Вы тут

На ўік-энд — па «жывыя вітаміны»


У Гомелі набыць свежую агародніну, садавіну, мёд, вырабы народных промыслаў і не толькі запрашаюць сельскагаспадарчыя кірмашы. Многія жыхары абласнога цэнтра робяць запасы «жывых вітамінаў» на зіму менавіта на такіх пляцоўках. Традыцыйны восеньскі кірмаш у Гомелі правяло галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Па пакупкі ў свае павільёны з прадукцыяй сёлетняга ўраджаю прапанавалі зайсці ўстановы адукацыі з усёй вобласці. Што пачым разам з пакупнікамі прыцэньвалася і карэспандэнт «Звязды».


Вырасцілі самі

Восеньскі кірмаш галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама арганізавалі на пляцоўцы каля гарадскога лядовага палаца і на паркоўцы каля палаца водных відаў спорту. Другі год запар установы адукацыі з розных куткоў горада разгортваюць гандаль менавіта тут. Пачыналі работу з дзевяці раніцы. Але ўжо за пяць—дзесяць хвілін да адкрыцця павільёнаў каля некаторых назірала групкі пакупніц. 

Пільнуюць, адказвалі гаспадыні, бульбу, цыбулю, моркву, балгарскі перац, часнок, бурак. Так бы мовіць, «канструктар» для нарыхтовак на зіму запраўкі для баршчу ці на расольнік, леча, аджыкі.

— Морква і бурак — па 70 капеек за кілаграм. Бульба, цыбуля, капуста, перац балгарскі — па рублі. Перац па такой цане дробны. Вялікі, мясісты — па тры рублі за кілаграм, але яго адразу ўвесь скупілі першыя пакупнікі, — тлумачыць прадавец павільёна Краснабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Гандлёвую лакацыю Калінкавіцкага дзяржаўнага каледжа меліярацыі не абыходзілі ўвагай тыя, хто прыйшоў на кірмаш спецыяльна па бульбу. Рэалізавалі тут другі хлеб па рублі за кілаграм. Куплялі ахвотныя адразу па тры-чатыры сеткі — па 25 кілаграмаў кожная.

— Наша ўстанова адукацыі даглядае зямельны ўчастак каля 20 гектараў. Вырошчваем бульбу і збожжавыя культуры. Таксама за намі замацавана 10 гектараў яблыневага саду: убіраем ураджай, нарыхтоўваем яблыкі для сваёй сталовай і рэалізоўваем таксама. Увогуле, па садавіне і агародніне мы цалкам забяспечваем патрэбы сваёй сталовай, на сельгаскірмашы рэалізоўваем ужо лішак, — расказаў дырэктар Калінкавіцкага дзяржаўнага каледжа меліярацыі Мікалай Федарук. — Ва ўстанове рыхтуем у тым ліку кухараў. Таму на кірмашы прадаём выпечку ўласнай вытворчасці.

З Нароўлі на кірмаш прывёз сваю прадукцыю калектыў установы адукацыі сельскагаспадарчага тыпу — Нараўлянскі дзяржаўны каледж. Яны рэалізавалі таксама бульбу і збожжавыя з уласнага ўчастка. Попытам карысталіся гарбузы і кансервацыя гародніны.

— У нас свой участак ва ўстанове. На практычных занятках яго апрацоўваюць навучэнцы, бо рыхтуем спецыялістаў шырокага сельгаспрофілю ў тым ліку, — распавяла намеснік дырэктара на навучальна-вытворчай рабоце Нараўлянскага дзяржаўнага каледжа Наталля Макляк.

Гомельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж таксама прадставіў прадукцыю, вырашчаную на ўласным навучальным участку. Іх павільён здзівіў сапраўды крэатыўнай інсталяцыяй з гародніны.

— Гэта наша калектыўная работа. Падрыхтавалі кансервацыі, кандытарскія вырабы, зробленыя рукамі нашых выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, — падзялілася намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Кацярына Шэванда.

Грыбы і мёд з калоды

А вось «фішкай» жыткавіцкага павільёна стала палявая кухня. З пылу з жару тут можна было пакаштаваць юшку, салдацкую кашу, кіяхі.

— Наша ўстанова адукацыі знаходзіцца на базе былой воінскай часці. Мы захавалі палявую кухню, яна вельмі запатрабавана на ўсіх кірмашах у нас у раёне, — зазначыла выконваючая абавязкі дырэктара Жыткавіцкага дзяржаўнага каледжа Святлана Альвінская.

