Мы сустрэліся з Вольгай і Уладзімірам у гарадскім кафэ якраз паміж іх вяртаннем з Мінска і паездкай у Полацк на афіцыйную сустрэчу. Настрой у абаіх быў узнёслы. Яно і зразумела. Прадстаўнікі Гродзеншчыны ўпершыню сталі пераможцамі конкурсу «Сям’я года — 2024», які шосты раз прайшоў у Беларусі. Але наша размова закранула не толькі гэты аспект. Было цікава даведацца, як жыве шматдзетная сям’я Саўчукоў, якімі прынцыпамі карыстаецца ў выхаванні дзяцей, што лічыць важным у сямейных адносінах. І вось што ў выніку атрымалася...
Вольга адразу прыгадала ўсю гісторыю іх конкурснай эпапеі. Было некалькі этапаў, самы першы — раённы. Тады на ўдзел натхнілі настаўнікі 41-й школы, дзе вучацца трое дзяцей Саўчукоў. Менавіта падчас падрыхтоўкі сям’я адчула вялікую падтрымку з боку педагагічнага калектыву. Было вырашана максімальна сябе праявіць, паказаць усё, на што здольныя. І пасля таго, як атрымалі гэту першую перамогу, прыйшло адчуванне, што трэба ісці да канца.
Цікава, што Уладзімір напачатку не вельмі быў скіраваны на такі праект. Але большасць сямейнікаў агульным галасаваннем падтрымалі свой удзел у конкурснай праграме. Паступова і гаспадар сям’і ўліўся ў працэс. Быў узяты курс на перамогу. Удала выступілі на абласным этапе конкурсу ў складзе 19 сем’яў Гродзенскай вобласці. Пачалася падрыхтоўка да самага адказнага — фінальнага этапу конкурсу «Сям’я года — 2024».
Рыхтаваліся вельмі ўпарта. Увесь верасень хадзілі на рэпетыцыі. Праграму перараблялі, з’явіліся новыя элементы. Дапамагаў Гродзенскі каледж мастацтваў, педагогі-харэографы, рэжысёрская група, абласное ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва. Такім чынам, абласны праект атрымаў новае гучанне. Вольга прызнаецца, што вельмі хацелася выступіць удала, каб прынесці перамогу свайму Гродзенскаму рэгіёну, бо ні разу яшчэ гродзенцы на гэтым конкурсе не лідзіравалі. Гэта свайго роду ўдзячнасць усім тым, хто працаваў над сямейным праектам. Разам з тым конкурс прынёс шмат эмоцый самім удзельнікам. Суразмоўцы адзначылі, што з усімі сем’ямі фінальнага конкурсу склаліся вельмі добразычлівыя адносіны. Разам праводзілі вольны час і нават адсвяткавалі дні нараджэнняў двух дзяцей, у тым ліку і сына Вольгі і Уладзіміра.
Конкурс не толькі прынёс перамогу шматдзетнай сям’і, але і дадаў звестак аб іх продках. І хоць Вольга і раней цікавілася гісторыяй свайго роду, але падчас падрыхтоўкі да конкурсу «Радавод» даведалася аб продках шмат новага. Кажа, што заўсёды марыла сістэматызаваць усе даныя ў асобным выданні, але пастаянна адкладвала з-за недахопу часу. І толькі дзякуючы конкурсу ўдалося гэта зрабіць.
— Мы дакладна ўсё шукалі, капалі глыбока, муж даведаўся, што яго прадзед ваяваў у Вялікую Айчынную вайну, абараняў Маскву, бабуля дапамагала партызанам, якія вялі актыўныя баявыя дзеянні. Гэтых дэталяў мы не ведалі. Такім чынам, былі напісаны новыя старонкі ў радаводзе нашай сям’і, якімі, дарэчы, цікавяцца і нашы дзеці, — паведаміла падчас гутаркі Вольга.
Расказалі суразмоўцы і пра сямейныя традыцыі, якія бяруць пачатак з далёкага мінулага. А захоўваюць іх вясковыя бабулі, якія збіраюць сваіх нашчадкаў на калядныя і пасхальныя святы, гатуюць адпаведныя стравы. Не застаецца ў баку ад падрыхтоўкі і маладое пакаленне. Для ўсіх заўсёды знаходзіцца справа, што робіць свята яшчэ больш вясёлым і цёплым.
