У Саюза пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкага дома «Звязда» склалася добрая дружба з навучэнцамі і выкладчыкамі Мар’інагорскага агратэхнічнага каледжа імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка. Вось і днямі ў гэтай навучальнай установе прайшла сустрэча са старшынёю СПБ дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Звязда» Алесем Карлюкевічам з навучэнцамі і выкладчыкамі. Дыялог пра беларускую літаратуру, яе найноўшыя здабыткі ішоў ў межах праграмы мерапрыемстваў «Тыдзень бацькоўскай любові». Алесь Карлюкевіч згадаў творчасць паэтаў-землякоў, якія падарылі чытачу свае вершы пра маці і бацьку, пра сямейныя каштоўнасці, традыцыі сямейнага выхавання, — Алеся Бачылу, Генадзя Кляўко, Уладзіміра Ляпёшкіна, Таісу Бондар…
Размова ішла і на тэмы героіка-патрыятычнага выхавання, захавання гістарычнай памяці, ролі моладзі ў развіцці зацікаўленняў грамадства да вывучэння розных старонак гісторыі нашай Айчыны. Пісьменнік і краязнаўца пазнаёміў навучэнцаў са сваімі кнігамі «Родныя сляды», «Старонкі радзімазнаўства», «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі», «І марам волю дам», «Сцяжынкамі Ігуменшчыны», «Святло сяброўства». На старонках гэтых выданняў — расповяд пра повязь з Міншчынай, Пухавіцкім краем рускага паэта-франтавіка Міхаіла Матусоўскага, пра партызана і пісьменніка Усевалада Сабліна, які непадалёку ад Мар’інай Горкі, у рудзенскіх ваколіцах, выдаў на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі паэтычны зборнік «Мстители», пра вучоных і пісьменнікаў — ураджэнцаў Мар’інай Горкі, Пухавіччыны, старадаўняй Ігуменшчыны.
«Кнігі Алеся Карлюкевіча падштурхоўваюць да актыўных краязнаўчых падарожжаў, да вывучэння гісторыі нашай Айчыны, — такую выснову па выніках сустрэчы зрабіла выкладчык беларускай мовы і літаратуры Мар’інагорскага агратэхнічнага каледжа Алена Валянцінаўна Свірыдава.
— І мы ўвогуле ўдзячны Саюзу пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкаму дому „Звязда“ за тое мноства сустрэч з пісьменнікамі , якія былі арганізаваны ў апошнія гады ў нашай навучальнай установе. Фактычна знаёмства з сучаснай беларускай літаратурай мы праходзім праз жывыя сустрэчы, новыя творы прозы, паэзіі, публіцыстыкі адкрываем ад саміх аўтараў».
Нагадаем, што ў агратэхнічным каледжы вучыліся альбо працавалі і беларускія пісьменнікі. Сярод іх — паэт-сатырык Захар Якаўлевіч Бірала (першая яго кніга — «Смех і радасць вёскі» — пабачыла свет у 1929 годзе з прадмовай Кузьмы Чорнага), аўтар п’ес «Вяселле», «Максім Саравітан», «Песні нашых дзён», «Чырвоныя кветкі Беларусі» Васіль Савіч Гарбацэвіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь празаік і публіцыст Уладзімір Сцяпанавіч Глушакоў...
Сяргей Шычко
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!