Гандлёвы павільён гэтай установы адукацыі, сапраўды, стварыў для астатніх канкурэнцыю. Яны прывезлі на продаж самую розную прадукцыю ад вытворцаў Жыткавіцкай і Тураўскай зямлі. Рэалізавалі прадукцыю ў тым ліку кансервавай вытворчасці ААТ «Тураўшчына», дзе навучэнцы каледжа праходзяць вытворчую практыку. Вялікім попытам карысталіся ў наведвальнікаў гэтай гандлёвай лакацыі кансерваваны гарошак і кукуруза. Каля жыткавіцкага павільёна ўтварылася чарга з ахвотных да журавін і... свежых баравікоў. Але грыбы ад жыткаўчан раскупілі ў лічаныя хвіліны.

Больш чым за 200 кіламетраў у Гомель прывёз на кірмаш сваю прадукцыю калектыў Лельчыцкага дзяржаўнага каледжа. У восеньскім кірмашы ўстанова адукацыі ўдзельнічае 12-ы год запар. Але акрамя звыклай плодаагародніннай прадукцыі, якую вырошчваюць на вучэбнай гаспадарцы і пладовым садзе, яны прывезлі дзікі мёд. Лельчыцкі край славуты калодным пчалярствам. Прывезлі з Лельчыц на продаж і журавіны, а таксама саджанцы ягадных кустоў.

Смачныя карункі

Пакуль назірала за бойкім гандлем каля пляцовак, заўважыла, што многія пакупнікі каштуюць набытае, як той казаў, не адыходзячы ад касы. 

Вельмі папулярнымі на кірмашы сталі пірагі і булачкі з розным начыннем. Сваёй выпечкай гандлявалі адразу некалькі ўстаноў адукацыі, дзе рыхтуюць кухараў. Але вылучаліся прылаўкі Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі: «Ешце здобу і дабрэйце!» — заклікалі пачаставацца майстры вытворчага навучання, выкладчыкі і навучэнцы, якія забяспечылі найбагацейшы асартымент выпечкі. У павільёне можна было таксама асабіста пазнаёміцца з залатымі медалістамі кулінарных конкурсаў — загадчыкам цэнтра кампетэнцый Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі Кацярынай Грыб і шэф-кухарам установы адукацыі Аксанай Чэркас.

— Каб задаволіць попыт і забяспечыць асартымент сваёй прадукцыі, арыентуемся на вопыт удзелу мінулых гадоў. Звычайна ўсё рэалізоўваем на 100%. Для нас удзел у традыцыйным кірмашы — гэта чаканае свята, а таксама выдатная магчымасць прэзентаваць і сваю ўстанову адукацыі, і сваю прафесію, — падзяліўся дырэктар Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі Уладзіслаў Шапялевіч.

Гандлююць усе

У суботу і нядзелю 26 і 27 кастрычніка на пляцоўцы каля Лядовага палаца і палаца водных відаў спорту чарговы восеньскі кірмаш сумесна арганізуюць камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама і Гомельскае абласное спажывецкае таварыства.

— У цэлым гандляваць на сельскагаспадарчых кірмашах гэтай восенню ў Гомелі будуць больш за 180 удзельнікаў. Гэта сельскагаспадарчыя арганізацыі, фермерскія гаспадаркі, прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі і перапрацоўчай галіны, гандлёвыя арганізацыі мяса-малочнай прадукцыі, рыбныя гаспадаркі. Яны прапануюць пакупнікам свежую агародніну, садавіну, ягады, грыбы, саджанцы дрэў і шмат чаго яшчэ. На многіх пляцоўках адначасова ажыццяўляецца і гандаль таварамі лёгкай прамысловасці, — распавялі ва ўпраўленні гандлю і паслуг Гомельскага гарвыканкама.

Кірмашы выхаднога дня арганізуюць таксама на іншых пляцоўках у раёнах Гомеля.

— Вызначаны пляцоўкі для рэалізацыі прадукцыі па заяўцы. Так, суб’екты гандлю — індывідуальныя прадпрымальнікі, юрыдычныя асобы і асобы, якія вядуць асабістую прысядзібную гаспадарку, — могуць звярнуцца ў адміністрацыю раёна, у якім вызначаны адпаведныя пляцоўкі, атрымаць неабходныя дакументы і рэалізоўваць сваю прадукцыю ў любы дзень, — дадалі ў гарвыканкаме.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.