— Мы яшчэ толькі вучымся ўсім абрадам, але імкнёмся захаваць гэты духоўны пачатак, каб і нашы дзеці таксама далучаліся да тых традыцый, якія складваліся гадамі і дазваляюць сабрацца ўсім у бацькоўскім доме, — працягвае Вольга сваю радавую гісторыю.
Агульнай справай можна назваць і талаку для капання бульбы, калі з’язджаецца ўся радня. Дзяцей таксама імкнуцца прывучаць да працы на зямлі. І гэта дае свой плён — яны з нецярпеннем чакаюць новы бульбяны сезон, каб далучыцца да такога старажытнага квэсту.
Што датычыцца новых сямейных традыцый, яны таксама ёсць. Саўчукі вельмі любяць выязджаць з палаткамі на прыроду. Пры гэтым адключаюцца ўсе тэлефоны, працуе толькі відэакамера, з дапамогой якой потым можна прыгадаць самыя яркія моманты. Паход доўжыцца некалькі дзён і ўключае збор грыбоў, ягад, лоўлю рыбы. Потым усё гэта гатуецца на кастры. Такія вылазкі сталі ў сям’і вельмі папулярныя.
У конкурснай праграме быў прадстаўлены сацыяльны праект, якім сям’я Саўчукоў займаецца не адзін год. Ён накіраваны на сацыялізацыю і развіццё дзяцей у дзіцячых дамах, маладых інвалідаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Вольга, якая пасля дэкрэту занялася рамесніцкай дзейнасцю, звязалася з кіраўнікамі сацыяльных устаноў і прапанавала правесці майстар-клас. Пасля таго як урок паспяхова прайшоў у Гродзенскім дзіцячым доме, Вольга стала працягваць гэту работу ў інтэграваных класах школы і ў Доме дзённага наведвання маладых інвалідаў. Там разам з імі займалася вырабам дэкаратыўных свечак і мыла.
— Ад таго, што ты камусьці дапамог, зрабіў жыццё гэтых людзей больш разнастайным, і самому на душы становіцца прыемна. Да таго ж і нашы дзеці далучаюцца да гэтага праекта, дапамагаюць у падрыхтоўцы, прыўносяць неабходныя складнікі, часам і самі нешта майструюць. Муж заўсёды «на падвозе», ніколі не адмаўляе, — зазначае суразмоўніца.
Трэба сказаць, што валанцёрская дзейнасць пачалася ў Вольгі яшчэ са студэнцкіх часоў, калі яна ў складзе добраахвотных памочнікаў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа займалася інструктажам ВІЧ-хворых. Людзі былі з няпростымі і драматычнымі лёсамі. Спачуванне выклікала жаданне дапамагчы ім. Вольга стараецца сабраць вакол сябе такіх жа нераўнадушных майстроў і працягвае працаваць з сацыяльнымі ўстановамі. Адметна, што такое супрацоўніцтва ідзе на карысць выхаванцам.
Падчас конкурсу юныя ўдзельнікі прадэманстравалі некаторыя свае захапленні. Аказалася, што кожны мае не адно, а некалькі самых разнастайных хобі. Так, старэйшая васьмікласніца Ксенія іграе на фартэпіяна, спявае, з’яўляецца стыпендыятам Беларускага Дзіцячага Фонду, сярэбраным прызёрам рэспубліканскага вакальнага конкурсу «Юныя таленты Беларусі». На конкурсе Ксенія ўразіла сваім выступленнем па чырлідынгу. І гэта зразумела: яна неаднаразовы пераможца чэмпіянату Беларусі ў гэтым відзе спорту, сярэбраны прызёр на Усерасійскім фестывалі па чырспорце. Па словах Вольгі, дзяўчына вельмі адказная, за ўсё перажывае. Ва ўсім любіць дакладнасць і парадак, як і яе бабуля-настаўніца. Пры гэтым максімальна самастойная і ўмее размяркоўваць свой час.
