраўпарадкаванай тэрыторыі музейнай установы.

Экскурсіі на малой радзіме народнага пісьменніка Беларусі праводзіць жыхарка аграгарадка Глінішча, малодшы навуковы супрацоўнік дома-музея Івана Мележа Любоў Рубан.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота газеты «Хойніцкія навіны»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.