Літаратурнае краязнаўства па праву з’яўляецца адным са складнікаў беларускага краязнаўства. У розныя дзесяцігоддзі плённа на гэтай ніве працавалі доктар гістарычных навук Генадзь Кісялёў, доктар гістарычных навук, музейшчык і архівіст Генадзь Каханоўскі, журналіст Анатоль Ярохін, настаўнік Браніслаў Зубкоўскі і іншыя рупліўцы даследвання гісторыі беларускага прыгожага пісьменства.
У Саюзе пісьменнікаў Беларусі працуе секцыя краязнаўства. Нядаўна яна звярнулася да разгляду новага творчага гісторыка-літаратурнага праекта: па замове аднаго з дзяржаўных выдавецтваў краіны рыхтуецца даведнік «Пісьменнікі Расіі ў Брэсце і Брэсцкай вобласці».
Тэма мае пад сабою добры даследчыцкі, крыніцазнаўчы грунт. У 2000 годзе ў «Беларускай энцыклапедыі» імя Петруся Броўкі быў выдадзены першы том краязнаўчага даведніка «Літаратурныя мясціны Беларусі» Л. Кулажанка, А. Мальдзіса, С. Сачанка. Адзін з раздзелаў быў прысвечаны Брэсцкай вобласці. Вядомасць у свой час набыла і выдадзеная ў РВУ «Літаратура і Мастацтва» кніга В. Ляшук, Г. Снітко «Літаратурная Берасцейшчына». Тыраж гэтага выдання склаў 2 500 экзэмпляраў і шырока вядомы па ўсёй краіне. У новым мяркуемым выданні вылучана тэма беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў, паказана далучанасць да Брэста і Брэсцкай вобласці многіх цікавых пісьменнікаў. Поруч з вядомымі фактамі раскрываюцца і малавядомыя ці зусім невядомыя старонкі літаратурна-краязнаўчага характару. Напрыклад, у звязку з Белавежскай пушчай, Камянецкім раёнам, найперш Каменюкамі згадваюцца імёны Георгія Скрабіцкага, Міхаіла Прышвіна, Васіля Пяскова, Веры Чаплінай, Мікалая Іванова і іншых цікавых літаратараў Расіі.
Многія старонкі выдання раскрыюць тыя мастацкія творы, якія прысвечаны Брэсту, Брэсцкай крэпасці, Брэсцкай вобласці. Аўтарамі іх з’яўляюцца Барыс Васільеў, Мікалай Чаркашын, Сяргей Астравой, Роберт Раждзественскі, Канстанцін Сіманаў і іншыя паэты і празаікі.
Асобна вылучаны імёны пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, якія нарадзіліся ў Брэсце, розных раёнах вобласці.
Несумненна, выданне такога характару будзе карыстацца ўвагай у агульнаадукацыйнай школе, у сярэдніх спецыяльных навучальных установах і ВНУ як Брэсцкага рэгіёна, так і ўсёй краіны.
Кастусь Лешніца
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!