Сярэдні сын Мікіта — поўная супрацьлегласць старэйшай сястры. Па словах бацькоў, ён заўсёды на пазітыве, любіць пажартаваць, усё робіць хутка. Між тым у падлетка таксама нямала дасягненняў. Ён член зборнай каманды па футболе «Белкард», якая неаднаразова станавілася пераможцам і прызёрам абласных і рэспубліканскіх турніраў. Бацька бачыць у ім будучага прафесійнага футбаліста.
Малодшы Данііл любіць праводзіць розныя даследаванні і марыць стаць навукоўцам. Ён таксама дружыць са спортам — займаецца футболам, плаваннем і шахматамі. Спартыўны ўхіл прывівае сынам Уладзімір, які і сам любіць гуляць у футбол, захапляецца хуткасным манеўрыраваннем. На пачатку сваёй кар’еры быў найлепшым старшым інспектарам ДПС Беларусі, цяпер працуе механікам на прадпрыемстве.
Гісторыя знаёмства маіх суразмоўцаў пачалася яшчэ з юнацтва, калі Вольга і Уладзімір вучыліся на правы кіроўцаў. Потым было яшчэ некалькі выпадковых сустрэч, пакуль лёс нарэшце не звёў іх на агульным турзлёце. У дзень нараджэння Вольга пажадала яму сустрэць каханне на ўсё жыццё. Як ажаніліся, сталі разам прыязджаць да яе бацкоў, дзе збіраліся іх дзеці і ўнукі. Валодзі, які быў адзіным сынам у бацькоў, вельмі падабалася атмасфера вялікай сям’і, дзіцячы гоман, мітусня, агульны вясёлы настрой. Таму маладая сям’я вырашыла, што ў іх будзе трое дзяцей. Такому рашэнню паспрыяла і стаўленне дзяржавы да шматдзетных сем’яў. Па словах Вольгі Саўчук, яны скарысталіся сваімі льготамі на атрыманне кватэры, дзяржава ўзяла на сябе большую частку выдаткаў па выплаце крэдыту. У школе для дзяцей бясплатнае харчаванне, што таксама немалаважна. А мікрараён Альшанка, дзе жыве шматдзетная сям’я, хоць і самы аддалены ў Гродне, мае ўсю неабходную інфраструктуру. Сучасная школа, спартыўныя залы, вялікі гандлёвы цэнтр. Сям’я часта праводзіць вольны час разам.
— Калі нарадзіліся дзеці, мы імкнуліся стварыць такую атмасферу, каб яны бачылі ў сям’і ўзаемадапамогу і спрыяльны мікраклімат. Наш тата не стаіць у баку ад сямейных абавязкаў. Больш за тое, па дапамогу дзеці, як правіла, ідуць часцей да яго. Напрыклад, на выхадныя ён гатуе ежу, дзеці вельмі любяць яго стравы і таксама падключаюцца да працэсу, ён можа і адбіўных пасмажыць, і пюрэ зрабіць. Няма такога, што хтосьці галоўны, а хтосьці — не. Усе сямейныя абавязкі выконваюцца абаімі бацькамі, — расказвае аб сямейным укладзе Вольга.
Яна не ўтойвае, што ў іх, як у многіх сужэнцаў, быў свой складаны перыяд. Але аддае даніну Уладзіміру, які заўсёды рабіў першы крок да прымірэння. Гэта адыграла значную ролю ў захаванні сямейных адносін.
Мяне пацікавіла, што, у сваю чаргу, думае Уладзімір наконт ролі мужчыны ў сям’і. Як вядома, летась нават з’явілася новае свята — Дзень бацькі, якое адзначаецца 21 кастрычніка.
— Мужчына — гэта аснова сям’і і павінен сваім прыкладам паказваць, як трэба жыць у грамадстве. Думаю, што Дзень бацькі таксама гэтаму будзе садзейнічаць. А для мяне свята ў тым, што я — бацька і ў мяне трое дзяцей. Мая жонка ўсміхаецца, значыць, яна шчаслівая, а калі мама ўсміхаецца, у доме пануюць утульнасць і спакой, — выказаў сваю думку суразмоўнік.
Дарэчы, веласіпед, які сям’я атрымала ў падарунак на конкурсе, вырашана аддаць менавіта маме. Цяпер такі транспартны сродак будзе ва ўсіх пяці членаў сям’і Саўчукоў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота дадзена Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Гродна
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!